Вы тут

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект


Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Дзяржаўны літаратурны музей Якуба Коласа зладзілі сумесны выставачны праект. Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў, таму даследчыкі іх творчасці шукаюць новыя паралелі і перакрыжаванні ў жыццёвых шляхах паэтаў. Выстава «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў» прысвечана менш вядомым старонкам біяграфій паэтаў, а дакладней — гумару і лёгкасці дасціпнага жарту ў жыцці. Аб тым, чаму Янка Купала саромеўся свайго пінжака, і як Якуб Колас спаборнічаў з дзедам Талашом, супрацоўнікі музея распавялі падчас адкрыцця праекта.


Дырэктар музея Янкі Купалы Ганна Галіцкая адзначыла сімвалічнасць выставы, якая аб’яднала лёс класікаў, а таксама падкрэсліла, што асноўная ідэя праекта — пашырэнне ўяўлення аб гумары і сатыры не толькі ў творчай спадчыне народных паэтаў, але і ў іх жыцці.

У сваю чаргу дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс дадала, што гэтым летам будзе адзначацца яшчэ адна юбілейная дата — 110-годдзе першага знаёмства паэтаў:

— Абавязкова сачыце за нашымі навінамі і прыязджайце ў філіял Смольня, дзе і адбылася першая сустрэча Купалы і Коласа. Сённяшняя выстава паказвае паэтаў не толькі як выдатных класікаў, але і як звычайных людзей, якім уласцівы пачуцці, эмоцыі і перажыванні.

Падчас мерапрыемства выступіла суаўтар праекта праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч:

— Сёння ў нас з’явілася ўнікальная магчымасць даведацца пра цікавыя гісторыі з жыцця Якуба Коласа і Янкі Купалы. Хочацца падзяліцца момантамі, якія запомніліся мне асабіста. Мой дзядуля распавядаў: аднойчы да Коласа прыйшоў настаўнік, каб паскардзіцца на сярэдняга сына Юру: «Ваш сын спявае непрыстойныя песні!» А словы ў песні былі такія: «Дайте мне за рупь с полтиной девицу с огнем», канешне, у доме Якуба Коласа такія песні ніколі не гучалі. Калі пачалі разбірацца, адкуль усё гэта пайшло, даведаліся, што віноўнікам быў Янка Купала, які даволі часта спяваў гэтую песню падчас гульняў у шахматы з Коласам.

На выставе прадстаўлены мастацкія шаржы на паэтаў, рэчы класікаў з уласных калекцый, фотаздымкі, арыгіналы рукапісаў, вершы Якуба Коласа на медыцынскую тэму, якія мала вядомыя наведвальнікам, і нават паэма, што дагэтуль ніколі не друкавалася, — прысвечана Уладзіславе Луцэвіч. У экспазіцыі можна заўважыць і вытрымку з календара, «падслуханы» жарт: «А паненцы хто больш даспадобы: Янка Купала ці Якуб Колас?» — «А мне да іх што за наўда? Я маю свайго кавалера пісара, у воласці!» Экскурсію па выставе правёў навуковы супрацоўнік музея Янкі Купалы, куратар праекта Павел Каралёў:

— Некалькі гадоў таму я пачаў звяртаць увагу на гумарыстычныя адценні ў творах класікаў, было вырашана нейкім чынам усё гэта сабраць і ў рэшце рэшт зрабіць кнігу. Работа над ёй вядзецца, а ў якасці прамежкавай стадыі — гэтая выстава, паўнавартасны праект.
Як Купала перайшоў на беларускую мову

— Калі б не гумар, Янка Купала ўвогуле мог бы не перайсці на беларускую мову. Аднойчы паэт ехаў у экіпажы ў Мінск, а перад ім таксама ехалі дзве паненкі, вышэйшыя за яго па саслоўі. На нейкім павароце экіпаж паненак падскочыў, і дзяўчыны вываліліся з яго акурат перад Купалам у даволі пікантных позах. Паэт пасмяяўся і напісаў свой першы беларускамоўны верш. Самога верша не збераглося, але Купала здзівіўся, што ён можа пісаць па-беларуску. Здаецца, дробны жарт, але як моцна ён паўплываў на лёс чалавека.

