Вы тут

Архіўны дэтэктыў: Забыты тэатр. Аперэта для ваеннага пакалення


Гісторыя гэтага тэатра зыходзіць да пачатку 1930-х гадоў, а яго актыўная праца прыпадае на 1943 — 1949 гг. Тэатр быў адноўлены ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны, і сам факт яго аднаўлення сведчыць пра вялікую веру ў Перамогу і клопат пра маральны дух пакалечаных і знясіленых цяжкімі гадамі акупацыі. Пра гэты тэатр ўсяго некалькімі радкамі згадваюць у энцыклапедычных даведніках і амаль не згадваюць у навуковых працах. Гаворка пра Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Узнавіць яго гісторыю дапаможа адзін з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. 


Штрыхі з даваеннай гісторыі

Дакладная дата заснавання тэатра пакуль не ўстаноўлена. Першым дакументам, які засведчыў факт яго існавання, з’яўляецца «План Цэнтральнага праўлення саюза працаўнікоў мастацтва Беларусі па мастацкаму абслугоўванню тэатрамі калгасаў, саўгасаў і МТС у часе веснавой пасяўной кампаніі 1933 г.» Сярод іншых беларускіх тэатраў згадваецца і «Музычная камедыя» з выездамі ў Веткаўскі, Чачэрскі і Церахаўскі раёны. Названы план датаваны 10 сакавіка 1933 г., а 17 красавіка гэтага ж года выйшла пастанова Бюро ЦК КП(б)Б «Аб устанаўленні сеткі тэатраў і паляпшэнні іх работы», адпаведна якой Тэатр музычнай камедыі ліквідоўваўся. Але ў пачатку 1939 г. даведка тэатральнага сектара Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР «Аб росце тэатраў за другую пяцігодку» паведамляла аб стварэнні ў гэты перыяд, гэта значыць да 1937 г., Тэатра музычнай камедыі. Пасля вядомых у гісторыі Беларусі падзей, 24 жніўня 1940 СНК БССР прыняў пастанову «Аб пераводзе Тэатра музычнай камедыі БССР для стацыянарнай работы ў г. Беласток». Для дзейнасці тэатра перадаваўся будынак Беластоцкага гарадскога тэатра, а Беластоцкі аблвыканкам абавязвалі «прадставіць тэатру неабходную колькасць кватэр для размяшчэння работнікаў тэатра». 

Аляксей Клумаў  - кампазітар, загадчык музычнай часткі тэатра

Але меней чым праз год пачалася Вялікая Айчынная вайна. Тэатр так і не паспеў папрацаваць на новы рэпертуар: трупа расфарміравалася, жыццё многіх артыстаў і працаўнікоў тэатра абарвалася ў першыя ж дні вайны, некаторыя пехатой пайшлі на ўсход і сталі артыстамі франтавых брыгад.

Аднаўленне дзеля мірнага жыцця

Новы перыяд у жыцці тэатра бярэ адлік ад 7 кастрычніка 1943 г. Гэтым днём датуецца загад № 20 Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР: «1) На падставе пастановы СНК БССР ад 7 кастрычніка 1943 г. за № 80 і загада ВКИ за № 475 узнавіць працу Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР з 07.10.1943 г. 2) Часовай базай дзяржтэатра музкамедыі БССР вызначыць горад Масква. 3) Прызначыць выконваючым абавязкі дырэктара дзяржтэатра музкамедыі БССР артыста тэатра Гераскіна Георгія Паўлавіча. 4) Вызначыць колькасны склад тэатра на першы час — 35 — 40 чалавек. 5) Вызначыць тэрмін збора тэатра ў складзе, які ўказаны ў § 4 — 20 кастрычніка 1943 г. 6) Зацвердзіць наступны рэпертуар тэатра на IV квартал 1943 г. і тэрміны выпуска пастановак: а) канцэрт-спектакль (савецкая аперэта, класічная аперэта, венская аперэта) — 01.11.1943 г.; б) “Нітуш” — муз. Эрве — 01.12.1943 г.; в) “Жаніцьба Фрыца” — муз. А. Клумава — 25.12.1943 г. Начальнік Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР П. Пястрак. Масква, 7 кастрычніка 1943 г.» 

