Вы тут

У пошуках ідэальнай кошкі


Калі мне задаюць пытанне — якая парода самая лепшая і якую пароду лепш выбраць, я пытаюся, якога ідэальнага хатняга гадаванца шукаеце канкрэтна вы. Камусьці патрэбна кошка-невідзімка, якая будзе амаль непрыкметная дома, а камусьці патрэбна кошка як патака, ад якой будзе практычна немагчыма пазбавіцца.


Кожнай пародзе ўласцівыя свае рысы характару і тэмперамент, якія доўга і карпатліва замацоўваліся з пакалення ў пакаленне. Вядома, не толькі парода мае значэнне, але і правільна пройдзеная сацыялізацыя кацяняці, адказны заводчык, лініі, якія выкарыстоўваюцца ў развядзенні, адсутнасць у радаводзе «бабуль» і «дзядуляў» з агрэсіўнай мадэллю паводзін або, наадварот, вельмі палахлівых, а таксама нельга скідаць з рахункаў і індывідуальныя асаблівасці кацяняці.

Большасцю феліналагічных арганізацый прызнана звыш сямідзесяці парод кошак. Мы спынімся толькі на пяці, даступных і папулярных у нас.

Абісінскія кошкі

Нягледзячы на тое што гадавальнікаў, якія займаюцца развядзеннем абісінскіх кошак, у Беларусі няшмат, на маю думку, пальму першынства трэба аддаць ім. Гэта маленькая «пума» разбіла не адно сэрца.

Абісінскія кошкі бяруць ад жыцця ўсё. Калі б яны былі людзьмі, я б апісала іх як невычэрпных аптымістаў і экстравертаў: яны настолькі дадатна зараджаныя і жыццярадасныя, што насычаюць часцінкамі жывой энергіі ўсё вакол.

Гэтыя кошкі вельмі кантактныя і выдатна адчуваюць настрой уладальніка, дапытлівыя, цікаўныя і непасрэдныя. Яны дапамагаюць ва ўсіх хатніх справах, выдатна ладзяць з членамі сям’і, у тым ліку з дзецьмі і іншымі гадаванцамі. Абісінскія традыцыйна фігуруюць у топе самых інтэлектуальных кошак, бо іх можна лёгка навучыць. Магчыма, менавіта таму іх часта выбіраюць гаспадары, якія любяць сабак.

Прадстаўнікі абісінскай пароды вельмі ласкавыя — часта будуць падыходзіць, мурлыкаючы, а хтосьці нават «паселіцца» на нейкі час у вас на плячах. І пры гэтым вы ніколі не пачуеце лішняе «мяў».

Гэтыя кошкі не патрабуюць асаблівага догляду. Іх кароткая шэрсць з невялікай колькасцю падшэрстку робіць лінькі не такімі прыкметнымі для ўладальнікаў.

Аднак памятайце, што абісінскія кошкі — адны з самых актыўных і маюць патрэбу ў зносінах з чалавекам.

Мейн-кун

Самыя вялікія і вельмі добрыя — першае, што прыходзіць у галаву, калі думаеш аб кошках пароды мейн-кун. Парода даўно ўваходзіць у лік самых папулярных на постсавецкай прасторы.

Прадстаўнікі пароды мейн-кун насамрэч самыя буйныя сярод усіх хатніх кошак, а асобныя экзэмпляры дасягаюць 10–12 кг. Сярэдняя вага катоў — 5-8 кг, кошкі крыху драбнейшыя — 4–6 кг. Акрамя таго, вызначаюцца яны і даўжынёй цела. Так, у Кнізе рэкордаў Гінеса ў намінацыі «Самая доўгая кошка» часта рэгіструюцца менавіта мейн-куны. І сёння рэкорд па даўжыні цела належыць мейн-куну і складае каля 122 см.

Гэтыя веліканы ўраўнаважаныя, спакойныя і рахманыя. Нягледзячы на грозны выгляд, кошкі вельмі добрыя, разумныя і лёгка кіраваныя, пазбаўленыя агрэсіі. Не патрабуюць да сябе ўвагі, могуць добра інтэгравацца ў любую сям’ю. Таму часам іх называюць залатымі рэтрыверамі ў свеце кошак.

Неабходна памятаць, што мейн-куны адносяцца да напаўдаўгашэрсных кошак, а значыць, будучаму ўладальніку прыйдзецца перыядычна іх расчэсваць. Шэрсць падвяргаецца сезоннай змене, неабходна быць гатовымі да лінькі і дбайнага прыбірання ў хаце ў такі перыяд. Палохацца гэтага не варта, бо шэрсць валодае адмысловай тэкстурай і воданепрымальным эфектам.

Брытанскія караткашэрсныя

Мне здаецца, нішто не можа паўплываць на папулярнасць гэтых плюшавых мішак у нас у краіне. Разгадка, магчыма, у тым, што для многіх менавіта так і ўяўляецца ідэальны хатні гадаванец — вялікі, мяккі, спакойны. Многіх прыхільнікаў гэтых кошак прыцягвае казачная круглая мыска з пухленькімі шчочкамі.

