Вы тут

Як праверыць насенне на ўсходжасць


Сцвярджаем з упэўненасцю: 100-працэнтнай усходжасці насення не бывае. Нават лабараторная ўсходжасць складае каля 95—99 %. Дома або ў цяпліцы дабіцца аптымальнага мікраклімату немагчыма, таму тут працэнт будзе зусім іншым. Гэта так званая аранжарэйная ўсходжасць, якая заўсёды ніжэйшая за лабараторную. Яе-та мы і можам праверыць у хатніх умовах. Але існуе яшчэ і палявая ўсходжасць насення. Яна замяраецца ў рэальных умовах адкрытага грунту. І гэты паказчык, як правіла, яшчэ ніжэйшы. Так што праверка насення на ўсходжасць дазволіць зразумець, ці хопіць пасяўнога матэрыялу на запланаваныя пасадкі.


Фота: pixabay.com

Зразумела, каштоўнае і дарагое насенне даводзіцца высаджваць без якіх-небудзь праверак. І з дзясятка семак у пакуначку на спробу таксама адабраць няма чаго. У гэтых выпадках спадзяемся на праверанага вытворцу і заяўлены тэрмін прыдатнасці. І на ўсякі выпадак высейваем такое насенне на расаду крыху раней. Калі гэта падвядзе, застанецца час на пасеў іншага.

Але ў некаторых сітуацыях лепш перастрахавацца і праверыць пасяўныя ўласцівасці насення загадзя.

У кожнага агародніка ёсць астаткі насення з мінулых гадоў. Выкідваць шкада, у пачатку сезона спадзяешся, што нарэшце высадзіш усё. Але калекцыя рэшткаў памнажаецца з кожным годам.

Вядома, у некаторых культур тэрмін прыдатнасці насення вялікі. Напрыклад, агуркі, гарбуз, кабачкі або кавуны могуць праляжаць 8 гадоў. Капуста захоўвае ўсходжасць 6 гадоў. Памідоры і баклажаны — 5 гадоў. А вось насенне цыбулі, пятрушкі або сельдэрэю нават год без страты якасці не вытрымае. Тым не менш, якім бы доўгім ні быў тэрмін захоўвання, агульнае правіла такое: чым даўжэй насенне захоўваецца, тым горш узыходзіць, таму старым без папярэдняй праверкі на ўсходжасць лепш не сеяць.

Сваё насенне мы звычайна збіраем з вялікім запасам. Пры такіх колькасцях ёсць магчымасць адабраць для сяўбы самае-самае.

Насеннем падзяліліся суседзі, сваякі, знаёмыя фермеры і да т. п. У гэтым выпадку вельмі пажадана не толькі праверка пасяўных уласцівасцяў, але і папярэдняя дэзынфекцыя. Проста таму, што пра гэта насенне нам нічога невядома. Калі колькасць дазваляе, лепш перад пасевам ацаніць яго ўсходжасць.

Насенне куплялася па акцыі. Цалкам верагодна, што прадавец знізіў цану з-за заканчэння тэрміну прыдатнасці або парушэння ўмоў захоўвання. Варта загадзя пераканацца, што «распродажнае» насенне не падвядзе.

Каліброўка — гэта свайго роду падрыхтоўчая працэдура, якая дапамагае адразу адсеяць відавочна непрыдатныя экзэмпляры. Калі насення больш чым дастаткова, спачатку праводзяць сартаванне па вонкавым выглядзе. Выдаляюць дробныя, пашкоджаныя, кволыя. Нават калі з іх нешта вырасце, годнага ўраджаю ўсё роўна не атрымаеш.

Пасля візуальнага адбору вельмі часта раяць адбракаваць «пустышкі», апусціўшы насенне ў ваду ці ў раствор паваранай солі. І ўсё ж у «водных працэдур» ёсць некалькі сур'ёзных недахопаў. Па-першае, калі насенне пакупное, абавязкова прачытайце ўсю інфармацыю на пакуначку. Яно можа быць апрацавана фунгіцыдам або стымулятарам росту. Пасля «купання» ўсе гэтыя рэчывы з паверхні насення змыюцца. Па-другое, у сучасных гатункаў і гібрыдаў насенне мяккае само па сабе. Многае не тоне ў вадзе не таму, што яно нежыццяздольнае, а таму, што такая яго структура.

Ёсць яшчэ адзін момант. Каб павялічыць тэрміны прыдатнасці, практычна ўсе вытворцы (як нашы, так і замежныя) высушваюць насенне да вельмі нізкай вільготнасці. Сухое будзе плаваць на паверхні вады — і ўсходжае, і няўсходжае.

Выходзіць, калі ўпакоўка насення не парушана, яно застаецца сухім і правяраць у вадзе асаблівага сэнсу няма. Варта калібраваць толькі па вонкавым выглядзе. І, пасля адбракоўкі відавочна непрыдатнага, правяраць пакінутае на ўсходжасць.

У хатніх умовах гэта робіцца двума спосабамі: прарошчваннем на вільготнай анучцы або выпрабавальным пасевам у зямлю.

Спосаб 1. Прарошчванне. З насення, якое прайшло каліброўку, выбіраем дзесяць штук, каб потым было больш зручна падлічваць працэнты. На сподак кладзём складзеную ў некалькі пластоў сурвэтку (ці туалетную паперу, папяровы ручнік, некалькі ватных дыскаў) і апырскваем яе з пульверызатара. Раскладваем насенне і накрываем зверху такой жа сурвэткай. Ставім сподак у цёплае месца (18—22 °С) і падтрымліваем вільготнасць. Насенне не павінна плаваць у вадзе, але і перасыхаць яму таксама нельга. Праз пэўны прамежак часу падлічваем, колькі насення праклюнулася. Час усходжасці ў кожнай канкрэтнай культуры свой.

Спосаб 2. Пробны пасеў. Трэба гэтак жа адабраць дзясятак штук і пасеяць іх у грунт. Для дробнага насення цалкам дастаткова разрыхліць баразёнку ў кветкавым чыгуне, раскласці і злёгку прысыпаць зямлёй. Або запоўніць вільготным грунтам невялікі пластыкавы кантэйнер, пасеяць, накрыць плёнкай і паставіць у цёплае месца. Буйное насенне накшталт гароху, кабачкоў або гарбузоў можна прарошчваць у пілавінні. Для гэтага пілавінне некалькі разоў апарваюць кіпенем і вільготным раскладваюць у пластыкавыя кантэйнеры. Насенне раскладваюць, прысыпаюць пілавіннем і крыху ўтрамбоўваюць. Пасля чаго кантэйнеры накрываюць плёнкай і ставяць у цёплае месца. Застаецца пачакаць некалькі дзён (тэрмін усходжасці) і падлічыць усходы.

Такім чынам, калі наша праверка паказала, што ўсходжасць насення 30 % або ніжэйшая (гэта значыць узышло не больш за тры зярняткі з 10), сеяць гэтым насеннем не рэкамендуецца. А калі ўсходаў восем, дзевяць ці ўсе дзесяць, то можна спакойна сеяць без усялякай папярэдняй падрыхтоўкі. А што рабіць з сярэднімі вынікамі? Што рабіць, калі насенне апынулася з 50- ці 60-працэнтнай усходжасцю? Тут у нас ёсць два шляхі. Першы — пасеяць у два разы больш, з запасам. Другі — выкарыстоўваць разнастайныя метады перадпасяўной падрыхтоўкі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.