Тэатр арганізоўваўся для працы на тэрыторыі Беларусі як стацыянарны тэатр. 26 верасня 1943 г. Чырвоная Армія ступіла на беларускую зямлю, і да пачатку 1944 г. вызваліла ўсходнія раёны Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей. Беларускі ўрад, які знаходзіўся ў эвакуацыі ў Маскве, пачаў рабіць першыя крокі да адбудовы мірнага жыцця на вызваленых тэрыторыях. Аднаўленне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР з часовай базай у Маскве было разлічана, перш за ўсё, на канцэртнае абслугоўванне вайсковых частак, шпіталяў, гарадоў і сёл Беларусі, якія толькі што вызвалены з-пад фашысцкай акупацыі. І першыя дакументы аб аднаўленні яго дзейнасці, па законах ваенага часу, вельмі лаканічныя і катэгарычныя: на збор трупы тэатра — 13 дзён, на падрыхтоўку першага канцэрта-спектакля — 24 дні, на падрыхтоўку першага музычнага спектакля — 54 дні. Як такое было магчыма? Але, як і ўсе загады ваенага часу, гэты таксама патрабаваў неадкладнасці, хуткасці, мабільнасці.

На пасаду галоўнага рэжысёра быў запрошаны заслужаны артыст РСФСР Камерніцкі, галоўнага балетмайстра і рэжысёра — Курылаў, балетмайстрам-педагогам — Каверынскі. Мастацкім кіраўніком тэатра быў прызначаны Зак. На стадыі фарміравання творчага калектыву адзіна ажыццявімай задачай была падрыхтоўка спектакля-канцэрта, які б складалі ўрыўкі з класічных і савецкіх аперэт. Упраўленне па справах мастацтваў пры СНК БССР абавязвала выпусціць першы спектакль-канцэрт ужо да 1 снежня 1943 г. Але неўкаплектаванасць і неспрацаванасць калектыва, адсутнасць самых элементарных тэхнічных і іншых сродкаў стрымлівала працу. Маскоўскі рэпертком і Упраўленне па справах мастацтваў прынялі спектакль-канцэрт толькі 3 лютага 1944 г. 

Адначасова з падрыхтоўкай канцэрта калектыў тэатра прыступіў да рэпетыцый класічнай аперэты Джонса «Гейша». Умовы працы былі надзвычай цяжкімі. Тэатр усю зіму 1943 — 1944 г. туліўся ў халодным памяшканні Клуба дрэваапрацоўчага завода: рэпетыцыйных памяшканняў не хапала, адсутнічалі майстэрні, фінансавыя сродкі выдзяляліся ў асноўным на мізэрную зарплату акцёрам. З надыходам вясны 1944 г. дырэкцыя тэатра змагла заключыць дамову на арэнду пляцоўкі Клуба «Красная Звязда» з больш спрыяльнымі ўмовамі працы. Для падрыхтоўкі спектакля «Гейша» устанаўліваўся новы графік працы — з 10 гадзін раніцы да 21 гадзіны. За парушэнне працоўнай дысцыпліны артысты і тэхнічны персанал тэатра строга караліся: аб’яўляліся вымовы, пазбаўляліся сняданкаў на працяглы тэрмін (да 20 дзён), за спазненні і несанкцыянаваны адыход з працоўнага месца некаторыя аддаваліся пад суд. 

Прэм’ера «Гейшы» адбылася ў памяшканні тэатра парка ЦДКА імя Фрунзе ў Маскве. Да канца 1944 г. адбылося 63 паказы аперэты. Акрамя гэтага, за 1944 г. артыстычнымі брыгадамі тэатра было дадзена 114 канцэртаў.

Усяго за першы год сваёй дзейнасці тэатр выпусціў тры пастаноўкі, акрамя згаданых «Гейша» і «Спектакль-канцэрт», быў падрыхтаваны музычны спектакль «Іван ды Мар’я». 

Рэпертуар для вызваленай Беларусі

Першая гастрольная паездка тэатра на вызваленую беларускую зямлю адбылася з 15 сакавіка да 3 красавіка 1944 г. у г. Гомель для ўдзелу ў «мастацкім абслугоўванні» Сесіі Вярхоўнага Савета БССР. Для паказу быў абраны «Спектакль-канцэрт», які, ў адпаведнасці з загадам дырэктара ад 4 сакавіка 1944 г., павінен быў дапоўніцца новымі нумарамі. Загадчык музычнай часткі кампазітар Клумаў тэрмінова арганізаваў развучванне Дзяржаўнага гімна. Спектакль-канцэрт меў у Гомелі вялікі поспех, а выступленне перад дэпутатамі сесіі Вярхоўнага Савета БССР атрымала выдатную ацэнку, якая была выказана ў лісце ЦК КПБ(б)БССР на імя старшыні ВКІ пры СНК СССР. 

