Вы тут

Барацьба талентаў, хваляванне і шчасце: вызначаны пераможца «Фактар.BY»


Другі сезон «Фактар.BY» падыйшоў да канца. Папулярнае айчыннае шоў было багатым на эмоцыі: радасці маленькіх і вялікіх перамог, слёзы ад драматычных успамінаў, пераадоленне страхаў і выхад з зоны камфорта. Апошні выпуск конкурса запомніцца надоўга: у тройку суперфіналістаў увайшлі выкладчыца вакалу Марго Новік, магістрант БДПУ Уладзімір Аруцюнян і выпускнік Нацыянальнага даследчага ядзернага ўніверсітэта «МІФІ» Іван Дзятлаў. «Звязда» завітала на прамы эфір «Фактар.BY», каб ужывую ўбачыць эмоцыі ўдзельнікаў і зразумець, як гэта — стаць пераможцай галоўнага музычнага конкурса краіны.


Падрыхтоўка

Я назіраю за ўдзельнікамі перад іх выхадам на сцэну. У кожнага з іх ёсць асаблівыя рытуалы: адзін распяваецца, паўтараючы словы песні, другі абдымаецца са сваім настаўнікам, атрымліваючы апошнія парады, трэці адыходзіць убок і ні з кім не размаўляе, каб сабрацца з думкамі. Зараз канкурсанты існуюць ва ўласным сусвеце, і перашкаджаць ім не хочацца. 

Тым часам, здымачная група працуе ва ўсю моц, да выхаду ў прамы эфір застаецца ўсяго некалькі хвілін. Грымёры хутка падпраўляюць макіяж вядучым, каманда арганізатараў настройвае гледачоў. 

—Сёння ў нас сапраўднае свята, не шкадуйце сваіх эмоцый падчас шоў: ваша падтрымка вельмі важная для ўдзельнікаў, — звяртаецца да глядацкай залы аператар. 

Нам абвяшчаюць: да пачатку засталася хвіліна. Зусім хутка першы канкурсант ступіць на сцэну, і пачнецца сапраўдная барацьба талентаў. 

Выступленне

Адкрывае шоў падапечны Сярогі Уладзімір Аруцюнян. Паводле канцэпцыі суперфіналу, удзельнікі павінны выканаць дзве песні: першую абіралі гледачы, другую — сам выканаўца. Зорны настаўнік апісвае Уладзіміра наступным чынам: «Ён звычайны хлопец, які прыйшоў на кастынг у стаптаных чаравіках». Аднак на сцэне малады спявак пераўвасабляецца кардынальна, замест хлопца з вуліцы выходзіць высакародны чалавек з сумнымі, глыбокімі вачыма. Падчас суперфіналу Уладзімір выканаў лірычную кампазіцыю «This light between us», а таксама песню Валерыя Меладзэ «Насуперак».

— Глядач адрэагаваў добра, гэта прыемна. Ад настаўнікаў таксама пачуў добрыя словы, — дзеліцца эмоцыямі Уладзімір пасля выступлення. — Але мне трэба паслухаць запіс, каб зразумець, наколькі добра я выступіў: як ні круці, гук у студыі, у здымачным павільёне і ў тэлевізары розны.

Наступнае музычнае выступленне гледачам дорыць Марго Новік. Настаўніцай дзяўчыны стала Вольга Бузава, сябры журы падкрэсліваюць: у маладой спявачкі эфемернасць, далікатнасць і пяшчотнасць спалучаюцца з унутранай сілай. Адзін з моцных бакоў Марго — здольнасць з лёгкасцю змяняць вобразы. Падчас суперфіналу дзяўчына гэта дэманструе. Першай песняй, якую выканала Марго, стала абстрактная кампазіцыя Лінды «Варона», другой — лірычная, але моцная «Вышэй аблокаў» Ціны Караль.

— Як толькі я праспявала першую песню, адразу пачала думаць аб наступнай, пераключылася ўмомант, — распавяла Марго. 

Завяршаў тройку суперфіналістаў Іван Дзятлаў. Зорным настаўнікам выканаўцы стаў бадай адзін з самых чулых сябраў журы Сяргей Саседаў: таму, як музычны крытык рыхтуе сваіх падапечных перад выступленнямі, можна па-добраму пазайздросціць. Ён не адыходзіць ад канкурсантаў ні на крок, пытаецца аб стане і заўсёды ціха, каб ніхто лішні не пачуў, выказвае словы падтрымкі. Аб Іване Сяргей Саседаў кажа так: «З’явіўся незвычайны артыст з цудоўнай культурай выканання». Малады спявак выконвае «Песню аб далёкай радзіме» на верш Роберта Раждзественскага, а таксама «Show must go on» гурта «Queen». 

— Нягледзячы на тое, што падчас аднаго з выпускаў «Фактара.BY» я ўжо спяваў «Песню аб далёкай радзіме», сёння для мяне гэта была зусім іншая гісторыя, — адзначае Іван Дзятлаў. — Я пражыў і адчуў кампазіцыю па-іншаму. Напэўна, сёння яна была выканана ў тым напале, у якім я і хацеў яе ўбачыць. 

У суперфінале сябры журы амаль не выказваюць крытычных заўваг: сённяшні эфір адзначаецца сяброўскім настроем. Але ёсць месца і лёгкаму суму, зусім хутка ўсё скончыцца, і зорныя настаўнікі развітаюцца з падапечнымі.

Фінал

Да падвядзення вынікаў галасавання застаюцца апошнія хвіліны. І зноў намінанты дэманструюць рознае стаўленне да сітуацыі: Марго назірае, Іван разам з Сяргеям Саседавым вядзе прамы эфір, у якім выказвае падзяку сваім прыхільнікам, Уладзіміра не відаць. 

Імя пераможцы агучвае старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант: 

— Паважаныя сябры, я хачу павіншаваць усіх вас з тым, што другі сезон «Фактар.BY» адбыўся, і мне здаецца, ён атрымаўся. Я хацеў бы выказаць падзяку ўсім нашым тэлегледачам: кожны прамы эфір глядзелі каля мільёна беларусаў. Мы, стваральнікі перадачы, бачым зваротную сувязь і, паверце, прыкладзем усе намаганні, каб шоў «Фактар.BY» працягвалася. Вялікі дзякуй нашым настаўнікам, супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі, прадзюсарам і тэхнічным спецыялістам, — павіншаваў з фіналам конкурсу Іван Эйсмант. 

Па выніках глядацкага галасавання пераможцай другога сезона «Фактар.BY» стаў Іван Дзятлаў: аркамя прыза, хлопец атрымаў неацэнны досвед і ўспаміны на ўсё жыццё. Шоў скончылася, падарыўшы ўдзельнікам і гледачам шмат прыемных эмоцый. Наколькі яскравым і запамінальным стане трэці сезон «Фактар.BУ» — мы даведаемся зусім хутка. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».