Вы тут

Чукоўскі, Рэпін, Бітнер, Рунцоў — гісторыя аднаго фотаздымка


У Мінск гэты фотаздымак трапіў у 1955 годзе. Яго прывёз з Ленінграда Фёдар Мікалаевіч Рунцоў для сваёй стрыечнай сястры Людмілы Канстанцінаўны Рунцовай. Пры якой нагодзе гэта адбылося — уладальнікі не помняць. Дароўнага надпісу здымак не мае, адно толькі алоўкам пазначана падзея, год і некаторыя яго «ўдзельнікі». Ён захапляў і здзіўляў гасцей дома Людмілы Канстанцінаўны і быў аб'ектам гонару яго гаспадароў, якія добра ведалі, што валодаюць рэдкай каштоўнасцю.


Прайшло больш чым паўстагоддзя, перш чым гэты рарытэт разам з іншымі дакументамі сям'і Рунцовых трапіў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Перадала яго траюрадная пляменніца Фёдара Мікалаевіча і ўнучка Людмілы Канстанцінаўны Рунцовых Галіна Барысаўна Градасава. Багатая памяццю свайго роду і ашчадная да ўсіх рэліквій, якія захаваліся яшчэ з юнацтва яе бабулі, яна ў рэшце рэшт прыняла рашэнне аб перадачы дарагіх ёй дакументаў пад дзяржаўную апеку. Адбылося гэта ў красавіку 2006 г. З тае пары і вядзецца пошук звестак пра падзеі, якія могуць быць звязаныя з гэтым здымкам, а таксама пра лёсы тых, хто на ім адлюстраваны.

Ілья Рэпін, Карней Чукоўскі і іншыя

На адваротным баку здымка маецца штамп «Фотография = Прогрессъ = С.П.Б. Вас. Остр. Большой пр. 85—2, угол Весельной ул.» і напаўсцёрты надпіс простым алоўкам, магчыма, што рукой Фёдара Рунцова: «[Редакция] «Вестника знания» в гостях у И.Е. Репина. 1912. 1) Репин 2) Битнер 3) Макстысь 4) Рунцов 5) Северова Н.Б. 6) Чуковский». З гэтага надпісу зразумела, што сам уладальнік некаторых асоб са здымка не ведаў ці не помніў, альбо запісаў толькі тых, хто ўвайшоў у гісторыю мастацтва, літаратуры і навукі. Што да анатавання фотаздымка, то асобы на ім размешчаны ў наступным парадку: 1-ы шэраг (сядзяць) — невядомая, Наталля Нордман-Северава, Карней Чукоўскі, невядомы; 2-гі шэраг (стаяць) — невядомы, Ілья Рэпін, Вільгельм Бітнер, Роберт Макстысь, Фёдар Рунцоў.

Што аб'ядноўвала ўсіх гэтых людзей? Сабраліся яны выпадкова, шарагоўцы бясконцых візітаў у «Пенаты» Рэпіна, ці іх яднала нейкая агульная справа? Вельмі значнай інфармацыяй для разгадкі гэтай таямніцы з'яўляецца запіс: «Вестник знания».

Вільгельм Бітнер і часопіс, якога «не было нават за мяжой»

«Вестник знания» — адзін з найбольш папулярных часопісаў для самаадукацыі, які выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу ў пачатку ХХ стагоддзя. Выдаваў яго Вільгельм Бітнер, які ў свой час працаваў у выдавецтве Сойкіна, супрацоўнічаў з часопісам «Природа и люди», а з 1899-га ў часопісе «Научное обозрение» вёў раздзел «Народный университет». Ідэя народных універсітэтаў была вельмі распаўсюджанай у Еўропе канца XІX — пачатку XX стст. Прыблізна ў 1889 г. Бітнер ажыццявіў паездку ў Германію, дзе наведаў пасяджэнне берлінскага таварыства «Уранія». Пасля прыезду ў Санкт-Пецярбург ён напісаў пра «Уранію»: «У ёй злучаюцца музей, астранамічная абсерваторыя, фізічны кабінет, акварыумы, віварыумы і да т. п., тэатр, чытанні лекцый з розных галін ведаў, рэдакцыя вельмі добрага навукова-папулярнага часопіса і сур'ёзная навуковая ўстанова для самастойных даследаванняў у галіне прыродазнаўства. Дык чаму ж у нашай убогай Расіі, дзе народу так неабходная адукацыя, не стварыць што-небудзь накшталт «Ураніі»?» У хуткім часе Бітнер пачаў ажыццяўляць сваю мару. Адным з прагрэсіўных яго праектаў стала выданне часопіса «Вестник знания», які выходзіў з 1903 да 1918 гг. і меў вялікую папулярнасць. Падводзячы вынікі сваёй двухгадовай работы, рэдакцыя часопіса адзначала: «Дзякуючы створанаму намі тыпу часопіса, падобнага на які не было нават за мяжой, у нас атрымалася вельмі шырокае кола чытачоў: побач з вышэйшай інтэлігенцыяй (прафесары, студэнты, урачы), мы маем падпісчыкаў сярод простых рабочых і ледзьве адукаваных, але мыслячых сялян».

