Вы тут

Пра жыццё Якуба Коласа ва Узбекістане здымуць фільм


Дагавор аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» падпісалі днямі. Адбыўся падчас сустрэчы ў музеі і паказ мультыплікацыйнага фільма «Класікі і шахматы» ад рэжысёра Наталлі Касцючэнкі.


— Гэты год юбілейны для двух музеяў, бо мы адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сёння ў музеі мы дэманструем мультфільм пра іх упершыню. Спадзяёмся, што нам дазволяць дэманстраваць яго і на кінапаказах для школьнікаў. Кінастудыя «Беларусьфільм» сапраўды можа ганарыцца тым, як яе майстры здымаюць анімацыйнае кіно, — адзначыла напярэдадні паказу дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс. — У Год гістарычнай памяці і ў юбілейны год народных паэтаў мы робім шэраг мерапрыемстваў, якія спрыяюць развіццю нашых устаноў. І падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве — таксама крок у гэтым кірунку.

Мультфільм па сюжэце ўяўляе сабой паэтычна-шахматную дуэль паміж паэтамі, якія сустрэліся ў гарадскім парку. «Вясна, вясна. Жаданая! Ты прыйдзеш зноў, Ты вернешся!..» — чуем радкі Коласа... А Купала яму ў адказ «Ой, вясна, ой, вясна! За душу ты мілей!...» І так на працягу ўсёй партыі: ход суправаджаецца вершаванымі радкамі... У іх можна адсачыць і замілаванне прыродай, і мудрасць жыцця, і каштоўнасць слова... Усё тое, чым прасякнуты творы двух паэтаў.

А вось захаваць гэтае багацце і памяць пра вялікіх творцаў — ужо справа апантаных, хто прысвячае гэтаму гады працы і жыцця. Падпісанне дамоўленасці пашырыць магчымасці гаварыць пра класікаў па-новаму, напрыклад, на мове кінамастацтва.

— Кінастудыя «Беларусьфільм» апошнія гады актыўна супрацоўнічае як з замежнымі ўстановамі культуры, так і нашымі, беларускімі. Мы сумесна здымаем кіно, ладзім розныя імпрэзы, творчыя сустрэчы, майстар-класы, — адзначыў генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі. — І ў Год гістарычнай памяці мы прыйшлі да рашэння, што павінны больш актыўна супрацоўнічаць з музеямі. Рабіць усё, каб распавядаць пра нашу краіну, пра тых, кім мы ганарымся. І кінастудыя наша — гэта не проста прадпрыемства па вытворчасці фільмаў, а ўстанова са сваёй гісторыяй, з багатай кінабібліятэкай, словам, тое месца, дзе ёсць магчымасць сустракацца творчым людзям і ўсім, хто проста любіць беларускае кіно і культуру. У нас ужо ёсць прыклады супрацоўніцтва з музеямі, калі яны выступалі кансультантамі пры стварэнні нашых фільмаў.

Пасля падпісання дагавора гендырэктар кінастудыі распавёў прысутным аб першым сумесным праекце, які музей Якуба Коласа і «Беларусьфільм» пачнуць рэалізоўваць неўзабаве. Кінатворцы не раз звярталіся да творчасці і асоб беларускай літаратуры, у прыватнасці і сёлетніх юбіляраў. А цяпер распачата работа над беларуска-ўзбекскім праектам. Стваральнікі фільма «Якуб Колас. Кніга ташкенцкага быцця» раскажуць пра гады паэта ў эвакуацыі, якую ён пражыў ва Узбекістане.

— Якуб Колас знаходзіўся ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Ташкенце. Ён сябраваў з узбекскімі дзеячамі культуры, там ёсць месцы, дзе памятаюць нашага класіка. Таму мы вырашылі працаваць над стварэннем сумеснага фільма, які можа атрымацца вельмі цікавым, — падзяліўся Уладзімір Міхайлавіч. — Здымкі яго пройдуць як у Беларусі, так і ва Узбекістане. У нас ёсць шмат хранікальных матэрыялаў. Вырашылі падключыць таксама родных і блізкіх пісьменніка, якія будуць прымаць удзел у стварэнні фільма.

