Вы тут

Расказваем пра самыя цікавыя конкурсы і праекты для моладзі


«Шчасце — гэта калі цябе разумеюць» — напісаў у школьным сачыненні герой легендарнай савецкай кінастужкі «Дажывём да панядзелка» Генадзь Шастапал.


— Але ці заўсёды мы разумеем маладых? Што ім патрэбна? Што цікавіць? Часта мы будуем грандыёзныя планы, прыдумляем шмат мерапрыемстваў для моладзі, але не заўсёды можам адказаць самім сабе на пытанне, навошта гэта робім і, самае галоўнае, для каго? — падзяліўся сваімі думкамі падчас дыскусійнай пляцоўцы ў Грамадскім прэс-цэнтры генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ. — Зваротнай сувязі ад маладых мы не атрымліваем. Вымушаны канстатаваць, што сучаснай моладзі ўласцівыя і ўтрыманства, і нежаданне браць на сябе адказнасць, і пагоня за хуткімі грашыма, цынізм, нігілізм...Таму нам, старшаму пакаленню, трэба не толькі ствараць для маладых умовы, але і перакладваць на іх частку адказнасці, больш актыўна ўцягваць іх у свае справы. Яны — не рэзерв, а сённяшні дзень і будучыня нашай краіны.

З гэтага года сумесна з Міністэрствам культуры мы адкрылі на кінастудыі студыю маладзёжнага кіно. Таксама пачалі ствараць пул маладых рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў, мантажораў, якіх гатовы браць на праекты. Павінен канстатаваць, што сёння мы адчуваем вялікі дэфіцыт маладых рэжысёраў. Яны або баяцца звязвацца з дзяржаўнай структурай, або імкнуцца самарэалізоўвацца ў іншых месцах. Я асабіста сутыкнуўся з тым, што маладыя рэжысёры не разумеюць: члены здымачнай групы — не слугі, а каманда, і ад іх узаемадзеяння залежыць фільм і яго поспех. Маладых сёння трэба вучыць існаванню ў соцыуме, уменню кантактаваць і працаваць у камандзе на агульную справу.

Зрэшты, апошнім часам з'явілася магчымасць прастымуляваць маладыя таленты. Прыкладам таму служаць конкурсы на стварэнне фільмаў, якія аб'яўляюць Міністэрства культуры і кінастудыя «Беларусьфільм».

Уладзімір Карачэўскі расказаў, што на студыі маладзёжнага кіно пачалі займацца рэкламнымі ролікамі, цікавымі новаму пакаленню. Плануецца, што менавіта маладыя людзі будуць ствараць рэкламныя ролікі і да кінафестывалю «Лістапад». «З моладдзю трэба размаўляць на іх мове, — упэўнена кажа гендырэктар «Беларусьфільма». — Я сказаў ім: вы павінны даць мне новую дынаміку і драйв, я хачу, каб тыя ролікі, што з'явяцца, былі цікавыя новаму пакаленню, якое жыве ў іншым тэмпе».

Як зазначыў Уладзімір Карачэўскі, маладая каманда актыўна прасоўвае інфармацыю аб фестывалі ў разнастайных крыніцах, акрамя традыцыйных спосабаў распаўсюджвання. «Вынік не прымусіў сябе чакаць. Такога яшчэ ніколі не было: у аргкамітэт паступіла 1,1 тысячы заявак з 89 краін», — падкрэсліў ён.

«Кінастудыя «Беларусьфільм» запрашае сёння да супрацоўніцтва моладзь нават з самымі вар'яцкімі ідэямі, — запэўнівае Уладзімір Карачэўскі. — Гэта датычыцца і стварэння фільмаў, і арганізацыі майстар-класаў. Магчыма, частку з іх мы зможам з вамі рэалізаваць. Прапануем навучанне рабоце на здымачнай пляцоўцы. Некаторыя людзі хочуць пазнаёміцца з тым, як ствараецца кіно, вось для іх і арганізуем такія курсы, няхай і без выдачы пасведчання. Хочам, каб у здымачныя групы прыходзілі маладыя людзі. Кінастудыя павінна стаць кластарам, куды можна будзе прыйсці і прапанаваць свой праект».

Між іншым, з гэтага года на «Беларусьфільм» пачалі размяркоўваць маладых спецыялістаў. Сюды прыйшлі працаваць выпускнікі БДУ і Акадэміі мастацтваў.

Да таго ж быў зроблены заказ у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на падрыхтоўку рэжысёраў гульнявога, дакументальнага і анімацыйнага кіно. «Яны на два гады атрымаюць гарантаванае першае працоўнае месца на «Беларусьфільме». Так, мы ствараем умовы для маладых, даём шанц, але далей ім трэба будзе даказаць, чаго яны вартыя», — падкрэсліў Уладзімір Карачэўскі.

Па словах інспектара галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Дар'і ПАЎЛОЎСКАЙ, зараз ад моладзі паступае вельмі шмат ініцыятыў, іх усе імкнуцца падхапіць і рэалізаваць. У ліку ідэйных натхняльнікаў — Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет і Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі, БРСМ і галіновы прафсаюз. Гэтыя чатыры структуры насамрэч аб'ядноўваюць моладзь, упэўнена Дар'я Паўлоўская. Пры іх удзеле і падтрымцы Міністэрства адукацыі рэалізоўваюцца самыя разнастайныя конкурсы маладзёжных ініцыятыў.

Напрыклад, напрыканцы верасня стартаваў Рэспубліканскі конкурс на найлепшую зону адпачынку ў ВНУ «СтудРЭЛАКС». Сярод заяўленых тэм праектаў — «Loft», «Hіgh-tech», «Экастыль», «Pop Art», «Эксклюзіў». Таксама ўдзельнікі могуць выбраць любы дызайнерскі напрамак, які не ўваходзіць у пералічаныя вышэй. Крытэрыямі ацэньвання будуць навізна, арыгінальнасць, сучасныя тэндэнцыі, мастацка-вобразная выразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, стылёвая завершанасць, выкарыстанне сучасных тэхналогій і матэрыялаў, а таксама адпаведнасць прынцыпам этычнасці, экалагічнасці і эрганамічнасці.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет пры падтрымцы Міністэрства адукацыі сумесна з Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Саветам маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі.

«Сёння ўсю самую актуальную інфармацыю аб жыцці моладзі нашай краіны можна знайсці на парталах moladz.by і «молодежь.бел», — падкрэслівае Дар'я Паўлоўская».

Дарэчы, прыз сімпатый гледачоў на конкурсе «СтудРЭЛАКС» будзе ўручаны па выніках інтэрнэт-галасавання ў тэлеграм-канале мoladz.by.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.