Вы тут

Ужо больш за 70 гадоў бабуля Лёня стварае набожнікі-выцінанкі


Леаніле Супрановіч з аграгарадка Наваселле — 86 гадоў, больш чым 70 з якіх яна стварае папяровыя набожнікі (аправы для абразоў), яны на час свята замянялі тканыя ды вышытыя ручнікі. Упершыню такі ажурны цуд 13-гадовая Лёня ўбачыла ў хаце ў сваёй цётачкі. Тая прывезла незвычайны «дэкор» са сваёй малой радзімы — з Радашковічаў — і ўпрыгожыла ім перад Вялікаднем чырвоны кут...


Леаніла Супрановіч са сваёй суседкай Ларысай Крыловіч. На фота ў альбоме — Ларыса Антонаўна ў сукенцы, якую шмат гадоў таму спецыяльна для яе пашыла цёця Лёня

«Усім выразала. Нікому не адмаўляла»

— Усе аднавяскоўцы ішлі да цёткі падзівіцца на той папяровы цуд. Мама кажа мне: «Лёнечка, схадзі і ты паглядзі». Ну я і пайшла. Тыя казачныя яркія кветкі, якія абрамлялі абраз, адразу ж запалі мне ў душу. І я захацела навучыцца рабіць такія ж. Сказала аб гэтым цётцы, дык яна перад Вялікаднем прынесла да нас у хату нарыхтоўкі і правяла для ўсіх ахвотных майстар-клас: расказала і паказала, як робіцца набожнік. Я спачатку назірала, як на звычайнай белай паперы расцвіталі кветкі, з’яўляліся птушачкі, арнаменты. Потым паспрабавала сама. І, як не дзіўна, атрымалася з першага разу. Мяне так захапіў сам працэс, што з тых часоў і выразаю. Людзям прыйшліся даспадобы мае набожнікі. Перад Вялікаднем не толькі мясцовыя жыхары, але і нават з суседніх вёсак ішлі да мяне, прасілі зрабіць ажурную аздобу для абраза. Бо ў той пасляваенны час упрыгожыць сваё жытло не было асабліва чым, а атмасферу свята хацелася стварыць кожнай гаспадыньцы. Мама падымаецца ў шэсць гадзін раніцы печ паліць, а я ўстаю і саджуся выразаць. Адным заканчваю, другім пачынаю. Колькі я зрабіла тых набожнікаў за сваё жыццё — не пералічыць. Усім выразала. Нікому не адмаўляла.

— А мяне навучыце?

— Стварэнне выцінанкі — работа карпатлівая, патрабуе цярпення і ўседлівасці (недарэмна адна з назваў выцінанкі — «карпіня» — ад дзеяслова «карпець»), але нескладаная. Зрабіць такі набожнік сабе да свята можа чалавек любога ўзросту. Было б жаданне.

Леаніла Якаўлеўна дастае з шафы рулон старых шпалераў. Адразае невялікі прамавугольнік. Маўляў, «каб хутчэй было, зараз зробім набожнічак у мініяцюры. А так я звычайна адмяраю недзе метр па шырыні».

— А як выбраць паперу для набожніка?

— Падыдзе ўсялякая, абы беленькая з аднаго боку была. Я свой апошні набожнік, што вісіць у мяне ў зале, рабіла з гэтых вось шпалераў. Шмат гадоў таму ў мяне жылі кватаранты. Хлопцы прыехалі ў саўгас дапамагчы касіць, дык мяне папрасілі, каб пусціла іх пераначаваць. У знак падзякі, даведаўшыся пра маё захапленне, кватаранты падарылі мне цэлы рулон паперы. Ды такой беленькай, танюсенькай. Добрая была папера. Я яе ўсю на свае выцінанкі і пусціла. Гэта сёння ёсць і якасная папера, і фарбы на любы густ і нават прыстасаванні для выразання. Раней жа, памятаю, жанчыны выразалі ажурныя фіранкі ды сурвэткі пад велікодныя булкі з упаковачнай шэрай паперы ці наогул з адбеленай газетнай.

Бабуля складвае падрыхтаваны прамавугольнік папалам. Тлумачыць, што гэта трэба, каб малюнак на набожніку атрымаўся сіметрычным. Затым выразае адтуліну для абраза ў выглядзе трохкутніка. Апошні аздабляе зубчыкамі ў форме паўмесяца, гэткую самую аздобу робіць і па «берагах» унізе і ўверсе будучага набожніка. Затым малюе карункавы ўзор, у які па-майстэрску «ўплятае» кветачкі, лісточкі, птушак, зайчыкаў... Абавязкова паміж малюнкамі пакідае «сцежачкі», каб выцінанка не развалілася на кавалкі. Пасля гэтага Леаніла Якаўлеўна бярэ фарбы і расфарбоўвае ўзоры ў розныя колеры. Пакуль фарбы сохнуць, згадвае пра Дзімку.

