Вы тут

Святое Уваскрэсенне Хрыстова


Уваскрэсенне Хрыстова сімвалізуе для хрысціян усяго свету перамогу жыцця над смерцю. Галоўнае свята ў хрысціянскім календары, Вялікдзень, — сімвал неверагоднай сілы, якую маюць любоў і вера.

Напярэдадні Уваскрэсення Хрыстовага па традыцыі мы гутарым са святаром, настаяцелем прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску Аляксандрам Пальчэўскім пра тое, як сустрэць і правесці гэтае свята, і пра яго глыбокі сэнс.


Смерцю смерць адолеўшы

Дзень Светлага Хрыстовага Уваскрэсення для хрысціян — час асаблівых урачыстасцяў і духоўнай радасці, калі вернікі збіраюцца ў храмах славіць уваскрэслага Хрыста, а ўвесь велікодны тыдзень святкуецца «як адзіны дзень» (царкоўная служба ўвесь тыдзень амаль цалкам паўтарае начное велікоднае богаслужэнне).

Вялікдзень — гэта ўрачысты ўспамін аб Уваскрэсенні Ісуса Хрыста на трэці дзень пасля Яго пакут і смерці. Зняцце з крыжа і пахаванне Госпада было здзейснена ў вечар пятніцы. Жанчыны, якія суправаджалі Госпада і вучняў з Галілеі, прыйшлі да магілы Гасподняй на досвітку таго дня, які мы цяпер называем нядзельным. Але труну яны знайшлі пустой, а анёл абвясціў ім, што Хрыстос уваскрос. У гэты дзень крыху больш за дзве тысячы гадоў таму адбылася падзея сусветнага маштабу, якая закранула ўсіх людзей: і тых, хто жыве, і памерлых, таму свята Вялікадня датычыцца кожнага, кажа Аляксандр Пальчэўскі.

— Прыняўшы на сябе чалавечую плоць, якая была пашкоджана грахом, Хрыстос аднавіў і ацаліў яе ў Сабе, узвёў на тую духоўную вышыню, якую чалавек страціў з грэхападзеннем Адама. На 40-ы дзень пасля Вялікадня ён узнёс яе на неба, і такім чынам ажыццявілася аднаўленне пашкоджанай чалавечай прыроды. Гэтую абноўленую прыроду людзі цяпер наследуюць праз Хрыста.

Дзякуючы Вучэнню, Смерці і Уваскрэсенню Ісуса для чалавека стала магчымым больш поўнае пазнанне Бога, зносіны з ім і ўступленне ў духоўнае адзінства праз таінствы Царквы. Для веруючага хрысціяніна Вялікдзень — гэта глыбокае духоўнае перажыванне.

— Хачу акцэнтаваць увагу на «практычным вымярэнні» гэтага свята — не толькі для чалавецтва ў цэлым, але ў першую чаргу для кожнага чалавека паасобку, — кажа святар. — Уваскрэсенне Ісуса Хрыста з'яўляецца падставай і пацвярджэннем таго, што кожнага з нас таксама чакае ўваскрэсенне. У вучэнні нашай Царквы ёсць сцвярджэнне, што ўсеагульнае ўваскрэсенне людзей будзе падобна на тое, як Ісус Хрыстос уваскрос у сваім целе на трэці дзень пасля смерці. Гэта сцвярджэнне з'яўляецца асновай хрысціянства. У цэнтры хрысціянскага вучэння знаходзіцца не нейкая сума маральных і сацыяльных праграм і правілаў, а сцвярджэнне, што жыццё душы чалавека вечнае і пасля фізічнай смерці адбудзецца ўваскрэсенне кожнага. Калі зразумець гэта, набывае асэнсаванасць усё тое, што ў нашым жыцці здараецца: нічога ў ім не здзяйсняецца дарэмна і не праходзіць бясследна. Нашы ўчынкі і думкі, пачуцці і рашэнні фарміруюць наша ўнутранае ўладкаванне, з якім мы пяройдзем у вечнае жыццё. І стан чалавека ў гэтым вечным жыцці будзе залежаць ад таго ўнутранага патэнцыялу, які ён у сабе раскрыў ці не раскрыў. Грэшніку прыйдзецца вечна пакутаваць ад нерэалізаванай любові да Бога і людзей і несці цяжар тых грахоў, у якіх ён жыў. А для чалавека, які імкнуўся жыць праведна, вечнае жыццё будзе поўнае радасці і асалоды. Апосталы казалі: калі Хрыстос не ўваскрос, наша пропаведзь марная. Але Яго Ўваскрэсенне дае надзею на вечнае жыццё і нам.

