Вы тут

Рукапісы Якуба Брайцава чакалі выдання на радзіме больш за паўстагоддзя


Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Пятрусь Броўка на пачатку 1960 года атрымаў з Масквы ліст наступнага зместу: «Многоуважаемый Пётр Устинович! 19-го февраля 1961 г. исполнится 100 лет со дня рождения старейшего писателя Белоруссии Якуба Романовича Брайцева. В литературно-критическом очерке Ф.Н. Доминиковского „Белоруссия в произведениях Я.Р. Брайцева“ приведены биографические сведения о жизни и деятельности писателя и обзор его основных произведений. Ф.Н. Доминиковский, известный учёный-геолог и литературовед, уделил большое внимание изучению наследия писателя, написал очерк и не успел его напечатать, т.к. внезапно скончался от паралича сердца. Его жена З.П. Доминиковская передала мне рукопись и я посылаю её для напечатания в одном из литературных журналов по Вашему усмотрению. Появление в печати очерка, несомненно, привлечёт внимание и послужит, возможно, толчком к напечатанию сборника произведений Я.Р. Брайцева. Рукописи хранятся у меня, его младшего сына.

Как в жизни каждого человека прошлое с годами всё ярче всплывает, так и у народа далёкое становится близким. В литературных произведениях Я.Р. Брайцева даны этюды из прошлого белорусского народа, и сейчас, в пору расцвета его культуры и государственности, будет уместно помянуть писателя добрым словом. Я надеюсь, что Союз писателей БССР воздаст должное памяти своего старейшего собрата, окажет содействие в напечатании его произведений и сохранит их для будущих поколений».


На гэтым лісце 6 лютага 1960 г. Пятрусь Броўка зрабіў рэзалюцыю: «А. Кучару. Прашу вырашыць справу». Але на пасяджэнні прэзідыума праўлення СП БССР пытанне пра стогадовы юбілей Якуба Брайцава і выданне яго твораў не разглядалася. Мяркую, што ліст Васіля Якаўлевіча з прыкладзеным да яго нарысам Дамінікоўскага быў перададзены ў рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва», дзе 17 лютага 1961 г. быў змешчаны невялікі юбілейны артыкул пра Брайцава. 

У хуткім часе завязалася перапіска літаратурнага архіва з Васілём Якаўлевічам, і ў пачатку мая 1961 г. ён прыехаў у Мінск, каб перадаць рукапісную спадчыну свайго бацькі. З той пары прайшло больш як шэсцьдзясят гадоў. Многія літаратуразнаўцы звярталіся да твораў Брайцава, аналізаваўся яго раман «Среди болот и лесов», а найбольш аповесць «Богачи». І толькі ў 2013 годзе пабачыў свет зборнік яго твораў.

Радзіма. Сям’я. Выхаванне

Якуб Раманавіч Брайцаў нарадзіўся 19 лютага 1861 г. у сяле Забялышын Клімавіцкага павета Магілёўскай губерніі ў сялянскай сям’і. Па ўспамінах сваякоў, бацька быў суровым і працавітым гаспадаром, таму і дзяцей выхоўваў у выключнай дысцыпліне, далучаў да працы. Сам жа пісьменнік згадваў: «Суровый отец мой не любил шутить делом». У сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей: сыны Якуб, Іван, Васіль і дачка Марыя. Усе тры браты Брайцавы, дзякуючы прыродным здольнасцям і выхаванай змалку працавітасці, атрымалі выдатную адукацыю і сталі вядомымі людзьмі свайго часу: Іван (1870–1947) стаў матэматыкам, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам; Васіль (1878–1964) знакамітым хірургам, вучоным у галіне эксперыментальнай і клінічнай хірургіі, прафесарам, сапраўдным членам Акадэміі медыцынскіх навук СССР. Самым вялікім рамантыкам у сям’і быў старэйшы сын Якуб, з юначых гадоў схільны да філасофскага аналізу, да такога ўспрыняцця літаратурных твораў, што мог не спаць усю ноч... Але яго захапленне літаратурай не спрыяла адносінам з бацькам, які не падзяляў імкненні сына. 

Выбар шляху і таемнае вянчанне

Юнак меў вялікую мару «выйсці ў людзі». Пасля сканчэння ў 1878 г. павятовага вучылішча, будучы на раздарожжы і пакуль яшчэ падпарадкоўваючыся волі бацькі, ён застаўся ў Забялышыне і працаваў памочнікам пісара Забялышынскай управы. У хуткім часе адправіўся шукаць шчасця на Украіну, уладкаваўся канторшчыкам на цукровы завод памешчыка Цярэшчанкі. Праз два гады юнак вымушаны быў вярнуцца ў сваю вёску «на прызыў» у салдаты. Але ад вайсковай службы быў вызвалены як старэйшы сын у сям’і. Толькі на гаспадарцы заставацца не захацеў. Насуперак бацьку вырашыў ехаць у Маскву. Была ў яго і аднадумца — Праскоўя Кілесава, фельчарка мясцовай бальніцы, нявеста. З ёй і адправіўся ў далёкі шлях. На паштовай станцыі Звянчатка (паміж Крычавам і Рослаўлем) маладыя павянчаліся. 

