Вы тут

Старшыня Смілавіцкага сельсавета расказала пра свой працоўны графік


Смілавіцкі сельсавет — не толькі самы буйны ў Чэрвеньскім раёне, але і адзін з найбуйнейшых у Мінскай вобласці. Толькі ў гарадскім пасёлку Смілавічы пражывае больш як сем тысяч чалавек. І з кожным годам колькасць насельніцтва павялічваецца. Дэмаграфічнай сітуацыі спрыяе зручнае геаграфічнае становішча, блізкасць да Мінска.


А ўзначальвае сельсавет вельмі нераўнадушная жанчына Ірына Марціновіч. Чым толькі не даводзіцца займацца старшыні сельвыканкама. І сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і асацыяльнымі асобамі, што злоўжываюць спіртным, і пошукам работы для тых, хто не занадта імкнецца працаваць, і добраўпарадкаваннем тэрыторый, навядзеннем парадку на зямлі. Спіс спраў можна працягваць бясконца. Дзень у Ірыны Пятроўны распісаны літаральна па хвілінах.

— Мой рабочы дзень пачынаецца з вечара. Я павінна запланаваць, хто што будзе рабіць заўтра. Сказаць, што я на рабоце з сямі-васьмі раніцы — будзе недакладна, — прызнаецца Ірына Марціновіч. — Я раніцай кантралюю, каб не сарвалася запланаванае. Напрыклад, сёння работнікі аграрнага каледжа і прадпрыемства меліярацыйных сістэм расчышчаюць могілкі ад зарасніку. Папярэдне на сустрэчы з кіраўнікамі абгаварылі фронт работ, падлічылі, колькі трэба людзей, тэхнікі, кос. Запланаваны і суботнік па добраўпарадкаванні, зноў збіраемся разам і распрацоўваем планы. Напрыклад, адна арганізацыя высаджвае кветкі, іншая дапамагае мне па добраўпарадкаванні грамадскіх тэрыторый, школа праводзіць работу для ўладкавання варкаўт-пляцоўкі. Ёсць таксама замацаваныя за арганізацыямі тэрыторыі. Яны павінны быць пастаянна прыбраныя: летам — ад травы, смецця, зімой — ад снегу.

— І калі вы адпачываеце пры такім рабочым рытме? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўніцы.

— Мне могуць патэлефанаваць і вечарам, і зусім рана. У некага няма вады, да кагосьці ў агарод забегла суседская хатняя жывёла, нашкодзіла. Я адказваю на ўсе званкі, не звяртаючы ўвагі на тое, знаёмы ці незнаёмы нумар.

Ірына Пятроўна сцвярджае, што прывыкла да такога ладу жыцця — работа ёсць работа, тым больш падтрымлівае сям’я. Муж, дочкі Алена і Юліяна, два ўнукі. І калі дадому прыходзяць наведвальнікі, члены сям’і сыходзяць, каб маці магла спакойна пагутарыць з грамадзянамі, выслухаць, па меры магчымасці дапамагчы. А каб вырашаць шматлікія пытанні, што хвалююць мясцовых жыхароў, трэба заўсёды быць у тэме, мець юрыдычныя веды. Таму Ірына Марціновіч займаецца самаадукацыяй, інфармацыю чэрпае з інтэрнэту, чытае розныя пастановы, дакументы, законы.

— Напрыклад, у апошні час шмат зваротаў па пытаннях добраўпарадкавання тэрыторый, што знаходзяцца за межамі зямельных участкаў. Адны хочуць пасадзіць дрэвы, паставіць лаўкі, вылажыць пад’езд да дома пліткай або заасфальтаваць. І ва ўсім трэба быць кампетэнтнай, растлумачыць, як тое зрабіць, куды звяртацца, пракансультаваць, — адзначае Ірына Марціновіч.

Інвестыцыйны праект па вытворчасці лекавых прэпаратаў кампаніі «Рэб-Фарма» рэалізаваны ў Смілавічах у рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект». Фота БелТА

— Наколькі я зразумела, у Смілавічах з кожным годам паляпшаецца дэмаграфічная сітуацыя, нараджаюцца дзеці. Хапае дзіцячых дашкольных устаноў? — задала ёй пытанне.

— Чакаем, што сёлета пачнецца будаўніцтва новага дзіцячага садка. У нас два садкі, але яны перапоўненыя, таму што пасёлак расце, развіваецца. Мы актыўна будуемся. 40-кватэрны дом уведзены ў эксплуатацыю сёлета, тры ў стадыі будаўніцтва. Жыллё ўзводзяць у асноўным маладыя сем’і, якія нараджаюць дзяцей, — значыць, будзе жыць пасёлак, будзе работа, прыліў маладой рабочай сілы. А для таго каб моладзь будавалася, ствараем для іх інфраструктуру — дарогі, водаправоды, праводзім добраўпарадкаванне.

Вядома, прыцягнуць і замацаваць моладзь можна не толькі жыллём, але і работай. У Смілавічах працуе адзіная ў Беларусі валюшна-лямцавая фабрыка, дзе вырабляюць валёнкі, а таксама — якасныя, з натуральнай воўны коўдры, падушкі. У гарадскі пасёлак прыходзіць і прыватны бізнес. Напрыклад, на базе гарбарнага завода пасля рэканструкцыі кампанія «Рэб-Фарма» адкрыла вытворчасць медыцынскіх прэпаратаў. Гэта сумеснае турэцка-беларускае прадпрыемства. «Рэб-Фарма» — актыўны ўдзельнік праграмы імпартазамяшчэння. Тут завяршаецца будаўніцтва буйнога прамыслова-вытворчага комплексу, а гэта значыць, што асартымент прэпаратаў будзе пашырацца.

На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца сельгасарганізацыя «Запольскае», дзе таксама патрэбныя рукі. Таму ў кожнага чалавека ёсць магчымасць рэалізаваць сябе ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці. Няхай заробак у Смілавічах ніжэйшы, чым у сталіцы, але для паездкі туды і назад кожны дзень неабходныя грошы на аплату дарогі, харчавання. На месцы такога няма.

— У завяршэнне задам пытанне. Вы, Ірына Пятроўна, былая настаўніца матэматыкі, намеснік дырэктара школы. Дзе цікавей працаваць: у школе або на пасадзе старшыні?

— У школе было працаваць цікава, бо я люблю дзяцей. Цікава мне і сёння, кожны дзень не падобны на папярэдні. Аднак тут цяжэй, таму што на плечы старшыні кладзецца шмат клопатаў. Няма сферы, якая б нас не датычылася. І той, хто ідзе на такую работу, павінен разумець, што спакою не будзе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.