Вы тут

Архіўны дэтэктыў. Оперныя музы паэта Янкі Лучыны


Мінск другой паловы ХІХ стагоддзя. Утульная вуліца Юр’еўская. Тут, ва ўласным доме пад нумарам 23, жыве сям’я сакратара Мінскай губернскай палаты грамадзянскага суда Люцыяна Юр’евіча Неслухоўскага. Яго жонка Антаніна з Лукашэвічаў была ўраджэнкай Мінска і мела ў горадзе вялікую радню. Іх дзеці — сыны Ясь (Іван), Антон, Юльян, Генрык і дочкі Антаніна і Вікторыя. Сям’я дружная, гасцінная. Дом іх быў вядомы гораду высокімі культурнымі традыцыямі, там ладзіліся літаратурныя сустрэчы, абмяркоўваліся тэатральныя навіны, гучала музыка. 


Аднаму з сыноў Люцыяна Неслухоўскага наканавана было стаць паэтам. Імя яго ў літаратуры і Янка Лучына, і Ian Nesluchowski, і Иван Неслуховский. Выдатнае спалучэнне трох моў у творчасці аднаго пісьменніка. Беларуская літаратура ў яго творчым імкненні займала асобнае месца, духоўна-ўдзячна звернутае да простага чалавека, да селяніна, з якім так шчыра-лёгка бавіўся час: на вёсцы, на паляванні, у вандроўках.

Нарадзіўся Янка Лучына, як сведчаць дакументы, «коллежского секретаря Люциана и Антонины урождённой Лукашевичовны Неслуховских законных супругов сын, ... тысяча восемь сот пятьдесят перваго года июня двадцать четвертаго дня по утру в городе Минске». Ён быў першынцам у сям’і Люцыяна і Антаніны. Рос вельмі рухавым, дасціпным, як пісала ва ўспамінах яго пляменніца Ванда Дзяржынская: «ад прыроды палкі і эмацыйны». Пачатковую адукацыю атрымліваў дома, а таксама ў прыватным пансіёне настаўніка Ціля. Там жа, маючы ўсяго дзевяць гадоў, напісаў свой першы верш. У 1865 г. паступіў у Мінскую губернскую гімназію, адразу ў трэці клас. У 1870 г. яму быў выдадзены атэстат з характарыстыкай паводзінаў «отличные» і адзнакамі: Закон Божы, Катэхізіс, Свяшчэнная і Царкоўная гісторыя — «удовлетворительные», агульная, старажытная, сярэдняя, новая і руская гісторыя — «удовлетворительные», геаграфія агульная і руская — «удовлетворительные», арыфметыка — «весьма удовлетворительные», алгебра, геаметрыя «удовлетворительные», трыганаметрыя, фізіка, касмаграфія — «весьма удовлетворительные».

«Па выніках ведаў вяла дарога...»

Зразумела, што, маючы ў атэстаце па дакладных навуках «весьма удовлетворительную» адзнаку, будучы паэт імкнецца ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на матэматычны факультэт, куды і быў залічаны 31 жніўня 1870. Але вельмі хутка малады чалавек сутыкнуўся з непераадольнымі матэрыяльнымі цяжкасцямі. Кватэры ў сталіцы каштавалі дорага, а вучоба была платнай. Дапамога ж ад бацькоў — больш чым сціплая. Карыстаючыся прывілеямі для сыноў збяднелых дваран, 17 верасня ён піша прашэнне на імя рэктара ўніверсітэта: «Будучи по бедности не в состоянии вносить установленную плату за слушание лекций, имею честь покорно просить Ваше превосходительство освободить меня от оной.» Пры гэтым студэнт Іван Неслухоўскі прыкладаў пасведчанне аб беднасці, выдадзенае яму Мінскім павятовым прадвадзіцелем дваранства. На прашэнні рэзалюцыя «Освободить от всей платы». Але і гэта не вырашала ўсіх матэрыяльных праблем. Ён часта мяняў кватэры (за год чатыры), перабіраючыся ў таннейшыя, усё далей ад месца вучобы. А 6 мая 1871 г. падае на імя рэктара прашэнне: «Домашние обстоятельства заставляют меня немедленно уехать в губернский город Минск, и потому прошу Ваше Превосходительство о выдаче мне билета на выезд и проживание в вышеозначенном месте. Переводного экзамена держать не буду». У Пецярбург юнак вярнуўся ў прызначаны яму тэрмін 15 жніўня і перавёўся ў Тэхналагічны інстытут вольнаслухачом. 

