Вы тут

Выбіраем насенную бульбу


Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне. Зрэшты, многія дасведчаныя агароднікі гэтую важную куплю да цяперашняга часу ўжо здзейснілі, а самыя прадуманыя — нават пасадзілі раннюю бульбу пад плёнку або спанбонд, каб атрымаць першы ўраджай ужо ў чэрвені.


Ну, а калі вы пакуль разважаеце над сартамі і месцам набыцця пасяўной бульбы, менавіта для вас мы адправіліся ў Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве, каб даведацца пра найноўшыя напрацоўкі селекцыянераў, якія можа паспрабаваць дачнік. А таксама аб тым, як выбраць і пасадзіць наш «нацыянальны караняплод», каб увосень ураджай сапраўды ўразіў.
Калі прыйдзе час?

Агратэхнічныя тэрміны пасадкі бульбы наступаюць, калі зямля праграваецца мінімум да 8, а лепш да 10 градусаў на ўзроўні заладкі клубняў, то-бок, на глыбіні 6-8 см. Ёсць народная прыкмета: пара саджаць бульбу, калі распускаюцца пупышкі на бярозе. Але сёння, калі клімат змяняецца, а надвор'е здзіўляе нечаканымі капрызамі, на народныя прыметы спадзявацца, мабыць, не варта. Калі ўсё рабіць строга па навуцы, то ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі для пасадкі бульбы аптымальнай лічыцца другая дэкада красавіка, у цэнтральных раёнах краіны — канец красавіка — пачатак мая, на поўначы — першая і другая дэкады мая. Такім чынам, цяпер — час пакласці раннюю бульбу на прарошчванне.

— Раннія сарты бульбы павінны на 45-я суткі пасля з'яўлення ўсходаў стабільна назапашваць таварны ўраджай 20—25 тон з гектара, — адзначае доктар сельскагаспадарчых навук, галоўны навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Георгій Піскун. — Узыходзіць бульба ад 15 да 25 дзён у залежнасці ад сорту і пагодных умоў, а капаць яе можна пачынаць на 35—40-ы дзень ад з'яўлення ўсходаў. А каб атрымаць ураджай крыху раней, лепш прыкладна за месяц да пасадкі (гэта значыць, якраз цяпер) пакласці пасадачны матэрыял на прарошчванне, — раіць навуковец.

Робіцца гэта на рассеяным святле (важна, каб не было прамых сонечных прамянёў, інакш клубні стануць друзлымі, а парасткі — выцягнутымі). Тэмпература ў памяшканні, дзе раскладзена на прарошчванне пасяўная бульба, павінна быць каля 15 градусаў. Высокія тэмпературы таксама будуць садзейнічаць выцягванню парасткаў. Да моманту пасадкі парастак павінен быць каля сантыметра даўжынёй, не больш і не менш. Калі парастак большы — гэта ўжо старэнне клубняў. Але калі пачаць прарошчваць бульбу цяпер, прыкладна да 10 мая парастак дасягне памеру 1 см і не перарасце.

Пасадка бульбы прарошчанымі клубнямі паскарае атрыманне ўраджаю на 10—12 дзён. А ў цэлым, чым раней пасадзіш бульбу, тым раней атрымаеш ураджай, гэта відавочна. Так што шматлікія агароднікі пачынаюць «пасяўную», калі тэмпература на патрэбнай глыбіні — закладкі клубняў — дасягае ўсяго 2-3 градусы. Каб паскорыць працэс, накрываюць пасадкі плёнкай, а лепш — спанбондам, які прапускае вільгаць.

