Вы тут

Міхась Пазнякоў: Чалавек пачынаецца з першых крокаў


Напярэдадні Пленума па сучаснай дзіцячай літаратуры, які мае адбыцца на пачатку наступнага тыдня, адзін з яго галоўных арганізатараў, літаратар Міхась Пазнякоў, які за апошнія дзесяцігоддзі набыў папулярнасць як дзіцячы пісьменнік, расказаў карэспандэнту «ЛіМа» пра тое, якія пытанні будуць абмеркаваны падчас шырокай сустрэчы, і ўвогуле пра сітуацыю з дзіцячым чытаннем.


— Міхась Паўлавіч, якія мэты і задачы ставяць арганізатары пленума?

— Наспела неабходнасць паглядзець на здабыткі нашай літаратуры для дзяцей самага рознага ўзросту: ад дашкольнікаў да моладзі. Гэта пытанне даўно не абмяркоўвалася на пасяджэннях Саюза пісьменнікаў Беларусі. І ў межах краіны яно набывае важнае значэнне, бо калі мы дзяцей забяспечым неабходнай літаратурай, навучым іх змалку чытаць кнігу, то ў нас будзе выхаваны грамадзянін і дарослы чытач. Мы павінны забяспечыць маладое пакаленне той літаратурай, што паказвае адметнасць беларусаў, выхоўвае грамадзян, якія будуць далучанымі да культуры і гісторыі. Гэта комплексная задача нашага пленума. Будуць запрошаны не толькі пісьменнікі, якія працуюць у гэтай галіне, але і бібліятэкары, навукоўцы, прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, кнігавыдаўцы, якія маюць непасрэднае дачыненне да чытання і выхавання.

Вельмі важна ўзважыць, што сёння прапаноўваецца ў падручніках, хрэстаматыях, дапаможніках, серыі «Школьная бібліятэка». Неабходна ўсім разам паглядзець комплексна на гэту справу і прыняць нейкія захады, падсумаваць, што зроблена за апошнія гады і якія ёсць праблемы.

— Што чакаць пасля завяршэння работы пленума? Будуць прыняты пэўныя дакументы?

— Плануецца прыняць рэзалюцыю. Асноўнымі дакладчыкамі будуць кіраўнік секцыі дзіцячай літаратуры Алена Стэльмах і я. Маёй задачай лічу паглядзець на жанры і тэматыку, акрэсліць поспехі і слабыя месцы ў развіцці літаратурнага працэсу.

Вядома ж, спадзяёмся на пэўныя зрухі пасля завяршэння сустрэчы, таму што многае робіцца, каб палепшыць стан і якасць літаратуры для дзяцей, і ўжо можна адчуць станоўчыя вынікі, хаця ёсць і недахоп кніг у многіх жанрах, якія маглі б быць запатрабаванымі ў нашых дзяцей і падлеткаў. Няма кніг-квэстаў, кніг-коміксаў, не хапае кніг па кулінарыі і дамаводстве, для хлопчыкаў — кніг пра тэхніку і зброю, прафесіі.

Што да недахопаў, то існуюць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя перадпрычыны. У Беларусі кнігі для дзяцей пішуць усяго каля ста аўтараў. Калі ўзяць, напрыклад, суседнюю Расію, то там толькі ў адной Маскве некалькі тысяч дзіцячых пісьменнікаў: выдаецца мнагапрофільная літаратура, якая ахоплівае ўсе тэмы, усе галіны народнай гаспадаркі, навукі, грамадскай і міжнароднай дзейнасці. Нам не проста мець такую багатую літаратуру, але выйсце ёсць, і многія выдавецтвы сёння гэта адчуваюць, звяртаюцца да падрыхтоўкі тэматычных калектыўных зборнікаў, калі бяруць створанае папярэднікамі і аб’ядноўваюць з дасягненнямі сучасных аўтараў.

Прычына і ў тым, што цяпер у нас няма інстытута, спецыялізаванага на дзіцячай літаратуры. Мне пашчасціла ў савецкі час працаваць 16 гадоў у выдавецтве «Юнацтва», з іх 11 гадоў займаў пасаду галоўнага рэдактара. Гэта быў не проста выдавецкі цэнтр, а цэнтр гуртавання творчых сіл, вывучэння патрэб на дзіцячую кнігу, асяродак супрацоўніцтва са шматлікімі выдавецтвамі іншых краін, дзе выпускалася літаратура для дзяцей на 18 мовах у 100 краінах свету. Ішла вялізная праца, планаванне адбывалася па ўсіх раздзелах, самых розных галінах: эстэтычнае, фізічнае, патрыятычнае выхаванне — комплексна вывучаліся праблемы збыту, працавала рэклама і прапаганда, рэалізацыя… Выдаткоўвалася дзяржаўная падтрымка. Сёння падобнага цэнтра ў нас няма, у чым вялікі пралік.

