Вы тут

Чым зацікавіць кіно «Ключ часу» з пазачарговай праграмы «Лістапада»?


Для наведвальнікаў XXVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» была падрыхтавана таксама насычаная пазаконкурсная праграма, у рамках якой, акрамя іншага, адбылася прэзентацыя нядаўняга расійскага фільма «Ключ часу» (2020, рэж. Аляксей Цяльноў). Паглядзім жа, якой атрымалася новая кінакарціна.


Парамон (Арцём Ткачэнка) і Ксюша (Ксенія Аляксеева).

«Ключ часу» — гэта казка, фэнтэзі для дзяцей. Дзеянне адбываецца ў Санкт-Пецярбургу, дакладней, у дзвюх гарадах на Няве — звычайным, рэальным і «цёмным», змрочным. На адваротным баку жывуць чалавекападобныя, крыважэрныя істоты, якіх называюць «упырамі». Відавочны ўплыў вампірскай тэматыкі, папулярнай у сучасным расійскім кіно, прынамсі, у серыялах, напрыклад: «Харчаблок» з вампірамі-піянерамі, «Карамора», «Вампіры сярэдняй паласы».

Час спыніўся роўна апоўначы, і калі не завесці гадзіннік на вежы да паўдзённага выбуху гарматы — усё патоне ў цемры. Прыгожы горад на Няве, які паблісківае пазалотай, знікне назаўсёды, яго жыхары ператворацца ў пачвар. Адказнасць за вызваленне часу ад чараў злобнай ведзьмы — каралеўны цёмнага Пецярбурга, галоўнай ліхадзейкі фільма — лягла на плечы васьмігадовай Ксюшы (актрыса Ксенія Аляксеева). Маленькую дзяўчынку забрала з дзетдома сямейная пара, і цяпер яна стала ахоўніцай часу.

Галоўная гераіня, па законах жанру, не такая, як усе — «выбраная». Дзяўчынку не любяць іншыя дзеці ў школе, бо яна прыёмная. Тым часам дырэктар дзіцячага дома настойліва спрабуе яе вярнуць, выставіць новых бацькоў як няўважлівых, дрэнных, нядбайных. Ад самага пачатку ўсё намякае, што Ксюша незвычайная, белая варона. Але гераіня атрымалася амаль безэмацыянальнай, статычнай: усе змены ў ёй цалкам незаўважныя, адбываюцца самі па сабе. З-за гэтага спадарожнік Ксюшы з адваротнага Пецярбурга Парамон (ролю выконвае Арцём Ткачэнка) выклікае значна больш спачування. Мабыць, рыч у тым, што працаваць з акцёрамі-дзецьмі вельмі складана. Задача рэжысёра — знайсці падыход, даходліва растлумачыць сваё бачанне. Вялікае майстэрства — выцягнуць патрэбнае з маленькага героя.

Зрэшты, гэта тычыцца не толькі стваральнікаў фільма «Ключ часу», а і ўсіх, хто выбірае працаваць з акцёрамі-дзецьмі. Сапраўды, юная актрыса толькі пачынае свой творчы шлях і ўсяму навучыцца.

Яшчэ адзін паўнапраўны герой кінакарціны — Пецярбург, які сапраўды атрымаўся. Як «светлы», так і «цёмны». Для сучаснага расійскага кіно жанр фэнтэзі нязвыклы. Відаць, што стваральнікі «Ключа часу» аглядваюцца на ўжо знакамітых аўтараў-сцэнарыстаў, напрыклад, Джаан Роўлінг, Ніла Геймана... Канцэпцыя падвоеных сусветаў нагадвае таксама серыял «Вельмі дзіўныя справы». Ідэя зусім не новая, але па-свойму чароўная. У фільме раскрылася любоў аўтараў да старажытнага горада на Няве. «Ключ часу» напоўнены пецярбургскімі сімваламі: развадны мост, каналы, булачная, Петрапаўлаўская крэпасць, гадзіннік на якой і трэба завесці. Адлюстраваны таксама легенды — чыжык-пыжык, якому трэба кінуць манетку, каб жаданне спраўдзілася, помнік кату Елісею, які ажывае па начах, русалкі ў каналах.

З чым прамахнуліся, дык гэта з выбарам аўдыторыі, якой прызначаны фільм. Складана вызначыцца, на каго ён усё ж такі разлічаны. Узроставы цэнз звычайна выстаўляюць пракатчыкі, і ў выпадку з «Ключом часу» гэта «12+». Калі разглядаць фабулу, характары герояў, выбудоўванне сюжэтнай лініі, тады не памыліліся. Але старэйшай аўдыторыі будзе складана параўнаць сябе з Ксюшай: ёй, нагадваю, восем. І чым больш гадоў гледачу, тым большая фантомная дыстанцыя паміж ім і дзяўчынкай. Калі няма гэтай цеснай сувязі, кіно страчвае сваё чараўніцтва.

Таксама выклікаюць пытанні некаторыя сцэны, якія падаюцца як гумарыстычныя. Аўтары спрабуюць пажартаваць з гледачом, пагуляць з «дарослымі» тэмамі, але выглядае гэта няёмка. «Ключ часу» ўспрымаецца як казка, таму гэтыя моманты выбіваюцца з агульнай карцінкі, парушаюць яе.  

Гісторыя канчаткова распадаецца ў канцы. Спачатку падзеі падаюцца паслядоўна, развешваюцца неабходныя «кручкі», адбываецца знаёмства з героямі, праблемамі, турботамі кожнага.

Але ў фінале дзея пачынае «бегчы, несціся»; з’яўляюцца бессэнсоўныя выбрыкі, ды ад таго сэжэт яшчэ больш змазваецца. Жанр дапускае наяўнасць умоўнасцей, таго, чаго ў рэчаіснасці быць не можа. Але твор павінен-такі захоўваць логіку да самага канца. Нельга апраўдваць дзіркі ў сюжэце жанрам.

Затое ў аснову фільма пакладзена сапраўды цікавая ідэя, якую Парамон некалькі разоў паспрабаваў данесці Ксюшы.

Свой «гадзіннік» ёсць у кожнага чалавека, і калі-небудзь ён праб’е апошні раз. Аднак тое можа здарыцца не толькі напрыканцы жыцця, а таксама і калі іх носьбіт падае на самае дно, ператвараецца ў пачвару з іншага свету, забывае свае мэты, мары. І ключ, які можа прымусіць механізм зноў працаваць, — гэта другі шанц. Таму пражыць трэба так, каб не было шкадаванняў, што калісьці не скарыстаўся «…ключом, які ўвесь гэты час вісеў у цябе на шыі». Выбар вызначае далейшы шлях.

Арына ПРАНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.