Янка Купала, тэпцікі і модны пінжак

Наступная гісторыя звязана з першай сустрэчай класікаў:

— Якубу Коласу не вельмі падабалася, калі нашы пісьменнікі з пафасам апісвалі іх першую сустрэчу. Маўляў, сустрэча двух волатаў. Колас адзначаў, што ўсё было больш празаічна. Справа ў тым, што Купала вырашыў сэканоміць грошы і замест таго, каб ехаць на фурманцы, пайшоў пешшу ў Смольню ад Стоўбцаў. Ён заблукаў, і фактычна дапамагло тое, што побач працякаў Нёман — у рэшце рэшт, ідучы ўздоўж ракі, ён і знайшоў хату Коласа. Калі паэты сустрэліся, Якуб Колас заўважыў, што Купала ледзь не падае — аказалася, што той вельмі моцна намыліў ногі, зняў абутак, а калі пачуў, што ў хату заходзіць Колас, абуўся не на тую нагу і ледзь не паваліўся. Паэты крыху збянтэжыліся, але нічога, сядзяць, частуюцца, і Колас бачыць, што Купала паводзіць сябе крыху дзіўна — амаль не варушыць рукамі і частуецца толькі тым, што стаіць побач з ім. Чаму ж ён не выцягвае руку? Аказалася ўсё проста: Купала моднік, дэндзі, любіў прыгожа апрануцца. Набыў новы пінжак, але не даглядзеў, рукавы былі малыя... У нас прадстаўлены здымак Янкі Купалы ў рэдакцыі «Нашай нівы» за 1909 год — калі вы прыгледзеціся, то заўважыце, што нават тут рукавы і штаны крыху караткаватыя. А з абуткам усё вельмі проста: з-за намыленых ног некалькі дзён Купала хадзіў або басанож, або ў лёгкіх тэпціках.

Як герой сустрэўся з аўтарам

Было цікавае здарэнне ў жыцці Якуба Коласа, калі той працаваў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук:

— Якуб Колас у сваім творы праславіў дзеда Талаша, але паэт крыху не паверыў, што няхай стары і дужы, але адолеў пяць польскіх легіянераў — раскідаў іх і потым уцёк. Таму колькасць ён паменшыў, напісаў, што іх было ўсяго тры. Раптам у яго кабінет грукаецца нейкі дзед і кажа: «Хто тут Колас?» Класік адказвае: «Гэта я». «Так што ж ты зманіў, што я справіўся толькі з трыма легіянерамі, чаму не з пяццю?» — спытаўся дзед Талаш. На выставе прадстаўлены іх здымак 1943 года ў гасцініцы «Масква», гэтая сустрэча адбылася падчас таго, як Талаша эвакуіравалі з акупаванай Беларусі. Яны нават памераліся сілай на руках, і дзед Талаш, якому на той час было амаль 100 гадоў, нядрэнна змагаўся з Коласам. А пасля Талаш, прыгадаўшы вайну, пачаў ледзь не плакаць, таму што ўспомніў сваіх дзяцей, якія засталіся ў Беларусі. Колас спачуваў, але ён чалавек кемлівы, пытаецца: «А колькі ж гадоў тваім дзеткам?» Ну і дзед Талаш кажа: «Аднаму 80, а другому крыху менш». Пасля Колас казаў Лужаніну, што гэта зразумела, бо для бацькоў мы заўсёды дзеці.

Падчас экскурсіі можна будзе пачуць яшчэ шмат цікавых гісторый — і аб сабаках Якуба Коласа, і аб тым, як дачка Янкі Маўра і сын Якуба Коласа разыгралі сваіх бацькоў. Выставачны праект «Досціпы ад класікаў» праходзіць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Наведаць выстаўку можна будзе да 30 ліпеня.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Віктара ДРАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.