Падзвіжніца ідэі карыснай грамадскай дзейнасці

Сярод актыўных праваднікоў многіх ідэй «Вестника знания» была выдатная жанчына і неардынарная асоба свайго часу Наталля Барысаўна Нордман-Северава.

Нордман (літ. псеўданім Северава) нарадзілася ў 1863 г. у Хельсінкі ў сям'і рускага адмірала шведскага паходжання і рускай дваранкі, атрымала выдатную хатнюю адукацыю, валодала шасцю мовамі, займалася музыкай, лепкай, маляваннем і нават фатаграфіяй. У пошуках незалежнасці і карыснай грамадскай дзейнасці ў 1884 г. яна, супраць волі сям'і, паехала ў ЗША, дзе працавала на ферме. Праз год вярнулася ў Расію і пасялілася ў сваёй сяброўкі княгіні Ценішавай, якая ў той час жыла ў Маскве. Захапілася тэатрам, іграла на адной з аматарскіх сцэн. У маскоўскім тэатры «Парадыз» Нордман пазнаёмілася з маладым купцом Аляксеевым, якога пазней будуць ведаць як заснавальніка знакамітага ММАТа пад прозвішчам Станіслаўскі, рэжысёрам Фядотавым. Менавіта яны прарочылі Нордман будучыню выдатнай камедыйнай актрысы. Атмасфера «жывапісу і музыкі» дому Ценішавай спрыяла многім захапленням Нордман (балетнымі танцамі, Італіяй, фатаграфіяй, псіхафізіялогіяй, палітычнай эканоміяй) і знаёмствам з многімі выдатнымі людзьмі. Адным з такіх лёсаносных для яе было знаёмства з тады ўжо знакамітым мастаком Ільёй Яфімавічам Рэпіным, які быў нейкі час выкладчыкам школы, заснаванай Ценішавай ужо ў Санкт-Пецярбургу.

Санкт-Пецярбург — Здраўнёва — Куокала

З 1872 г. і да 1887 г. Рэпін быў у шлюбе з Верай Шаўцовай — дачкой акадэміка архітэктуры Шаўцова. У сям'і нарадзілася чацвёра дзяцей. Але праз пятнаццаць гадоў гэты сямейны саюз распаўся. Рэпін застаўся жыць са старэйшымі дзецьмі. Жыў у Санкт-Пецярбургу, дзе з 1894 г. выкладаў у Акадэміі мастацтваў, падоўгу працаваў у сваёй сядзібе Здраўнёва пад Віцебскам, якую набыў у 1892 г. У 1899 г. пазнаёміўся з Наталляй Нордман, якая завітала да яго ў майстэрню разам са сваёй сяброўкай і прыяцелькай мастака княгіняй Ценішавай. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам. Рэпін купіў на імя Нордман невялікую сядзібу ў Куокале на беразе Фінскага заліва, каля весніц прыбілі маленькую дошчачку з надпісам «Vіa Pеnates» і пачалі яе добраўпарадкаванне. Тады ніхто і не здагадваўся, што пакупка зроблена Рэпіным, і доўгі час лічылася, што гэта Ілья Яфімавіч пасяліўся на дачы Нордман. Так пачыналася заснаванне знакамітых «Пенатаў» і пераезд Рэпіна ў Куокалу назаўсёды. «Пенаты» сталі, дзякуючы іх гаспадарам, вельмі папулярнымі і ў вялікай ступені выконвалі місію народнага ўніверсітэта. Тут чыталіся лекцыі, ладзіліся выставы, а ў спецыяльна набытым недалёка ад дома памяшканні, абсталяваным пад тэатр, Нордман ставіла спектаклі па сваіх п'есах.

