Вы тут

Шмат працаваць і стаць прафесіяналам...


У беларускай моладзі дакладна сфарміравана нацыянальная і грамадзянская ідэнтычнасць. Яна мабільная, сацыяльна актыўная, нацэленая на поспех і развіццё, гатовая дамагацца сваіх мэт. Нягледзячы на выразны індывідуалізм і высокае значэнне матэрыяльнага фактару, моладзь з'яўляецца пазітыўнай часткай грамадства, «нястрачаным пакаленнем», для якога адначасова важныя як развіццё дзяржавы, так і асабістая самарэалізацыя.


Да такіх высноў прыйшлі ўдзельнікі круглага стала, прысвечанага абмеркаванню вынікаў даследавання «Пакаленне Z: устаноўкі і каштоўнасці сучаснай беларускай моладзі». Яго правёў у верасні бягучага года Цэнтр сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ па заказе Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. У цэнтры ўвагі аказалася моладзь ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, бо менавіта гэта пакаленне будзе вызначаць у найбліжэйшай будучыні стратэгію развіцця Беларусі. Выбарка склала 2034 рэспандэнты.

Ва ўяўленнях маладых людзей «тройка» крытэрыяў іх жыццёвага поспеху выглядае наступным чынам: гэта павага людзей, моцнае здароўе і добрая сям'я. Для моладзі важна быць не як усе, не злівацца з натоўпам, адстойваць свае інтарэсы. У ліку правоў і свабод найбольшую каштоўнасць маюць валоданне і свабоднае распараджэнне маёмасцю (так лічыць 92,7 % рэспандэнтаў), магчымасць набываць тавары любога вытворцы, а таксама выказваць свае погляды. Галоўнымі жыццёвымі мэтамі пакалення Z з'яўляюцца дасягненне дзелавога поспеху, пабудова кар'еры (60,3 %), захаванне і ўмацаванне здароўя (51, 6%), стварэнне шчаслівай сям'і (49,5 %).

ТОП жыццёвых прыярытэтаў дапаўняе жаданне стаць прафесіяналам у сваёй спецыяльнасці і разбагацець. На думку маладых людзей, гарантыяй іх дабрабыту выступае адкрыццё ўласнага бізнесу (51,8 %), устаноўкі «шмат, настойліва працаваць» (48,8 %), «пастаянна вучыцца, павышаць сваю кваліфікацыю» (47,7 %).

У інтэрнэт-прасторы пакаленне Z з'яўляецца найбольш актыўнай групай. Пераважная большасць рэспандэнтаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў (85,2 %) часцей за ўсё заходзіць у інтэрнэце ў сацыяльныя сеткі. Прыкметна менш запатрабаваныя ў маладых беларусаў сайты з інфармацыяй даведачнага характару, блогі і паштовыя серверы. Найбольш папулярныя сацыяльныя медыя, якія выкарыстоўваюцца беларускай моладдзю некалькі разоў на дзень, — TіkTok (63,5 %), Іnstagram (63,4 %), «УКантакце» (60,1 %) і YouTube (58,7 %). Досыць запатрабаванымі сродкамі камунікацыі з'яўляюцца месенджары Telegram і Vіber — імі штодня карыстаюцца 53,4 % і 29,1 % адпаведна. Найменш папулярныя сярод юнакоў і дзяўчат — Facebook, Lіkee, «Аднакласнікі» — да іх звяртаецца менш за 5 % рэспандэнтаў.

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Святлана АЛЕЙНІКАВА звярнула ўвагу на адзін з самых распаўсюджаных стэрэатыпаў, што ўцягнутасць моладзі ў сацсеткі і гаджэты — тэндэнцыя негатыўная. «Гэта новы ўзровень і новае вымярэнне сацыяльных камунікацый, стасункаў, сувязяў, якія яшчэ, можа быць, не атрымалі сваёй ацэнкі і не раскрылі з-за гэтага свой патэнцыял. Таму я сказала б, што гэта хутчэй пазітыўная рыса, якая патрабуе большай увагі і асэнсавання», — падзялілася яна сваім меркаваннем.

Як заўважыла Святлана Алейнікава, феноменам беларускага грамадства можна назваць адсутнасць разрыву пакаленняў як у адносінах да каштоўнасцяў, так і да дзяржавы. «Гэта ўнікальны выпадак, калі няма славутага канфлікту бацькоў і дзяцей. Вядома, існуюць некаторыя адрозненні паміж узроставымі групамі — зразумелыя і натуральныя. У гэтым мне бачыцца менавіта сплаў пакаленняў, перадача вопыту ад старэйшага малодшаму, якое падрастае без якіх-небудзь глабальных светапоглядных канфліктаў, — падкрэсліла аналітык. — Для мяне было важным, што ў моладзі на пытанне аб ідэнтычнасці на першым месцы было атаясамліванне сябе з людзьмі той жа нацыянальнасці, з грамадзянамі Беларусі. Таксама ў моладзі высокая каштоўнасць дзяржавы, на якую ўскладаюцца вялікія чаканні і надзеі ў сувязі з забеспячэннем сваёй будучыні. У пакалення Z вельмі высокі запыт на самарэалізацыю, прызнанне і поспех. І ў гэтым плане маладыя людзі чакаюць паскоранай работы сацыяльных ліфтаў, пашырэнне магчымасцяў паспрабаваць сябе ў тых ці іншых праектах. Здаровая і буйная энергетыка моладзі мае вялікі патэнцыял, з якім трэба працаваць. Наша моладзь канструктыўная, пазітыўная і за ёй будучыня».

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.