Вы тут

Вілейка і ваколіцы


У адрыўным каляндары «Родны край» (Мінск, выдавецтва «Беларусь») на дзень 21 студзеня пазначана: «Сёлета спаўняецца 425 гадоў з часу першага ўпамінання (1599) у пісьмовых крыніцах г. Вілейка Мінскай вобласці». Вікіпедыя, праўда, спрачаецца: і датай нараджэння горада падказвае 16 лістапада 1460 года... Ды мы, не спрачаючыся, звернемся да тэмы жыхароў Вілейкі і ваколіц, тых ураджэнцаў края, якія засталіся ў памяці на доўгія стагоддзі і дзесяцігоддзі.

 

Якія ж славутыя імёны звязаны з гэтым краем? Хто нарадзіўся ў розных стагоддзях ў старадаўнім паселішчы, размешчаным за 103 км на паўночны захад ад Мінска на рацэ Вілія... З Цынцавіч родам — беларускі дырыжор, музычны педагог, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец (1938 — 2021). З 1975 года на працягу многіх гадоў займаў пасады мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестара Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. Дзяржава высока ацаніла заслугі Міхаіла Казінца ў галіне музычнай культуры: Міхаіл Антонавіч узнагароджаны ардэнамі Дружбы народаў, Пашаны, медалём Францыска Скарыны, прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», яму прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. З самой Вілейкі родам — беларускі тэатральны дзеяч Мікалай Красінскі (1891 — 1938), адзін з кіраўнікоў і арганізатараў Беларускай драматычнай майстроўні, якая існавала ў Вільні ў 1922 — 1925 гады. З 1923 года жыў у БССР. Некаторы час быў дырэктарам БДТ-2 (цяперашні — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску). У 1928-м — вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея. З 1930-га ў жыцці ўраджэнца Вілейкі пачаўся новы пакручасты шлях — арышт, высылка (у Шадрынску, Сарапуле), апошні арышт — 12 чэрвеня 1938 г. «Тройка» НКУС Туркменскай ССР 30 кастрычніка 1938 г. прысудзіла да расстрэлу. У 1960-м наш зямляк рэабілітаваны... З вёскі Каралеўцы (яна вядомая з 1443 года як вёска Іжа) — краязнавец, даследчык гісторыі Беларускага Павілля (так вызначаюць гістарычную вобласць на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы), якая ахоплівае частку тэрыторый сучасных Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей Беларусі, паўднёвыя раёны Літвы ў басейне ракі Вілія (Вялля) Анатоль Рогач (1947 — 2010). Менавіта дзякуючы яго намаганням адкрыты многія «плямы» і ў гісторыі самой Вілейшчыны. Шмат артыкулаў Анатоля Рогача змешчаны ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Вілейскі раён». 

Вілейка — радзіма доктара медыцынскіх навук Леаніда Аўдзея (1929 — 1977). У 1968 — 1977 прафесар узначальваў Беларускае навуковае таварыства хірургаў. У 1970 — 1977 гг. загадваў кафедрай шпітальнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута. З вілейскіх Альковіч — апошні міністр гандлю СССР Кандрат Церах (нарадзіўся ў 1935 годзе), які сваю самую высокую пасаду займаў у 1986 — 1991 гг. За сваю працу адзначаны савецкім урадам ардэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, «Знак Пашаны». 

Вельмі шмат і літаратурных імёнаў звязаны з Вілейкай і Вілейшчынай. Дарэчы, у горадзе цэлы шэраг вуліц носяць імёны пісьменнікаў — Максіма Горкага, Адама Гурыновіча, Эдварда Жалігоўскага (польскі паэт рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку; нарадзіўся ў 1815 годзе ў вёсцы Карэкаўцы, паблізу Касцяневіч), Якуба Коласа, Янкі Купалы, Мікалая Някрасава, А. С. Пушкіна, Л. М. Талстога. Большую частку свайго жыцця правяла ў Вілейцы паэтэса Ганна Новік, якая неаднаразова арыштоўвалася за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі. Аўтар зборніка вершаў «Мае вёсны», аповесці «Другая сустрэча», кнігі выбраных твораў «Мая Вілейшчына». У Баярах нарадзіўся паэт Іван Лашутка (1933 — 2004), аўтар кніг «Свята дваіх», «Край верасоў», «Святое слова». Дзіцячыя гады славутага беларускага пісьменіка Змітрака Бядулі прайшлі ў вілейскім Даўгінава. З вёскі Дварэц родам паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч, аўтар паэтычных зборнікаў «На досвітку», «Самы кароткі дзень», «Зерне», перакладчык на беларускую мову твораў многіх нямецкіх пісьменнікаў. 

З вёскі Каловічы — рускі паэт, празаік Іван Кандрацьеў (1849 — 1904). Мяркуецца, што менавіта яму належыць першапачатковы тэкст славутай песні «По диким степям Забайкалья», а яшчэ — словы рамансаў «Очаровательные глазки», «Эти очи — темны ночи»... «Блеск очей моих знаком/ Всем, кто любит черны очи!/ Эти очи — темны ночи,/ Всё идёт от них кругом!/ Из-под брови погляжу — / без речей блестят речами!/ Захочу — убью очами,/ Захочу — приворожу!..» 

А з вёскі Заблошчына — пісьменнік Ігнат Ходзька (1795 — 1861), аўтар шматтомных збораў твораў «Літоўскія малюнкі» (1840 — 1863) і «Літоўскія паданні» (1852 — 1860), «Мемуараў скарбніка» (1844), створаных у асноўным на беларускім матэрыяле. 

У перадваенны час у Вілейцы працаваў славуты беларускі паэт Максім Танк... У горадзе жыў легендарны беларускі і польскі мастак , прадстаўнік авангарднага мастацтва, заснавальнік унізму (гэта яго асабістая канцэпцыя, якая сцвярджае адзінства колеру, лініі і рытму ў жывапісе) Уладзіслаў Максіміліянавіч Струмінскі (1893 — 1952)... 

Літаратурна-мастацкая, гістарычная памяць пра нашых землякоў, звязаная з Вілейкай, Вілейскім краем, падаецца ўнікальнай шматстаронкавай энцыклапедыяй. Пра кагосьці са славутых ураджэнцаў вядома болей, пра некага і ўвогуле даўно забыліся. Юбілей Вілейкі — хіба ж не нагода ўзнавіць забытыя старонкі гісторыі нашай Айчыны, расказаць пра яе праз лёсы ўраджэнцаў Вілейскай старонкі?!. Мо і дададуцца ў горадзе і новыя вуліцы з імёнамі славутых вілейчан...А яшчэ іх, славутых пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва, дзяржаўных дзеячаў імёны павінны насіць нашы школы, бібліятэкі, культурна-асветніцкія ўстановы. Такая мемарыялізацыя, такое захаванне памяці — сапраўдны ўрок гістарычнага, патрыятычнага выхавання грамадства, развіццё гонару за роднае і блізкае.

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.