— Пад плёнку раннюю бульбу можна пасадзіць у пачатку красавіка. Напрыклад, мой знаёмы фермер у Капыльскім раёне пасадзіў пад спанбонд бульбу ўжо 27—28 сакавіка: яго ўраджай з'явіцца ў продажы ў тыя ж тэрміны, што і егіпецкая бульба, і, зразумела, будзе вельмі запатрабаваны, — кажа суразмоўца. — Спанбонд лічыцца больш надзейным, чым плёнка, ён прапускае вільгаць. Хоць у прынцыпе да цвіцення бульбе вільгаць не патрэбна: расліна сілкуецца за кошт клубня. А вось на этапе бутанізацыі, цвіцення і завязвання клубняў расліне неабходна ствараць аптымальныя ўмовы, у прыватнасці, пажаданы паліў.

У залежнасці ад вашых мэт

Перад набыццём насеннага матэрыялу, зразумела, трэба вызначыцца з сартавымі групамі, якія вы хочаце бачыць у сябе ў агародзе.

— Раней для гаспадарак рэкамендавалася такая структура: 30 % ранніх сартоў (яны падыходзяць для спажывання ў фармаце «з градкі на стол», але ў працэсе працяглага захоўвання губляюць смакавыя і спажывецкія ўласцівасці), 30 % сярэдняспелых (добрыя і для выкарыстання ў свежым выглядзе, і для захоўвання) і каля 40 % сярэдняпозніх (для працяглага захоўвання, на зіму). Мне здаецца, гэта аптымальныя суадносіны і для агародніка-аматара, — лічыць Георгій Піскун.

Ранняя бульба, пасаджаная, дапусцім, у пачатку мая, дасць ураджай у пачатку ліпеня. Сярэднеранняя група — на два тыдні пазней, сярэдняспелыя сарты — яшчэ праз два тыдні, і сярэдняпознюю бульбу капаюць у верасні, яе і закладваюць на захоўванне на зіму.

— З ранніх сартоў, на мой погляд, самы перспектыўны з айчынных — «Першацвет». З сярэдняспелых, якія ўнесены ў Дзяржаўны рэестр з 2021 да 2023 года, я б асабліва вылучыў сорт «Гарантыя»: чырванаклубневы, з жоўтай мякаццю. А таксама сорт «Водар». І ў 2023 годзе ў Дзяржрэестр уключаны сорт «Баярскі». Такім чынам, прыватніку для свайго агарода можна выбраць ранні — «Першацвет», а на захоўванне — «Баярскі», «Гарантыя» і «Водар»: яны сярэднеразварыстыя і добрых смакавых якасцяў, якія не губляюць увесь перыяд захоўвання, — заўважае эксперт. — Некаторыя любяць бульбу з больш шчыльнай мякаццю для супоў і салатаў — тады можна, напрыклад, дадаць «класіку» — салатны сорт «Скарб», ён адрозніваецца нізкім утрыманнем крухмалу. Гэтыя пяць сартоў, на маю думку, задаволяць усе запытыі.

Смак і колер

Каляровая бульба — з фіялетавай, чырвонай, інтэнсіўна-ружовай або ярка-сіняй мякаццю — адзін з модных напрамкаў селекцыі ў еўрапейскіх краінах. Акрамя незвычайнага знешняга выгляду, такія сарты, скажам так, «інавацыйныя» па складзе: змяняюць звыклы погляд на бульбу, ператвараючы яе ў каштоўны кампанент дыетычнага і здаровага харчавання. Іх асноўная ўласцівасць — высокае ўтрыманне антыаксідантаў, якія, як вядома, перашкаджаюць развіццю акісляльных працэсаў у арганізме, дзякуючы чаму аздараўляюць сардэчна-сасудзістую сістэму, з'яўляюцца прафілактыкай утварэння ракавых клетак, падтрымліваюць імунітэт і — прыемны бонус — запавольваюць працэсы старэння. Даказана, што ўжыванне ў ежу каляровай бульбы ўмацоўвае сценкі крывяносных сасудаў і значна паляпшае зрок. Да таго ж каляровыя сорты бульбы адрозніваюцца высокім утрыманнем інсуліну — значыць, пажаданыя ў рацыёне людзей, якія пакутуюць на цукровы дыябет.