Іван Сайкоў – артыст тэатра, народны артыст БССР

Вельмі хутка, 19 чэрвеня 1944 г., група акцёраў тэатра зноў адправілася ў Гомель і раёны, дзе давала канцэрты да 7 ліпеня. 15 ліпеня яе змяніла наступная група. З гэтага часу гастрольныя паездкі становяцца адной з форм існавання тэатра. Першымі гарадамі вызваленай Беларусі, якія наведвалі брыгады тэатра, былі Гомель, Рэчыца, Навабеліца і іх ваколіцы. Важна адзначыць, што канцэртныя брыгады тэатра ў гэты перыяд былі частымі гасцямі ў вайсковых частках Чырвонай Арміі і шпіталях. За 1944 г. тэатрам было паказана 122 шэфскіх канцэрты і гастрольныя спектаклі, якія ўбачылі 86,5 тысяч гледачоў. 

З «Вяселлем у Малінаўцы», але без «Чатырох памылак»

Матэрыяльныя цяжкасці не дазволілі і ў 1945 г. ажыццявіць задуманае. Знаходзячыся ў Маскве ва ўмовах амаль безперапынных пераездаў з аднаго памяшкання ў другое і чакаючы вяртання ў Беларусь, кіраўніцтва тэатра было пазбаўлена магчымасці і сродкаў ствараць уласныя вытворчыя цэхі, а праца на пляцоўках з малой колькасцю глядацкіх месцаў рабіла спектаклі стратнымі. Тэатр меў вялікія даўгі па арэндзе памяшканняў, па дзяржаўных падатках і зборах, па аўтарскім і музычным фондзе, сацстраху і нават па зарплаце ўласнаму калектыву.

Праграма спектакля “Вяселле ў Малінаўцы”

У 1945 г. удалося падрыхтаваць толькі дзве пастаноўкі: «Марыэтта» і «Вяселле ў Малінаўцы» на музыку Аляксандрава. Па лініі ваенна-шэфскай працы калектыў тэатра правёў у 1945 г. 134 канцэрты і спектаклі ў вайсковых частках і шпіталях. Рыхтаваліся ў гэты год, але так і не былі зацверджаны, «Баядэра» і «Чатыры памылкі».

Эскізы касцюмаў да спектакля “Вяселле ў Малінаўцы”

1946 г. прынёс мала змен у жыццё тэатра. Пераезд на пастаянную базу ў Беларусь адкладваўся, выявілася, што ўвесь 1946 г. база тэатра застанецца ў Маскве. Гэты перыяд характарызуецца яшчэ і небывалай бягучасцю кадраў. Ведаючы пра хуткі пераезд у Мінск, работнікі тэатра з маскоўскай прапіскай, у тым ліку і многія з творчага складу, пачалі масава звальняцца. І тым не менш тэатр працаваў і за ўвесь 1946 г. выпусціў тры пастаноўкі: «Баядэра» — прэм’ера адбылася 9 мая, «Каламбіна» — прэм’ера 22 кастрычніка, «Дзяўчына з Барселоны» — прэм’ера 31 кастрычніка.

Вяртанне ў Беларусь

У пачатку верасня 1946 г. калектыў тэатра пачаў рыхтавацца да гастроляў у БССР у г. Бабруйск. Гастролі — прычына афіцыйная, на самой справе ўсе добра ведалі, што ў Маскву калектыў тэатра больш не вернецца. На гастролі ў Бабруйск тэатр выехаў 23 верасня 1946 г. у далёка не поўным складзе.

Заява артысткі хора Сыравацкай ад 15.10.1946 г.: «Знаходжуся ў вельмі цяжкім становішчы ў цяперашніх гастролях. Не маю ні матэрыяльнай, ні маральнай глебы. Выйсця з гэтага становішча не знаходжу, як толькі вярнуцца назад у Маскву. Мне здаецца што маючы музычна-драматычную адукацыю, я б магла быць карыснай тэатру ў некаторых ролях, але іх атрымаць, відавочна, вельмі цяжка, ды і паўсядзённы клопат аб тым, як сёння праіснаваць дзень, не дае мне працаваць над сабой, адсюль выйсце адно — вярнуцца ў Маскву, у чым і прашу дырэкцыю мне дапамагчы». Ніжэй прыпіска: «Засталася працаваць да канца».

