Вы тут

Сёлета 23 гады як у Баранцавым моры затанула падводная лодка «Курск»


У мяне што ні жнівень, то балючы ўспамін: сёлета 23 гады як на вучэннях у Баранцавым моры затанула падводная лодка «Курск». Большасць падводнікаў загінула адразу, 23 чалавекі заставаліся ў жывых...


Фота: БелТА

У той жа дзень мы, прыхаджане храма Святога Георгія Пераможцы, выпраўляліся ў паломніцкую паездку ў далёкае Дзівеева да бацюшкі Серафіма Сароўскага. У салоне аўтобуса быў тэлевізар для прагляду духоўных фільмаў, выпускаў навін. З іх і даведаліся, што адбылася трагедыя, сталі маліцца і, вядома ж, спадзявацца на лепшае.

Па прыездзе на месца за навінамі мог сачыць толькі бацюшка. Кожны дзень пасля літургіі ён расказваў, што адбываецца на субмарыне. Паведамленні былі сухія і кароткія, але ж надзея пакуль жыла…

Раніцой 19 жніўня, перад ад’ездам дамоў, мы сабраліся на богаслужэнне. У 12 гадзін яно завяршылася, але святары (24 чалавекі... у белым адзенні...) сталі выходзіць з алтара толькі ў 12 гадзін 30 хвілін. Пачалася незапланаваная паніхіда, і мы, вернікі, зразумелі ўсё…

Я стаяла з правага боку. У нейкі момант выцерла слёзы і здрыганулася, убачыўшы незвычайнае срэбнае свячэнне. Нібы сотні маленькіх сняжынак кружыліся ў паветры над галовамі святароў…

Трохі пазней я ім расказала пра гэта і пачула, што душы загінулых адразу ж узнесліся на Нябёсы. Ды і ці магло быць інакш у пакутнікаў нашага часу? А тады…

Мы плакалі, перажывалі сыход, уяўлялі, як жа цяжка іх родным!

Каб хоць нечым падтрымаць іх, па дарозе дамоў я напісала верш «Пісьмо да матулі». Мне здаецца, што сваёй актуальнасці ён не страціў і сёння.

Ты прабач мяне, 
мамачка, мама!
Мы не стрэнемся 
болей з табой
Каля нашай 
вяргіневай брамы...
Пад старою
не сядзем вярбой.
Год за годам прайшлі 
мае дваццаць,
Нібы кадры нямога кіно.
Не паспеў у каханні 
прызнацца
Той, з якой сябравалі 
даўно.
...Без мяне 
разгуляецца восень:
Журавіны —
як кроплі крыві.
Сэрца ціха 
і стомлена просіць:
— Ты не плач, 
ты яшчэ пажыві!
...Вось і ўсё. 
Замірае дыханне.
Вусны шэпчуць 
ужо ў небыцці,
Як апошняе развітанне:
— Мама, ма...
Усё роўна
жыві!

Наталля СІВАК

в. Заполле, Чэрвеньскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.