Вы тут

Алена Матвеева: Радуе, што сёння ў бібліятэкі вярнуліся маладыя сем’і


Заходзіш у гэтыя дзверы, і цябе сустракае Янка Купала.

Ну, натуральна, не ўжывую, а ў выглядзе скульптуры — але яна ўвесь час знаходзіцца сярод захопленых мастацкім словам людзей і сярод кніг, таму здаецца адухоўленай. Тут, на першым паверсе будынка № 16 па вуліцы Веры Харужай, у самым ажыўленым цэнтры Мінска, знаходзіцца Купалаўка — Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы. Тут жа і цэнтр усёй мінскай бібліятэчнай сістэмы. Жыццё тут віруе... Відаць, не спраўджваюцца прагнозы, што бібліятэкі, як і папяровыя кнігі ўвогуле, апынуцца на маргіналіях эпохі інфармацыйнага выбуху? Пра гэта і шмат іншага для чытачоў «Звязды» мы гутарым з дырэктарам Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска Аленай Матвеевай.


Фота Лізаветы ГОЛАД

— Тое, што ваша жыццё звязанае з бібліятэкамі, — лёс ці выпадковасць?

— Я патомны бібліятэкар. Мая матуля, Яніна Феліксаўна, у дзявоцтве Садоўская, скончыла філфак БДУ і нават вучылася з такімі выбітнымі асобамі, як Яўгенія Янішчыц і Анатоль Бутэвіч. Спачатку працавала настаўніцай у вясковай школе, а потым лёс прывёў яе ў Мінск, і яна пайшла працаваць у бібліятэку Беларускага політэхнічнага інстытута. У гады перабудовы калектыў галасаваннем абраў яе дырэктарам, так што я з самага маленства жыла ў бібліятэцы. Тады гэтыя ўстановы працавалі позна, да дзевяці-дзесяці вечара. Таму мне калі-нікалі даводзілася заставацца на круглыя суткі ў дзіцячым садку. Я ведала, што мама працуе побач, казала выхавацелям, што мне дрэнна, і мама прыбягала і забірала мяне на сваю работу. Для мяне бібліятэчныя закуткі і стэлажы былі і замкамі, і вежамі, — сапраўднай казкай, нягледзячы на тое што ў навуковай бібліятэцы ў асноўным былі навуковыя і вучэбныя выданні. Пасля школы я пайшла працаваць у бібліятэку і паралельна вучылася ва ўніверсітэце культуры на завочным аддзяленні. Быў перапынак, калі нарадзіла дачку... Але працавала ў бібліятэках заўсёды.

— І ніколі не было жадання паспрабаваць сябе ў іншых прафесіях?

— Не! Хоць прайшла дзве перападрыхтоўкі з вышэйшай адукацыяй. На базе БНТУ я атрымала кваліфікацыю інжынера-праграміста.

— Нечакана! Бібліятэкары звычайна ўспрымаюцца як гуманітарыі…

— Я хацела давесці, што здольная на гэта. Ад простага бібліятэкара я дарасла да загадчыка метадычнага аддзела бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Працавала ў навуковай бібліятэцы, сярод «тэхнароў», і хацела на адной мове размаўляць з імі. Сказаць, што навучанне далося цяжка, — не сказаць нічога. Усе хлопцы — ці пасля фізмата БДУ, ці з ваеннай акадэміі. Я была там адной дзяўчынай. За першую сваю сесію я схуднела на дзесяць кілаграмаў. 

У мяне яшчэ характар трохі перфекцыянісцкі, мая матуля смяялася, што калі ў пад’ездзе нейкая дзяўчына плача — гэта Лена са школы з чацвёркай ідзе. Атрымала дыплом…

— Бібліятэкар плюс праграміст — на сёння ўвасабленне ідэальнага бібліятэкара... Ужываеце свае тэхналагічныя веды ў асноўнай прафесіі?