Бухгалтар садавода Ноева і літаратурны поспех

У Маскве Якуб Брайцаў уладкаваўся на працу ў кантору садавода Ноева, дзе ў хуткім часе атрымаў пасаду бухгалтара. Нягледзячы на тое што праца давала добрую магчымасць утрымліваць сям’ю, а пасля і арганізаваць выданне кніг, бухгалтарам па натуры ён не быў. Брайцаў шукаў шлях у літаратуру. Увесь вольны час аддаваў вывучэнню рускай і сусветнай класікі, сістэматычна наведваў Румянцаўскую бібліятэку. Пад уражаннем твораў рускіх пісьменнікаў напісаў вялікую аповесць «Богачи», якая выйшла асобным выданнем у тыпаграфіі Кушнярова ў 1889 г., адначасова стварыў аповесці «Невдашечка Анюта», «Старая деревня». У гэты час сям’я Брайцава, дзякуючы яго нястомнай працы і выданню «Богачей», жыве ў матэрыяльным дастатку. Якуб Раманавіч нават бярэ на ўтрыманне сваіх малодшых братоў і дапамагае паступіць ім у Маскоўскую гімназію, а пасля і ва ўніверсітэт. Так што «выйшлі ў людзі» яны не без удзелу свайго старэйшага брата. Якуб Брайцаў пасля выхаду з друку аповесці стаў адметнай асобай у маскоўскім літаратурным асяроддзі. Ён знаёміцца з многімі пісьменнікамі, яго майстэрства адзначае Леў Талстой, а пасля неаднойчы прымае Брайцава ў сваім доме. Пад уражаннем ад знаёмства Брайцаў напісаў псіхалагічны эцюд «Іуда».

Навука развядзення кветак і цяжкія дні

У 1890-я гады Якуб Раманавіч спасцігае сакрэты адвакацкай практыкі. Юрыдычнай адукацыі Брайцаў не меў. Але, відавочна, карыстаючыся існаваннем у той час інстытута прыватных павераных, падаў прашэнне і здаў неабходны экзамен. У гэты ж час па прыкладу Ноева захапіўся навукай развядзення кветак. У яго была даўняя мара — мець сваю ўласную кветкавую краму. Недзе ў другой палове 1890-х крама была адчынена. Але, да вялікага расчаравання, прадпрыемства не ўдалося. У выніку — банкруцтва. Набраныя ў выдавецтве аповесці «Невдашечка Анюта» і «Дудалёва лоза» з-за немагчымасці аплаціць друк так і не ўбачылі свет. Для Якуба Раманавіча наступілі цяжкія дні. Падрасталі сыны Дзмітрый, Іван, Георгій. Самаму старэйшаму з іх, Дзмітрыю, было ўсяго дзесяць гадоў. Да таго ж, пад яго апекай заставаўся самы малодшы брат Васіль. Пакінуць іх без сродкаў ён не мог, а пачынаць усё з таго, з чаго пачынаў дваццаць гадоў таму, азначала кінуць сям’ю на паўгалоднае існаванне. І яны разам з жонкай Праскоўяй Сяргееўнай прымаюць рашэнне вярнуцца ў Забялышын на «бацькоўскія парогі». Памёр бацька, маці засталася зусім адна, а гаспадарка патрабавала догляду. Такім вось горкім чынам спраўдзілася бацькава надзея: старэйшы сын усё ж прыняў «тастамент» на сялянскія клопаты.

Сямейная трагедыя. Забялышынскія клопаты

Рамантык Якуб Брайцаў марыў не гэтулькі пра росквіт сваёй уласнай гаспадаркі, колькі пра вялікую літаратуру, а таму ў хуткім часе і ў Забялышыне літаратурны занятак стаў для яго галоўным. Пражытыя гады ў Маскве пазбавілі звычаяў сялянскага жыцця. Ён у большай ступені ўжо быў гараджанінам, і сельская гаспадарка давалася цяжка. Да таго ж у хуткім часе сям’ю напаткала вялікае гора: пасля нараджэння чацвёртага сына — Васіля — памерла жонка, Праскоўя Сяргееўна. Застаўшыся ўдаўцом з чатырма малымі сынамі, Брайцаў павінен быў дбаць не толькі пра іх матэрыяльнае забеспячэнне, але і пра адукацыю. Якуб Раманавіч вырашыў заняцца адвакацкай практыкай. Маючы выдатную эрудыцыю, практычны вопыт з маскоўскага адвакацкага мінулага і валодаючы талентам прамоўцы, Якуб Брайцаў у хуткім часе стаў вельмі папулярным у сваёй акрузе. Пераадолеўшы дэпрэсію пасля банкруцтва, смерці жонкі, стаўшы больш-менш матэрыяльна забяспечаным, зноў вярнуўся да літаратурнай творчасці. У 1905 г. ён піша камедыю «Беда цыгана», збірае матэрыялы да задуманых аповесцей. 1905 — 1906 гг. засталіся ў яго жыццяпісе як час актыўнай падтрымкі рэвалюцыйных выступленняў, спадзяванняў на вялікія перамены.

