Вы тут

Скульптар Іван Міско рыхтуе помнік палёту Гагарына


Адно з тых месцаў, дзе можна даведацца пра гісторыю касманаўтыкі, — не нейкі навуковы музей, а майстэрня мінскага скульптара. Заўсёды, калі прыходзіш у музей-майстэрню народнага мастака Беларусі Івана Якімавіча Міско, трапляеш у зачаравальны свет спалучэння зорнай тэмы і мастацтва, а таксама віраванне творчай думкі, бо гаспадар майстэрні, як ён жартуе, яе жывы экспанат, заўсёды мае што распавесці і абмеркаваць, заўсёды здзяйсняе новыя праекты, многія з якіх па-ранейшаму звязаныя з асваеннем космасу.


Нядаўна мы збіраліся ў майстэрні Івана Якімавіча, каб адзначыць яго 92-годдзе. Цэлы дзень у «жывы музей», які з’яўляецца філіялам Музея гісторыі Мінска, прыходзілі артысты, спевакі, пісьменнікі, мастакі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі самых розных арганізацый. На адным з пастаментаў, прыхіленая да эскіза, заўважалася новая дэталь: дыплом XІX Міжнароднага праваслаўнага Срэценскага кінафестывалю «Сустрэча», які адбыўся напрыканцы лютага ў Обнінску. Дыплом сведчыць: у намінацыі «Найлепшы тэлевізійны фільм» перамагла стужка «Зямное прыцягненне Івана Міско» беларускага рэжысёра Сяргея Кацьера. Узнагарода прэстыжная, бо заявак на ўдзел у кінафоруме было пададзена звыш 170 — з Расіі, Грузіі, Кітая, Італіі і іншых краін свету, у асноўным конкурсе задзейнічана 55 работ. Але менавіта гісторыя выдатнага беларускага скульптара Івана Міско, які ў стужцы распавядаў пра сваё дзяцінства, сваю працу і тое, як касманаўтыка заняла цэнтральнае месца ў яго творчасці, кранула гледача. Сяргей Кацьер у адным з інтэрв’ю сказаў: «Івана Якімавіча ведаю вельмі даўно, не раз наведваў яго майстэрню, прыводзіў туды сваіх сяброў. Мяне заўсёды захапляў гэты таленавіты, ні да кога не падобны чалавек і творца. Ён шмат гадоў працаваў у праграме „Інтэркосмас“, яго добра ведаюць і ў Зорным гарадку, і на радзіме Гагарына. Здымкі фільма вяліся і ў майстэрні Івана Міско, і ў вёсцы Чамяры на малой радзіме скульптара».

— Творчыя спрэчкі ў нас з рэжысёрам былі, і гэта добра — атрымаўся цікавы вынік, — гаворыць Іван Міско. — Цікава і тое, што ў фільме зняты працэс работы над помнікам Якубу Коласу ў Стоўбцах. Над якімі праектамі думаю цяпер? Хутка ж Дзень касманаўтыкі. Чакаю палёту беларускай касманаўткі. Калі ён адбудзецца, пакажу сваю новую работу, прысвечаную гэтай падзеі. Так што чакаю старту... І, дарэчы, «На старт» — новая кампазіцыя, прысвечаная Алегу Навіцкаму, над якой працую.

Дзень касманаўтыкі, з якім скульптара віншуюць не менш, чым з днём нараджэння, прынясе яшчэ адну падзею — адкрыццё зробленай Іванам Якімавічам мемарыяльнай дошкі касманаўту-беларусу Алегу Навіцкаму ў Чэрвені, на будынку школы, дзе той вучыўся.

— Дошка ўжо адлітая, чакаем, каб касманаўт прыехаў на адкрыццё, — кажа Іван Якімавіч, у майстэрні якога Алег Навіцкі бывае часта.

Дыплом фестывалю «Сустрэча» прыхінуты да цікавага скульптурнага эскіза — круга, састаўленага з двух каменных палавін, белай і чорнай. Што гэта такое?

— Гэта эскіз помніка ў гонар палёту Юрыя Гагарына, для яго роднага горада, — тлумачыць скульптар. — Яшчэ адзін праект, здзяйсненне якога я хацеў бы звязаць з Днём касманаўтыкі. Фатаграфуйце, але пакуль не трэба паказваць чытачам газеты выяву — некаторыя дэталі будуць мяняцца. Тым больш яшчэ шукаюцца сродкі на ўвасабленне.