Так, на дадзены момант ужо вядома аб падтрымцы, у тым ліку і фінансавай, з боку дзвюх дзяржаў. І калі нічога не перашкодзіць, то ўжо ў лістападзе здымачная група адправіцца ва Узбекістан. Па задуме аўтара сцэнарыя, кінастужка будзе ўяўляць сабой інтэрв'ю праўнучкі паэта з тымі, хто помніў і ведаў Якуба Коласа ў тыя гады.

— Я з задавальненнем узяўся пісаць сцэнарый «Якуб Колас. Кніга ташкенцкага быцця», рэжысёрам якога будзе Галіна Адамовіч. І ў рэшце рэшт, думаю, у нас атрымаецца добры фільм. Бо ёсць што сказаць пра больш як два ташкенцкія гады пісьменніка, — прыадкрыў таямніцу сцэнарыя яго аўтар Уладзімір Мароз. — Там ён арганізаваў вечарыну Купалы і выдаў яго кніжку. Там і 60-годдзе сваё Колас адсвяткаваў. Шырока адзначалі, а ўзбекскія кінематаграфісты здымалі хроніку. Мы пра яе ведаем, але дагэтуль бралі адтуль мала матэрыялу. А мне хочацца, каб цяпер больш уважліва прыглядзеліся да гэтай хронікі. Таксама два разы Якуб Колас, жывучы ў Ташкенце, выязджаў у Маскву. І ў адзін з прыездаў ён сустракаўся з героем сваёй аповесці «Дрыгва» дзедам Талашом. Ёсць вядомыя кадры пра гэта, але трэба на іх неяк па-іншаму пагледзець. Матэрыялу дастаткова. У тым ліку і пра сяброўства Коласа з узбекскімі пісьменнікамі. Ва Узбекістане знаходзіцца помнік нашаму класіку, аўтарства Марыі Барадзіной. Мне самому было б цікава даведацца, як яна працавала і шукала вобраз. Таксама ў сцэнарый я ўпісаў паэтычную старонку, бо Колас ствараў вершы не толькі патрыятычныя, але і лірычныя.

Выказалася наконт ідэі супрацоўніцтва і праўнучка Якуба Коласа, адзначыўшы, што гэта дазваляе паказаць яго жыццё і творчасць сучаснай аўдыторыі на блізкай ёй мове:

— Для нас гэта вельмі важна. Бо сённяшняя аўдыторыя глядзіць на мінулае іншымі вачыма. Вельмі рада, што будзе ўзаемадзеянне не толькі з сям'ёй Коласа, але і з музеем, бо я прадстаўляю абодва бакі. І тэмай «Якуб Колас і Узбекістан» займаюся не адзін год, з'яўляюся аўтарам шматлікіх артыкулаў. Шэраг карысных матэрыялаў захоўваецца і ў фондах нашага музея, і ў прыватным архіве нашчадкаў. Мне, як члену Коласавай сям'і, больш цікавая сямейная лінія, — распавяла Васіліна Міцкевіч. — Я ведаю, якія цудоўныя ўспаміны былі пра Ташкент, Узбекістан у майго дзядулі, сына Коласа. Усё сваё жыццё ён успамінаў, як хадзіў па ташкенцкіх рынках, тая атмасфера ў яго захавалася ў памяці назаўсёды. Чытаючы хроніку жыцця Якуба Коласа, перапіску яго ваеннага часу, можна зразумець перажыванні паэта пра лёс краіны, сына-франтавіка, яго планы і мары. У яго было ва Узбекістане шмат працы, прычым не толькі той, што датычылася творчасці. Гэта яшчэ і вялікая дапамога, якую ён аказваў тым, хто знаходзіўся там у эвакуацыі. Гэта і яго праца як віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, бо менавіта туды пераехала ў той час гэтая ўстанова. І, безумоўна, вельмі прыемна будзе прайсціся тымі сцежкамі, якімі хадзіў Якуб Колас, бо ў дзённіках ён пісаў шмат пра гэта. Такім чынам, вельмі шмат ёсць цікавых фактаў, звязаных у біяграфіі паэта з Узбекістанам, і мне асабіста будзе вельмі цікава здзейсніць такое падарожжа. Спадзяюся, гэты фільм у нас атрымаецца.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.