«Пенаты», тэатр «Праметэй» і ад'езд у Лакарна

Калі распачалася работа па пошуку матэрыялаў для гэтага артыкула, першым месцам, куды звярнулася па ўдакладненне некаторых фактаў, быў Музей-сядзіба Рэпіна «Пенаты», а дакладней — да яго навуковага кіраўніка, вядомага даследчыка жыцця і творчасці Рэпіна Алены Кірылінай. У адным з лістоў Кірыліна мне напісала: «Такога здымка я не ведаю, і ён вельмі цікавы. Здымаліся яны не ў «Пенатах», а недалёка, каля тэатра «Праметэй», які быў набыты гаспадарамі «Пенатаў» для патрэб кааператараў. У той час моднай стала кааперацыя па розных прыкметах... А ў Рэпіна была асветная кааперацыя. Бітнер, галоўны рэдактар часопіса «Вестник знания», таксама меў на ўвазе народную асвету, выдаючы навукова-папулярны часопіс. У ім, у прыватнасці, друкаваліся вялікія артыкулы па гісторыі кааператарскага руху. Да 10-годдзя часопіса яго супрацоўнікі заказалі Рэпіну партрэт Бітнера, што было выканана. Ідэі народнай адукацыі былі для Рэпіна дарагімі. Супрацоўнікі і падпісчыкі часопіса прыязджалі ў «Пенаты».

Пра тэатр «Праметэй» успаміналі многія, у тым ліку Чукоўскі: «Для пастановак п'ес сваёй жонкі І. Я. Рэпін набыў на станцыі Аліла драўляны будынак дачнага тэатра, які быў больш падобны да пуні. «Праметэем» яго назвала Наталля Барысаўна. Быў ён вядомы тым, што там выступалі малады У. У. Маякоўскі і трупа У. Э. Меерхольда. У 1920-я гады будынак гэтага тэатра І. Я. Рэпін падарыў фінам».

Пасля 1912 г., калі быў зроблены гэты фотаздымак, Наталля Барысаўна Нордман-Северава пражыла ўсяго два гады. Яна цяжка захварэла і, не захацеўшы абцяжарваць Рэпіна, паехала ў Швейцарыю, у Лакарна, дзе быў шпіталь для бедных. Напісала адтуль некалькі лістоў Чукоўскаму. Памерла ў ліпені 1914 г. Яе імя і цяпер можна сустрэць у кнігах і публікацыях па гісторыі жаночага руху, а таксама па вегетарыянстве і здаровым спосабе жыцця. Была вядомая як пісьменніца і драматург.

Візіт пасыльнага, альбо разгубленаць Карнея Чукоўскага

Пра тое, што Вільгельм Бітнер і супрацоўнікі «Вестника знаний» былі частымі наведвальнікамі «Пенатаў», сведчаць успаміны і дзённікі Чукоўскага — блізкага суседа і сябра Рэпіна. Чукоўскі пра сваю першую сустрэчу з вялікім мастаком успамінаў: «Каля паўстагоддзя таму ў дачным пасёлку Куокала стаяў недалёка ад станцыі драўляны дамок, над якім высілася недарэчная вежачка з рознакаляровымі, напаўразбітымі шыбамі. Там, у вежачцы, каля пяцідзесяці гадоў таму было маё жытло, і лесвіца туды была вельмі крутая. Па гэтай крутой лесвіцы аднойчы, перад вячэрнім змрокам, вельмі лёгка, без задышкі, узабраўся да мяне пажылы чалавек — у першую хвіліну я прыняў яго за пасыльнага — і падае мне ліст: «З Піцера, ад Івана Іванавіча...» Я ўскрываю канверт і чытаю: «Карыстаючыся ласкай Ільі Яфімавіча Рэпіна, які прынясе Вам гэтую запіску, спяшаюся паведаміць...» далей я не чытаў. Думка, што тут, перада мной, у гэтым маленечкім пакойчыку стваральнік «Бурлакоў», «Запарожцаў», «Не чакалі», «Івана Грознага», «Хрэснага ходу», прывяла мяне ў стан крайняй разгубленасці. Я стаў усаджваць яго на свой адзіны стул, але ён сказаў, што толькі з цягніка, што яму трэба хутчэй дадому, і ўсё ж затрымаўся на хвіліну, агледзець маю мізэрную кніжную паліцу».

