Вы тут

Дарогай з сенажаці. Вядомаму пісьменніку і крытыку Уладзіміру Гніламедаву — 85


Імя Уладзіміра Гніламедава сёння, бадай, у кожнага ў нашым грамадска-культурным асяроддзі выклікае бясспрэчнае прызнанне заслуг і павагу. Выдатны літаратуразнаўца і літаратурны крытык, класік сучаснай беларускай навукі пра літаратуру, таленавіты, самабытны празаік, раманіст, аўтар шырокафарматных поліфанічных мастацкіх палотнаў, якія ўражваюць маштабнасцю ахопу з’яў і падзей, глыбінёй і арыгінальнасцю сацыяльна-філасофскага зместу, дасведчаны, харызматычны, мудры педагог, які выхаваў не адно пакаленне кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі — кандыдатаў і дактароў навук, якія паспяхова працуюць на гуманітарнай ніве па ўсёй Беларусі і шмат што вызначаюць у развіцці яе філалагічнай навукі.


Уладзімір Гніламедаў.

Менавіта як удумлівага, праніклівага, яркага крытыка са сваёй прынцыповай грамадзянска-патрыятычнай пазіцыяй, уважлівага да раскрыцця тонкіх змен і зрухаў, адмысловых праяў спалучэння агульнага, грамадска значнага і прыватна-чалавечага, індывідуальна-аўтарскага, таго, што дыктуецца законамі сацыякультурнага развіцця, і таго, што ідзе ад асобы канкрэтнага творцы ў нацыянальным літаратурным працэсе, яго яшчэ на стадыі прафесійнага фарміравання запрасілі на працу ў аддзел культуры ЦК КПБ. І неўзабаве даручылі кіраваць сектарам мастацкай літаратуры, што на той час азначала — курыраваць увесь нацыянальны літаратурна-мастацкі працэс.

Праца ў ЦК КПБ была надзвычай карыснай і павучальнай для маладога У. Гніламедава, яна дазволіла яму паглядзець на беларускае літаратуразнаўства і літаратуру ў цэлым адначасова нібыта зверху і збоку, у кантэксце грамадска-культурных і ідэйна-палітычных падзей і варункаў, і ў суаднесенасці з развіццём іншых нацыянальных літаратур былога СССР і садзейнічала паскоранаму росту асобы даследчыка і творцы.

У сваіх літаратуразнаўчых работах першага, падсавецкага, перыяду У. Гніламедаў інтуітыўна засяродзіў увагу на адной з самых складаных і важных праблем развіцця літаратуры і мастацтва. «Наватары і традыцыяналісты, эксперыментатары, эпігоны і архаісты, — заўважаў даследчык, — усе яны жывуць у адзін і той жа час і часта выкарыстоўваюць адны і тыя ж жанры, памеры, мастацкія прыёмы і сродкі, але ў адных “прыём” стаў арганічнай часткай і якасцю іх паэтычнай свядомасці, у другіх застаўся механічным, прыўнесеным знешне, чужым, іншымі словамі, не зліўся з асобаю творцы».

Манаграфіі вучонага былі звернуты да выяўлення самага важнага, асноватворнага: з чаго нараджаюцца вершы, як узнікае паэзія, што абумоўлівае яе развіццё? У аснову асноў ён паставіў аўтара, асобу творцы з яго душою, свядомасцю, характарам светаадчування і тыпам мыслення, а ў выніку — індывідуальным почыркам, стылявой манерай, мастацкім стылем як першаасновай яго мастацкай своеадметнасці.

Кнігі У. Гніламедава «Традыцыі і наватарства» (1972), «Як само жыццё» (1980), «Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» (1983) і іншыя заключалі ў сабе выразны індывідуальны код, мелі наватарскі характар, яны з’явіліся як подых свежага паветра ў замкнёнай прасторы. Адным з першых у тагачасным савецкім літаратуразнаўстве аўтар адмовіўся ад распаўсюджанага дагэтуль агляднага, нарысавага падыходу, а таксама біяграфічнага, жанравага аналізу літаратурна-мастацкіх з’яў і працэсаў. У аснову вывучэння сучаснай беларускай паэзіі і шырэй — літаратуры ён паклаў прынцып гістарызму і эвалюцыйнага развіцця, якое абапіраецца на вопыт гістарычнага мінулага, на традыцыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. Сучаснасць, на думку даследчыка, абавязкова ўбірае ў сябе гістарычнае мінулае, яна не можа існаваць без сувязі эпох, пакаленняў, пераемнасці чалавечага вопыту і традыцый. Яго манаграфія «Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» стала адной з найлепшых у беларускай гуманітарнай навуцы другой паловы ХХ стагоддзя. Аналізуючы пошукі і дасягненні канкрэтных творчых індывідуальнасцей у іх развіцці і ўзаемадзеянні, крытык выяўляў дынаміку ўсяго літаратурна-мастацкага працэсу, які, у сваю чаргу, добра высвечваў характар, спецыфіку, месца і ролю ў ім саміх гэтых творчых індывідуальнасцей. У. Гніламедаў разглядае твор як адлюстраванне праўды жыцця ў адзінстве яе аб’ектыўнай сутнасці і суб’ектыўнага ўспрыняцця гэтай сутнасці аўтарам.

