Вы тут

Маштабны выставачны праект «Terragraphica: Sacrum» у Палацы мастацтва чакае сваіх наведвальнікаў


Маштабны выставачны праект «Terragraphica: Sacrum» у Палацы мастацтва чакае сваіх наведвальнікаў да 21 красавіка. Усе галерэі, за выключэннем «Арт-Партала», запоўнены графікай беларускіх і замежных майстроў на тэму старажытных і біблейскіх сюжэтаў. У творах розных аўтараў — развагі аб ладзе сусвету, сутнасці чалавека, прыродзе дабра і зла, граху і дабрадзейнасці. 


Фёдар Шурмялёў «Хаці і Сколь» (з серыі «Рагнарок»), 2021 г.

Ад дахрысціянскіх легенд і міфаў да вызначальных біблейскіх сюжэтаў — экспазіцыя ўключае больш за 600 твораў тыражнай і арыгінальнай графікі. Сюжэты Леанара Гацье, ілюстрацыі Сальвадора Далі, серыі Марка Шагала, прысвечаныя галоўнаму збору старажытных рэлігійных тэкстаў, — толькі частка выстаўкі, прысвечанай сакральнаму мастацтву. Між тым значнае месца ў праекце займаюць работы, з дапамогай якіх мастакі расказваць ці пераасэнсоўваюць старажытныя міфы і паданні, напрыклад, подзвігі Геракла прадстаўлены літаграфіямі Восіпа Цадкіна і афортамі Юліяна Ёрданава. Многія героі твораў, як падкрэсліваюць у Палацы мастацтва, не маюць адназначнай ацэнкі і з’яўляюцца персанажамі, якія сутыкаюцца з праблемай пастаяннага выбару і балансавання на мяжы правільнага рашэння і фатальнай памылкі. Гэтая тэматыка, пэўна, не страціць актуальнасці. 

Гледачу прапаноўваюць знаёмства з сусветнай спадчынай графічнага мастацтва, назапашанай практычна за пяць стагоддзяў. Дэманструюцца работы найярчэйшых прадстаўнікоў еўрапейскіх графічных школ, такіх мастакоў, як Гюстаў Дарэ, Лукас Варстэрман, Ота Дыкс, Альбін Бруноўскі, Хрыста Керын... Прэзентуюцца і напрацоўкі беларускіх мастакоў — гэта творы Валерыя Славука, Льва Алімава, Аляксандра Шапо, Фёдара Шурмялёва, Усевалада Швайбы, Тамары Дзяменцьевай ды іншых сучаснікаў. 

Па выстаўцы, якая збіралася цэлы год, будуць арганізоўвацца экскурсіі. А самастойным гледачам арганізатары рэкамедуюць прытрымлівацца невідавочнага маршруту. Спачатку раяць наведаць вялікую залу, падзеленую на два ўзроўні. Першы, дзе творчымі здабыткамі дзеляцца сучасныя беларускія мастакі, прысвечаны міфалогіі. Побач — ужо згаданыя творы Восіпа Цадкіна і Юльяна Ёрданава. На другім узроўні гаворка вядзецца пра біблейскія сюжэты: тут творы Сальвадора Далі, Марка Шагала і Гюстава Дарэ. Дарэчы, Біблія ў ілюстрацыях вялікага сюррэаліста суправаджаецца радкамі з «Боскай камедыі» Дантэ Аліг’еры. Цэнтральны экспанат гэтай часткі выстаўкі — работа Канстанціна Касцючэнкі «Распяцце» (2011). Увогуле, графіка гэтай часткі выстаўкі — прысвячэнне жыццю пасля смерці. 

Тамара Дзяменцьева «Благавешчанне» (з серыі «Часаслоў»), 2007 г.

Марына Капілава «Аргус малодшы», 2021 г.

Яшчэ адзін пункт маршруту — зала галерэі «Арт-Беларусь» — таксама прэзентуе работы знакамітага ўраджэнца Віцебшчыны, а яшчэ графіку Леанара Гацье. Тут жа — «Малая падарожная кніжыца» (каля 1522 года) Францыска Скарыны з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ды ілюстрацыі Матэуса Мерыяна Старэйшага. А яшчэ ж ёсць ZAL #2 з іншымі цікавосткамі... Ва ўсім вышэйназваным заключаны асноўныя акцэнты — выстаўка, зразумела, нашмат багацейшая на каштоўныя экспанаты. 

