Вы тут

Пра космас праз прызму асобы ў мастацтве


У нядзелю, 16 красавіка, на тэлеканале «Беларусь 3» чакаецца прэм'ера дакументальнага фільма Сяргея Кацьера аб жыцці і творчасці народнага мастака Беларусі Івана Міско. Нагодай для прэзентацыі стаў Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі, які адзначаецца 12 красавіка, і тая акалічнасць, што расказвае кінаработа пра «касмічнага» скульптара нашай краіны.


У сам дзень свята ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала ў праекце «Кадры жыцця» паказалі інтэрв'ю Івана Міско, запісанае ў 2020 годзе. У размове народны мастак Беларусі распавёў пра сваё дзяцінства, шлях да скульптуры і згадаў, як касманаўтыка заняла цэнтральнае месца ў яго творчасці.

А ў прывязцы да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі, але ўжо на выхадных, тэлеканал прадставіць новы дакументальны фільм прадзюсара і рэжысёра Сяргея Кацьера «Зямное прыцягненне Івана Міско».

— Івана Якімавіча я ведаю вельмі даўно. Рабіў пра яго перадачу, шмат разоў наведваў яго майстэрню, прыводзіў туды сваіх сяброў і гасцей нашага горада. Мяне захапляе гэты таленавіты, ні на каго не падобны і па маральных, і па творчых якасцях чалавек. Ён шмат гадоў працаваў з касманаўтамі па праграме «Інтэркосмас», яго добра ведаюць і ў Зорным гарадку, і на радзіме першага касманаўта планеты ў горадзе Гагарыне. Але ў нашым фільме мы не хацелі гаварыць выключна аб тым, які ён выдатны «касмічны» скульптар і як шмат зрабіў помнікаў і бюстаў нашых касманаўтаў. Пра гэта ўжо зняты не адзін фільм, — адзначае Сяргей Кацьер.

Здымкі вяліся ў майстэрні Івана Міско і ў вёсцы Чамяры на малой радзіме скульптара. У бацькоўскім доме майстар распавядае пра сваё дзяцінства, уз'яднанне Заходняй Беларусі і БССР, падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Праз усю стужку чырвонай ніткай праходзяць кадры адліву з бронзы, транспарціроўкі, устаноўкі і адкрыцця летась у Стоўбцах помніка Якубу Коласу, над праектам якога ў складзе творчага калектыву працаваў і Іван Міско.

— Нам хацелася расказаць пра лёс майстра, пра яго светапогляд, стаўленне да сучаснасці і да мінулага, узаемаадносіны з людзьмі, бо ён вельмі адкрыты чалавек, — гаворыць Сяргей Галіевіч. — «Зямное прыцягненне Івана Міско» — гэта фільм-успамін пра дзяцінства і бацькоў, фільм пра карані і любоў да Радзімы. Мы раскрываем вобраз выдатнага скульптара на фоне яго зносін з касманаўтамі і таленавітымі людзьмі, сярод якіх заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, кінааператар Анатоль Забалоцкі, народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, беларускі касманаўт Алег Навіцкі.

Не прапусціце прэм'еру дакументальнага фільма «Зямное прыцягненне Івана Міско» на тэлеканале «Беларусь 3» 16 красавіка ў 14.40. Гарантавана адкрыеце для сябе вядомага творцу з невядомых да гэтага ракурсаў.

Алена ДРАПКО

Фота дадзена Белтэлерадыёкампаніяй.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.