Сваёй смерцю Ісус перамог і знішчыў вечную смерць. Вялікдзень — сімвал адкрыцця для чалавека Царства Нябеснага і магчымасці для кожнага выратавання і поўнага яднання з Богам. Вялікдзень — радаснае, светлае свята. І перш за ўсё мы радуемся адчуванню прысутнасці Бога ў нашым жыцці і ў нашай душы.

Традыцыі як вынік веры

Сімвалы Вялікадня — куліч і фарбаваныя яйкі — асвячаюцца ў царкве. Хрыстос сам пераломваў хлеб і разліваў віно падчас Тайнай вячэры за тры дні да свайго Уваскрэсення. Велікодны хлеб стаў сімвалам цела Хрыста. Што да фарбавання яек, традыцыя абвяшчае, што, калі Марыя Магдаліна распавяла рымскаму правіцелю Тыберыю пра Уваскрэсенне Хрыста, той адказаў: «Мёртвыя не ўваскрасаюць, як і яйкі не становяцца чырвонымі». І ў той жа момант яйкі на яго стале сталі ярка-чырвонымі. Імператар не адмаўляў відавочнага і вымавіў: «Сапраўды ўваскрос!» Велікодныя яйкі сімвалізуюць вечнае жыццё.

— Традыцыі нашай Царквы вельмі важныя, але ў першую чаргу важна разумець іх сэнс і змест, — тлумачыць святар. — Ёсць такое паняцце: «паданне Царквы». Мы маем тэксты Святога Пісання — кнігі «Старога Запавету» і «Новага Запавету». А таксама ёсць жывая традыцыя, сувязь вопыту хрысціян на працягу ўсёй гісторыі Царквы, з першых стагоддзяў хрысціянства да нашага часу. І царкоўныя традыцыі — выяўленне гэтай сувязі. Але калі мы не разумеем сутнасці абрадаў і традыцый, яны губляюць для нас сваю сілу, таму што набор нейкіх дзеянняў другасны ў адносінах да таго глыбокага сэнсу, які яны ў сабе нясуць. Гэтыя традыцыі не самадастатковыя — яны павінны быць вынікам светапогляду чалавека, яго веры. Няправільна, калі дачыненне да жыцця Царквы ў чалавека выяўляецца толькі ў выкананні велікодных або, скажам, калядных абрадаў. Бо тады ўбаку застаецца самае галоўнае — Бо́г. Богу не патрэбныя куліч і фарбаваныя яйкі — Яму трэба наша сэрца, наша любоў, наша імкненне быць хрысціянамі. У цэнтры свята павінен быць Гасподзь і ўсё тое, што Ён зрабіў дзеля нашага выратавання. Падкрэслю: царкоўныя традыцыі неверагодна важныя. Але без разумення сутнасці свята яны не прынясуць сапраўднай радасці. Правільны падыход — імкненне наблізіцца да Бога, пры гэтым не адмаўляючы асвячоныя часам абрады, якія ў гэтым дапамагаюць.

Пра тое святары гавораць на працягу многіх гадоў, і сёння, сцвярджае суразмоўца, грамадства пачынае іх разумець.

Хрыстос уваскрос!

Такім чынам, святкаванне Вялікадня — гэта вялікая духоўная праца. І знешнія атрыбуты свята — толькі яе нязначная частка. Галоўнае выяўленне ўрачыстасці — удзел у святочным богаслужэнні.