Арганізатары хацелі паказаць розныя падыходы да рэлігіі з пункту гледжання аўтарскага пераасэнсавання і вольнай трактоўкі. Куратарам праекта выступае Аляксандр Зінкевіч, які, дарэчы, упершыню за доўгі час прадставіў некалькі сваіх работ. 

Сальвафдор Далі «Скрыжалі Запавету», 1974 г.

Аднак падобныя праекты ствараюцца сумеснымі намаганнямі. Аляксандр Зінкевіч падкрэслівае:

— Гэты праект — плён працы вялікай колькасці людзей, якія бралі ўдзел у падрыхтоўцы выстаўкі. Шмат месяцаў мы збіралі і прывозілі ў Мінск шматлікія творы мастацтва. Спіс аўтараў вялікі, іх работы занялі амаль усе пляцоўкі Палаца мастацтва, у тым ліку прастору галерэі Белгазпрамбанка «Арт-Беларусь». Адзначу, банк, што вяртае ў Беларусь і паказвае тут каштоўныя работы беларускіх аўтараў, якія праславіліся за мяжой, падтрымлівае цікавыя творчыя ініцыятывы, таму мы маем магчымасць пазнаёміцца з шэдэўрамі, якія нельга ўбачыць у нашых музейных экспазіцыях. Выстаўка «Terragraphica: Sacrum» не мела на ўвазе пэўныя тэалагічныя даследаванні. 

Наша кампетэнцыя — плоскасць мастацтва. Так, імкнуліся паказаць, як на фундаментальныя пытанні, пастаўленыя вышэйшымі сіламі перад чалавекам, адказваюць мастакі розных эпох. 

Юрый Баравіцкі «EXLIBRIS AGAATH VAN WATERCHOOT. Адам і Ева», 1992 г.

Зразумела, каб пазнаёміцца з усімі работамі выстаўкі, ацаніць магчымасці графікі замежных і беларускіх майстроў, мала аднаго наведвання і нават падрабязнай экскурсіі. Прычына перш-наперш, у колькасці работ, аб’ёме інфармацыі. Па-другое, часта сучасны глядач хоча дакладна разумець, што ён атрымае ў выніку знаёмства з экспазіцыяй, і тычыцца гэта не толькі аспектаў таго, што і як выстаўлена. 

Падобныя праекты не даюць абяцанняў, акрамя аднаго — прадстаўляецца шмат цікавага. Разлік, безумоўна, на адукаванага гледача, нават спецыяліста. Аднаго сузірання дакладна недастаткова, без перабольшання — патрэбна разважаць.

Аляксандр Шапо «Іон. Сустрэча», 2020 г.

Вядома, вялікую колькасць гледачоў вабяць знакамітыя імёны сусветна вядомых мастакоў. Нягледзячы на гэтую акалічнасць, можна ўбачыць шмат нечаканага, забытага і дзіўнага. Тым не менш хацелася б засяродзіць увагу на творчасці беларускіх мастакоў. Так, асобная зала выдзелена пад творы Валерыя Славука. Яго графіку можна часта ўбачыць на розных выстаўках, таму найбольшую цікавасць выклікаюць новыя работы майстра — «Антычны музей» (2023), «Падарожжа па камянях» (2023), «Простае жыццё» (2024)... У іх апроч іншага выяўлены развагі аб сучаснасці і ролі чалавека ў свеце. Цікавасць выклікаюць і шматлікія маштабныя літаграфіі Фёдара Шурмялёва, які шмат і паспяхова працуе над тэмай міфалогіі, у тым ліку германа-скандынаўскай і старажытнагрэчаскай. Дарэчы, падчас адкрыцця выстаўкі гледачы мелі магчымасць атрымаць паштоўкі з ілюстрацыямі Фёдара Шурмялёва. Яркі прыклад, як творчасць прызнанага мастака здольна прывабіць яшчэ большую колькасць уважлівых гледачоў. Такі метад папулярызацыі просты і неверагодна эфектыўны. Сапраўднай зоркай выстаўкі стала Марына Капілава, відаць, арганізатары неабыякавыя да яе таленту. Зачараваныя смеласцю і фантазіяй, экспрэсіяй і адметным поглядам Марыны Капілавай на міфы, яны размясцілі яе шматлікія творы ў розных частках выстаўкі «Terragraphica: Sacrum». 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.