Вы тут

Зорка і космас


Некалькі дзясяткаў скульптур, карцін, фатаграфій, прадметаў (асабліва каштоўных і важных) — усё гэта змест новай тэматычнай выстаўкі, якая адкрылася ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага як прысвячэнне асваенню касмічнай прасторы і касманаўтам. Экспазіцыя «Дыялог з космасам» расказвае аб пакарэннях, змаганнях і вялікіх здзяйсненнях, што не перашкаджае ёй быць вельмі кранальнай. 


Спачатку неабходна адзначыць, што праект прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і Дня авіяцыі і касманаўтыкі, які святкуецца 12 красавіка. Да стварэння маштабнай экспазіцыі спрычыніліся Федэральная дзяржаўная бюджэтная ўстанова культуры «Аб’яднаны мемарыяльны музей-запаведнік Ю. А. Гагарына», Дзяржаўная бюджэтная ўстанова культуры горада Масквы «Мемарыяльны музей касманаўтыкі» і Федэральная дзяржаўная бюджэтная ўстанова навукі Архіў Расійскай акадэміі навук. Партнёрам выступае Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі — Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску. Пералічэнне неабходнае: калегі істотна дапоўнілі выстаўку галоўнай асобы праекта — Івана Міско, народнага мастака Беларусі. 

Фрагмент хронікі падзей 12 красавіка 1961 года.

Аднак спачатку звернемся да своеасаблівай дакументальнай часткі выстаўкі. Гаворка найперш аб прадметах, якія належалі першаму ў свеце касманаўту Юрыю Гагарыну, — кашулі (размер нагадвае аб тым, што Юрый Аляксеевіч быў невысокага росту — 157 см), кнізе і фотаздымках з яго аўтографам. Рэчы належаць сям’і Героя Савецкага Саюза. Дарэчы, на адкрыцці выстаўкі «Дыялог з космасам» прысутнічала пляменніца першага касманаўта Наталля Гагарына, супрацоўніца аб’яднанага мемарыяльнага музея-запаведніка Ю. А. Гагарына. Гэта яна спрычынілася да таго, каб дапоўніць экспазіцыю каштоўнымі экспанатамі. 

У гасцях у Ганны Цімафееўны Гагарынай.

Значная частка экспазіцыі — хроніка падзей 12 красавіка 1961 года, дня, які падзяліў гісторыю на «да» і «пасля». Гледача парадуюць дакладная храналогія, рэдкія здымкі, успаміны касманаўта. Шлях Юрыя Гагарына ад абуджэння ў 5.30 раніцы да прызямлення ў 10.55 пасля палёту, які доўжыўся 108 хвілін, — усё нібы як на старонках падручніка, які дапаўняецца дадатковым фатаграфічным матэрыялам. Дзякуючы яму мы бачым мужчыну ў звычайных жыццёвых абставінах. Міфалагізацыя і канструяванне героя, якімі ўпарта займаліся на працягу дзесяцігоддзяў, адыходзяць на другі план... Хоць, натуральна, не вельмі ахвотна. Ды і не ставілася такой задачы для праекта, прысвечанага Дню касманаўтыкі. Завяршаюць асобны расповед шчымлівыя старонкі: здымкі, якія паказваюць развітанне з Юрыем Гагарыным, нумары газет «Известия», «Комсомольская правда», «Сельская жизнь» з жалобнымі фота і тэкстамі, напоўненымі асэнсаваннем трагедыі і незаменнай страты. 

Фрагмент экспазіцыі, прысвечаны маці касманаўтаў.

Другім складнікам дакументальнай часткі можна лічыць сціплы расповед пра жыццё і творчасць Івана Міско. Спачатку чорна-белыя, затым каляровыя фотаздымкі паказваюць аўтара, незнаёмага прадстаўніку маладога пакалення. З героямі і побач з сябрамі, у майстэрні і на выстаўцы — скульптар заўсёды добразычлівы і ўсмешлівы, прытым паўсюль угадваецца яго задуменнасць. Многія кадры агульнавядомыя і папулярныя да сёння, як, напрыклад, першы эцюд з Пятром Клімуком (1975) ці выява Ганны Цімафееўны Гагарынай у майстэрні ў скульптара (1980). Аднак хапае іншых матэрыялаў, вартых увагі шырокага кола гледачоў. Магчыма, не кожная з іх валодае той мастацкай вартасцю, што прыцягвае і прымушае запомніцца, аднак выдатна дапаўняе інфармацыйны пласт. 

Натуральна, гэта далёка не ўвесь фатаграфічны матэрыял, якім могуць пахваліцца арганізатары выстаўкі «Дыялог з космасам». Ілюстрацыі, абавязковыя і факультатыўныя, дапамагаюць арыентавацца ў змесце экспазіцыі і адчуць той асаблівы настрой, з якім звяртаюцца да наведвальніка выстаўкі ў кожнай яе зале. Улавіць яго складана, толькі месцамі — трэба засяродзіцца на кожным, нават самым непрыкметным, экзэмпляры. Такіх, дарэчы, мала. Паўсюль маштаб і раздолле — гэтага заслугоўвае тэма. Чаго варты здымак, зроблены ў 2013 годзе з борта МКС. 