Уладзіміру Гніламедаву, як мала каму іншаму з беларускіх літаратуразнаўцаў, не было асаблівай патрэбы перабудоўвацца ў часы вядомай ломкі духоўна-сацыяльных каштоўнасцей сярэдзіны 1980-х гадоў, яго методыка навуковага аналізу засталася ранейшай у працах і 1990-х гадоў, і ў новым стагоддзі. У яе аснове палягаюць прынцып гістарызму, пераемнасці вопыту і традыцый, пільная ўвага да асобы самога творцы з усім багаццем і разнастайнасцю яе духоўна-псіхалагічнага свету думак і перажыванняў, суаднясенне творчай індывідуальнасці і літаратурна-мастацкага працэсу. У адной з нашых нядаўніх гутарак даследчык прызнаваўся, што ў навуковых работах «заўсёды імкнуўся спалучаць гістарычнае з тэарэтычным, пранікнуць у абсягі эстэтычнага аналізу, паказаць адметнасць вобразнасці, вабнасць, прыгажосць, рэльеф мастацкага твора, з тым, каб можна было палюбавацца той духоўна-эстэтычнай рэальнасцю, якая складае яго змест».

Усё гэта і многае іншае добра засведчылі кнігі новага, постсавецкага, перыяду: «Праўда зерня: творчы партрэт Васіля Зуёнка» (1992), «Янка Купала: новы погляд» (1995), «Ад даўніны да сучаснасці: нарыс пра беларускую паэзію» (2001), «Янка Купала: жыццё і творчасць» (2012), «На рубеже времен: русскоязычная поэзия Беларуси» (2013) і іншыя, якія замацавалі за

У. Гніламедавым статус лідара сучаснага беларускага літаратуразнаўства. Фундаментальнае манаграфічнае даследаванне У. Гніламедава (з нашым аўтарскім удзелам) «Літаратура. Гісторыя. Свядомасць: гісторыка-літаратурны нарыс» (2017) прысвечана выяўленню і аналізу вызначальных праблем нацыянальнай літаратуры ў цеснай сувязі з вядучымі парадыгмамі сацыяльна-гістарычнага развіцця і працэсам фарміравання нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Жанр навукова-філасофскага эсэ абумовіў выяўленне багацця і разнастайнасці крыніц і матэрыялаў, дыялектычны сінтэз канкрэтна-гістарычнага прэпаравання мастацкіх тэкстаў і маштабных сацыякультурных абагульненняў у тлумачэнні з’яў і фактаў гісторыка-літаратурнага працэсу, раскаванасць аўтарскага апавядання.

Буйным укладам У. Гніламедава ў распрацоўку праблем сучаснага літаратуразнаўства з’яўляецца ўступны артыкул «Пісьменнік дзвюх эпох» да навейшага Збору твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах, які ўяўляе сабой падсумаванне апошніх дасягненняў у гэтай галіне літаратуразнаўства і прадстаўляе творчасць выдатнага беларускага пісьменніка менавіта з пункту гледжання шматбаковага і цэласнага ахопу ўсіх складнікаў творчага працэсу.

Вялікім дасягненнем У. Гніламедава з’яўляецца тое, што ён першым у айчыннай навуцы аднавіў даследаванне рускамоўнай літаратуры Беларусі, фактычна рэаніміраваўшы гэты напрамак беларускага літаратуразнаўства. У 2019 годзе пабачыла свет своеадметнае, арыгінальнае, шмат у чым наватарскае выданне «Поэзия русского слова: антология современной русскоязычной поэзии Беларуси» ў 2 тамах агульным аб’ёмам каля 100 д.а., ажыццёўленае пад навуковым кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле У. Гніламедава. У ім у выніку глыбокага комплекснага аналізу канкрэтных мастацкіх твораў, паэтычных зборнікаў і творчых індывідуальнасцей упершыню ў гуманітарыстыцы і культуры распрацаваны тэарэтыка-метадалагічныя прынцыпы і канцэптуальныя асновы анталогіі сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі як ідэйна-мастацкай сістэмы, ажыццёўлены сюжэталагічная эндаскапія і структурна-кампазіцыйная парадыгма анталогіі, раскрыты ідэйна-эстэтычная спецыфіка і грамадска-культурны феномен сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі.

