Вы тут

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў


Бібліятэк, што функцыянуюць не ў цэнтральных сядзібах, не ў аграгарадках, а ў значна меншых населеных пунктах, ужо амаль не засталося. Тым больш цікава было наведаць такую. Побач — цэнтр гаспадаркі і сельсавета, вёска Пескі, там ёсць Дом культуры і бібліятэка. А бібліятэка ў Вайцяшыне таксама жыве і не памяншае колькасць чытачоў ды наведвальнікаў.


Грамадскі — значыць, народны

Варта сказаць, тут бываюць не толькі чытачы, але і наведвальнікі-экскурсанты, бо 20 гадоў таму бібліятэка стала музеем. Ды такім, што некаторым яго экспанатам нават раённыя краязнаўчыя музеі могуць пазайздросціць. А работа, якая тут праводзіцца, не раз станавілася нагодай для правядзення семінараў, крыніцай навучання калег, абмену вопытам. Так сталася, што згаданы музей зрабіўся справай жыцця Лідзіі Рудзьман. Лідзія Іванаўна хутка ўжо сорак гадоў як працуе ў гэтым будынку: спачатку бібліятэкарам пачатковай школы, а калі школу закрылі, проста бібліятэкарам.

Аднойчы, больш за два дзесяцігоддзі таму, на адной з раённых нарад бібліятэчных работнікаў папрасілі падрыхтаваць і прадставіць праграму развіцця сваіх устаноў. Вось тады яна і прапанавала адкрыць тут музей. І ўладкавала яго без капейкі бюджэтных сродкаў, але з падтрымкай мясцовай улады, тутэйшых сельгаспрадпрыемстваў, а галоўнае — простых людзей, вяскоўцаў, якія падтрымалі ідэю і панеслі рэчы з гарышчаў і бабуліных куфраў, падзяліліся дакументамі і ўспамінамі.

— Людзі з Вайцяшына і суседніх вёсак аднесліся да майго закліку з павагай, — расказвае Лідзія Іванаўна. — Яны аддавалі часам самае дарагое, тое, што доўгія гады лічылі сямейнай рэліквіяй. І цяпер заходзяць, цікавяцца, якое пачэснае месца заняў экспанат, ці карыстаецца ён цікавасцю наведвальнікаў. А некаторыя выказваюць апаску, маўляў, ты пойдзеш на пенсію, а музей паступова згасне. Дык я запэўніваю, што на маё месца прыйдзе нехта малады і справу падтрымае.

А калі толькі збіралі і афармлялі экспазіцыю, — з усмешкай працягвае захавальніца музея, — ну ніхто не адмаўляў у дапамозе, бывала, патрабавалася тэрмінова паліцу ці стэнд прыбіць да сцяны, дык на вуліцу выбегу, першага, каго сустрэну, папрашу, і дапамагалі. Нездарма ж музей назвалі грамадскім, што ў дадзеным выпадку з'яўляецца сінонімам народнага.

Чаму вучыць гісторыя Пуслоўскіх

Цяпер музей стаў найлепшым месцам для правядзення асветніцкай работы, якой у той ці іншай меры займаюцца ўсе бібліятэкі. Найбольш, вядома, Лідзія Рудзьман займаецца з дзецьмі. Краязнаўчыя экскурсіі звычайна пачынаюцца з вялікай залы, дзе размешчаны макет сядзібнага дома Пуслоўскіх. Усе ведаюць Косаўскі палац Пуслоўскіх. Але іх радавое гняздо тут, недалёка, у Песках. Захаваўся нават сядзібны дом. У цэнтры музейнай экспазіцыі — макет дома, зроблены брэсцкімі студэнтамі. Надзвычай цікавая гісторыя апошніх гаспадароў сядзібы — Францішка і Ірэны Пуслоўскіх, якія жылі тут да 1939 года. Гаспадыня штогод арганізоўвала нешта накшталт летняга лагера для вясковых дзяцей. Былі яны, несумненна, людзьмі прадпрымальнымі, у ваколіцы развівалася прамысловасць, працавала шмат невялікіх прадпрыемстваў. Пра тое, як адукаваныя, культурныя людзі трапілі аднойчы пад уплыў махляроў, доўгія гады яшчэ расказвалі старажылы. Махляры і прайдзісветы, аказваецца, былі ва ўсе часы. Мясцовая пагалоска сведчыла, што тыя жулікі валодалі нейкімі чарамі і выманьвалі грошы з гаспадароў асаблівым спосабам, бо нават калі па заяве сялян (!) тых зламыснікаў прыцягнулі да судовага разбору і знайшлі пры іх шмат грошай, Францішак сказаў, што грошы і каштоўнасці перадаў добраахвотна. Прынамсі, так бывае, цяперашнім віртуальным злодзеям таксама нярэдка пераводзяць сродкі добраахвотна. Вось гэты факт Лідзія Іванаўна абавязкова падкрэслівае ў сваіх экскурсіях.