На ім адлюстраваны Мінск з вышыні 450 км. Суправаджае яго аўтограф Алега Навіцкага, які і падарыў фотакартку Музею горада Мінска. Іван Міско — выключная постаць у айчынным мастацтве. І не толькі. 

Ён ствараў партрэты шматлікіх вядомых і паважаных людзей: навукоўцаў, артыстаў, музыкантаў, спартсменаў... Нягледзячы на рознабаковасць у жанрах і тэмах, найбольш прыцягальным для сучаснага гледача стаў космас у пераасэнсаванні Івана Якімавіча. Сярод яго герояў — многія касманаўты былога Савецкага Саюза, прадстаўнікі іншых краін, якія пабылі на арбіце. Яго майстэрню наведвалі шматлікія ўдзельнікі інтэрнацыянальных экіпажаў. Дзякуючы таму, што скульптар быў знаёмы са сваімі героямі, бюсты выглядаюць вельмі дакладнымі. Мастак заўсёды паўтарае словы ўдзячнасці вялікай праграме «Інтэркосмас», у якой быў задзейнічаны. Менавіта яна дала магчымасць пазнаёміцца з касманаўтамі розных краін. Між тым шмат увагі прыцягваюць да сябе і персоны, блізкія беларускаму гледачу: Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі. 

Скульптар Іван Міско, якога з часам сталі называць «зорным», «касмічным», зрабіў шмат прысвячэнняў Юрыю Гагарыну — яго постаццю і касманаўтыкай увогуле творца захапіўся ў год, калі першы касманаўт загінуў. 

Іван Міско «12 красавіка», 2021 г

З яго маці склаліся прыязныя стасункі: Ганна Цімафееўна гасцявала ў мінскай майстэрні больш за 20 разоў. Мастак нават стварыў надмагілле сям’і Гагарыных: Аляксея Іванавіча і Барыса — бацькі і брата першага касманаўта. Пазней Івану Міско давялося рабіць надмагільны помнік самой Ганны Цімафееўны. 

Іван Якімавіч — вельмі актыўны творца. Шмат працуе ў майстэрні і паспявае наведваць многія мінскія выстаўкі. На адкрыцці персанальнай ён расказаў пра стварэнне мемарыяльнага медаля, прысвечанага палётам у космас. Мэтр абвясціў аб тым, што твор «12 красавіка» (2021) ён дорыць гораду Гагарыну на вечнае захоўванне. Кампазіцыя стане макетам для вырабу вялікага мемарыяльнага знака, што будзе ўсталяваны на ўездзе. 

Іван Міско «Брытанскі касманаўт Хелен Шармен», 1992 г.

Павіншаваць мастака з адкрыццём выстаўкі прыйшло шмат гасцей, сярод якіх — акадэмік НАН Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па касмічных даследаваннях Пётр Віцязь. Ён адзначыў: «Скульптар Іван Міско прысвяціў жыццё паказу людзей, якія заваёўваюць космас, працуюць там. Гэта па сілах толькі людзям унутрана багатым, якія разумеюць мастацтва, літаратуру, якія паважаюць гісторыю сваёй краіны. Гэта і нам, вучоным, дапамагае вырашаць навукова-тэхнічныя задачы па асваенні касмічнай прасторы». 

Фрагмент кампазіцыі Івана Міско, прысвечанай касманаўту-мастаку Аляксею Ляонаву, 2000 г.

Выстаўка «Дыялог з космасам» атрымалася даволі змястоўнай і насычанай. Адзінае, чаго ўсё ж такі не хапіла, — самой скульптуры. Тлумачэнне: у экспазіцыі змешчана вельмі шмат бюстаў розных касманаўтаў, створаных у розныя дзесяцігоддзі. Але гэтая галерэя даволі слаба «разбаўлена» творамі іншых жанраў. Мастак прадставіў сімвалічныя кампазіцыі «Камета» (2000–2010), «Космас» (2018), «Што там за гарызонтам?» (2017) і некалькі іншых, але гэтага мала. Ёсць упэўненасць, што зорцы айчыннага мастацтва ёсць што сказаць гледачу, але з-за накіраванасці сумеснай выстаўкі, з-за вялікай колькасці арганізатараў гэтага не ўдалося зрабіць. 

Між тым дапаўняюць выстаўку копіі графічных работ мастакоў-фантастаў. Гэта віды савецкага спадарожніка, выхаду чалавека ў адкрыты космас, касмадрома «Байканур», касмічнага апарата на спадарожніку Марса Фобасе з фондаў Музея-запаведніка Ю. А. Гагарына. 

Наведаць экспазіцыю ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага можна да 30 красавіка. 

Яўгенія ШЫЦЬКА, 

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.