Вы тут

Творчасць і ўпартасць прывялі дзяўчыну да папулярнасці ў TikTok


Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі традыцыйна падвёў вынікі інтэрнэт-прэміі ІT Youth. У намінацыі «За захаванне трэндаў сацыяльных сетак» адной з найлепшых аказалася другі сакратар Кастрычніцкага раённага камітэта БРСМ Віцебска Вікторыя КУПРЫЯНАВА. Пра тое, як ёй гэта ўдалося, мы даведаліся ў суразмоўніцы.


— Па жыцці я люблю знаходзіцца ў руху. Памятаю, што ў школе ні адно мерапрыемства не абыходзілася без мяне — удзельнічала ў розных конкурсах і праектах. Калі пайшла працаваць, таксама імкнуся не прапускаць паездкі, турзлёты, фестывалі. Таму, калі сёлета пачула пра магчымасць паўдзельнічаць у падобным праекце, адразу ж ім загарэлася. Тым больш мне ёсць што паказаць: у TіkTok актыўна вяду блог пра сваіх коцікаў, дзе зараз каля 90 тысяч падпісчыкаў. Аднак, шчыра кажучы, не разлічвала на перамогу, таму было вельмі прыемна і хвалююча, што маю творчасць ацанілі так высока.

Віка прызнаецца, што ідэя стварыць профіль у TіlTok і выкладваць туды відэаролікі пра сваіх гадаванцаў з'явілася выпадкова.

— Стала цікава, як там што працуе. Апублікавала некалькі ролікаў са сваімі коцікамі Бяляшкай і Пумай, праз тыдзень адзін з іх трапіў у рэкамендацыі, і відэа набрала больш чым 1,6 мільёна праглядаў. З'явілася шмат новых падпісчыкаў. Зразумела, што людзям падабаецца, таму вырашыла працягваць весці профіль па гэтай тэматыцы, здымаць гумарыстычныя, мілыя, жыццёвыя ролікі. На дадзены момант яшчэ адно маё відэа набрала больш за мільён праглядаў, некаторыя — па 100—500 тысяч. У рэкамендацыі ў асноўным трапілі тыя, што былі зроблены выпадкова. Аднак як толькі з'яўляецца вольны час або цікавы ракурс — адразу бяру тэлефон і пачынаю тварыць. Лічу, што, каб быць папулярным у TіlTok, трэба перш за ўсё вызначыцца з кантэнтам. Гэта будзе кулінарыя, лайфстайл альбо іншае? Пажадана мець нейкую асаблівую «фішачку», якая будзе вылучаць ваш профіль. Ну і, самае галоўнае, верыць у сябе і шмат практыкавацца ў здыманні ролікаў. Нават калі відэа не набіраюць шмат праглядаў, не трэба складаць рукі і кідаць распачатую справу. Вынік будзе абавязкова! Дарэчы, мы з коцікамі падабаемся не толькі гледачам у TіlTok, зусім нядаўна разам з імі ўдзельнічалі ў фотаконкурсе ад Whіskas і сталі пераможцамі ў адной з намінацый.

Як расказала Віка, любоў да жывёл у яе з дзяцінства:

— Ніколі не праходзіла міма кінутага ката ці сабакі. Заўсёды лічыла, што бадзяжныя жывёлы заслугоўваюць большай увагі, таму не так даўно ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Мною быў створаны праект «Сяброў выбіраюць сэрцам», у якім я заклікала людзей дапамагаць такім жывёлам. Многіх гадаванцаў выратавала з вуліцы або ўзяла з прытулку. Напрыклад, у маёй мамы цяпер жывуць два коцікі з прытулку і сабака Рык, якога знайшла ў моцны мароз. Тады шанцаў на выжыванне ў яго практычна не было, але я справілася: карміла яго з піпеткі, і зараз гэта наш самы любімы і адданы сябар. Што датычыцца мяне, то заўсёды хацела мець коцікаў. І калі з'явілася такая магчымасць, паехалі з хлопцам да бабулі ў вёску, там убачылі прыгожага коціка і зразумелі, што яна будзе нашай. Назвалі яе Пумай. Аб другім гадаванцы нават і не думалі, пакуль аднойчы на мясцовую будоўлю не выкінулі маленькі белы камячок... Глядзім — а гэта коцік, ну і ўзялі яго на ператрымку. Пума спачатку не прыняла кацянятка, бо яна прывыкла быць адзінай улюбёнкай. Але потым усё змянілася: яна пачала вылізваць малую, перажываць за яе. Зразумелі, што ўжо нікуды тую не аддадзім. Праўда, спачатку думалі, што гэта хлопчык, таму назвалі яго Бяляш. Праз некаторы час стала зразумела, што мы памыліліся, але імя вырашылі пакінуць, проста стала Бяляшка.

Суразмоўніца расказала, што ў яе коцікаў цікавыя паводзіны. «Яны хадзячы «прыкол». Бялашка і Пума настолькі пасябравалі, што зараз не могуць адна без адной. Узяць, напрыклад, іх гульні: ніколі б не падумала, што гадаванцы могуць насіцца так гучна па кватэры, асабліва ў шэсць гадзін раніцы. Шчыра кажучы, яны чымсьці мне нагадваюць сабак — вельмі любяць каманду «нясі!». Усе свае цацкі кідаюць побач з намі і чакаюць, пакуль яны ім вернуцца. Пума вельмі любіць гуляць на вуліцы, яна ў нас дама характарная, а Бяляшка вельмі ласкавая. Здаецца, яна нам так дзякуе за тое, што мы яе не пакінулі ў свой час на вуліцы...»

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: У TіkTok у трэндзе коцікі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».