Вы тут

Чым сучасныя гадаванцы адрозніваюцца ад дзікіх катоў?


Чамусьці кошкі ў нашай падсвядомасці адразу асацыююцца з Егіптам. Але я спяшаюся паспрачацца, таму што гісторыя беларускіх катафеяў не менш выключная і цікавая. Беларускі фальклор насычаны рознымі лічылкамі, прыказкамі і дражнілкамі, дзе згадваюцца каты: «Ходзіць кот па сенажаці, кліча сон ён да дзіцяці», «Люлі, люлі: пайшоў кот на гулі», «Хадзіў кот па капусце, насіў сончык у белай хустцы»... А ці задумваліся вы калі-небудзь, колькі гадоў самаму першаму продку сучаснага ката? Калі першая лапка коціка-варкоціка ступіла на беларускую зямлю і колькі вусатых-паласатых развялося ў свеце?


Су­пра­цоў­ні­ца «Му­зея ка­та» з «гас­па­да­ра­мі». Фо­та Ка­ця­ры­ны Сяр­гей.

Адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт «Звязды» знайшла ў мінскім «Музеі ката», дзе стартавала новая выстаўка «След ката ў гісторыі». Там можна ўбачыць унікальныя артэфакты канца ХVІ ст., знойдзеныя падчас археалагічных раскопак каля вёскі Беразавец Карэліцкага раёна. У прыватнасці, фрагменты дзвюх цаглін з адбіткамі лап ката на адной і кошкі з кацянём на другой. Насамрэч адбіткі на будаўнічых матэрыялах — з'ява не рэдкая. Гэтыя сляды — вынік сушкі цэглы на адкрытым паветры. Дапытлівыя муркі ў пошуках прыгод залазілі на цэглу і аўтаматычна пакідалі свае «аўтографы». Ініцыятарам выстаўкі выступіў удзельнік археалагічнай экспедыцыі на гарадзішчы Беразавец старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Леанід Калядзінскі. Ён падрыхтаваў неабходныя матэрыялы, прапанаваў фотаздымкі і настаяў на часовай перадачы экспанатаў з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.

Вы­ява жан­чы­ны-кош­кі на раб­ры жы­вё­лы XІІ—XІІІ стст., га­ра­дзі­шча Мас­ка­ві­чы. Фо­та з ар­хі­ва Ле­а­ні­да Ка­ля­дзін­ска­га.

Выстаўка натхняе наведвальнікаў падключыць крыху фантазіі і ўявіць, якімі былі каты шмат гадоў таму. «Дзякуючы ўнікальнай выяве апошняга дзікага ката на Беларусі (1928 год) мы з лёгкасцю можам заўважыць іх падабенства з сучаснымі кошкамі, — тлумачыць куратарка праекта «Музей ката» Ала Нароўская. — Але немагчыма не заўважыць крыху большыя памеры ў дзікіх катоў. Калі добра прыгледзецца, у дзікага вельмі масіўныя лапы, больш густая поўсць і насцярожаны позірк. Жывёлам трэба было выжываць у лесе, таму яны выглядалі больш агрэсіўна, чым сучасныя каты. Напэўна, у іх больш выразна праяўляліся інстынкты».

Лічыцца, што сучасная свойская кошка з'яўляецца нашчадкам лясной дзікаркі. На пачатку развіцця земляробства, калі захоўваліся лішкі ежы, узнікла патрэба ў прыручэнні драпежнікаў. Паўстала пытанне — хто абароніць прадукты харчавання ад грызуноў? Звесткі пра свойскіх катоў сягаюць ажно ў глыб 3 тысячагоддзя да нашай эры. Тады ў Егіпце прыручаныя катафеі лічыліся святымі жывёламі, а пасля смерці іх бальзамавалі і хавалі на каціных могілках.

А вось еўрапейскі свойскі кот з'явіўся значна пазней — дзве тысячы гадоў таму.

На Беларусі самы першы выпадак прыручэння дзікай кошкі адносіцца да ІV ст. да н. э. — ІV ст. н. э. Астанкі беларускіх праваркотаў знойдзены на гарадзішчах Лабеншчына і Гарадзец.

У XІ—XІІІ стст. гарады прадстаўлялі сабой скарбніцу для мышэй і пацукоў: паселішчы былі перанасычаны кухоннымі адходамі. Суседства гарадскіх жыхароў з грызунамі не абяцала нічога добрага, таму на дапамогу клікалі свойскіх кошак. Гісторыя беларускай «катаграфіі» засведчыла рэшткі катафеяў у Брэсце, Тураве, Ваўкавыску, Мінску, Крычаве, Полацку, Лукомлі, Віцебску. Каб ім было лягчэй паляваць на шкоднікаў, гаспадары рабілі невялікія акенцы ў ніжніх вянках зрубаў, пад падлогай.

