Вы тут

Карней Чукоўскі: Не рабіце шаржаў на вярблюдаў...


70 гадоў назад у Мінску ў Дзяржаўным выдавецтве БССР пабачыла свет кніга славутага і на той час дзіцячага пісьменніка Карнея Чукоўскага «Мыйдадзір». 


У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваюцца два лісты і адна паштоўка вядомага літаратара, адрасаваныя ў 1953 годзе Аляксею Якімовічу і выдавецтву. Перапіска звязана з выданнем кнігі. 

... 1953 год быў надзвычай насычаным падзеямі ў літаратурным працэсе Савецкага Саюза. Працытую некалькі запісаў з дзённіка К. І. Чукоўскага за 1953 год. 29 сакавіка 1953 г.: »... Чытаю мноства кніг, якія павінны дапамагчы мне па сутнасці перарабіць «Ад двух да пяці» — і перш-наперш «Асновы агульнай псіхалогіі» С. Л. Рубінштэйна«. 13 красавіка: «Дзівосныя красавіцкія падзеі! Указ аб амністыі, перагляд справы урачоў- атрутнікаў ўпрыгожылі ўсе мае дні радасцю...» 26 красавіка: «Была ўчора жонка Бондзі — так і палае навінамі пра „новыя парадкі“. „Крэмль будзе адчынены для ўсёй публікі“, „сталінскія прэміі адмяняюцца“, „пазык не будзе“, „калгаснікамі будзе дадзена палёгка“ і г.д., і г.д., і г.д. „Саюз пісьменнікаў будзе скасаваны“, „Фадзееў будзе змешчаны“, „штат міліцыі скарочаны ледзьве не ў пяць разаоў“ і г.д., і г.д., і г.д.. Усё, чаго жадаецца абывацелям, — яны выдаюць за праграму ўрада...» 25 кастрычніка: «Быў у Федзіна... Федзін у захапленні ад пастэрнакаўскага верша „Жнівень“, які сапраўды геніяльны...» 5 снежня: «Быў з Федзіным у Панамарэнка. Ён болей за гадзіну выкладаў нам сваю праграму — прастадушна ліберальнічаў...» Несумненна, пячатку на ўсё жыццё, усе размовы і развагі накладвала смерць кіраўніка Савецкай дзяржавы Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна, які пайшоў з жыцця ў іншы свет 5 сакавіка 1953 года... 

А тым часам, хутчэй за ўсё — яшчэ напрыканцы 1952-га ці ў самым пачатку 1953 года, беларускія кнігавыдаўцы прынялі рашэнне выдаць кнігу Карнея Чукоўскага на беларускай мове. Перакладчыкам «Мыйдадзіра» выступіў Алесь Якімовіч, на той час добра вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік. Дзіцячая казка ў вершах была створана Чукоўскім яшчэ ў 1921 годзе. Упершыню надрукавана выдавецтвам «Радуга» у 1923 годзе. Змест добра вядомы мільёнам чытачоў: ад хлопчыка раптоўна ўцякаюць яго рэчы. Рукамыйнік Мыйдадзір, які раптоўна з’явіўся, тлумачыць, што ўсё адбываецца таму, што хлопчык — гразнуля... Завяршаецца твор гімнам чысціні. 

Алеь Якімовіч ў пасляваенныя гады працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР і літкансультантам у Саюзе пісьменнікаў БССР. Пачынаючы з 1946 года, пабачылі свет нямала кніг рускіх пісьменнікаў, адрасаваных юнаму чытачу, у яго перакладах на беларускую мову. Гэта — і «Дзед Архіп і Лёнька» М. Горкага (ужо — трэцяе выданне; першыя два пабачылі свет яшчэ ў 1930-я гг.), «Генерал Таптыгін» М. Някрасава (таксама перавыданне 1940 г.), і кнігі П. Яршова, А. С. Пушкіна, І. С. Тургенева, У. У. Маякоўскага, А. Гайдара, С. Маршака... І вось — новы пераклад: казка К. Чукоўскага «Мыйдадзір».

Але, відавочна, перапіска была звязана з новым, іншым творчым праектам…

Ліст К. Чукоўскага ад 25 лютага 1953 г. : «Шматпаважаны тав. Якімовіч! Адпраўляю Вам канчатковы тэкст „Мухі ЦакатухІ“, адобраны Дзетдзяржвыдатам для новага выдання. Стары тэкст друкаваць нельга. — Вельмі цікавяць мяне малюнкі беларускіх мастакоў, якія ілюструюць маю кнігу. Упэўнены, што гэтыя малюнкі будуць свежымі і таленавітымі. Аб адным толькі прашу ілюстратараў: ні ў якім разе не адлюстроўвайце звяроў у карыкатурным выглядзе, не рабіце шаржаў на мядзведзяў, вярблюдаў, парсючкоў і г.д. У маіх казках фігуруюць казачныя, але не карыкатурныя звяры, а ілюстратары часта адлюстроўваюць іх кірпатымі, смешнымі пачварамі. Гэтага не трэба! 

Са шчырым прывітаннем Карней Чукоўскі». 

Наступны ліст — без даты: «Паважаны тав. Якімовіч! 

Я не пярэчу супраць складу збоніка маіх „Казак“. Вельмі хацеў бы бачыць малюнкі і патрымаць карэктуру. Не маю ніякага разумення, якім тыражом выходзяць „Казкі“. Паколькі ў час вайны ўсе старыя выданні ў мяне загінулі. 

З прывітаннем і павагай да Вас К. Чукоўскі. 

Дамовы высылаю». 

І калі «Мыйдадзір» пабачыў свет у 1953 годзе, то справа з выданнем яшчэ адной кнігі — задуманай, як зборнік «Казкі», зацягнулася... І 25 снежня 1953 г. Карней Чукоўскі звяртаецца да кіраўніцтва выдавецтва: «Высокапаважаныя таварышы, майце ласку паведаміць, які лёс напаткаў зборнік маіх „Казак“, які Вы (мяркуючы па дамове ад 18 лютага г.г.) меркавалі выдаць у 1953 г. 

З павагай да Вас К. Чукоўскі». 

Такі вось фрагментарны ў творчым лёсе класіка рускай і сусветнай дзіцячай літаратуры выдавецкі эпізод... Кніга «Казкі» Карнея Чукоўскага на беларускай мове ўсё ж выйшла — у 1959 годзе... Дарэчы, творы аўтара «Мыйдадзіра» на беларускую мову ў розны час перакладалі Юрка Гаўрук, Уладзімір Дубоўка, Аляксей Зарыцкі, Аркадзь Куляшоў, Янка Сіпакоў і іншыя пісьменнікі. Дарэчы, адна з казак ў зборніку 1959 года перакладзена Аляксеем Зарыцкім — і назва ў яе ўжо такая: «Айбаліць»…

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.