Многія дзесяцігоддзі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі здзіўляў публіку цудоўнымі скульптурнымі знаходкамі. Ён умеў звярнуць на сваю творчасць увагу не толькі гледачоў і мастацтвазнаўцаў, але і функцыянераў: усё ж шмат у чым ад іх залежала тое, ці будзе стаяць, напрыклад, помнік Янку Купалу ў цэнтры беларускай сталіцы. Быць даспадобы шырокай публіцы, дагаджаць ёй і адначасова спрабаваць эксперыментаваць у складаным мастацтве скульптуры, мусіць, было цяжка, але Льву Гумілеўскаму гэта адназначна ўдавалася.
У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на выстаўцы «Шлях», прымеркаванай да юбілею сына Льва Мікалаевіча Сяргея Гумілеўскага, прадстаўлена значная колькасць работ народнага мастака. Многія з іх мала сказаць знаёмыя айчыннаму гледачу — яны даўно сталі часткай гарадской прасторы. Гаворка не толькі пра Мінск, бо помнікі, мемарыяльныя дошкі, створаныя майстрам у суаўтарстве ці самастойна, знаходзяцца ў Гомелі і Смаргоні, Бабруйску і Глыбокім... Надмагільны помнік Максіму Багдановічу ў Ялце створаны Львом і Сяргеем Гумілеўскімі, як і скульптура Янку Купалу ў Маскве. А ў Вільнюсе на адным з дамоў вісіць мемарыяльная дошка, прысвечаная Францішку Багушэвічу. Яе аўтар таксама Леў Гумілеўскі. Выстаўка «Шлях» якраз нагадвае пра гэтыя вядомыя і дазваляе пазнаёміцца і з меней знакамітымі работамі.
Так, вельмі выразным падаецца «Партрэт сына», створаны ў 1980 годзе. Выяўлены малады чалавек — увасабленне сталення і ўласцівых гэтаму працэсу мэтанакіраванасці, смеласці, неабыякавасці. Падобных асабістых твораў на выстаўцы няма, хіба толькі лаканічная скульптура Міхаіла Сеўрука (2012). У дзяцінстве Леў Гумілеўскі займаўся ў студыі мастака ў Нясвіжы, там і рабіў першыя крокі ў мастацтве.
Леў Гумілеўскі часта звяртаўся да вобраза рамы ў скульптуры — гэткая спасылка на жывапіс. Ужыванне такога прыёму было надзвычай прадуманае. Напрыклад, твор «Навасёлы» (год стварэння не пазначаны) паказвае мужчыну, жанчыну і дзіця на парозе дома, рама тут – адлюстраванне дзвярнога праёма. Гэта дакладная метафара абароненасці пэўнай прасторай, згуртаванасці маладой сям’і, новай старонкі ў жыцці. Яшчэ адзін зварот да рамы сустракаецца ў скульптуры, прысвечанай Міхаілу Савіцкаму (1983): народны мастак у стрыманым адзенні басанож нясе падрамнік. Але ён незвычайны: не адразу нават кідаецца ў вочы, што на ім размешчаны не звыклыя шыкоўныя ўзоры, а выявы воінаў і ахвяр — ключавыя героі мастака.
Значная частка творчасці Льва Гумілеўскага прысвечана, вядома, беларусім пісьменнікам, асабліва спадчыне і асобе Янкі Купалы. Увагу выклікае твор, які адлюстроўвае трагедыю: скульптура «Я адплаціў народу (Янка Купала)» (год стварэння не пазначаны) — аўтарскі погляд на таямніцу смерці паэта. Матыў смутку ўвогуле падаецца адным з ключавых. Погляд героя, у якім счытваецца цяжкая думка, рух рукі як сведчанне імкнення абараніцца, выразная пастава — адчуванне болю, цяжару, стомленасці... Ва ўсім гэтым Леў Гумілеўскі дасягнуў сапраўдных вышынь.
І ўсё ж скульптар быў рамантыкам — часам ён, відаць, прыхарошваў рэчаіснасць, выдаваў уяўнае за сапраўднае, ажыццяўляў мару. Не дзіва, што працаваў пераважна над вобразамі далёкіх ад нас асоб, звяртаўся і да казачных сюжэтаў. Але ўсё ж часта Леў Гумілеўскі паўставаў сапраўдным рэалістам. Як доказ — «Партрэт Уладзіміра Караткевіча» (2015), бясспрэчны шэдэўр.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.