У 1913 г. Якуб Брайцаў прыступіў да стварэння рамана «Среди болот и лесов». Ён завяршыў яго ў 1916 г., але да публікацыі справа не дайшла. Патрэбны былі грошы, якіх пісьменнік не меў. Ды і не кожны выдавец мог адважыцца друкаваць раман пра экспрапрыятара Аляксандра Савіцкага, вобраз якога Брайцаў рамантызаваў і ўзвышаў да ролі рэвалюцыянера і змагара за народную справу.

1917 год. Грамадская праца. Зноў сямейная трагедыя

Жыццё Якуба Брайцава ад лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. набыло іншы сэнс і змест. Нягледзячы на даволі паважаны ўзрост, ён актыўна ўключыўся ў новую плынь падзей: стаў сакратаром Забялышынскага валаснога павятовага выканкама, пасля — Клімавіцкага павятовага выканкама, нейкі час займаў пасаду павятовага пракурора. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працягваў працаваць у Клімавіцкім выканкаме, з’яўляўся членам калегіі Клімавіцкага павятовага аддзела сацыяльнай абароны, членам калегіі зямельнага аддзела, некаторы час загадваў сельскагаспадарчым складам. У 1923 г. вярнуўся ў Забялышын, дзе займаўся грамадскай працай, быў членам сельскага савета, у 1925 — 1927 гг. выкладаў курс земляробства ў школе сялянскай моладзі. Незадоўга да вяртання ў родную вёску Якуб Брайцаў перажыў вялікую асабістую трагедыю: у 1920 г. пайшоў з жыцця, маючы ўсяго 28 гадоў, сын Іван, у 1922 г. — старэйшы сын Дзмітрый, якому было 32 гады. Гэта моцна падарвала здароўе пісьменніка. Але літаратурную працу Якуб Брайцаў не спыняе. У гэты час ён вяртаецца да свайго рамана «Среди болот и лесов», дапрацоўвае яго і рыхтуе да друку. Як вядома, і на гэты раз жаданае не здзейснілася. Піша ў гэты час Брайцаў і аповесць «Хозяин», артыкулы для «Крестьянской газеты», вершы.

«Думаю будаваць хутарок»

Як ён жыў, пра што марыў, аб чым клапаціўся апошнія свае гады жыцця ў Забялышыне, вельмі ярка сведчыць яго ліст у Маскву да сына Васіля, які, атрымаўшы медыцынскую адукацыю, рабіў свае першыя крокі ў практычнай хірургіі.

«Думаю строить хуторок. Это будет тебе, Вася! Здесь будет на 8 дес. сплошной луг. Я переберусь туда с весны. С помощью кредита на 15 лет (в разсрочку) полагаю всё устроить. Не правда ли, надо? Это будет доходный во всех отношениях хутор, т.к. условия очень благоприятные. Коси и продавай сено и баста! Можно завести плодовый питомник и скот. Выкопаем и пруд. Там же великолепная глина для горшечного и кирпичного производства. Впрочем, будущее покажет, что делать.

Литературой занимаюсь неослабно. В №№ 1, 10 и 11 „Крестьянской газеты“ (Редакция Москва, ул. Воздвиженка, 9) помещены мои статьи. Недели 2 тому назад я послал 2 тетради (45 листов писчей бумаги) стихотворений в Союз Всероссийских Крестьянских писателей (Тверской бульвар, д. № 25, ком. 1), причём писал им, чтобы Васе (сыну) дали ответ. Если будет время, ты, Вася, зайди и спроси. Я [переписываю] большую повесть из белорусской крестьянско-бедняцкой жизни под названием „Хозяин“ и пошлю её туда же. Союз требовал от меня работы, и я обещал. Вот и выполняю „данное слово“. Во всяком случае, стихи хорошие и повесть не дурна. Главное, времени у меня свободного мало, пишу по вечерам и ночам. Если не станут печатать, ты, Вася, забирай рукописи. Тогда придётся перекочевать в Минск. Там скорее это [дело] в ход пойдёт».

Якуб Брайцаў быў сябрам папулярнай у той час і адной з самых масавых літаратурных арганізацый, але творы яго публікаваць не спяшаліся. Узгаданая ў лісце аповесць «Хозяин» была, відавочна, ухвалена і перададзена для разгляду ў выдавецтва «Художественная литература», але яе не выдалі. 

Думаецца, што ад ідэі будаўніцтва «хутарка» сыны Георгій і Васіль бацьку адгаварылі. Здароўе яго пагаршалася. 2 сакавіка 1931 г. пісьменнік пайшоў з жыцця, так і не ўбачыўшы публікацый сваіх твораў. Пахавалі яго на Забялышынскіх могілках. І да сёння на магіле захаваўся помнік, а аднавяскоўцы шчыра шануюць памяць пра земляка — пісьменніка і «прыгожага чалавека».

Ганна ЗАПАРТЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».