У лісце на імя Лютаровіча ад 17.05.1947 аб дадатковым фінансаванні ўказваецца адна з прычын невыканання плана больш чым на 80%: «Спектаклі тэатра, якія ідуць у Доме афіцэраў, наведваюць выключна афіцэры і іх сем’і, так як грамадзянскае насельніцтва доступу ў памяшканне Дома афіцэраў амаль не мае. У горадзе Бабруйску няма свабоднай глядацкай пляцоўкі».

17 мая СМ БССР выдаў распараджэнне з 1 чэрвеня «стацыяніраваць» тэатр у г. Бабруйску ў памяшканні гарадского тэатра. 

Задумы нацыянальнай аперэты

Яшчэ ў пачатку 1944 г. у тэатры пачалася рэжысёрская распрацоўка нацыянальнага музычнага спектакля Клумава на лібрэта Няфёда «44-ы дзень». Напачатку планавы спектакль гэтых жа аўтараў «Жаніцьба Фрыца» пад назвай «Прыгоды Фрыца» па нейкіх прычынах быў адхілены. Але «44-ы дзень» патрабаваў вялікіх дапрацовак на ўзроўні аўтарскай музыкі і тэксту, а ў тэатры на той час яшчэ адсутнічаў мужчынскі хор, які прадугледжваўся лібрэта. Нечаканая смерць аўтара, кампазітара і загадчыка музычнай часткі тэатра Аляксея Клумава 5 верасня 1944 г. і ўвогуле спыніла працу над спектаклем. Да нацыянальнай аперэты ў тэатры звернуцца ўжо толькі ў пасляваенныя гады.

У 1947 г. на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра быў запрошаны рэжысёр і артыст аперэты Дзмітрый Фауставіч Джусто (сын італьянскага спевака Джусто і артысткі МХТ Ціхаміравай), які да гэтага працаваў у тэатрах Харкава, Масквы, Адэсы. Музычным кіраўніком тэатра ў гэты час быў беларускі кампазітар, дырыжор і піяніст Юры Бяльзацкі, танцы ставіў заслужаны артыст БССР Сямён Дрэчын і балетмайстар тэатра Ліўшыц. Да 30-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі тэатр задумаў пастаноўку беларускай аперэты кампазітара Чуркіна «Песня Беразіны» (першапачатковая назва «Залатая маладосць»). Лібрэта да яе напісалі Кастусь Цітоў і Вольга Барысевіч. Пастаноўку ўзяў на сябе Джусто, мастацкая афармленне было даручана вядомаму тэатральнаму мастаку Аскару Марыксу. Прэм’ера была прызначана на 06.11.1947 г. Камісія па прыёмцы спектакляў 25.12.1947 г. адзначала: «Музычная камедыя К. Цітова і В. Барысевіч “Песня Беразіны” першая з аперэт беларускіх аўтараў-лібрэтыстаў на сучасную тэму, якая адлюстроўвае жыццё калгаснай вёскі ў нашы дні... У перыяд адсутнасці аперэтачнага нацыянальнага жанра ў Беларусі, музкамедыя “Песня Беразіны”, нягледзячы на шэраг істотных недахопаў, з’яўляецца прыемнай з’явай у тэатральным жыцці беларускага народа, паказвае сапраўдны росквіт матэрыяльнага дабрабыту ў пасляваенны, аднаўляльны перыяд у вёсцы і ў паказе іншым народам уяўляе вялікую этнаграфічную цікавасць сапраўды нацыянальнымі маляўнічымі касцюмамі, глыбокай народнай лірыкай і цудоўнымі беларускімі танцамі».

Наступнай беларускай аперэтай была прапанавана аперэта кампазітара Любана «Несцерка» на лібрэта Віталя Вольскага. Але пастаноўка не адбылася.

6 красавіка 1948 г. урад БССР прыняў рашэнне аб пераводзе Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР у статус перасоўнага без базы. Усю маёмасць, увесь калектыў з сем’ямі тэатр вымушаны быў пастаянна перавозіць з горада ў горад. 

1 сакавіка 1949 г., у адпаведнасці з загадам № 29 Упраўлення па справах мастацтваў пры СМ БССР, Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР быў расфарміраваны, а маёмасць перададзена тэатру Ленінскага камсамола ў Брэсце.

Ганна ЗАПАРТЫКА,

дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».