Вы тут

Дэпутаты Асіповіцкага раёна дзеляцца сваім вопытам


Для народнага выбранніка не існуе закрытых тэм, ён павінен адгукнуцца на любую праблему грамадзяніна. А калі спатрэбіцца, то і работу падшукаць. У кожнага дэпутата тут свой механізм дзеянняў. Сёння сваім вопытам дзеляцца прадстаўнікі прадстаўнічай улады Асіповіцкага раёна.


Фота: БелТА

Старшыня Асіповіцкага райсавета Сяргей Сувееў, які паралельна ўзначальвае і раённую камісію па садзейнічанні ў працаўладкаванні, прызнаецца, што неаднойчы асабіста хадайнічаў перад работадаўцам за таго ці іншага жыхара. Ну а колькі тых, каму дапамог парадай або падтрымкай, нават і падлічыць цяжка.

— Летась дапамаглі знайсці работу некалькім дзясяткам чалавек, — удакладняе дэпутат. — Працаўладкоўваем на заводы, у сельгасарганізацыі. Вядома, без жадання самога чалавека працаваць цяжка нешта зрабіць, але мы нават тут не здаёмся. Што датычыцца вакансій, то ў мясцовым «цэнтры занятасці» заўсёды ёсць што прапанаваць. Сакратар нашай камісіі галоўны спецыяліст аддзела Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Асіповіцкага райвыканкама Таццяна Ерко валодае сітуацыяй на раённым рынку працы. Калі няма патрэбнай кваліфікацыі, не бяда. Адзін з варыянтаў — прайсці перанавучанне ад службы занятасці.

За мінулы год камісія правяла каля паўсотні пасяджэнняў, у тым ліку і на базе сельсаветаў. Па дапамогу ў працаўладкаванні звярнуліся 196 чалавек, 47 з якіх — паўторна. Некаторыя з апошніх за год паспелі аформіцца на работу і зволіцца з яе, а некаторыя нават і не з’явіліся там, куды іх рэкамендавалі. Як правіла, гэта людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і знаходзяцца пад наглядам міліцыі. У большасці выпадкаў прычынамі іх пастаноўкі на ўлік з’яўляюцца злоўжыванне алкаголем або праблемы з законам, і, як вынік, адсутнасць жадання працаваць.

— З амаль 60 чалавек, якіх мы працаўладкавалі, больш чым палова — гэта тыя, што стаяць у міліцыі на ўліку, — удакладняе сакратар камісіі. — Калі чалавек быў згодны працаваць, выдавалі яму адразу ж накіраванне на работу. Усім, хто звярнуўся, падабралі вакансіі, у нас ёсць што прапанаваць. На вёсцы работу таксама не праблема знайсці. У сельгасгаспадарках заўсёды патрэбны рабочыя рукі. Летась двух чалавек працаўладкавалі жывёлаводамі на прадпрыемства «Аграпрамтэхзабеспячэнне» у вёску Ставішча, ім там нават жыллё падабралі.

Суразмоўніца адзначае, што Асіповіцкі райвыканкам па выніках 9 месяцаў мінулага года адзіны на Магілёўшчыне выканаў прагнозны паказчык у вобласці садзейнічання занятасці насельніцтва па ўдзельнай вазе працаздольных грамадзян, якія ўпершыню трапілі ў базу, не занятых у эканоміцы.

Найбольш сацыяльна адказныя грамадзяне самі спяшаюцца знайсці работу, але хапае і такіх, якім дапамога неабходная. Няма сельсавета, дзе б дэпутаты не займаліся пытаннямі працаўладкавання. Аграгарадок Дрычын знаходзіцца ў 35 кіламетрах ад райцэнтра. На тэрыторыі сельсавета жыве 500 чалавек, 281 з іх — працаздольнага ўзросту. У мясцовай гаспадарцы ААТ «Сельгасінвест», якую можна лічыць у маштабах сельсавета бюджэтаўтваральнай, працуе ў сярэднім 70 чалавек. Некаторыя месцічы занятыя ў сферы гандлю, культуры, адукацыі, лясной гаспадаркі. Беспрацоўных на дадзены момант 24, з іх 12 — асацыялы, з якімі прыходзіцца пастаянна няньчыцца.

— Тут задзейнічаны і дэпутаты, і міліцыя, і служба занятасці, — уздыхае старшыня сельсавета Мікалай Яромаў. — Амаль штомесяц яны ў нас праходзяць праз Савет прафілактыкі правапарушэнняў, мы іх кадзіруем, робім ім дакументы. Без пашпарта ж нікога на работу не бяруць. За апошнія 10 гадоў я, напэўна, 8 пашпартоў за свае грошы зрабіў, нават вазіў некаторых у горад, каб сфатаграфавалі на дакумент. Асабліва шмат прыходзіцца важдацца з праблемнымі жыхарамі ў зімовы перыяд. Летам яны крыху пры справе, у лес у грыбы ды ягады ходзяць, здаюць дзяржаве і грошы зарабляюць. 

