Вы тут

Сэ ля ві. Пра мужчын, жанчын, іхніх і чужых дзяцей


Сядзім нядаўна з прыяцелькай (яна ў Мінску ў гімназіі працуе), разважаем на тэму сямейных адносін. Пра тое, якія мужчыны сво..., а жанчыны часцей за ўсё ахвяры. Бо, як правіла, пры разводзе аказваецца, што ўся маёмасць на ім, і не факт, што ён праявіць высакароднасць і нешта былой палавіне з дзецьмі пакіне. Асабліва калі новая пасія ёсць і драпежніцкія замашкі мае. Пра шлюбныя кантракты толькі нядаўна гаварыць пачалі, таму бывае, і нярэдка, што жанчына мала таго што падманутая, дык яшчэ і ні з чым з дзецьмі на руках застаецца...


«У нас у школе некалькі такіх сем'яў ёсць, мы пра іх ведаем, — расказвала Наталля. — Дзеці па-рознаму на такія сітуацыі рэагуюць: хтосьці становіцца замкнёным, з'язджае ўніз па вучобе, хтосьці становіцца хваравіта прывязаны да маці. Хлопчыка аднаго нядаўна паставілі на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Ён да разводу бацькоў быў спакойны і паслухмяны, вучыўся нядрэнна, у гуртку робататэхнікі займаўся. А потым бацька з сям'і сышоў, кватэру ім пакінуў, але аліменты не плаціць — спецыяльна так на працу аформіўся ў прыватніка, каб афіцыйна капейкі атрымліваць. Дык вось гэты хлопчык, які раней ні ў чым у бацькоў адмовы не меў, пайшоў красці. Прычым тое, што маці на сваю зарплату яму купіць не магла, — спачатку ў аднакласніцы з рукзака бесправадныя навушнікі пацягнуў, пасля з суседняга пад'езда веласіпед вывеў... Маці прыходзіла ў школу, плакала, прасіла парады і дапамогі. Шкада яе, прыстойная жанчына, інтэлігентная, а малому так мужчынскай рукі, а то і папругі не хапае. Ён у яе падлетак ужо, з кампаніяй не вельмі добрай звязаўся. А яна што — працуе, з ног збіваецца, каб якую лішнюю капейку зарабіць. Упускае хлопца, рады не дае. Школа, канешне, стараецца дапамагчы, але ж дваццаць чатыры на сем яго ніхто пільнаваць не будзе. А бацьку бесталковаму як з гусі вада, ён нават не цікавіцца, як сын гадуецца. У яго жонка маладая, дык ён яе ўсё па курортах возіць — баіцца, што інакш збяжыць. Мы маці хлопца кажам: падавайце на аліменты праз суд. А яна ў адказ: маўляў, не, не буду. Мікіта ў гэтага дурня адзінае дзіця, раптам пад старасць яго які паралюш разаб'е і даглядаць не будзе каму. Ён жа тады сыну на аліменты падасць, і той вымушаны будзе плаціць. Я свайму дзіцяці такой долі не жадаю...»

«Ды ладна, гэта гісторыя хутчэй тыповая, я вось табе іншую раскажу, — сама сябе перабіла Наталля. — У нас тут нядаўна такое здарылася. Сям'я была, скажам так, з дастаткам. Дочкі ў іх абедзве ў нашай школе вучацца, у іх розніца ва ўзросце вялікая: адна ў адзінаццаты клас у верасні пойдзе, а малодшая — у другі. Бацька ў іх паспяховы бізнесмен, у яго свая фірма. Сям'ю ўсю ўтрымліваў ён, і маёмасць уся яго. Маці нідзе не працавала ніколі, вядзе нейкі блог, які нічога, акрамя самазадаволенасці, не прыносіць. Дык вось, усё было добра, пакуль малодшая дачка не трапіла ў бальніцу. Не ведаю дакладна, якія там аналізы для чаго здаваліся, але менавіта тады бацька западозрыў, што дачка не яго. Заказаў аналіз ДНК — і атрымаў верагоднасць бацькоўства нуль цэлых нуль дзясятых. Быў, вядома, скандал, заява на развод. Старэйшую дачку, татаву любіміцу, якую выхоўваў і песціў, сказаў, што здрадніцы-маці не аддасць. Чаму раптам вырашыў праверыць і бацькоўства на яе, не ведаю, але вынік цяпер усім вядомы — старэйшая таксама не яго дачка. Цяпер вось падаў у суд на высяленне іх з кватэры і мае ўсе шанцы суд выйграць: пасля разводу яны ўсе па факце яму чужыя людзі, а кватэра належыць яму. Школа тут, зразумела, ніяк не ўмяшаецца, але баюся, што хутка з'явяцца ў нас яшчэ дзве праблемныя вучаніцы»...

«А ў пятым ды шостым класе ў нас брат ды сястра вучацца. Таксама гісторыя яшчэ тая. Жывуць з бабуляй і бацькам у прыватным сектары, мы іх наведваем, бо сям'я лічыцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Чаму? Бабуля ім не бабуля, і бацька — не бацька, а маці і след прастыў. Яшчэ і малодшы брацік у іх ёсць, ён пакуль у садзік ходзіць. У хаце ў іх чысценька, але зусім не багата, жывуць на бабуліну пенсію ды бацькаву не вельмі вялікую зарплату. Бацька — ціхі непітушчы мужчынка. З жонкай будучай пазнаёміўся ў інтэрнэце. Пачалі сустракацца, зрабіў прапанову, прывёў у свой домік невялікі на Васняцова. Яго не збянтэжыла, што ў абранніцы двое дзяцей было невядома ад каго, і маці яго прыняла іх як родных унукаў. Праз год яна яшчэ аднаго хлопчыка, ужо ягонага, нарадзіла. А гады тры таму — знікла. Пакінула толькі запіску: не шукай, усё роўна не вярнуся. Вось так і жывуць учатырох. Ведаю, некаторыя раілі ім ад няродных дзяцей адмовіцца, і калі б яны тое зрабілі, ніхто б іх не асудзіў. Але бабуля кажа: як гэта — адмовіцца, яны ж — свае, родныя...»

Мы крыху задумліва памаўчалі, кожная, пэўна, аб сваім. Пасля Наталля спыталася: «Ну і што ты аб усім гэтым думаеш?» — «Сэ ля ві...» (Яно неяк само сказалася.)

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.