Першая выява кошкі на Беларусі знойдзена на гарадзішчы Маскавічы ў XІІ—XІІІ стст. Гэта не проста жывёлка. Гэта жанчына ў выглядзе кошкі або наадварот.

Нічога дзіўнага ў выяве няма: раней вядзьмаркам і ведзьмакам прыпісвалі сувязь з кошкамі. Падчас рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў 2007 годзе даследчыкі заўважылі графічныя выявы канца ХVІ — пачатку ХVІІ ст. на тынкоўцы, зробленыя вострым прадметам. Графіці змяшчае аж тры малюнкі катоў. Адзін з іх паказаны ў руху: вусаты падняў лапу і быццам насцярожыўся. Другі стаіць на месцы. Трэці паўнавартасна адпачывае, раскінуўшы лапы ў розныя бакі. Сёння ў свеце налічваецца каля 2 мільёнаў карцін з выявамі пухнатых і пярэстых улюбёнцаў.

Не засталіся ўбаку пры адлюстраванні варкоцікаў і скульптары. Помнікі катам зроблены ў Германіі, Швецыі, Францыі, Іспаніі, Расіі, ва Украіне... Скульптура фатографа з катафеем у Баранавічах сустракае падарожнікаў каля ўвахода ў фотастудыю. Скульптурная кампазіцыя «Стары горад» у Брэсце прысвечана бяздомным жывёлам. Мінск адметны кампазіцыяй «Кот Леапольд і мышы» па вуліцы Клумава. Персанажы з любімага мультфільма запаланілі амаль увесь двор медцэнтра.

Фраг­мент кам­па­зі­цыі  «Фа­то­граф і кот» у Ба­ра­на­ві­чах. Фо­та з ар­хі­ва Ле­а­ні­да Ка­ля­дзін­ска­га.

Нашы продкі надзялялі жывёлу магічнымі здольнасцямі, таму ў беларускай міфалогіі кошкі звязаны з нячыстай сілай. Лічылася, што падчас уцёкаў ад Перуна чорт мог набыць аблічча чорнай муркі. Адсюль і ўзнікла павер'е выганяць катоў на двор падчас навальніцы, каб бог грому і маланак не зачапіў дом і не спаліў яго. У сваю чаргу, бог дабрабыту, урадлівасці і здароўя Дамавік ніколі не зазірне ў хату, на парозе якой ляжыць кот. Мала добрага прадказвае сустрэча з ім у сне: убачыш кошку — з кім-небудзь паб'ешся, ката — чакай падману.

Не абышліся беларусы без надання кошкам пазітыўных якасцяў. Лічыцца, што мурканне ката забяспечвае чалавеку глыбокі і спакойны сон. Існаваў такі звычай: каб дзіця не плакала, перад тым, як укладваць яго, трэба было пакласці ў калыску коціка. А яшчэ лічыцца, што вада, якая збіраецца на камянях з адбіткамі ў выглядзе каціных лапак, валодае гаючымі якасцямі. На Беларусі некалькі такіх камянёў: недалёка ад дарогі Волашава — Сорагі ў Слуцкім раёне і каля вёскі Кеўлы Смаргонскага раёна. Нашы продкі верылі, што дух ката служыць абярэгам для пасяленцаў і ахоўнікам матэрыяльнага багацця. Не выпадкова на пачатку 50—60-х гг. мінулага стагоддзя людзей ахапіла «модная» хваля: яны скуплялі гліняныя скарбонкі ў выглядзе кошкі. У 2011 годзе, у год Ката, Нацыянальны банк Украіны выпусціў памятную манету з адпаведнай выявай. Хто ведае, можа, і беларусы ўжо летам убачаць манету дробнай вартасці з вусатай мыскай.

Беларускі «Музей ката» не збіраецца стаяць на месцы. «У будучыні плануем размясціць у музеі карту, на якой адзначаны месцы ў Беларусі, дзе знойдзены астанкі ката, — дзеліцца Ала Мікалаеўна. — Таксама хочам паказаць наведвальнікам тэматычную нумізматычную калекцыю, выдаць кнігу з цікавымі гісторыямі пра катоў, якія даходзяць да нас з розных куткоў Беларусі. Плануем усталяваць планшэт, з дапамогай якога можна будзе ўбачыць яшчэ больш цікавых ілюстрацый».

Сёння ў свеце налічваецца ад 400 да 600 мільёнаў свойскіх кошак. І гэта толькі прыблізная лічба! А сярод іх — безліч розных масцяў. Прапра... дзедам беларускага быў «кот звычайны», які сёння мае назву «еўрапейскі караткашэрсны».

Даўжыня тулава такога варкоціка дасягае 55—60 см, а поўсць рознакаляровая: чорная, рыжая, белая і пярэстая. А ўвогуле, коцікаў не заменіць ніводная свойская жывёла. З'явіўшыся тысячы гадоў таму, яны працягваюць палохаць шкоднікаў і сябраваць з чалавекам.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Загаловак у газеце: «След» варкоцікаў у гісторыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».