Брытанскія кошкі арыстакратычныя і інтэлігентныя, яны тактоўныя і далікатныя.

«Хто зразумеў жыццё, той больш не спяшаецца» — калі б брытанскія кошкі маглі размаўляць, не здзівілася б, што яны распавялі б нам менавіта гэтую простую ісціну.

Гэта кошкі-флегматыкі, якія мірна сузіраюць тое, што адбываецца, яны спакойныя і ўраўнаважаныя, іх не трэба ўвесь час «забаўляць». Для кагосьці гэта сапраўдны скарб, бо далёка не ўсе хочуць бачыць дома «маторчык з невычэрпнай энергіяй». Многія патэнцыяльныя ўладальнікі шукаюць у хатніх гадаванцах менавіта такія якасці. Акрамя таго, у сучасных рэаліях высокай загружанасці і недахопу часу такі характар таксама з’яўляецца вялікай перавагай.

Многія асцерагаюцца, што брытанскія кошкі нелюдзімыя і неласкавыя, аднак гэта не так. У той жа час мае сэнс грунтоўна падысці да выбару заводчыка, у якога вы хочаце набыць брытанскае кацяня. Абавязкова дамоўцеся аб асабістым візіце ў гадавальнік і паглядзіце ў нязмушанай абстаноўцы на паводзіны бацькоў кацяняці — яны не павінны баяцца кожнага шоргату і паводзіць сябе агрэсіўна.

Нягледзячы на кароткую шэрсць, у брытанцаў вельмі добра развіты падшэрстак (менавіта таму яны здаюцца плюшавымі). Перыяд лінькі ў гэтых кошак праходзіць заўважна.

Бенгальскія кошкі

Не так даўно пра бенгальскіх кошак мала хто ведаў — яны імкліва ўварваліся ў свет феліналогіі і практычна адразу ж сталі ўсеагульнымі ўлюбёнцамі дзякуючы свайму дзікаму шарму, афарбоўцы, які не ўласцівы больш ніводнай пародзе, і кампанейскаму характару. Заводчыкі хацелі атрымаць хатніх котак, якія вонкава нагадваюць дзікіх, пры гэтым ручных і са спакойным ураўнаважаным характарам. І гэта ў іх атрымалася.

Адметнасць бенгальскіх кошак — «леапардавая» афарбоўка і ўласцівы менавіта гэтай пародзе бляск шэрсці, або глітар, якімі з імі падзяліліся іх продкі — дзікія азіяцкія леапардавыя кошкі. Прадстаўнікі гэтай пароды маюць дастаткова буйны памер, магутнае цела, добра развітую мускулатуру.

«Дзікая» знешнасць выдатна ўжываецца з міралюбным і прыязным характарам. Гэтыя кошкі камунікабельныя, разумныя і цікаўныя, яны любяць удзельнічаць у розных інтэлектуальных гульнях.

Будучым уладальнікам абавязкова трэба ўлічваць, што бенгальскія кошкі могуць быць «гаманкімі» і таварыскімі. Таксама яны вельмі актыўныя і ў гэтым падобныя з абісінскімі кошкамі, што нядзіўна, бо ў развядзенні бенгалаў у свой час выкарыстоўваліся розныя пароды, у тым ліку і абісінская.

Скоціш-фолд

Кошкі скоціш-фолд, або шатландскія аблавухія, таксама вельмі папулярныя. Так, пэўна, яны самыя мілыя і чароўныя, з незвычайнымі ўнікальнымі вушкамі-складачкамі і бэбі-фэйсам. Парода ўзнікла ў выніку самаадвольнай мутацыі. Ген аблавухасці дамінантны. Аднак ён праяўляецца ў рознай ступені нават у кацянят аднаго прыплоду.

Многія ўсё яшчэ называюць іх «брытанскія аблавухія», хоць такой пароды няма і ніколі не існавала. Раней былі дазволеныя вязкі паміж брытанскімі караткашэрснымі кошкамі і кошкамі пароды скоціш-фолд, частка кацянят ад якіх нараджаліся прамавухімі (страйты). І хутчэй за ўсё, звычайныя аматары кошак проста не бачылі асаблівай розніцы паміж ужо добра вядомымі брытанскімі кошкамі і страйтамі.

Шатландскія кошкі спакойныя і псіхічна ўраўнаважаныя з добрым прыязным тэмпераментам. Ціхія, шчадралюбныя і паслухмяныя. Для многіх сем’яў кошкі гэтай пароды — сапраўдная знаходка! Яны вельмі кемлівыя. Прадстаўнікі дадзенай пароды не схільныя да істэрыі, практычна не праяўляюць агрэсіі, іх вельмі складана раззлаваць. Гэтыя кошкі ненавязлівыя і ўсяму ведаюць меру. У той жа час не вельмі любяць доўга знаходзіцца ў адзіноце.

Тэкстура шэрсці ў скоціш-фолдаў нагадвае брытанскіх караткашэрсных, таму лінька ў іх дастаткова прыметная. Акрамя таго, прыйдзецца раз на месяц чысціць павіслыя вушы.

Ірына МІХАЛОЧКІНА, фелінолаг

Друкуецца ў «Роднай прыродзе».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.