З далейшага дзесяцігоддзя жыцця Янкі Лучыны звестак амаль не захавалася. «Вопіс дакументаў вольнаслухачоў Тэхналагічнага інстытута, якія паступілі ў 1871 г.» сведчыць, што Іван Неслухоўскі падаў пры залічэнні сярод іншых дакументаў пасведчанне аб службе на Варонежскай чыгунцы. Апошняе якраз і спараджае многа пытанняў. Якім чынам было адшукана месца працы так далёка ад Мінска і Санкт-Пецярбурга? Як доўга ён там працаваў? Калі працаваў, то якім чынам ладзіў сувязь з Тэхналагічным інстытутам?

«Пышны выгляд гор Каўказу» і трагічная нечаканасць

Вядома, што інстытут паэт скончыў у 1877 г. і адразу накіраваўся на працу ў Тыфліс. Ванда Дзяржынская, пляменніца, успамінала: «Пасля сканчэння Тэхналагічнага інстытута і адпаведнай бясплатнай падрыхтоўчай практыкі атрымаў пасаду на Каўказе, якая для яго выключнага розуму і дасканалых ведаў прадмета з’яўлялася прыступкай да яшчэ вышэйшага становішча.» На Каўказе праслужыў некалькі гадоў. Колькі — дакладна невядома. Як успамінала далей пляменніца: «Лёс, аднак, пажадаў іншага. Не папярэджваў, не падрыхтоўваў абранай ахвяры. Зваліў яе імгненна, як пярун з бясхмарнага неба. Квітнеючага, здаровага маладога чалавека разбіў цяжкі паралюш. Ногі перасталі падпарадкоўвацца. Каб мець магчымасць рухацца, вымушаны быў карыстацца мыліцамі — сумным прывілеем старасці». Гэтая трагічная нечаканасць здарылася ў Мінску, у адзін з яго прыездаў у бацькоўскі дом. На вялікі жаль, аўтарка ўспамінаў не падае звестак, у які год і пры якіх абставінах гэта адбылося. Магчыма, гэта адбылося пасля ранняй трагічнай смерці роднай сястры Антаніны (ёй было 23 гады) і ў хуткім часе (не прайшло і года) смерці бацькі. Ён, як старэйшы з мужчын у сям’і, мусіў вярнуцца дамоў, каб падтрымліваць маці. Усе гэтыя трагедыі, у выніку якіх магло (ці павінна было) змяніцца яго ўласнае жыццё, ужо выбудаванае і спланаванае, былі прычынай такой вераломнай хваробы. Ванда Дзяржынская ўспамінала: «Дзядзька Ян, ад прыроды палкі і эмацыйны, прыняў гэты ўдар з хрысціянскай пакорлівасцю і дзівосным спакоем... Праз 13 год, пастаянна працуючы ў адміністрацыі Лібава-Роменскіх дарог, зблізіўся з Аннай Грынявіцкай, якая таксама там працавала. Гэтая немаладая жанчына была яму добрым сябрам на рэшту жыцця... У жонцы дзядзька знайшоў апякунку, паплечніка, сябра».

«Грай на ліры да скону!»

Усё далейшае яго жыццё працякала ў Мінску: служыў чарцёжнікам у тэхнічным бюро Лібава-Роменскай чыгункі, наездамі бываў у Зацераве (як сам пісаў — «у вёску на святую Літву»), дзе пасля смерці бацькі пастаянна жылі маці з сястрой Вікторыяй, ездзіў на лячэнне ў Буск. Галоўнай жа справай яго жыцця стала літаратура. Свой першы беларускі верш напісаў у 1887 годзе, падпісаўшы яго псеўданімам Янка Лучына. Верш быў водгукам-прывітаннем трупе Міхайлы Старыцкага, якая ў той час гастралявала ў Мінску.

Янка Лучына быў актыўным удзельнікам літаратурнага жыцця Мінска, перапісваўся з многімі вядомымі пісьменнікамі, дасылаў свае творы ў часопіс «Życie», друкаваўся ў «Мінскім лістку», рабіў пераклады з польскай для «Вестника Европы», запісваў казкі для Паўла Шэйна. Нягледзячы на цяжкую хваробу, яго кожны дзень быў напоўнены творчым гарэннем.