А зімой пачынаюць шкодзіць, лазіць па чужых скляпах.

Каб працаваць з такой катэгорыяй насельніцтва, трэба мець жалезныя нервы, але жывое сэрца, бо без гэтага дапамога не будзе шчырай. Суразмоўнік з болем у голасе расказвае пра аднаго свайго падапечнага, які так і не змог пераадолець згубнай схільнасці да алкаголю. Калі не піў, працаваў на сумленне, а запіваў, ні на што не быў годны. 

І зусім жа яшчэ малады чалавек... Паехаў на заробкі ў Расію і загінуў. Родныя прывезлі на радзіму прах, а старшыня сельсавета паклапаціўся пра яго пахаванне на мясцовых могілках. Хлопец з няшчаснай сям’і, бацькі самі злоўжывалі моцнымі напоямі.

Згадаем яшчэ адзін сумны выпадак. Дастаткова маладая жанчына, працавітая, акуратная, але мае схільнасць да спіртнога. Дачку прапіла — пазбавілі бацькоўскіх правоў, зараз можа страціць і сямігадовага сына.

— Калі не п’е — нармальны чалавек, адэкватны, а як сыходзіць у запой, усё ідзе наперакос, — перажывае дэпутат. — Працавала сацработнікам, яе звольнілі з-за п’янак, пасля таго як закадзіравалася, асабіста хадайнічаў, каб прынялі назад. Але яна зноў сарвалася і страціла работу. Пасля Новага года разглядалі яе на Каардынацыйным сходзе. Паставілі перад умовай, што калі за тры месяцы не выправіцца і не працаўладкуецца, пазбавяць бацькоўскіх правоў і на другое дзіця. Яна плакала, абяцала выправіцца.

Патрэба ў кадрах на тэрыторыі сельсавета ёсць, вакансіі адкрываюцца і па лініі спажыўкааперацыі, і клубнай дзейнасці, і сельскай гаспадаркі. Мікалай Яромаў па просьбе працадаўцаў шукае кандыдатаў. Задаволены тым, што кіраўнікі гаспадарак, мяжуючых з сельсаветам Пухавіцкага і Старадарожскага раёнаў, адгукаюцца на просьбы дапамагчы з занятасцю насельніцтва. Са Старых Дарог, напрыклад, нават прыязджае аўтобус, які возіць тутэйшых на работу ў аграгаспадарку ў сваім раёне.

На жаль, моладзь больш імкнецца да гарадскога жыцця, але ёсць прыклады і адваротныя. Тры гады таму маладая сям’я пераехала з Мінска ў вёску — па месцы жыхарства бацькоў жонкі. Зараз яны ўсе разам займаюцца сельскай гаспадаркай, даглядаюць кароў, робяць сыры і іншыя прысмакі на продаж. Мікалай Яромаў, дарэчы, таксама паспрыяў таму, каб у іх бізнес быў жывы. Сам ён у мінулым аграном, ведае, які кірунак лепш развіваць. Сям’я пачынала з авечак, але ён параіў, што больш прыбыткова будзе заняцца каровамі. І сапраўды справы наладзіліся.

Выконваючы абавязкі старшыні Свіслацкага сельсавета Аляксей Траццякоў з ходу прыводзіць некалькі прыкладаў, як ён прымаў удзел у працаўладкаванні мясцовых жыхароў. Двух мужчын, якія перабіваліся часовымі заробкамі і злоўжывалі моцнымі напоямі, пераканаў закадзіравацца і прайсці абучэнне на качагараў кацельнай. Асабіста вазіў іх у раённую службу занятасці, каб заключыць дагавор на абучэнне, паручыўся што пратэжэ не падвядуць. Мужчыны месяц ездзілі ў Бабруйск на вучобу, калі грошай на дарогу не было, старшыня пазычаў са словамі: пасля першай зарплаты разлічыцеся. Зараз сяльчане пры справе, грошы зарабляюць, абноўкі сабе купляюць. І ў міліцыі да іх прэтэнзій няма.

— Штомесяц на Савеце грамадскага правапарадку мы калегіяльна разглядаем розных парушальнікаў спакою, якія на працягу месяца нешта супрацьзаконнае ўчынілі, — расказвае выконваючы абавязкі старшыні. — На пытанне, чаму не працуеце, у іх адзін адказ — не давяраюць. Аднаго такога, якога на работу не бралі, угаварыў закадзіравацца. Асабіста паручыўся за яго перад кіраўніком калгаса. Чалавек працуе даглядчыкам жывёл. І яму добра, і ўсім астатнім. Сэнс жыцця з’явіўся. Потым яшчэ за аднаго маладога чалавека перад старшынёй калгаса хадайнічаў. У яго работы не было, ён папрасіў дапамагчы ў пошуках. Я і дапамог. Калі ёсць работа, гэта адначасова і дысцыплінуе, і робіць незалежным ад абставін.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.