Вы тут

Хто і навошта ідзе ў апалчэнцы


У Асіповіцкім раёне яшчэ летась паклапаціліся стварыць атрады народнага апалчэння ў кожным сельсавеце. У якасці добраахвотнікаў выступаюць нават жанчыны. Прыемна, што шмат хто адразу ж выказаў жаданне сустрэцца з карэспандэнтам «МС». Уражанні самыя што ні ёсць станоўчыя.


Выконваючы абавязкі старшыні Свіслацкага сельсавета Аляксей Траццякоў (пасярэдзіне) з апалчэнцамі Аляксандрам Забаўскім (справа)  і Іванам Шаўчонкам.

Старшыня Вяззеўскага сельсавета Уладзімір Чыгілейчык першым чынам паказаў найпрыгажэйшыя мясціны, якія тут берагуць і шануюць. Гэта відаць па акультураных зялёных зонах, парадку на вуліцах. Сельсавету пашчасціла з размяшчэннем. Шыкоўнае вадасховішча з астравамі, разнастайным жывёльным і раслінным светам. Дамы ў аграгарадку дыхтоўныя, людзі трымаюць свойскую жывёлу. Мой гід таксама чалавек сумленны і працавіты.

Старшыня сцвярджае, што ў Вяззі практычна няма абібокаў, усе пры справе. А калі ёсць справа, значыць, людзі неабыякавыя і абараняць ёсць што. Суразмоўнік кажа, што калі паўстала задача стварыць атрад апалчэнцаў, першыя добраахвотнікі адразу заявілі пра сябе. Перад тым як з імі пазнаёміцца, збочваем на тэрыторыю знакамітага аздараўленчага лагера «Крыніца» на беразе вадасховішча ракі Свіслач. Слава пра яго грымела яшчэ з тых часоў, калі яго кіраўніком быў цяперашні старшыня сельсавета Уладзімір Чыгілейчык. Менавіта на базе яго 23—24 верасня адбудуцца першыя зборы апалчэнцаў. Падрыхтоўка да іх прыёму стартавала ў пачатку верасня.

Патрабаванні да кандыдатуры апалчэнца жорсткія. Такіх адабралі 25 чалавек. Некалькі з іх спецыяльна прыйшлі на сустрэчу з карэспандэнтам «МС».

Сяргей Гарадзецкі нарадзіўся ў вёсцы Вяззя і, як той казаў, тут і прыгадзіўся. Пасля тэрміновай службы ў Афганістане (ахоўваў знакаміты трагічнымі падзеямі перавал Саланг) вярнуўся ў родную вёску і працуе трактарыстам у ААТ «Авангард-Ніва». З ранку ўжо на рабоце. А яшчэ ёсць уласная гаспадарка. Сам працаўнік і сыноў Яўгена і Мікалая да працы заахвоціў.

— Усяму, што сам умеў, іх навучыў, — з пачуццём выкананага доўгу кажа суразмоўнік. — У вёсцы гультаёў няма. Адзін сын дом пабудаваў, другі будуе. Яны яшчэ і мяне перасягнулі. Цяпер інтэрнэт ёсць, яны больш за мяне ведаюць.

Да абароны радзімы ў Сяргея Гарадзецкага самыя глыбокія пачуцці.

— У мяне калі спыталіся: ці гатовы радзіму абараняць? — адразу сказаў: вядома, — удакладняе ён. — Я прысягаў, што буду сваю краіну абараняць. Гэта ж наша радзіма. Таму калі прапанавалі ўступіць у атрад апалчэнцаў, я нават не разглядаў іншыя варыянты. Хутка пайду на зборы разам з сынам Яўгенам. Толькі ён у «партызаны» (ваенныя зборы для ваеннаабавязаных). Служыў у батальёне міліцыі. Ведае, як зараджаць зброю.

Сяргей лічыць, што сёння трэба быць напагатове і ўмець абараняцца. «Вунь у суседнюю краіну колькі зброі паступае, гэта небяспечна, бандытызм можа пачацца, — рэзюмуе ён. — І мужчынам трэба ўмець абараняць сябе і сваю сям'ю, дом, вуліцу. З нахабнымі ў нас гаворка кароткая».