— Гэта вы па замове рабілі?

— Не. Гэта мая прапанова. Сваякі Юрыя Гагарына эскіз ухвалілі. Ідэя помніка — палёт Гагарына вакол Зямлі, які заняў дзень і ноч. Паўзверх светлай (дзень) і цёмнай (ноч) частак планеты — аўтограф касманаўта, як траекторыя палёту. Адразу думаў напісаць «Юрый Гагарын», потым мне падказалі: дастаткова аднаго слова, проста пазнавальнага ва ўсім свеце «Гагарын». Чорны граніт, белы мармур і бронзавыя літары.

— Якой велічыні будзе памятны знак?

— У дыяметры круг павінен быць большы за два метры. Таўшчыня гранітнай пліты плануецца дзесьці трыццаць-сорак сантыметраў. Цяжкі атрымаецца помнік. Памер аўтографа — дзесьці метр дзевяноста ў даўжыню. Мне вельмі хочацца, каб гэты знак стаяў на радзіме Гагарына. Я буду рабіць яго без аўтарскага ганарару. Гэта будзе падарунак ад Музея гісторыі Мінска і ад мяне гораду Гагарыну. Засталося знайсці сродкі. З дырэктарам Музея гісторыі Мінска Галінай Ладзісавай паедзем у горад Гагарын, вызначым, у якім месцы можа стаяць помнік, і дакладна вылічым маштаб: два метры, ці два дваццаць, ці два пяцьдзясят... Гэта пазнаецца толькі на месцы: бліжэй ад дому ці далей стане помнік, у парку ці скверы... Хачу, каб усё-ткі стаяў бліжэй да дому Гагарына, бо адтуль пачаўся яго палёт, адтуль яго душа.

Як патлумачыў Іван Міско, помнік зробяць у Мінску, а забяруць яго і ўсталююць за свой кошт прадстаўнікі горада Гагарын. А наконт таго, як правільна ўпісаць помнік у прастору, як знайсці «зерне», якое яго вылучыць, Іван Якімавіч прыводзіць у прыклад манумент-помнік маці-патрыётцы Купрыянавай, эскіз якога таксама стаіць у майстэрні. Над гэтым шасціфігурным манументам, усталяваным у Жодзіне, Іван Міско працаваў разам са скульптарамі Андрэем Заспіцкім і Мікалаем Рыжанковым і архітэктарам Алегам Трафімчуком.

— На чым тут будуецца кампазіцыя? Малодшы брат, які ідзе на вайну, затрымліваецца, адстае ад старэйшых, паварочвае галаву да маці, якая іх праводзіць. Купрыянава ўспамінала: «Я гляджу — а мой малодшы не ідзе, стаіць, і без галаўнога ўбору, а цяпер холадна, галава мерзне. Сумачка ў яго за плячыма... Дык быў у мяне кавалачак сала, я яму паклала... І цёплую бялізну яшчэ паклала, каб не мёрз. І калі ні прыду да помніка — ён зноў стаіць і глядзіць на мяне». Асаблівасць гэтага помніка — ён на адным узроўні з дарогай, а маці нібыта на парозе. А па дарозе Брэст — Масква прайшла вайна, яна сама — помнік... А калі б кампазіцыя стаяла на высокім п’едэстале, адарваная ад зямлі, было б зусім не тое. 

У першапачатковым варыянце нашага праекта меліся і дзверы, і вокны, і парог, і ручнік вісеў — літаратуршчына такая... Адкідвалі дэталі, адкідвалі... І застаўся толькі погляд развітання маці і сына. На гэтым і трымаецца работа. Цяжка злавіць такое «зерне». Помніцца, як на адкрыццё прыехала Валянціна Церашкова, жанчыны з 30 краін свету. І калі знялі покрыў — я ўбачыў слёзы на іх вачах. За гэты помнік нам далі Дзяржаўную прэмію СССР.

Плануе Іван Якімавіч зрабіць сваю выставу ў Зорным гарадку, марыць, каб пасля яна была правезеная па краінах-удзельніцах праекта «Інтэркосмас», у якім беларускі скульптар быў задзейнічаны. Але прыйдзецца прадставіць работы ў выглядзе фотаздымкаў на вялікіх планшэтах — не так проста перавозіць скульптуры.

— Чакаю паездкі ў дарагі мне Зорны гарадок... Колькі я там быў, колькі працаваў... Так што Зорны гарадок — мой другі дом.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.