— У нас у вёсцы ёсць надта добры хлопец, дальнабойшчыкам працуе, ён мне часта дапамагае. Дык вось нядаўна прывёз мне цэлы пакунак фарбаў, фламастараў, нейкіх модных маркераў для скетчынгу. «Нашто ж ты, Дзімачка, накупіў мне столькі фарбаў, я ж не мастак? — кажу яму. — Ці ж табе хочацца мне дапамагаць, у цябе ж сваіх спраў безліч». А ён усміхаецца і кажа: «Як будзеш людзям рабіць добра, дык і табе будзе добра».

Леаніла Якаўлеўна дастае канцылярскі нож і пачынае акуратненька выразаць намаляваныя ўзоры.

— Раней рабіла гэта звычайным лязом, але канцылярскім ножычкам значна зручней. Націскаць трэба моцна, каб два аркушы праразаліся наскрозь.

Потым разварочвае, падмалёўвае другі бок, дзе адбіліся такія ж узоры. І, лічы, выцінанка гатовая. Засталося толькі падабраць пад яе абраз і акуратненька прымацаваць іголачкамі да шпалераў.

— Я выразаю не зусім так, як цётка вучыла, а па-свойму. Яна ў першую чаргу разлінейвала ўсю паперу і ўжо на тую ячэістую сетку наносіла ўзоры. 

Я ж не разлінейваю, адразу малюю. Мне так зручней ды і палосак на кветках потым няма.

— Адкуль чэрпаеце натхненне?

— Цяжка прадбачыць, у які момант прыйдзе натхненне, таму ў мяне заўсёды пад рукой аркуш паперы і аловак. Неяк па тэлевізары паказалі такі спрытны баравічок, дык я хутчэй аловак схапіла і перамалявала яго. Я люблю маляваць. Гэта ў мяне, відаць, ад таты, надта ўжо прыгожа ён маляваў. Штосьці прыдумваю з галавы сама, штосьці перамалёўваю са старых часопісаў ды газет. У выніку не заўважыла, як назбірала цэлы пакет нарыхтовак для набожнікаў. Гэта вельмі зручна. Саджуся рабіць новы набожнік, раскладваю іх на стале і выбіраю: тут гэтую птушку пасаджу, там — іншую. У асноўным у якасці ўзору выступаюць кветкі, птушкі або жывёлы, анёлы, галінкі вярбы, бэзу. Для мяне выцінанка — гэта добры антыстрэс. Пасядзіш-павыразаеш гадзінку-другую — і ўсе дрэнныя думкі адступаюць на другі план, праблемы падаюцца не такімі ўжо і невырашальнымі.

— Але ж папера — матэрыял недаўгавечны, таму, відаць, век у такіх ручнікоў-набожнікаў кароткі?

— Выраб, сапраўды, вельмі далікатны, але я не сказала б, што недаўгавечны. Усё залежыць, як з ім абыходзіцца. У нашым вясковым дзіцячым садку, у музеі, адзін з набожнікаў, што я падарыла, вісіць ажно з 1991 года. З часам кветкі, вядома, выцвітаюць, робяцца бляклымі, але пры жаданні выцінанку можна зняць і падфарбаваць. Даўней штогод перад Вялікаднем выразалі новыя ўпрыгажэнні, а старыя ніхто не захоўваў. Але мне шкада сваёй працы, таму сваім набожнікам карыстаюся ўжо не адзін год.

Нарыхтоўкі для набожнікаў-выцінанак. У бабулі іх цэлы пакунак

— Як шмат часу патрэбна, каб звычайная папера ператварылася ў арыгінальны абярэг?

— Раней, калі была маладзейшая, спраўлялася за суткі. Праўда, спала ўсяго некалькі гадзін, так хацелася зрабіць хутчэй, парадаваць людзей. А як цяпер, дык амаль цэлы тыдзень рабіла набожнік у садок, прычым працавала, не падымаючы галавы, практычна цэлымі днямі.

«Проста сядзець і глядзець тэлевізар — гэта не пра мяне...»

Леаніла Якаўлеўна — майстрыха на ўсе рукі. Яна займаецца не толькі выцінанкай, але і вышывае, вяжа... Навучылася гэтаму таксама ў дзяцінстве.

