Вы тут

Ліст Караткевіча, які мае дачыненне адразу да трох дзеячаў нашай культуры


Працягваецца работа над зборам твораў Уладзіміра Караткевіча. І вельмі прыемна, што гэтая дзейнасць падштурхнула даследчыкаў і захавальнікаў прыватных архіваў падзяліцца знаходкамі і ўласнымі скарбамі са складальнікамі шматтомнага выдання.


Алеся Смоліч. З фондаў Літаратурнага музеяМаксіма Багдановіча.

Так, у сям’і Віталя Бердгольдавіча Маоса, унука Аркадзя Смоліча, захоўваюцца лісты ад Уладзіміра Караткевіча і маці пісьменніка (Надзеі Васільеўны), якія падтрымлівалі з Алесяй Смоліч сяброўскія сувязі.

Ліст, пра які пойдзе гаворка ніжэй, мае дачыненне адразу да трох дзеячаў нашай культуры. На жаль, мы не ведаем цалкам кантэкст, у прыватнасці, які фотаздымак маецца на ўвазе ў прадстаўленым тэксце. Але, зыходзячы з адказаў Уладзіміра Сямёнавіча, можна зрабіць выснову, што Алеся Ігнатаўна звярнулася да яго па пытанні магчымага сваяцтва іх сям’і з родам Марцінкевічаў, і адным з «доказаў» з’яўляецца якраз згаданы здымак.

З ліста вынікае, што Караткевіч мае ўяўленне пра актуальныя на тую пару звесткі пра нашчадкаў Вінсента Дуніна-Марцінкевіча, але да самой ідэі злучыць галінкі двух радаводаў ставіцца даволі скептычна. Змест ліста выглядае наступным чынам:

«17 чэрвеня 72 г.

Мінск

Паважаная Алеся Ігнатаўна!

Пішу літаральна некалькі слоў. Заняты так, што ні на што для сябе няма часу.

Наконт фота — усё магчыма. Марцынкевіч меў дзве дачкі і сына Стася. У апошняга таксама былі дзеці, прычым апошні з Марцынкевічаў жыў яшчэ ў 40-я гады ў Гародні. Отож усё магло быць.

Але, з другога боку, мне здаецца, што Ваш сваяк не мае дачынення да пісьменніка. У родзе пісьменніка не было ўсходніх імёнаў. А імя па-бацьку Вашага сваяка “Ангзар’евіч”. Ангзар або Азгар — імя татарскае. Таму, ці не належыць Ваш Марцынкевіч да татарскай лініі Марцынкевічаў, якая вядзецца з часоў, калі спачатку Міндоўг, а пасля Вітаўт пасялілі на Беларусі палонных татар і далі ім жонак-беларусак. Палонныя хутка абеларусіліся (Каран іхні яшчэ тады быў па-старабеларуску, хаця і арабскімі літарамі), але, пры беларускай роднай мове, заставаліся магаметанамі недзе да 1800—1880, а можа, і пазней, гадоў (асноўная іхняя маса). Сядзелі яны на Віленшчыне і па лініі Мінск—Смілавічы—Ігумен—Бабруйск. Калі сваякі недзе адтуль, то Ігнаці амаль напэўна з тых.

Дзякуй Вам за фотакопіі з лямантара. Адужвайце.

Цалую Вас.

Ваш Уладзімір.

Мой сардэчны прывет мілай Мусі з яе мужам».

Як мы бачым, Уладзімір Сямёнавіч шырокімі мазкамі акрэслівае гісторыю беларускіх татар і прапаноўвае наўзамен версіі Алесі Ігнатаўны сваю ўласную. Відаць, што тэма гэтая для пісьменніка жывая і прапрацаваная. І, нягледзячы на пэўныя абагульненні і дапушчэнні, высновы яго маюць пэўнае гістарычнае абгрунтаванне. Пра татарскую лінію Марцінкевічаў звестак, дарэчы, няма, але была цыганская, якая жыла ў раёне Міра—Нясвіжа.

Але варта зазначыць, што звесткі пра дзяцей самога Дуніна-Марцінкевіча ў Караткевіча былі далёка не поўныя. Так, акрамя сына Стася (Людаміра-Станіслава — нар.13.10.1832) у яго было іх яшчэ два — Вальдамір-Вінцэнт (нар. 18.10.1833) і Міраслалаў Эдвард (нар. 2.10.1836), а дочак было чатыры, калі не лічыць тых, якія таксама памерлі ў дзяцінстве. А што датычыць гродзенскіх нашчадкаў, то пытанне там досыць заблытанае, бо, хутчэй за ўсё, размова ідзе не аб прамых родзічах знакамітага драматурга.

Мы, удзячныя чытачы твораў Уладзіміра Караткевіча, захапляемся яго гістарычнымі аповесцямі, у якіх быў не толькі пісьменніцкі талент, але і самаадданая праца па вывучэнні нашай мінуўшчыны, яе пераасэнсаванні і цікавай падачы. То няхай гэты ліст будзе яшчэ адной ілюстрацыяй шырыні яго ведаў.

Што датычыць магчымых роднасных сувязей Смолічаў і Марцінкевічаў — гэта пытанне вельмі няпэўнае і заслугоўвае ўвагі хіба як сямейная легенда, якую Віталь Бердгольдавіч чуў ад маці і бабулі.

У сямейным архіве Маосаў захоўваюцца копіі лістоў Алесі Ігнатаўны да Караткевіча, і, магчыма, неўзабаве мы зможам пазнаёміцца з іх зместам — даведаемся, што абмяркоўвалі пісьменнік і «цётушка Алеся», як часам называў яе Ула-
дзімір Сямёнавіч.

Міхаіл БАРАНОЎСКІ,  загадчык філіяла  «Літаратурны музей Максіма Багдановіча»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.