Вы тут

Святлана Давальцова: Я працаголік і лабіст у інтарэсах дзяржавы і людзей


Няма, бадай, таго жыхара, які б не ведаў старшыню Міханавіцкага сельвыканкама Святлану Давальцову. З ёй вітаюцца, падыходзяць на вуліцы, задаюць розныя пытанні, выказваюць прапановы па добраўпарадкаванні аграгарадкоў і населеных пунктаў сельсавета. Святлана Уладзіміраўна ўважліва выслухае кожнага, падзеліцца сваімі думкамі і меркаваннямі. Да таго ж у любы час дзверы яе кабінета адкрыты для наведвальнікаў. З гэтай дзейнай, актыўнай жанчынай мы знаёмы даўно. Яна літаральна фантануе ідэямі, выбудоўвае новыя праекты, многія з якіх удалося рэалізаваць.


Святлана Давальцова сустрэла мяне на чыгуначнай станцыі Міханавічы на новым легкавіку. Выбіралі аўто для сельвыканкама ўсе яго работнікі. Спыніліся менавіта на машыне яркага, амаль што чырвонага колеру. «У чалавека павінна быць усё прыгожае: адзенне, душа і аўтамабіль, — жартуе Святлана Давальцова. — А калі сур'ёзна, то я першы дзень як выйшла з адпачынку. Кіравалі справамі мае дзяўчаты і спраўляліся з імі выдатна».

— Мабыць, адпачывалі на паўднёвых курортах? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўніцы.

— Ды не, водпуск правяла на Брэстчыне ў Драгічыне, на сваёй малой радзіме. Гэта цудоўны край, дзе жывуць працалюбівыя людзі. Драгічын вядомы многім беларусам тым, што тут вырошчваюць клубніцы...

Затым у сельсавеце пачалася планёрка. Старшыня разам са спецыялістамі абмеркавалі актуальныя пытанні — абкошвання травы, добраўпарадкавання, уладкавання вуліц. Асаблівая ўвага — выдзяленню зямельных участкаў і будаўніцтву жылля.

Пасля мы са старшынёй сельвыканкама зазірнулі на падрыхтаваныя першыя дзве пляцоўкі пад шматпавярховую забудову. Усяго плануецца выдзеліць 500 кватэр, у тым ліку і для шматдзетных сем'яў. А гэта не толькі дарослыя, але і дзеці, якіх у сям'і па трое і больш. Чакаецца, што насельніцтва павялічыцца на 2,5-3 тысячы. Таму асаблівая ўвага — развіццю аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры: гандлю, адпачынку, культуры, спорту.

Да будаўніцтва шматпавярховікаў ужо прыступілі. І ў гэтым годзе плануецца ўвесці іх у эксплуатацыю.

Мы праязджаем каля двухпавярховых будынкаў. «Гэта інтэрнаты. Адзін з іх выкарыстоўваецца, другі пустуе. Ён перададзены на баланс райвыканкама. Калі яго выставяць на аўкцыён, то пасля рэканструкцыі тут можа атрымацца невялікі жылы дом», — кажа старшыня сельвыканкама.

Дарэчы, на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца яшчэ адзін аграгарадок — Чурылавічы.

Пры ўездзе ў населены пункт адкрываецца нізіна, абапал якой з двух бакоў узвышаюцца пагоркі.

Гэтая нізіна будзе падсыпацца, па ёй пройдзе дарога. На адным узвышшы падрыхтавана плато для будаўніцтва 50 індывідуальных дамоў. На супрацьлеглым відаць шматпавярховыя недабудаваныя дамы.

— У 1990 гады адно з прадпрыемстваў узяло зямлю, пачало ўзводзіць тры дамы, якія так і не дабудавала. Мы доўга шукалі ўласніка. У выніку знайшлі. Яго прадстаўнікі прыходзілі на прыём, ім было прапанавана ўзаконіць зямельныя ўчасткі. Юрысты гэтай арганізацыі пралічылі: калі суд вызначыць, што гэта самавольнае будаўніцтва, то арганізацыя панясе страты. У выніку мы выйгралі суд, узялі гэтыя аб'екты ў камунальную ўласнасць, будзем афармляць зямельныя ўчасткі і прадаваць з аўкцыёну. Як варыянт прапаноўваць іх для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Нядаўна ў Чурылавічах з'явілася новая царква Аляксандра Неўскага. Будавалі храм усёй талакой, сродкі збіралі і мясцовыя жыхары.

— Гэта другі храм на тэрыторыі сельсавета. Першы ў гонар свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага знаходзіцца ў аграгарадку Міханавічы, — распавяла Святлана Давальцова. — Калі ў населеным пункце адкрываецца царква, яна аб'ядноўвае жыхароў.

Каля царквы раскінуўся цяністы сквер, дзе знаходзіцца помнік 121 жыхару вёскі, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго адрэстаўрыравалі. Тут пастаянна праходзяць суботнікі, арганізаваныя сельскім Саветам. А на ўскрайку парка высаджана алея з маладых туй.

Напрыканцы мы са Святланай Давальцовай наведалі інтэрактыўную пляцоўку, якая ў хуткім часе прыме першых наведвальнікаў. Добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі ў школьным парку ажыццяўляецца ў межах праекта грамадзянскіх ініцыятыў.

Надвячоркам Святлана Давальцова праводзіла мяне на маршрутку. Але рабочы дзень старшыні на гэтым не закончыўся. «Калі супрацоўнікі пасля работы разышліся па дамах, самы час у цішыні папрацаваць з дакументамі. Бо на працягу дня не заўсёды атрымліваецца ідэальна спланаваць свой графік», — кажа суразмоўніца.

— Святлана Уладзіміраўна, чаму вас называюць працаголікам і лабісткай? — пацікавілася ў яе напрыканцы.

— Я сапраўды працаголік, але галоўнае — абы фобіі не было, — пажартавала яна. — А наогул, лабіраванне — гэта нядрэнна, калі яно адбываецца ў інтарэсах дзяржавы, сельсавета, людзей, — упэўнена Святлана Давальцова.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.