Існуе мінус і ў тым, што недастатковая ўвага да дзіцячай кнігі ў айчыннай навуцы: колькі дысертацый створана па творчасці класікаў — здавалася б, што там новае можна сказаць, а ўсё адно працягваюць абараняцца! А дзе пачытаць пра дзіцячую літаратуру? Трэба больш звяртацца да літаратуры для дзяцей і падлеткаў! Чалавек пачынаецца з першых крокаў, там і павінна быць увага! Дзяцей мы павінны накіроўваць, весці іх, даваць неабходную духоўную спажыву, каб яны атрымлівалі правільнае выхаванне і адукацыю!

Памятаю свой удзел у дэлегацыіў Турцыю ў 2012 годзе, дзе адбылося шмат сустрэч у розных выдавецтвах. Ужо тады была распрацавана дзяржаўная праграма дзіцячага чытання! Яна ўключала 300 кніг па гісторыі краіны, фальклоры, мастацкую літаратуру для пачатковых класаў. Яны казалі: «Галоўнае, каб нашы дзеці выраслі найперш туркамі, а пасля — людзьмі сусвету!»

Спадзяюся, што ўзнятыя на пленуме пытанні паспрыяюць таму, каб кніг з’явілася больш, каб яны былі прыгажэйшымі, больш таленавітымі, больш разнастайнымі па тэматыцы і даступнымі.

— Падзяліцеся, пра што ішла гаворка на нядаўнім круглым стале, прымеркаваным да пленума?

— Абмяркоўвалі тыражы дзіцячых кніг — яны цяпер мінімальныя, часта меней за тысячу.

Раней жа выдавецтва «Юнацтва» выпускала мінімальным тыражом 40 тысяч асобнікаў. Яго фарміравала так званая тыражная камісія. Бывала, што кнігі па-беларуску выходзілі па 120 тысяч экзэмпляраў!

Выйсце бачыцца ў тым, каб на важныя і патрэбныя кнігі рабіць сацыяльны заказ, выдавецтвам ствараць цікавыя серыі. Складаць праграмы выдання кніг па ўсіх напрамках, запытах, якія даюць міністэрствы і бібліятэкі. Неабходна планаванне на дзяржаўным узроўні.

Закраналі і іншыя праблемы дзіцячай літаратуры. Ёсць цяпер магчымасць выдаць кнігу за ўласны кошт — і многія з іх атрымліваюцца слабымі! А аўтары пасля ідуць з імі ў школы! І па ўзроўні тых кніг мяркуюць пра ўсю сучасную літаратуру!

Цяпер у нас добры пласт літаратуры для малодшага школьнага ўзросту, але не стае кніг для зусім маленькіх: ад года да пяці. Калі нешта выдаюць камерцыйныя выдавецтвы, то гэта зазвычай тое, што можна хутка прадаць, але выдавецтвы амаль не працуюць на аснове набыткаў нацыянальнай літаратуры: шмат выпускаюць замежнай класікі і рэдка — тое, што ствараецца па-беларуску. Не стае навукова-пазнавальнай літаратуры, пра адметных людзей, знакамітых асоб для малодшых дзяцей. Няма героя, на якога дзецям хацелася б раўняцца! Таму яшчэ і сёння вялікай папулярнасцю карыстаецца «Міколка-паравоз».

А хто зараз напіша пра героя нашага часу? Пра жыццё піянерскай арганізацыі, БРСМ, кадэцкай арганізацыі? Яны робяць шмат цікавых спраў, і трэба, каб дзеці пра іх чыталі. Вельмі мала твораў для сямейнага чытання. Вельмі мала аповесцей пра жыццё дзяцей і падлеткаў і зусім няма раманаў!

Час падказвае, што трэба больш выдаваць кніг і пра піянераў-герояў, і дзяцей вайны, якія разам з дарослымі набліжалі перамогу. Цяпер, калі ідзе перагляд вынікаў Другой сусветнай вайны, гэта асабліва важна: дзеці часта і не ведаюць пра яе жахі! Трэба, каб нашы школьнікі былі актыўнымі абаронцамі міру і ў сябе, і ў свеце! Трэба выдаваць больш патрыятычнай літаратуры для малодшых класаў!

— Вядома, што для дзяцей пісаць значна больш складана, чым для дарослых. Якія якасці павінны быць у пісьменніка, каб ён спраўдзіўся як запатрабаваны дзіцячы аўтар?

— Сапраўды, калі многія прызнаныя літаратары пачынаюць пісаць для дзяцей, у іх атрымліваецца суха, павярхоўна. На маю думку, трэба любіць дзяцей, адчуваць іх псіхалогію, быць з імі на адной хвалі. Акрамя таго, валодаць асаблівай стылістыкай і тэматыкай. Неабходна самому быць дзіцем у душы: чыстым, светлым, даверлівым, быць зачараваным маленствам! Так, калі часам сустракаюся з Міколам Чарняўскім, Уладзімірам Ліпскім, Нінай Галіноўскай, па-добраму здзіўляюся: у іх так многа чагосьці дзіцячага! Яны такія шчырыя і простыя! А Вісарыён Бялінскі сказаў, што дзіцячым пісьменнікам трэба не зрабіцца, а нарадзіцца!

Гутарыла Аліса БРАТКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.