Было гэта ў 1907 г. Вядомы мастак і літаратар-пачатковец пасябравалі. Рэпін вельмі паважаў і цаніў сваёго маладога сябра, і, як успамінаў Карней Іванавіч, «пачынаючы з зімы 1908—1909 года, ён стаў усё часцей і часцей бываць у мяне (разам са сваёй жонкай Наталляй Барысаўнай) і звычайна бавіў на маёй маленькай дачы ўвесь свой нядзельны вольны час».

Чукоўскі вельмі цаніў гэтае сяброўства і як мог дапамагаў мастаку ў многіх яго справах. Быў частым удзельнікам творчых сустрэч, т. зв. серад. Успамінаў, што серада для Рэпіна была святочным днём. У гэты дзень ён чысціў палітру, надзяваў святочны, часцей за ўсё светла-шэры, гарнітур і выходзіў у сад чакаць часцей з Пецярбурга. Ці не ў адзін з такіх дзён завітаў да яго і Наталлі Барысаўны Бітнер з усёй рэдакцыяй «Вестника знания»?

Ігуменскі юнак на службе «Вестника знания»

Не так многа звестак удалося сабраць пра двух маладых паплечнікаў Бітнера з фотаздымка: Рунцова і Макстыса.

Роберт Хрыстафоравіч Макстыс (у некаторых крыніцах Макстысь) быў у свой час вядомым літаратарам, перакладчыкам, актыўным супрацоўнікам «Вестника знания». Кола яго захапленняў было вельмі шырокім, ад філасофіі да астраноміі, а сам ён з'яўляўся правадзейным членам Рускага астранамічнага таварыства. На час стварэння гэтага фотаздымка Макстыс жыў у Рызе, але вельмі часта наведваў Пецярбург, вёў перапіску з многімі вучонымі. У адным са сваіх лістоў у Пецярбург да вучонага Марозава Макстыс паведамляе, што рыхтуе зборнік на латышскай мове пад назвай «Прырода», і што большая частка кнігі прысвячаецца астраноміі, фізіцы і хіміі. Праз кароткі час, 5 мая 1912 г., у лісце да таго ж Марозава ён паведамляе: «у канцы мая буду ў Пецярбурзе. Зайду асабіста падзякаваць Вам». Пісаў Макстыс і пра пераезд на сталае жыхарства ў Пецярбург, што, відаць, у хуткім часе і адбылося. У адзін са сваіх прыездаў ён, відавочна, разам з калегамі і завітаў у «Пенаты».

Не менш загадкавай застаецца для нас і постаць Рунцова, дзякуючы якому гэты фотаздымак і трапіў у Беларусь. Ён нарадзіўся каля 1886 г. у сялянскай сям'і на хутары каля вёскі Горкі, што за 15 кіламетраў ад Ігумена (Чэрвеня). На вялікі жаль, ніхто з яго родных не змог паведаміць пра яго дзяцінства і вучобу тут, у Беларусі. Вядома толькі, што ён зусім маладым хлопцам паехаў у Санкт-Пецярбург, відавочна, каб працягнуць вучобу ва ўніверсітэце. Невядома, пры якіх абставінах ён пазнаёміўся з Бітнерам і калі стаў супрацоўнічаць з «Вестником знания», але ўжо ў пачатку 1910-х ён згадваецца як яго паплечнік, а яшчэ як рускі літаратар, журналіст, папулярызатар навуковых ведаў. Ён быў добра знаёмы з Рэпіным і яго жонкай Нордман-Северавай. У 1914 г. Рунцоў напісаў невялікі ўспамін «Впечатления с лекции Н. Б. Северовой», у якім з захапленнем расказаў пра яе неардынарную асобу. Рунцоў пісаў і вершы. У 1913 г., да 10-годдзя заснавання «Вестника знания», напісаў словы да яго гімна, музыку для якога стварыў вядомы кампазітар Архангельскі. Была выпушчана юбілейная ўлётка з партрэтамі Архангельскага і Рунцова і словамі гімна. Пасля рэвалюцыі Рунцоў жыў і працаваў у Ленінградзе. Памёр у 1962 г. Як успамінаюць яго сваякі, не забываў Беларусь, наведваў родныя мясціны.

Ганна ЗАПАРТЫКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.