Не забывае нагадаць і пра тое, як нельга варушыць прах людзей. Пасля ўсталявання савецкай улады ў 1939 годзе вайскоўцы спрабавалі выкарыстаць капліцу-пахавальню Пуслоўскіх пад склад зброі, але неўзабаве салдаты сталі адмаўляцца заступаць на варту. Паводле іх слоў, уначы паяўлялася жанчына ў белым, палохала іх. Тады гэты магільны склеп узарвалі. Хто з мясцовых жыхароў удзельнічаў у рабаванні склепа, доўга не пражыў і шчасця не займеў. А ў наш час на тым месцы чамусьці вырашылі паставіць газаразмеркавальную станцыю, дык супрацоўнікі яе пачалі заўважаць паранармальныя з'явы: то дзверы самі адчыняліся, то крэслы ў памяшканні рухаліся. Калі запрасілі святара і памяшканне асвяцілі, гэтыя з'явы зніклі.

Гульня: знайдзі прадзеда

Найбольшай цікавасцю малодшых школьнікаў карыстаецца раздзел музея пра лясную партызанскую школу. Тут ёсць макет шалаша, макет зямлянкі, бытавая партызанская атрыбутыка. Дзеці любяць займацца ў «лясной школе», з задавальненнем пішуць вугольчыкамі, лічаць на шышках, пяюць «Кацюшу». Тут ёсць фотазона, дзе наведвальнікі робяць сэлфі.

Ваенным падзеям прысвечана вялікая частка музея. Калі дваццаць гадоў таму на стэндзе ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны было 48 здымкаў, цяпер іх нашмат больш. Адкрываюцца новыя імёны, новыя старонкі гісторыі. Гаворка ідзе, вядома, пра тутэйшых людзей.

— Сёлета на канікулах прыйшлі дзеці малодшага школьнага ўзросту, двайняткі — хлопчык і дзяўчынка, сказалі, што хочуць знайсці свайго прадзеда, — згадвае бібліятэкар. — Папытала, як прозвішча. Малыя назвалі — Вярынчык. Падвяла іх да стэнда з партрэтамі ўдзельнікаў вайны, і яны знайшлі. Больш за тое, у музеі ёсць франтавыя пісьмы іх прадзеда Вярынчыка. Гэта было ў суботу, а ў нядзелю паявілася ўся іх вялікая сям'я. Дзядуля з бабуляй тых двайнят сказалі, што ўнучка праходу не дала, пакуль не выбраліся на вялікую сямейную экскурсію. Прыехалі ўсе, каб яшчэ раз паглядзець на партрэт продка, пачытаць матэрыялы пра яго. А тое дзяўчо само хадзіла па залах і само расказвала сваім сямейнікам, для мяне гэта нібы бальзам на душу, — падсумавала Лідзія Іванаўна. — І цяпер не раз пачынаю аповед для малых з прапановы знайсці на стэндзе здымак прадзеда.

Тут ёсць матэрыялы пра франтавікоў, выхадцаў з Вайцяшына і ваколіц. Напрыклад, такіх як генерал-лейтэнант Любарскі, што нарадзіўся ў Песках. Ёсць раздзел, прысвечаны землякам — воінам-інтэрнацыяналістам.

«Апраналі што? Якое?»

Этнаграфічныя залы — асаблівая фішка бібліятэкара-экскурсавода. З дзяцінства Ліда была цікаўнай дзяўчынкай. Да мамы некалі хадзілі сталыя жанчыны, расказвалі розныя гісторыі часоў сваёй маладосці. «І вось гэтыя гісторыі я цяпер расказваю, каб экскурсія была жывая, яркая, вобразная, — кажа Лідзія Іванаўна. — Тут і сені, і камора, і пакоі гаспадарскія. У сянях і каморы процьма інструментаў і будаўнічых матэрыялаў, якімі карысталіся нашы папярэднікі.

Лі­дзія Рудзь­ман ка­ля ма­ке­та ся­дзі­бы Пус­лоў­скіх.

