Вы тут

Якім можа быць фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Міханавічах?


Міханавічы з насельніцтвам каля 10 тысяч чалавек называюць пасёлкам газавікоў. Менавіта тут знаходзяцца тры філіялы адкрытага акцыянернага таварыства «Газпрам трансгаз Беларусь». Гэта маладое паселішча — сярэдні ўзрост жыхароў 40—45 гадоў. У аграгарадку налічваецца нямала сем'яў, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. І насельнікі Міханавіч з энтузіязмам успрынялі навіну, што тут будзе пабудаваны шматфункцыянальны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэтую інфармацыю абмяркоўваюць і бабулькі, што бавяць час на лаўках каля пад'ездаў, і дарослыя, і дзеці. Сапраўды, гэтаму населенаму пункту можна пазайздросціць: такія комплексы ёсць далёка не ва ўсіх райцэнтрах Беларусі.


— Нам вельмі пашанцавала з інвестарам, дзякуючы якому ў недалёкай будучыні ў нас з'явіцца аб'ект, значнасць якога для населенага пункта складана пераацаніць. У фізкультурна-аздараўленчым комплексе прадугледжаны два басейны — вялікі для дарослых і малы для дзяцей, а гэта вельмі важна. Не сакрэт, што сучасныя дзеці, падлеткі амаль увесь вольны час прападаюць у інтэрнэце. І самая галоўная праблема для іх — скаліёз. А водныя практыкаванні, працэдуры найлепшым чынам уплываюць на стан здароўя, — кажа старшыня Міханавіцкага сельвыканкама Святлана ДАВАЛЬЦОВА. — Важна і тое, што перагародка паміж дзіцячым басейнам і кафэ плануецца празрыстай. Бацькі змогуць пасядзець, папіць чаю і паназіраць за сваімі малымі.

Дарэчы, у Мінскім раёне гэта будзе самае значнае па водным аздараўленні збудаванне. З чаго ж пачалася ідэя?

У 2014 годзе зацверджана праграма «Газпрам — дзецям у Беларусі». У яе межах у краіне будуюцца адпаведныя аздараўленчыя аб'екты. Яны ўжо з'явіліся ў Кобрыне, Мазыры, Оршы, Асіповічах. А сёлета прадугледжаны ў Брэсце і Міханавічах.

Што датычыцца ФАКа, то цяпер працягваецца грамадскае абмеркаванне праекта, прайшла яго прэзентацыя. У мерапрыемстве ўдзельнічалі дэпутаты абласнога, раённага Саветаў, пярвічнага ўзроўню, жыхары аграгарадка, моладзь.

На ўсе пытанні прысутных адказалі спецыялісты, архітэктары, праекціроўшчыкі. Заўваг практычна не было. Самая канструктыўная прапанова, якая прагучала, — не хлараваць ваду, каб выключыць алергічную рэакцыю ў дзяцей, выкарыстоўваць больш сучасныя ачышчальныя сродкі. Гэта было падтрымана інвестарам, які лічыць, што кошт комплексу ў гэтай частцы нельга патанняць. Здароўе людзей — перш за ўсё. Прапанова прынятая праектантамі. Перад ФАКам будзе пляцоўка для правядзення масавых мерапрыемстваў, гульнявая пляцоўка з агароджай і лаўкамі, пляцоўка для баскетбола, для заняткаў сілавымі відамі спорту, дзіцячы гарадок, пешаходная алея.

— Гэта будзе аднапавярховы будынак з мінімальнай колькасцю адміністрацыйных кабінетаў, — канстатуе Святлана Уладзіміраўна. — Самыя неабходныя — трэнажорная зала і пакой развіцця, дзе можна будзе займацца аэробікай, ладзіць культурныя мерапрыемствы. Мяркую, што цэнтр будзе прыцягваць шмат наведвальнікаў, якім неабходна як аздараўленне, так і змястоўны адпачынак.

Па прапанове інвестара тут будзе лазневы комплекс з хамамам (турэцкай лазняй). Вядома, што лазня — таксама важная частка культуры аздараўлення, яна надае здароўя, загартоўвае волю і дух.

— Добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі комплексу з мэтай эканоміі зробім самі. Упэўнена, жыхары Міханавіч адгукнуцца на заклік, — лічыць Святлана Давальцова. — Па праектаванні мы ідзём па графіку. Наперадзе — экспертыза. З боку інвестара пацвярджаецца фінансаванне ў 2019 годзе. Як сведчыць практыка, інвестар не зацягвае тэрміны будаўніцтва, не дапускае даўгабудаў. І калі ўсё складзецца як задумана, можам выйсці на пляцоўку ўжо сёлета і налета разгарнуць актыўнае будаўніцтва.

Аздараўленчы комплекс уключаны ў абласную інвестыцыйную праграму. Гэта добры прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства, якое актыўна развіваецца на Міншчыне. У выніку ў вобласці будуюцца сацыяльныя аб'екты, дзіцячыя сады, школы, жыллё.

Грамадскае абмеркаванне праекта працягнецца да 2 жніўня. Неабыякавыя грамадзяне пакідаюць запісы ў спецыяльным журнале. У асноўным гэта падзякі. Ёсць і просьбы — у прыватнасці, уладкаваць скаладром. Усе заўвагі і прапановы будуць разгледжаны архітэктурна-горадабудаўнічым саветам Мінаблвыканкама.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Два басейны, празрыстая перагародка і хамам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».