— Раней ніхто ні на якія курсы не хадзіў. У вёсцы жанчыны збіраліся разам у нейкай адной хаце, вышывалі, вязалі. А мы, дзеці, былі побач, і назіралі за тым, што робяць дарослыя. І, безумоўна, самі спрабавалі. ...На днях вось пачала вязаць кофтачку. Пакуль не ведаю каму. Проста ніткі добрыя былі, мякенькія, мне стала шкада, падумала, як памру, дык іх выкінуць, а звяжу кофту, дык нехта будзе насіць. Знайшла таксама ў шафе шмат кавалачкаў рознай тканіны, думаю, не прападаць жа ім, і пачала вязаць з іх стракатыя круглыя дыванкі на падлогу. Нядаўна паспрабавала вышываць бісерам. Вунь які пышны букет у вазе атрымаўся. Бачыце, як прыгожа пераліваецца на сонцы, вачэй не адвесці. Мне заўсёды было цікава паспрабаваць зрабіць штосьці новае. Бісер дробны, старому чалавеку вельмі цяжка з ім управіцца, але ж як задумала дык сядзела крукам, пакуль не завяршыла. Я ўжо даўно на пенсіі, часу вольнага шмат. Проста сядзець і глядзець тэлевізар — гэта не пра мяне. Таму пастаянна прыдумляю сабе нейкі цікавы занятак.

Калі мы завіталі ў госці да Леанілы Якаўлеўны, гаспадыня не сядзела без справы. Шыла на швейнай машынцы светлую блузку сяброўцы-аднавяскоўцы.

— Таіса — гэтакая добрая жанчына. Калі ідзе ў краму, дык абавязкова мне патэлефануе, запытаецца: «Мо што трэба?» Яна ж маладзейшая за мяне, а мне апошнім часам ногі баляць, цяжка далёка хадзіць. Вось у мяне была добрая тканіна, дык я ёй у падарунак вырашыла штосьці пашыць. Папыталася, што лепш, дык яна замовіла блузку.

— У Наваселлі цётку Лёню ўсе ведаюць як выдатную краўчыху, — кажа гаспадыня музея Навасельскага дзіцячага садка Ларыса Крыловіч, якая паказала мне, дзе жыве Леаніла Якаўлеўна. — Яна ўсё жыццё абшывала ўсю нашу вёску. Гэта цяпер усё ў краме можна купіць. А раней дэфіцыт быў, таму людзі сабе адзенне пераважна шылі. Цётка Лёня, памятаеце, як вы мне такую прыгожую сукенку справілі — белую, з чорным паяском — я яе надзявала на 1 верасня, калі толькі прыйшла ў школу працаваць?

— А як жа не памятаць, у мяне нават твой фотаздымак у ёй ёсць (прыносіць стары альбом). Я любіла шыць, старалася, эксперыментавала, асвойвала нейкія новыя складаныя фасоны. Бывала, прынясуць дзяўчаты тканіну і просяць справіць ім сукенку на выпускны ці на канцэрт. А якую дакладна — не ведаюць. Маўляў, пашыйце на свой густ. «А як не спадабаецца?» — смяюся. Давяралі мне, казалі, маўляў, як вы будзеце шыць, дык спадабаецца.

Калі мы прыйшлі, Леаніла Якаўлеўна не сядзела без справы — шыла блузку для сваёй сяброўкі

У нас у родзе было шмат людзей з залатымі рукамі. Мой дзядуля шыў боты, яго сын Мацей — татаў брат — быў прафесійным краўцом. Я ж вучылася швейнаму рамяству ў вясковай майстрыхі цёткі Шуры. Цэлы год штодня хадзіла да яе разам з іншымі дзяўчатамі. Разлічвалася мама за тую вучобу з аднавяскоўкай кабаном. Памятаю, па восені павезлі яго на рынак, прадалі і амаль усе выручаныя за яго грошы я ў вузельчыку аднесла цётцы Шуры. ...Дзяцінства ў мяне было складанае. Праз год, пасля таго як нарадзілася, пачалася вайна. Тата сышоў на фронт, трапіў у палон да немцаў. Маме давялося адной ставіць на ногі траіх дзяцей. Бацька вярнуўся з палону толькі праз сем гадоў і пражыў зусім нядоўга. Там моцна падарваў сваё здароўе. Па вяртанні хадзіў з палачкай, адчуваў, што хутка памрэ. Перад смерцю паказаў маме, дзе ставіць дом, і наказаў: «Насця, ты, як я памру, не надзявай мне найлепшы касцюм, надзень прасцейшы. Усю ж маю адзежу і срэбны гадзіннік (да вайны ён быў таленавітым цесляром, рабіў людзям хаты, дык у яго было шмат добрых рэчаў) аддай людзям, дык яны табе за гэта дапамогуць паставіць хату». Як ён сказаў, так мама і зрабіла.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.