Доўгую пілу, якую гаспадыня гэтых скарбаў памятае з дзяцінства, яна доўга шукала, ды нарэшце знайшла: цяпер піла стаіць каля сцяны. Пастка для мышэй нагадвае маленькую гільяціну. Ёсць нават разак, якім можна з калодкі выдзеўбці начоўкі. Нясуць людзі ліхтары, нажніцы, прынеслі нават ключ-нацягач, якім можна нацягваць абручы на посуд. А вось прыстасаванне для памолу збожжа нечым нагадвае ступу Бабы-Ягі. А малым на экскурсіі Лідзія часам кажа: «Бабуля-Яга ступу ў музей мне аддала, а сама на «мерседэс» перасела, так што ніколі не сядайце ў чужыя машыны да незнаёмых людзей». Маска-шчыток для зваркі, якую выкарыстоўвалі пры будаўніцтве Бярозаўскай ДРЭС, цяпер рарытэт.

У зале з адзеннем звяртае на сябе ўвагу стары абутак. Чаравічкі, якім больш за сто гадоў, аказваецца, падбітыя драўлянымі цвікамі, цвікі тады рабілі з бярозы. Снягоўцы рабілі з гумы, ёсць нават выемка для абцаса. Баба Паўліна падарыла музею свае снягоўцы, зробленыя з пакрышкі. Амаль ніхто з першага разу не адгадвае прызначэнне аднаго прадмета, які з'яўляецца... прыстасаваннем, каб зручна здымаць боты.

Ёсць паліто з авечай шэрсці, паясы для мужчын, народныя касцюмы, куфэркі з вышытымі адмысловымі ўзорамі ручнікамі, характэрнымі толькі для гэтай мясцовасці. Лялька ў калысцы перавязаная чырвонай стужкай, бо менавіта так спавівалі малых дзяцей. А дэвізам калекцыі могуць служыць словы Петруся Броўкі, змешчаныя навідавоку:

Трэба ведаць — сэрца просіць,

Як дзядам, бацькам жылося...

Трэба ведаць і пра тое,

Апраналі што? Якое?

Разумны як Кронькава гусь

Усё гэта расказваецца і паказваецца разам з гісторыямі людзей, што падарылі экспанаты, альбо іх бацькоў, аднавяскоўцаў, тлумачацца прыказкі і прымаўкі, мясцовыя показкі. Ну напрыклад, тут кажуць: «Разумны як Кронькава гусь». Хто такі Кронька і чым так вызначылася яго гусь? Старыя людзі расказвалі, што было гэта тады, калі да аднаго калодзежа хадзіла шмат гаспадароў. А зімой вакол студні ўтваралася вялікая наледзь, часам з даволі высокай горкай. Дык вось гусі не раз не надта зграбна коўзаліся на тым катку, бывае, падалі. Адна ж гусь, трапіўшы на ледзяную горку, не разгубілася, прысела і важна з'ехала ўніз. Так і ўвайшла ў гісторыю вёскі, увекавечыўшы мянушку гаспадара.

У бібліятэку-музей прыходзяць вучні мясцовай школы; сюды на заняткі прыводзіць выхаванцаў нядзельнай школы святар айцец Уладзімір Глушак, тут праходзяць святы, сходы, іншыя значныя падзеі вёскі. Яшчэ некалькі гадоў таму з Мінска студэнты прыязджалі цэлымі экспедыцыямі, запісвалі гісторыі, песні, легенды, цікавіліся фальклорам. Ім не раз перадавалі запісы песень, што захоўваліся ў архіве музея.

А бібліятэка мае пастаяннае кола чытачоў. Запісаныя не толькі з Вайцяшына, але з Белаазёрска, Бярозы, Пескаў, Ярцавіч, іншых населеных пунктаў. «Наша бібліятэка мае шмат літаратуры па краязнаўстве, яе я збірала ўсе гады. Чытачы гэта ведаюць, асабліва тыя з іх, хто цікавіцца тэмай. Прыходзяць, калі трэба напісаць рэферат ці іншую работу па гісторыі малой радзімы, пра яе мінулае і людзей, — кажа Лідзія Іванаўна. — Цяпер у сувязі з пандэміяй пажылыя людзі стараюцца менш выходзіць, дык ім літаратуру нават з паштальёнам перадаю, часам сама нашу кнігі».

Аляксандр ШЫМЧУК, старшыня Пескаўскага сельскага Савета, сказаў так:

— Музей-бібліятэка ў Вайцяшыне — гэта наша скарбніца народнай культуры. Тут праходзілі самыя розныя семінары, сустракалі самых розных, у тым ліку замежных, гасцей. Раней турфірмы падвозілі наведвальнікаў аўтобусамі. Цяпер з-за пандэміі наступіла зацішша, якое, спадзяёмся, хутка закончыцца. Тут ёсць што паказаць людзям, ёсць чым зацікавіць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара,

Бярозаўскі раён.

Загаловак у газеце: «Трэба ведаць — сэрца просіць»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.