Вы тут

Падводзім вынікі XXVIII кінафестывалю «Лістапад»


Падводзім вынікі XXVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Бадай, пачаць варта з асноўнага конкурсу ігравых фільмаў — цэнтральнай падзеі кінафоруму. Менавіта сярод твораў дадзенай катэгорыі членамі журы выбіраецца найлепшы фільм фестывалю, стваральнікам якога і ўручаецца галоўная ўзнагарода — Гран-пры «Золата “Лістапада”». Сёлета за званне найлепшай спрачаліся дзесяць кінакарцін з розных куткоў свету: сярод намінантаў адзначыліся прадстаўнікі Балгарыі, Расіі, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Кітая… Словам, канкурэнцыя сур’ёзная.


Афіша фільма «Сястра».

Нягледзячы на гэткую геаграфічную і, што самае галоўнае, стылявую разнастайнасць (якая мяжуецца з разнароднасцю), асабліва цікавым ці хаця б валявым рашэнне журы XXVIII «Лістапада» не назавеш. Хутчэй, яно атрымалася досыць прадказальным, а ў чымсьці нават і кампрамісным. Так, Гран-пры фестывалю ўдастоена расійская стужка «Здаровы чалавек» рэжысёра Пятра Тадароўскага. Зразумейце правільна, «Здаровы чалавек» — вельмі дастойнае кіно, адназначна вартае ўвагі. Ды асмелімся заявіць, што як па форме, так і па змесце гэты фільм аказаўся самым «бясшкодным» з усіх прадстаўленых.

Тым не менш было б несправядліва сцвярджаць, нібыта рашэнне экспертаў пазбаўлена ўсякай ініцыятывы. Закрываючы вочы на тое, што адным з членаў журы з’яўляўся Аляксей Разанцаў, генеральны дырэктар кампаніі «Каро-Премьер», адказнай за пракат фільма (усё-ткі Аляксей Анатольевіч абяцаў, што не стане галасаваць, калі чарга дойдзе да названай карціны), можна сказаць, што такая развязка бачыцца глыбока сімвалічнай. Тут дарэчы будзе прыгадаць іншую гісторыю, што мела месца ў 1998 годзе. «Золата “Лістапада”» тады дасталася фільму «Краіна глухіх»,які вельмі ўразіў мінскую публіку. А паставіў гэтую стужку не хто іншы, як Валерый Тадароўскі, бацька сёлетняга лаўрэата.

Гэткім, трэба адзначыць, вельмі элегантным чынам дырэкцыя і журы фэсту засведчылі сімвалічнае вяртанне да каранёў, аб якім падчас цырымоніі закрыцця згадваў старшыня форуму Аляксандр Яфрэмаў. Удвая сімвалічней узнагароджанне выглядае ў святле фестывальнага слогана «Сапраўдныя каштоўнасці». Мяркуючы па стужках, прадстаўленых у праграме, не апошнія месцы сярод такіх каштоўнасцей займаюць традыцыя і пераемнасць. У выпадку з радавітай рускай фаміліяй Тадароўскіх гісторыя набывае ну зусім літаратурны выгляд (у рэшце рэшт, Пятром звалі і дзеда — вялікага кінарэжысёра).

Кадр з фільма «Здаровы чалавек».

«Асаблівыя словы падзякі хацелася б выказаць беларускім гледачам. Мы прэзентавалі наш фільм, была поўная зала. Неверагодна прыемна бачыць шчырыя эмоцыі нашых гасцей: хтосьці плакаў, хтосьці смяяўся. Нам вельмі важны гэты глядацкі водгук», — падкрэсліла PR-дырэктар карціны Ганна Лявонцьева. Дарэчы, Гран-пры — далёка не адзіная ўзнагарода на рахунку «Здаровага чалавека». Рэжысёр фільма ўдастоены спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно», а акцёр другога плана Алег Чугуноў, які сыграў анкахворага Лёху (на момант здымак Алегу было ўсяго 16 гадоў), атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю. Іншыя прафесійныя ўзнагароды размеркаваліся наступным чынам: прыз за найлепшую аператарскую работу імя Юрыя Марухіна дастаўся Антону Громаву, аператару стужкі «Прывідна-белы» (рэж. Марыя Ігнаценка, Расія, Ізраіль, Германія); прыз за найлепшае гукавое (музычнае) рашэнне адышоў Дане Зулпыхар, кампазітарцы фільма «Зерэ» (рэж. Даўрэн Камшыбаеў, Казахстан); прызам за найлепшую жаночую ролю адзначана Святлана Чуйкіна, актрыса фільма «Плакаць нельга» (рэж. Наталля Назарава, Расія); прыз за найлепшую рэжысуру адправіўся ў Кітай — пастаноўшчыцы стужкі «Сястра» Жасінь Інь.

Кітайская карціна адзначана таксама дыпломам «за адкрыццё новай зоркі ў кіно» і, бадай, другой па значнасці ўзнагародай — прызам глядацкіх сімпатый як найлепшы ігравы фільм. Акрамя таго, спецыяльным прызам журы ўзнагародзілі работу пад назвай «Без папярэдняй дамоўленасці» (рэж. Бехруз Шаайбі, Іран). «Дзякуй глядацкай аўдыторыі за тое, што яна шчыра, з усёй увагай ацэньвала кінатворы, якія дэманстраваліся на фестывалі. Я са шкадаваннем кажу: “Да пабачэння, кінафестываль-XXVIII!” І мы чакаем усіх на XXIX Міжнародным “Лістападзе” ў наступным годзе», — падсумаваў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на цырымоніі закрыцця ў кінатэатры «Масква».

Больш падрабязна пра намінантаў ігравой праграмы чытайце ў наступных нумарах газеты.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.