Вы тут

Аляксандр Турчын правёў асабісты прыём


Больш як 20 чалавек выслухаў падчас асабістага прыёму ў Вілейцы старшыня Міаблвыканкама Аляксандр Турчын. Да яго звярнуліся не толькі мясцовыя жыхары, але і заяўнікі з Мядзельскага, Смалявіцкага, Лагойскага, Маладзечанскага раёнаў, Мінска. Былі агучаны самыя розныя тэмы — добраўпарадкавання, работы грамадскага транспарту, медыцынскага абслугоўвання, працаўладкавання, рамонту дарог.


Блок пытанняў датычыў электразабеспячэння жылых дамоў для ацяплення і падагрэву вады. Па словах жыхаркі Вілейкі Ніны Лядак, яна звярталася да мясцовых уладаў з просьбай перавесці яе дом на электраацяпленне. Але ёй адказалі, што зрабіць гэта немагчыма па тэхнічнай прычыне — не хапае магутнасцяў размеркавальных сетак. Жанчына расказала, нягледзячы на тое, што печка часта паліцца, у доме холадна. Як растлумачылі спецыялісты, у планах — дом Ніны Лядак падключыць да электрасетак беларускай чыгункі, што дасць магчымасць правесці электраацяпленне ў 2025 годзе. Аляксандр Турчын падказаў, як вырашыць праблему раней. На яго думку, дастаткова ўладкаваць два канвектары.

У Святланы Міхалькевіч і Тамары Барысенка з аграгарадка Ілля такая ж сітуацыя. Жанчыны паскардзіліся, што дазвол на ўладкаванне электраацяплення будзе толькі ў 2025 годзе. Цяпер у доме для падагрэву вады стаіць бойлер, які цягне шмат электрычнасці, за спажыванне якой даводзіцца аддаваць значную частку пенсіі. 

Аляксандр Турчын лічыць, што энергетыкам неабходна паскорыцца, паколькі ў аграгарадку Ілля, дзе пражывае каля 800 чалавек, не падведзены прыродны газ. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна даручыў адпаведным службам у гэтым годзе падрыхтаваць праект рэканструкцыі электрасетак, а ў 2024-м пачаць будаўніцтва. Ён таксама запэўніў заяўніц, што па гэтым пытанні перагаворыць з міністрам энергетыкі. 

Акрамя таго, Святлана Міхалькевіч расказала, што вуліца Школьная, дзе яна пражывае, уся ў выбоінах. Пасля дажджу па ёй ні прайсці, ні праехаць. Дзецям, якія ідуць у школу, даводзіцца скакаць цераз лужыны. Аляксандр Турчын даў даручэнне старшыні райвыканкама выехаць на месца і паглядзець ці неабходна там асфальтаванне.

— Два гады таму змянілі аўтобусны маршрут Нарач-Рацэвічы, аўтобус пусцілі праз вёску Асіпавічы. Маршрут павялічыўся на 14-15 кіламетраў, падаражэў і кошт праезда. Жыхары аграгарадка Нарач не паспяваюць да 9 раніцы на работу ў райцэнтр, — распавяла жыхарка курортнага пасёлка Нарач Ларыса Ігнатовіч. — Разам з тым, праз Рацэвічы курсіруе некалькі аўтобусаў да Вілейкі.
Мэтазгоднасць змянення маршрута аўтобуса прааналізаваная.

Наталля Гайковіч з вёскі Рагозы Маладзечанскага раёна прасіла пасадзейнічаць у даступнасці да тэрапіі спінальна-мышачнай атрафіі (СМА). Яе 45-гадовы сын Сяргей мае гэтае рэдкае генетычнае захворванне з дзяцінства. Ад хваробы дапамагае прэпарат Рысдзіплан, які выпускаюць у Швейцарыі. Але ён вельмі дарагі. У Беларусі на СМА хварэюць 150 дарослых. Яны самі вымушаны купляць лекі. Наталля Гайковіч запытала: ці можна ініцыяваць стварэнне Дзяржаўнага дабрачыннага фонду па аказанні дапамогі людзям з дыягназам СМА.

— Гэтая тэма рухаецца, аднак я не магу сказаць, на якой яна стадыі. Мяркую, такі фонд у нас будзе, — лічыць Аляксандр Турчын.

Жанчына пацікавілася наконт магчымасці выдзялення сродкаў для набыцця прэпарата найбуйнейшымі прадпрыемствамі Мінскай вобласці.

— Буйныя прадпрыемствы Міншчыны ў рэспубліканскім падпарадкаванні. Вобласць не можа ўстанавіць для іх абавязковыя адлічэнні, — адказаў Аляксандр Турчын. — Праблему неабходна вырашаць на дзяржаўным узроўні.

Старшыня Мінаблвыканкама паабяцаў паглыбіцца ў гэтую праблему, вывучыць яе больш дасканала.

Вольга Кабак прасіла аказаць садзейнічанне па цэнтралізаванай дастаўцы пацыентаў у Маладзечанскую бальніцу для гемадыялізу. Такіх хворых у Вілейскім раёне 12. Праз дзень яны самастойна ездзяць у Маладзечна на гэтую працэдуру. Па словах спецыялістаў, для вырашэння гэтага пытання адсутнічае заканадаўчая база. Аляксандр Турчын прапанаваў скарэктаваць аўтобусныя рэйсы, увязаць іх з часам прыёму пацыентаў. А таксама разгледзець пытанне павелічэння кампенсацыі для праезду ў бальніцу.

Алена Грушкоўская з Маладзечна працавала ў мясцовай стаматалагічнай паліклініцы. Ужо некалькі гадоў яна без работы, паколькі кіраўніцтва медыцынскай установы не прадоўжыла з ёй кантракт. Яна прасіла вывучыць гэтае рашэнне на адпаведнасць працоўнаму заканадаўству. Жанчыне прапанавалі ўладкавацца па спецыяльнасці ў Вілейскай бальніцы. Але яна адмовілася, маўляў, далёка ездзіць.
Усе пытанні, агучаныя падчас прыёму грамадзян, узятыя на кантроль.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.