Памёр Янка Лучына ў поўным росквіце летаў, 27 ліпеня 1897 года. Пахавалі яго на Кальварыі, побач з дарагімі яму людзьмі: бацькам Люцыянам Юр’евічам, сястрой Антанінай і многімі сваякамі. Усе іх магілы, многія з помнікамі, захаваліся. Ці не самая сціплая сярод іх — Янкі Лучыны.

«Дачка Італіі». Да гісторыі аднаго верша Янкі Лучыны

Гісторыя напісання твораў Янкі Лучыны моцна звязана з асабістымі падзеямі яго жыцця, яго ўражаннямі і захапленнямі. Ён пісаў прысвячэнні многім, кім зачароўваўся і з кім сябраваў. 

Адным з вялікіх яго захапленняў быў тэатр і музыка. Ён быў вядомым у Мінску заўзятарам канцэртаў, тэатральных пастановак як мясцовых труп, так і гастрольных, якіх у той час у нашай сталіцы не бракавала. 

У 1880-я — 1890-я гг. У Мінску гастралявалі многія вядомыя рускія артысты: Камісаржэўскі, Савіна (прыязджала некалькі разоў), Дарскі, Фядотава, браты Адэльгейм, Арленеў і многія іншыя. Тэатральныя паказы адбываліся ў Доме шляхецкіх збораў, у гарадскім садзе, летнім тэатры Сакалова, сямейным садзе «Цівалі». Пасля урачыстага адкрыцця Мінскага гарадскога тэатра ў 1890 годзе амаль усе тэатральныя паказы адбываліся на яго сцэне. Магчыма, што менавіта тут адбыўся бенефіс опернай артысткі, якой Янка Лучына прысвяціў верш — своеасаблівы камплімент ад імя тэатральнай грамадскасці горада. Верш напісаны на рускай мове і быў упершыню надрукаваны ў газеце «Минский листок» вельмі хутка пасля адзначанай у ім падзеі. Нагадаем яго.

Джюбелини-Рядновой

В память бенефиса

22 февраля в Минске в 1891 году

Вы — дочь Италии, где и народа сфера
Художества чертой уже озарена, 
В салоне богача и в песнях гондольера
Звездой является она.
В Вас — чуткая душа, в Вас дышит красотою
На сцене каждый шаг, Ваш голос так глубок, —
Быть может... не поймёт бездушною толпою
Художницы души наш тихий уголок?
Быть может, наш привет раздастся неудачно?
Быть может, часто он замолкнет невпопад?
И в говоре толпы лишь станет то прозрачно,
Что пошлости одной уста заговорят?..
Но искры божии, что бросить Вы успели,
Проникнут в глубину умов, сердец и душ,
А тем на шаг один поближе стала к цели
В понятье красоты, в искусстве наша глушь.
Так пой, художница! — веди нас к свету!
Откроется для нас искусства ясный храм!
И не сочти во зло безвестному поэту, 
Когда он свой поклон к твоим принёс стопам.

Артыстку, верш якой прысвяціў Янка Лучына, звалі Джаванна Джубеліні, Раднова — па мужу. Нарадзілася ў сонечнай Італіі, магчыма, што ў Ліворна, прыблізна ў 1855 годзе. Свой творчы лёс звязала з Расіяй, але яе добра ведала і еўрапейская публіка. Яна выступала ў Італіі (Рыме, Трыесце і інш.), Францыі (Марсэлі), Аўстрыі (Вене). З 1880 года жыла і працавала ў розных гарадах Расійскай імперы,: Тыфлісе, Кіеве, Саратаве. З 1900 жыла ў Растове-на-Доне, дзе і памерла 29 мая 1905 года. У Расіі яе звалі Іанна Іосіфаўна. Валодала голасам сапрана. Яе лепшыя партыі: Тамара — «Дэман» Рубінштэйна, Маргарыта — «Фауст» Гуно, Кармэн — «Кармэн» Бізэ, Марыя — «Мазепа» Чайкоўскага, Маргарыта — «Трубадур» Вэрдзі, Эльза — «Лаэнгрын» Вагнера і шэраг іншых. Яе партнёрамі былі выдатныя артысты рускай опернай сцэны Амірджан, Максакаў, Абразцоў, Тартакоў. Нязменным яе партнёрам быў муж, оперны спявак Яўген Радноў.