У фундаментальнай калектыўнай манаграфіі «Беларуска-еўрапейскія літаратурныя ўзаемасувязі і імагалогія» (2021), таксама падрыхтаванай пад навуковым кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле У. Гніламедава, выяўлены канцэптуальныя асновы нацыянальных тыпаў ментальнасці, раскрыта ідэйна-мастацкая спецыфіка духоўна-нацыянальнай ментальнасці і канцэптасферы ў беларускай і шэрагу еўрапейскіх літаратур як дамінантнага кампанента ў структуры нацыянальных культур.

Усяго У. Гніламедаў апублікаваў больш за 1000 навуковых работ, у тым ліку каля 30 манаграфій і кніжных выданняў. Усе працы Уладзіміра Гніламедава так ці інакш звернуты да вырашэння вялікай задачы — выявіць ролю і значэнне паэзіі ў эстэтычным пазнанні і асваенні жыцця, як спалучаюцца ў гэтым працэсе сацыяльна-філасофскі змест, грама- дзянска-патрыятычная заангажаванасць, лірыка-інтымная пранікнёнасць, што вядзе да «павелічэння мастацкай ёмістасці паэтычнага вобраза, павелічэння вагі самога слова».

Фота з сайта bas-net.by.

Унікальнай з’явай на этапе навейшай літаратурнай гісторыі Беларусі стала знакамітая раманная хроніка У. Гніламедава. Раманы пісьменніка «Уліс з Прускі» (2006), «Расія» (2007), «Вяртанне» (2008), «Валошкі на мяжы» (2014), «Вайна» (2014), «Пасля вайны» (2021), «Праўда жыве пасярэдзіне» (2022) і іншыя (усяго 9 шырокафарматных палотнаў) заключаюць у сабе якасці і характарыстыкі вялікага нацыянальнага эпасу, параўнальнага з серыямі класічных раманаў Я. Коласа, М. Гарэцкага, К. Чорнага, І. Мележа, І. Шамякіна і інш. У іх глыбока і ўсебакова выяўлена гісторыя жыццядзейнасці беларускага народа на этапах самага складанага і супярэчлівага ХХ ст.

Раманная хроніка У. Гніламедава ўражвае шырынёй ахопу грамадска-сацыяльных працэсаў і ў той жа час увагай да прыватнай канкрэтыкі з’яў і фактаў народнага жыцця, праблемна-тэматычным багаццем і разнастайнасцю зместу. Пісьменнік раскрыў асаблівасці вялікага беларускага нацыянальнага свету з цэнтрам у вёсцы Пруска, у якім усё прасякнута глыбіннай унутранай логікай і высокім сэнсатворным пачаткам, знаходзіцца ва ўзаемазвязанасці і ўзаемаабумоўленасці дэталей і кампанентаў, малога і вялікага, у суладнасці і гармоніі зместу і формы, функцыянуе ў адпаведнасці з даўно ўсталяванымі і адладжанымі прынцыпамі і законамі. Гэты свет жыве на аснове адвечных духоўна-сацыяльных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа, звязаных з жыццядайнымі земляробчымі заняткамі — ворывам, сяўбой, касавіцай, жнівом і інш. У ім канец аднаго з’яўляецца пачаткам другога і наадварот.

Разам з тым тут не толькі традыцыйныя карціны працоўных будняў і свят беларусаў, але і адлюстраванне іх бежанства падчас Першай сусветнай вайны, жыцця ў Расіі, стасункаў і ўзаемадачыненняў з мясцовымі жыхарамі, цяжкіх ваенных катаклізмаў і г. д.

Тыповае для беларускага мастацкага эпасу хранікальна-падзейнае адлюстраванне рэчаіснасці спалучаецца ў У. Гніламедава з філасофска-заглыбленым асэнсаваннем жыцця і чалавека, тонкімі лірычнымі замалёўкамі і відарысамі. У выніку з-пад пяра пісьменніка паўстае жывы летапіс часу, жывая гісторыя эпохі ва ўсёй яе дынаміцы складаных грамадска-сацыяльных супярэчнасцей і канфліктаў, змен і зрухаў.

Навуковая і творчая дзейнасць У. Гніламедава атрымала высокую ацэнку грамадскасці і дзяржавы. Ён — доктар філалагічных навук (1987), прафесар (1991), акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Саюза пісьменнікаў Беларусі (1996), лаўрэат прэміі НАН Беларусі (2005), лаўрэат Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2006), лаўрэат прэміі Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці незалежных дзяржаў імя Чынгіза Айтматава (2020). Кавалер ордэна Францыска Скарыны (2009), заслужаны дзеяч культуры Беларусі (2017).

Сардэчна віншуем, дарагі Уладзімір Васільевіч, з юбілеем. Смаку да жыцця вам ды новых цікавых кніг на спажытак шматлікіх удзячных чытачоў!

Мікола МІКУЛІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.