Яшчэ адзін апалчэнец Ігар Андрыевіч згадвае колішні досвед.

— У школах была пачатковая ваенная падрыхтоўка, усе яе праходзілі — і дзяўчаты, і хлопцы, — кажа ён. — З бадзёрым настроем рыхтаваліся да «Зарніцы». І гэта было нармальна. Нас і ў часць воінскую вадзілі, і ў палатках жылі — рамантыка.

Ігар Мікалаевіч — паляўнічы, страляць, калі што, умее. «Голымі рукамі нас не возьмеш, кажа ён. — Мы за наша Вяззе пастаяць зможам».

Васіль Пятроўскі — камандзір атрада народнага апалчэння на тэрыторыі Вяззеўскага сельсавета, асоба ў раёне паважаная, былы першы намеснік старшыні райвыканкама, цяпер на пенсіі, гаспадар адной з тутэйшых аграсядзіб.

— Мы на месцы, калі наша дапамога спатрэбіцца, адгукнёмся адразу ж, — кажа ён. — А дапамога наша можа спатрэбіцца для падтрымання парадку. Не адрываць жа для гэтага падрыхтаваных байцоў.

На погляд Васіля Сямёнавіча, для апалчэнца галоўнае — разуменне адказнасці за лёс сваёй радзімы. Калі нешта здарыцца, будзе не да жартаў. Прыйдзецца тэрмінова мабілізавацца для агульнай справы.

— Павінны быць спакой, парадак і дысцыпліна, — лічыць ён. — А калі нехта з нашых грамадзян гэтага не разумее, трэба яму падказаць. Некаторыя жывуць бяспечна, спадзяюцца, што за іх падумаюць, абароняць і ўсім неабходным забяспечаць. Яны прывыклі, што ўсё добра, і не разумеюць, што можа быць інакш. Нельга быць адарванымі ад жыцця, яго пасіўным назіральнікам. Раней былі дружыннікі, якія выходзілі і дапамагалі захоўваць грамадскі парадак. Апалчэнцы павінны рабіць тое ж самае, быць надзейным прыкрыццём. Нельга дапускаць, каб сярод насельніцтва ўзнікла паніка. Страх паралізуе. А ў экстрэмальных сітуацыях трэба дзейнічаць адказна. Могуць узнікнуць праблемы з падачай вады, электрычнасцю, і трэба будзе прымаць рашэнні. Дзесьці спатрэбяцца рабочыя рукі. Ёсць людзі, якім трэба дапамагчы.

— Народнае апалчэнне — гэта збольшага людзі, прайшлі школу жыцця, — кажа суразмоўнік. — На месцах павінен быць парадак.

Не менш адказна ставяцца да стварэння атрадаў народнага апалчэння ў Свіслацкім сельсавеце. Выконваючы абавязкі старшыні Аляксей Траццякоў — падпалкоўнік у адстаўцы. Наколькі сур'ёзная гэтая справа тлумачыць яму не трэба.

— У адпаведнасці з Законам аб народным апалчэнні, апалчэнцамі могуць быць тыя, хто не падпадае пад мабілізацыю ў выпадку вайны, — кажа ён. — У маладых ёсць ваенна-ўліковая спецыяльнасць, іх задача акрэслена выразна, на час вайны ён прыпісаны да канкрэтнай вайсковай часці. Нашы апалчэнцы — гэта ў асноўным пенсіянеры, якія па стане здароўя могуць яшчэ паслужыць радзіме. Асіповіцкі раён — край паляўнічых, аддаём перавагу тым, хто ўмее трымаць стрэльбу. Іх у першую чаргу і абзванілі.

У сельсавеце 14 вёсак, у кожнай свае абаронцы. Іх колькасць залежыць ад таго, колькі там пражывае насельніцтва. Калі вёска маленькая, хопіць і 3-4 чалавек.

