Вы тут

33 кубы драўніны нарыхтавалі журналісты падчас чэмпіяната па колцы дроў


Спаборніцтвы на адкрытым паветры прайшлі на возеры Вяча. Рэспубліканскае мерапрыемства для СМІ, на якое з’ехаліся 35 каманд з больш як 240 удзельнікамі, зладзілі сёлета другі год запар. На думку арганізатараў, такія сустрэчы — падстава заняцца тайм-білдынгам і паказаць, што сячы можна не толькі праўду. Мяркуецца, што гэты чэмпіянат можа выйсці на міжнародны ўзровень, тым больш што ўжо сёлета да яго далучылася кітайскае інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа».


— Актывісты з усіх раёнаў Беларусі прыехалі, каб надаць ініцыятыве мінулага года новы размах, — падкрэслівае міністр інфармацыі Уладзімір ПЯРЦОЎ. — На чэмпіянаце ўнікальнае спалучаецца з карысным. Гэта і спорт, і магчымасць пры такім цудоўным надвор’і пабыць на свежым паветры, чаго нам вельмі не хапае.

Сярод мінулагодніх дысцыплін «колка дроў» мужчынамі і жанчынамі і «пераруб бервяна сякерай» сярод мужчын новыя: «колка дроў па-прэзідэнцкі» і новыя этапы ў каманднай эстафеце.

Мужчынам трэба было рассячы пяць звычайных калод і пяць — з сукамі. Прычым дровы павінны былі быць не шырэйшымі за дзесяць сантыметраў — за парушэнне дадаваўся штрафны час. Жанчынам трэба было рассячы пяць звычайных калод і дзве з сукамі — памер дазваляўся да 20 сантыметраў.

Перасячы бервяно —  тая яшчэ задача, а ўжо рассячы дзве калоды «па-прэзідэнцкі» — з выкарыстаннем кувалды, дык і ўвогуле. Тыя калоды ледзьве ўдваіх мужчыны ўздымалі, каб паставіць на калоду для рубкі.

Камандная эстафета праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку адзін забівае цвік у бервяно, другі яго выцягвае. Потым трэба напілаваць шэсць калодак з бервяна пілой «сяброўства» — так, звычайная двуручная, якую цягаць удваіх трэба і прымервацца да хуткасці партнёра. Пасля шэсць калодак сячэ наступны ўдзельнік, і ўжо потым усе разам складаюць вогнішча пад шнурам і падпальваюць яго, каб шнур перапаліўся.

Калі да пачатку спаборніцтваў было даволі холадна, і нават спрабаваў ісці дробны снег, то адразу ж пасля старту мужчын па разрубанні калодак, вакол стала горача. Балелі ўсе: і ўдзельнікі каманд, і госці, якія прыйшлі падтрымаць.

Для не ўдзельнікаў, дарэчы, таксама стварылі шмат лакацый, каб госці маглі парухацца. Ім прапанавалі, напрыклад, сабраць драўняныя фігуры з загатаваных кавалкаў. Арганізатары пасля прызналіся, што ў скрынках былі і запасныя дэталі, аднак абсалютна ўсе ўдзельнікі прымайстравалі да фігурак жывёл, якія яны сабралі, усё, што было загатавана. Балельшчыкі таксама гралі ў гарадкі паленамі і цягалі сані, нагружаныя дровамі па траве.

Вынік падводзілі ў камандным і асабістых заліках. Першае месца сёлета заваявалі журналісты ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр», а суцяшальны і жартаўлівы прыз — пасашок на дарогу (так, вы правільна здагадаліся, што гэта) — дастаўся тэлерадыёканалу «Гродна плюс», які ў агульным заліку апынуўся на апошняй пазіцыі. Звяздоўская каманда «Прэс-сякера» увайшла ў першую палову ўдзельнікаў-прызёраў, заняўшы 16 месца. Было весела, хаця спаборнічалі па-сур’ёзнаму і выкладваліся напоўніцу.

— Думаю, і трэцяму, і чацвёртаму чэмпіянатам быць, — лічыць Аляксандр ТУРЧЫН, старшыня Мінаблвыканкама. — Чэмпіянат па колцы дроў сярод работнікаў СМІ перарос у традыцыю.

Пэўна ж так, бо ўжо напрыканцы спаборніцтваў журналісты складалі планы, як лепш праявіць сябе ў наступным годзе.

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.