Чым больш інтэнсіўная афарбоўка мякаці клубняў, тым больш антыаксідантаў і інсуліну змяшчае бульба. Новы, уключаны ў Дзяржаўны рэестр у 2023 годзе беларускі сорт «Сапфір» з яркай, цёмна-фіялетавай мякаццю, змяшчае антыаксіданты ў такой жа колькасці, што і капуста брокалі, якая, як вядома, з'яўляецца чэмпіёнам сярод агародніны па колькасці гэтых рэчываў.

Яшчэ адзін «фіялетавы» сорт — «Лекар» — сёння знаходзіцца на сортавыпрабаванні, расказаў суразмоўнік.

— «Лекар» створаны на хвалі цікавасці да першага айчыннага каляровага сорту «Сапфіру». Гэта сярэдняспелы сорт, устойлівы да бульбяной нематоды, — тлумачыць навуковец. — «Сапфір» жа — сорт сярэдняпозні. Заўважу, дарэчы, што фіялетавы сорт «Лекар» прыдатны для вытворчасці чыпсаў — у гэтым кірунку мы працуем з ГК «Анега». Што датычыцца сорту з чырвонай мякаццю, анансаваць яго пакуль рана: ён знаходзіцца на заключным сортавыпрабаванні.

Пасадачны матэрыял фіялетавай бульбы айчыннага сорту «Сапфір» ужо сёння можна набыць, у прыватнасці, у НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. Георгій Іванавіч адзначае, што часам агароднікі яшчэ ставяцца да навінкі з асцярожнасцю, хоць многія, наадварот, прыязджаюць менавіта па каляровы сорт. Прычым не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і з суседняй Расіі.
— Літаральна днямі прыязджаў да нас фермер з-пад Санкт-Пецярбурга, менавіта па «Сапфір», — распавёў суразмоўца. — У гэтым годзе ён робіць стаўку на каляровыя сарты бульбы расійскай селекцыі і вырашыў таксама паспрабаваць беларускі сорт.

Як сорт становіцца любімым?

А ў цэлым сучасныя падыходы да селекцыі бульбы прадугледжваюць мэтавае прызначэнне сартоў. Гэта датычыцца і «сталовых»: тут створаны спецыяльныя сарты менавіта для супу і салатаў (так званыя салатныя — напрыклад, «Скарб», «Брыз», «Першацвет)», а таксама для пюрэ («Журавінка», «Рагнеда», «Вектар» і г. д.). Датычыцца «мэтавы падыход» таксама і сартоў для перапрацоўкі. Асобная група сартоў распрацоўваецца навукоўцамі для сучасных крухмальных вытворчасцяў, асобная — для вытворчасці бульбапрадуктаў (чыпсаў, фры і г. д.). Гэты апошні напрамак цяпер сярод прыярытэтных, адзначыў Георгій Піскун:

— Сёння асабліва востра стаіць праблема стварэння сартоў для вытворчасці чыпсаў і бульбы фры, — падзяліўся вучоны. — Напрыклад, на Талачынскім кансервавым заводзе працуе лінія па вытворчасці бульбы фры. Раней яна перапрацоўвала галандскі сорт «Інаватар» — гэта была ўмова іх кантракта з еўрапейскімі партнёрамі, якія стварылі гэтую вытворчасць на Талачынскім прадпрыемстве. Але, па-першае, аказалася, што пры вырошчванні ў беларускім клімаце сорт губляе частку сваіх якасцяў, а па-другое, у сувязі з санкцыямі ўзнікла неабходнасць замяніць яго якасным і смачным айчынным сортам.

Над гэтым цяпер і працуюць беларускія селекцыянеры, падкрэсліў суразмоўца.

