Вы тут

Першыя ў небе і на Зямлі


Зусім яшчэ нядаўна людзі глядзелі на начны небасхіл, дзе ярка гарэлі мільёны зорак, і марылі, што калі-небудзь чалавек зможа дакрануцца да адной з іх. Космас заўсёды прывабліваў сваёй таямнічай, неразгаданай прыгажосцю. Хтосьці захапляўся ім, кагосьці ён палохаў, але аднолькава для ўсіх космас заставаўся далёкім і нязведаным.


Фота Кастуся Дробава

12 красавіка 1961 года чалавецтва ўпершыню дацягнулася да зорак і атрымала надзею на новы этап у развіцці ўсёй цывілізацыі. Больш за 60 гадоў назад савецкі лётчык Юрый Гагарын стаў першым чалавекам, які ўбачыў нашу планету з космасу. Цяпер людзей не вельмі здзівіш палётам на арбіту, але ўсё пачалося са знакамітага выразу «Паехалі!», які аб’яднаў увесь свет. Выставачны праект «Першыя...» у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага знаёміць з доўгай і цікавай гісторыяй імкнення чалавека да космасу. У экспазіцыі прадстаўлены асабістыя рэчы Юрыя Гагарына, архіўныя дакументы, якія датычацца падрыхтоўкі да першага палёту ў космас, мастацкія, у тым ліку дзіцячыя, творы на касмічную тэматыку. На выстаўцы таксама можна даведацца пра сучасныя дасягненні касманаўтыкі, што вельмі актуальна для Беларусі. Першая жанчына-беларуска ў космасе — важная падзея для нашай краіны. Марыя Васілеўская так сама, як і Юрый Гагарын 63 гады назад, у складаны час падарыла надзею ўсім беларусам і беларускам на новыя подзвігі і неверагодныя адкрыцці.

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачаў працаваць выставачны праект «Першыя...», прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння Юрыя Гагарына, Міжнароднага дня авіяцыі і касманаўтыкі і Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. 

Іван Міско «Камета», 2000–2010-я гг

Ульяна Кірычэнка «Касмічная рэальнасць»

«Першымі» называюць тых, хто зрабіў немагчымае і стаў прыкладам для будучых пакаленняў. У Міжнародны дзень авіяцыі і касманаўтыкі важна згадаць людзей, якія падарылі чалавецтву зоркі, Месяц і магчымасць марыць пра вялікае і далёкае. Цэнтрам экспазіцыі з’яўляецца першы касманаўт планеты Зямля — Юрый Аляксеевіч Гагарын. Яго подзвігу прысвечана зала, дзе размешчаны фотаздымкі, асабістыя рэчы, фрагменты абсталявання касмічных апаратаў і шмат іншага. Рэдкія кадры дазваляюць убачыць Юрыя Гагарына ў шматлікіх падарожжах па розных краінах свету, яго сустрэчы з афіцыйнымі дзеячамі і мясцовымі жыхарамі. Фотаздымкі з сямейнага архіва паказваюць знакамітага касманаўта з іншага боку — як клапатлівага сына і бацьку, добрага мужа і шчырага сябра, ахвотніка да спартыўных гульняў, рыбалкі і палявання. З асабістых рэчаў Юрыя Гагарына ў экспазіцыі — тое, што суправаджала героя ў бясконцых вандроўках: дарожная шклянка, манікюрны набор, брытва, запальніца і інш. Усе прадметы прадстаўлены Музеем-запаведнікам Ю. А. Гагарына. Пляменніца вядомага касманаўта і па сумяшчальніцтве куратар міжнародных выставачных праектаў Наталля Гагарына расказала пра цяжкі шлях Юрыя Аляксеевіча да звання першага касманаўта і згадала, што з найважнейшых каштоўнасцей для яго былі мір ва ўсім свеце, узаемаразуменне і ўменне чуць адно аднаго. 

Тэма касмічных дасягненняў працягваецца ў наступнай зале, прысвечанай навукоўцам і даследчыкам космасу. Пётр Віцязь, доктар тэхнічных навук, акадэмік НАН Беларусі, на адкрыцці выставачнага праекта заўважыў, што сярод беларусаў таксама былі знакамітыя асобы, чые дасягненні сталі важным крокам у касмічнай навуцы. «Калі працягваць тэму першых, трэба абавязкова згадаць Казіміра Семяновіча, які ў сваёй рабоце „Вялікае мастацтва артылерыі“ разгледзеў, як можна пераадолець зямное прыцягненне. Яго можна назваць заснавальнікам ракетабудавання». Таксама на выстаўцы прадстаўлены партрэт расійскага даследчыка Мікалая Фёдарава — першапачынальніка філасофіі рускага касмізму, дзе чалавек разглядаецца як частка космасу. 

Ульяна Хамякова «На заходзе»

Язэп Драздовіч «Сустрэча вясны на Сатурне», 1932 г

У трэцяй зале большая частка экспазіцыі — работы беларускага скульптара Івана Міско, важнае месца ў творчасці якога — тэма космасу. Прадстаўлена таксама серыя скульптурных партрэтаў касманаўтаў з усяго свету: акрамя знакамітых асоб, такіх як Юрый Гагарын, Валянціна Церашкова, Уладзімір Кавалёнак, Георгій Берагавы, аўтар ствараў вобразы касманаўтаў Кітая, Румыніі, Францыі, ЗША, Кубы і інш. На адкрыцці Іван Міско расказаў займальную гісторыю свайго знаёмства з Алегам Навіцкім і падзяліўся планамі: «Я ўжо працую над эскізамі партрэта Марыі Васілеўскай, цяпер чакаем яе з космасу». Магчыма, у наступным годзе серыя скульптур папоўніцца першай беларускай жанчынай-касманаўткай. Таксама ў гэтай зале можна пазнаёміцца з архіўнымі дакументамі, лістамі і тэлеграмамі з Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі «Архіў Расійскай акадэміі навук». Музей-запаведнік Ю. А. Гагарына падрыхтаваў для выставачнага праекта міні-фільм пра першы палёт Юрыя Аляксеевіча ў космас. Тут можна пачуць сапраўдны голас касманаўта, убачыць урыўкі першых інтэрв’ю і паглыбіцца ў атмасферу таго дня, калі чалавек ўпершыню дасягнуў зор. 

Мастацкая частка экпазіцыі размяшчаецца ў дзвюх залах і складаецца з работ беларускага мастака, пісьменніка, скульптара, аматара астраноміі Язэпа Драздовіча і творчасці вучняў узорнай студыі «Вулей». Язэп Драздовіч не дажыў да першага палёту чалавека ў космас, але сам спрабаваў ствараць вобразы планет, незвычайных істот. Мастак апісваў звычаі, традыцыі жыхароў іншых планет, гарады і прыроду Месяца, Сатурна і Марса. Работы Язэпа Драздовіча прадстаўлены Цэнтрам даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі. 

Работы вучняў узорнай студыі «Вулей» вяртаюць у дзяцінства, дзе свет здаецца такім фантастычным і чароўным. Юныя мастакі стварылі свой асабісты космас, у якім кожны ўбачыць нешта асаблівае. 

Выстаўка працуе да 5 мая 2024 года. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.