— Святкаваць Вялікдзень, як і любое царкоўнае свята, азначае яго перажываць. Бо кожнае свята звязана з якой-небудзь важнай вяхой у жыцці Царквы. І Уваскрэсенне Хрыста — не проста падзея, якая адбылася дзве тысячы гадоў таму. Яна наўпрост звязана з кожным з тых, хто жыве цяпер, бо закранула сутнасць прыроды чалавека. Такім чынам, Вялікдзень — гэта наша ўнутранае, асабістае перажыванне той падзеі. І пачынаем акунацца ў гэтае свята мы яшчэ ў пачатку Вялікага посту: за гэтыя два месяцы хрысціянін праходзіць шлях, які дапамагае духоўна перажываць звязаныя з Вялікаднем падзеі.

Велікодная служба пачынаецца ўвечары суботы і працягваецца ўсю нядзельную ноч. Апоўначы раздаецца благавест, і адначасова з яго ўрачыстымі гукамі запальваюцца ўсе свечкі ў храме. Святары ў светлых уборах, з крыжам, свяцільнямі і фіміямам выходзяць з алтара і здзяйсняюць хрэсны ход. У канцы святочнай літургіі асвячаецца артас — хлеб з выявай крыжа і цярновага вянка.

— Таінства прычасця — важны складнік святкавання Вялікадня, — кажа Аляксандр Пальчэўскі. — Прычасце — гэта магчымасць духоўна злучыцца з Богам і вастрэй перажыць гэтую падзею ў сваёй душы. Без удзелу ў таінстве прычасця мы можам застацца назіральнікамі, якія не прымаюць удзелу ў тым, што адбываецца ў храме.

Вялікдзень у свядомасці нашых сучаснікаў — сямейнае свята. І гэта выдатна, калі ў такія святы блізкія сустракаюцца за святочным сталом. Але дамашняе святкаванне павінна быць працягам таго, што пачынаецца ў царкве, кажа святар.

— Сёння я часта назіраю, як на велікоднае богаслужэнне людзі прыходзяць цэлымі сем'ямі. Нярэдка для дзяцей гэта першы вопыт наведвання храма. Велікоднае богаслужэнне — выдатная магчымасць для дзіцяці пагутарыць са святаром і задаць хвалюючыя пытанні.

Святкаванне Вялікадня працягваецца 40 дзён — да Узнясення Хрыста. Усе гэтыя дні вернікі вітаюць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!»

«Радасць усяму свету»

Згодна з царкоўным канонам, Уваскрэсенне Хрыстова святкуюць вясной, у першую нядзелю пасля поўні, якая надыходзіць ўслед за вясновым раўнадзенствам.

— Кожны год — і гэта дзіўна — Вялікдзень дорыць новыя, глыбокія, сапраўдныя і шчырыя перажыванні, якія не трэба ў сабе штучна ствараць. Гэты свет і духоўная радасць кожны раз наведваюць сэрца веруючага чалавека, — кажа настаяцель прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага.

Прыняўшы на сябе чалавечую прыроду, Хрыстос адкрыў для людзей ісціну, што Бог — гэта Асоба, з якой любы чалавек можа ўступіць у глыбокі духоўны кантакт. Таму велікодны час верніку важна ўспрымаць як падставу наблізіцца да ідэалу хрысціяніна.

— Які ён, гэты ідэал? Пра гэта кажа ўсё Евангелле. Калі коратка, усё зводзіцца да двух запаведзяў: любоў да Бога і любоў да бліжняга. На падставе гэтых двух прынцыпаў хрысціянін закліканы выбудоўваць усё сваё жыццё, — тлумачыць святар. — Важна, каб усё, што ён здзяйсняе перш за ўсё ўнутры сваёй душы і па-за ёю, было накіравана на гэтую любоў — да Бога і да бліжняга. Іншымі словамі, быць хрысціянінам — значыць старацца жыць не толькі для сябе, але і для іншых людзей. Будаваць сваё жыццё паводле тых прынцыпаў, якія прапаведуе Ісус Хрыстос. Змагацца са сваімі страсцямі і слабасцямі. Шлях змены чалавека складаецца, з аднаго боку, з намаганняў яго волі, накіраваных у бок дабра. З другога — у гэтым імкненні нас заўсёды падтрымлівае Гасподзь. У такім супрацоўніцтве чалавека з Богам і адбываецца яго духоўнае ператварэнне.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.