Вы тут

Кітайскія прыярытэты ў кнігавыданні «Звязды»


У Выдавецкім доме «Звязда» за апошнія гады пабачылі свет 20 кніг, якія тэматычна звязаны з Паднябеснай, гісторыяй і сучаснасцю, з культурай, літаратурай, эканомікай, грамадска-палітычным развіццём Кітая. 


Фота: pixabay.com

Пачатак у 2012 годзе пакладзены аўтарскай анталогіяй Міколы Мятліцкага «Пад крыламі дракона: Сто паэтаў Кітая». Вопытны перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь прадставіў чытачу сваё ўласнае прачытанне класічнай і сучаснай паэзіі Кітая, пераўвасобіўшы на беларускую мову творы 100 вершатворцаў Паднябеснай. Выданне накладам 2500 асобнікаў (неверагодны па сённяшнім часе тыраж для перакладной кнігі!) пабачыла свет пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя. У 2014 годзе ў «Звяздзе» убачыла свет калектыўная кніга нарысаў «Беларусь вачыма кітайцаў». Публіцыстычны праект меў шырокі розгалас сярод грамадскасці і ў друку. 

У 2014 годзе выдавецтва пачало выданне кніжнай серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая»: першым пабачыў свет зборнік вершаў Ван Вэя «Альтанка ля возера». На працягу некалькіх гадоў укладальнікам кніг серыі (а ў ёй пабачылі свет зборнікі вершаў Лі Бо «Флейты сумныя гукі», Ай Ціна «Водар стоенага лесу», Ду Фу «Адзінота горных вышынь», Лі Хэ «Песня бамбукавай флейты», Лі Цэнчжаа «Мост цераз Млечны шлях», Ван Гачжэня «Мелодыі адкрытага сэрца» і інш.) выступала добра вядомая беларуская паэтэса і перакладчыца Юлія Алейчанка. Перакладчыкамі вершаў кітайскіх паэтаў на беларускую мову выступілі Таццяна Сівец, Рагнед Малахоўскі, Навум Гальпяровіч, Алесь Бадак, Леанід Дранько-Майсюк, Мікола Мятліцкі, Дар’я Нечыпарук, Алена Раманоўская, Вераніка Жукавец... Многія з іх перакладалі творы паэтаў Паднябеснай з арыгінала альбо па падрадкоўніках, зробленых беларускімі кітаязнаўцамі наўмысна для працы ў межах праекта «Светлыя знакі: паэты Кітая». 

Падзеяй ў сучаснай беларускай навуковай, эканамічнай публіцыстыцы стала кніга Надзычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы доктара эканамічных навук Кірыла Рудага «Непохожие. Взгляд на Китай и белорусско-китайские отношения». Яна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» двойчы — у 2020 і 2021 гадах (агульны наклад склаў 2100 экзэмпляраў). 

У «партфелі» Выдавецкага дома «Звязда» — новыя беларуска-кітайскія кнігавыдавецкія праекты, якія будуць рэалізаваны ў самы бліжэйшы час. Яны звязаны і з мастацкай літаратурай, і з кнігамі навуковай і гістарычнай публіцыстыкі. Сустрэча з такімі кніжнымі навінкамі здзейсніцца ў самы бліжэйшы час. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.