Менавіта дзеля яго Джаванна пакінула сваю радзіму і ў 1880 годзе пераехала ў Расію. Першае іх сумеснае вялікае турнэ па рускіх гарадах адбылося ў 1882 годзе. Яны выступалі ў Кастраме, Волагдзе, Яраслаўлі, Пярмі, Вятцы, Барнауле, Омску, Томску, Краснаярску. Праграма ўключала ўрыўкі з опер, рамансы, народныя песні. Выступала артыстка з гастрольнымі праграмамі і ў Адэсе, Маскве, Вільні. Але Мінск у яе гастрольным дзённіку так нідзе і не занатаваны. 

І гэты радок у яе творчую біяграфію ўпісаў беларускі паэт Янка Лучына. 

Мінскі бенефіс Джаванны Джубеліні, магчыма, быў зладжаны Музычна-літаратурным таварыствам, якое было створана ў Мінску яшчэ ў 1880 годзе. У яго працу быў, зразумела, уцягнуты і Янка Лучына. Само таварыства стала для свайго часу цэнтрам прагрэсіўнага літаратурнага, тэатральнага і музычнага жыцця горада.

Яўген Радноў — Янка Лучына і супадзенне датаў

Вывучаючы біяграфію Раднова, заўважаецца супадзенне адной даты, якая дае падставы меркаваць, што Янка Лучына і Яўген Радноў маглі быць знаёмыя яшчэ са студэнцкага юнацтва. І ў Мінск ён прыязджаў, магчыма, не адзін раз...

Яўген Карлавіч Радноў (сапр. Шульц) нарадзіўся ў сяле Раднаўка Харкаўскай губерні ў 1853 годзе ў сям’і педагогаў. У 1871 годзе, у адзін год з Янкам Лучынам, падаў дакументы на паступленне ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Дапускаю думку, што яны менавіта ў той час маглі пазнаёміцца і падтрымліваць сувязь хоць бы праз цікавасць да творчасці адзін аднаго. Яўген Карлавіч, відавочна, так і не скончыў інстытут. Яго больш захапляла сцэна, і ў Пецярбургу ён часцей бываў на спектаклях Марыінскага тэатра, чым на лекцыях. У хуткім часе стаў сам удзельнікам аматарскіх канцэртаў. Ён валодаў лірыка-драматычным тэнарам. А пасля, у бегу трох гадоў, у яго біяграфіі была Пецярбургская кансерваторыя і далей паездка ў Мілан. У Італіі ён пазнаёміўся і атрымаў падтрымку вядомых оперных спевакоў, часта наведваў спектаклі знакамітага Ла Скала. На сцэне дэбютаваў у 1875 годзе ў партыі Фердынанда ў оперы Даніцэці «Фаварытка» ў оперным тэатры Бергама. На адным з спектакляў «Баль-маскарад» Вэрдзі, дзе ён выконваў невялікую партыю, пазнаёміўся з маладой італьянскай спявачкай Джаваннай Джубеліні, якая выконвала партыю Ульрыкі. У гэтым жа годзе Джаванна і Яўген пажаніліся. 

У1906 годзе Радноў, па запрашэнні Аляксандра Глазунова, працаваў у Петраградскай кансерваторыі, арганізаваў там оперную студыю. У 1910 годзе вярнуўся ў Тыфліс, у горад, дзе ў свой час пачынаўся яго і Джаванны «рускі» перыяд опернай сцэны. У Тыфлісе ён працягваў сваю педагагічную працу ў Тыфліскім музычным вучылішчы, а пасля кансерваторыі стварыў оперную студыю, паставіў некалькі оперных спектакляў. Памёр 19 верасня 1925 г. Варта яшчэ раз згадаць, што з гэтым горадам звязаны і лёс Янкі Лучыны. Пасля сканчэння ў 1877 годзе тэхналагічнага інстытута ён, як сцвярджаюць біёграфы, некалькі гадоў працаваў на чыгуначных складах Тыфліса. Як ні дзіўна, але і тут шляхі Янкі Лучыны і Яўгена Раднова маглі сысціся. 

Ганна ЗАПАРТЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».