— Сарты, прыдатныя для перапрацоўкі на бульбапрадукты, патрабуюць захавання дакладных умоў, — растлумачыў ён. — Для іх характэрна нізкае ўтрыманне рэдуцыравальных цукроў: калі гэтых рэчываў будзе шмат, канчатковы прадукт атрымаецца карычневага, а не далікатна-жоўтага колеру. Важна і ўтрыманне сухога рэчыва ў клубні — на ўзроўні 22—24 %.

Акрамя таго, клубні такой бульбы павінны быць выраўнаванымі (аднолькавымі), вызначанай формы: на чыпсы сярэдні памер — 40—60 мм, для бульбы фры патрэбны прадаўгаватыя клубні 9 см даўжынёй.

— Такія сарты ў Беларусі ўжо былі створаны, — кажа навуковец. — Напрыклад, «Журавінка», а таксама новы сорт «Лекар» падыходзяць для вытворчасці чыпсаў, «Зарніца» і «Каларыт» ідэальныя для бульбы фры. Гэтыя два апошнія сарты створаны дастаткова даўно і на той момант аказаліся незапатрабаванымі. Сёння мы адраджаем іх і працуем над новымі сартамі: хочам стварыць ідэальную сыравіну для вытворчасці бульбапрадуктаў.

Плануецца, што новы сорт, распрацаваны спецыяльна для вытворчасці бульбы фры, будзе перададзены ў Дзяржаўную камісію па сортавыпрабаваннях ужо ў 2025 годзе. А да канца гэтага года навукоўцы завершаць работу над стварэннем сорту менавіта для сталовых мэт (у тым ліку для вырошчвання ва ўласным агародзе) — ён будзе сярэдняспелым, з высокім утрыманнем бялку і вітаміну С.

Зрэшты, не варта забываць, што сортавыпрабаванні да моманту ўключэння сорту ў рэестр патрабуюць часу: поўны цыкл — 12 гадоў.

Акрамя выпрабававанняў у навукова-практычным цэнтры, прадугледжана «тэсціраванне» на ўсіх вопытных станцыях занальных навуковых устаноў у кожнай вобласці краіны, а таксама ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Затым найлепшыя ўзоры перадаюцца на дзяржаўнае выпрабаванне. І толькі тыя з іх, якія пераўзышлі кантрольныя сарты, уключаюцца ў Дзяржаўны рэестр.

А якія навінкі пацешаць агароднікаў ужо хуткім часам?

— Трэці год праходзяць выпрабаванні раннія сарты бульбы «Умка» і «Красавік», — расказвае Георгій Піскун. — Другі год выпрабоўваюцца сярэдняспелыя сарты «Венера» і «Вілія». І сёлета перададзены на сортавыпрабаванні два сярэдняраннія сарты, «Несцерка» і «Фенікс».

Новыя сарты любой культуры ў сучасным свеце патрабуюцца ўвесь час, адзначае суразмоўца. Асабліва гэта датычыцца вегетатыўна размножвальных культур, такіх як бульба — з цягам часу нават самы лепшы сорт выраджаецца і губляе першапачатковыя прадукцыйныя якасці, нягледзячы на тое, што ў любой краіне свету спецыяльныя навуковыя структуры займаюцца падтрыманнем ужо існуючых сартоў. Акрамя таго, з'яўляюцца новыя хваробы культурных раслін, а прамысловасць, гандаль, лагістыка пастаянна дыктуюць новыя патрабаванні да тых ці іншых уласцівасцяў агародніны, садавіны, караняплодаў.

— Бываюць і «старажылы», яны і становяцца любімымі ў народзе, — адзначае вучоны. — Да такіх адносіцца, напрыклад, беларускі сорт бульбы «Скарб» (ён быў унесены ў Дзяржрэестр у 2005 годзе і сёння па-ранейшаму адзін з самых папулярных у дачнікаў), а таксама «Брыз». Гэтыя сарты я таксама параіў бы прыватнікам напярэдадні «бульбяной пасяўной», але парады тут залішнія: «Скарб» і «Брыз» у нашай краіне кождую вясну садзяць на шматлікіх агародах.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.