— Трэба разумець, што народнае апалчэнне — гэта не тэрытарыяльная абарона, якая займаецца аховай асабліва важных аб'ектаў і падпарадкоўваецца непасрэдна мясцовай уладзе (дапамога Мінабароны), — заўважае Аляксей Траццякоў. — Апалчэнцы — гэта памочнікі для міліцыі. У выпадку вайны народнае апалчэнне падпарадкоўваецца непасрэдна начальніку мясцовага РАУС. Людзям выдаецца зброя, боепрыпасы. Тых, хто займаецца тэрытарыяльнай абаронай, запросяць у лагер, апалчэнцы застаюцца на месцах і будуць аказваць дапамогу праваахоўнікам па навядзенні грамадскага парадку, прадухіляць выпадкі марадзёрства. Кожны з нашых кандыдатаў гатовы ахоўваць свой дом, сваю вёску.

Калі чалавек абараняе сваю зямлю, добра арыентуецца, яму лягчэй ваяваць, выявіць дыверсійна-разведвальныя групы, лічыць суразмоўнік. Мясцовы жыхар ведае ўсіх у твар. На фоне апошніх падзей трэба быць асабліва пільнымі. Народнае апалчэнне — вялікая дадатковая сіла, якая рэальна абараняе сваю краіну.

Мясцовы жыхар Аляксандр Забаўскі — адзін з добраахвотнікаў. Кажа, што калі спатрэбіцца, нават са сваім ружжом прыйдзе.

— Я гатовы да абароны, — кажа ён. — За сябе пастаяць умею. Гэта мая радзіма, тут нарадзіліся мае дзеці. Сэрца маё тут.

Камандзіру Свіслацкага атрада народнага апалчэння Івану Шаўчонку ўжо 77 гадоў, але вонкава выглядае малайцом. Тэрміновую службу праходзіў у канцы 1960-х у Польшчы. Калі ў Чэхіі пачаліся хваляванні, некалькі месяцаў прыйшлося знаходзіцца там на ваенным становішчы, пакуль не прыслалі полк з Івана-Франкоўска. Потым вернасць краіне пацвярджаў сваёй працай. Мае медаль «За працоўную доблесць» і ордэн «Знак Пашаны». Працаваў механізатарам у калгасе «Усход», займаў першыя месцы ў раёне на ўборцы ў 70-я. Уставаў у 5 гадзін, а дадому вяртаўся ледзь не апоўначы. Тэхніка тады была не тая, што сёння. Ніякіх табе кандыцыянераў і халадзільнікаў.

— Апошнім часам пільна адсочваю навіны, яны трывожныя, — уздыхае суразмоўнік. — Калі нехта сунецца на нашу зямлю, лягу, але ворага не пушчу.

Касцяк асіповіцкіх народных апалчэнцаў складаюць мужчыны, але ў некаторых сельсаветах рады добраахвотнікаў папоўнілі і жанчыны. У Татаркаўскім сельсавеце іх нават дзве — кіраўнік спраў сельсавета Інеса Ляйко, якая на выпадак ваеннага становішча выступае медработнікам, і фельчар Ірына Патупчык.

— У нашым сельсавеце наогул ніякіх праблем са стварэннем атрада не было, — кажа старшыня сельсавета Віктар Рамашка. — Людзі вельмі адказна падышлі да гэтага пытання. Мы ж чуем і бачым, што адбываецца вакол нас. Трэба быць гатовымі да ўсяго. Наш сельсавет невялікі, адзін рабочы пасёлак колькасцю прыкладна шэсцьсот чалавек. Атрад складае 11 чалавек. У асноўным гэта паляўнічыя і егеры.


У тэму

Старшыня Асіповіцкага райсавета Сяргей Сувееў:

— Яшчэ ў канцы мінулага года мы склалі спісы апалчэнцаў па кожным сельсавеце. Праводзілі работу з людзьмі, звяралі спісы з кампетэнтнымі органамі. Пасля прыняцця Закона аб народным апалчэнні спісы былі канчаткова сфарміраваныя. Правялі ў працоўных калектывах адзіныя дні інфармавання. Растлумачылі неабходнасць узнікнення такога закона, і людзі гатовыя аказаць дапамогу і падтрымаць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.