— Зразумела. І калі мяне паклікалі сюды, у купалаўскую бібліятэку, былая дырэктар Алена Віктараўна Кубышкіна паставіла задачы, каб я ўнесла ў дзейнасць публічных бібліятэк нешта новае, інтэрактыўнае, віртуальнае. Мне было што падказаць аддзелу маркетынгу: на якіх платформах працаваць, як рабіць новыя цікавыя віртуальныя рэсурсы для нашай прафесійнай дзейнасці. 

А трэцяя перападрыхтоўка атрымалася, калі на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне стандартызаваць вышэйшую адукацыю, удасканаліць стандарт ІSО-2011. Для гэтага пісаліся алгарытмы ўсёй дзейнасці ВНУ, і бібліятэчную справу ў тым ліку трэба было стандартызаваць. І перада мной паставілі задачу — напісаць стандарт «Бібліятэчная дзейнасць Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта». Тады я пайшла на трэцюю перападрыхтоўку і атрымала кваліфікацыю менеджара па якасці. І гэтая наша нарматыўная праца была зацверджана Дзяржстандартам.

— Але работа ў навуковай бібліятэцы і публічнай — гэта, мабыць, вялікая розніца?

— Так, вялікая! Калі ў 2013-м Алена Віктараўна Кубышкіна, якая ўзначальвала сістэму публічных бібліятэк Мінска, прапанавала мне ролю намесніка дырэктара сістэмы, я сумнявалася. Бібліятэкі ВНУ і публічныя — два светы з рознымі задачамі, хоць і ў тых жа бібліятэках ВНУ ёсць аддзел сацыягуманітарнай дзейнасці. Але многае было мне ў навіну. У першы дзень, скажу шчыра, нават баялася з кабінета выйсці. Але было і вельмі цікава. Калі ў навуковай бібліятэцы я займалася навуковай працай і няшмат кантактавала з чытачом, то тут наадварот. Пачаліся масавыя мерапрыемствы, дзякуючы якім я пазнаёмілася з літаратурным светам. Мы супрацоўнічаем з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, а з Міхасём Пазняковым, старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, на базе бібліятэкі стварылі Тэатр паэзіі і ўжо сёмы год запар робім імпрэзы.

— Бераце ўдзел у спектаклях Тэатра паэзіі?

— Міхась Пазнякоў лічыцца яго дырэктарам, а я — намеснікам, так што, можна сказаць, маю і тэатральную пасаду, хоць і неафіцыйную... Да таго ж мы зрабілі праект «Тэатр і кніга: адкрываем новыя магчымасці» з мінскімі тэатрамі — пачалі супрацоўніцтва з ЦЮГам, потым далучыліся Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Перад спектаклямі бібліятэкары ўводзяць гледачоў у тэму, распавядаюць пра эпоху, аўтара п’есы, робяць інтэрактыўныя віктарыны. Часта гэта бывае, калі запрашаюць у тэатры навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў. Напачатку праект і задумваўся трохбаковым: бібліятэкі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, тэатры і публічныя бібліятэкі.

— І вы гаворыце прадмовы?

— Я асабіста не, а вось некаторыя нашы дзяўчаты нават зоркамі тэатральнымі могуць лічыцца, таму што яны нават на сцэне тэатра выступалі, і ў іх атрымлівалася. Але заўсёды прымаю ўдзел у праекце «Бібліятэкі пад адкрытым небам». Гэты праект уключылі ў праграму мінскага турыстычнага сезона. У нас ёсць свая пляцоўка каля ратушы, дзе намі і сістэмай дзіцячых бібліятэк кожную суботу прадстаўляюцца праграмы на розныя тэмы для мінчан і гасцей сталіцы. Гэта ж адбываецца і на раённых пляцоўках. Рыхтуем віктарыны, квэсты, перасоўныя выставы.... Прымаюць удзел пісьменнікі. Яшчэ вельмі люблю праект «Бібліяноч». Ён атрымліваецца маштабны, разнастайны, бо наша сістэма ўключае дваццаць пяць публічных бібліятэк, дзве з іх спецыяльныя — гарадская бібліятэка для сляпых і адзіная ў краіне нотна-музычная бібліятэка. Тэмай «Бібліяночы» ў гэтым годзе была «Традыцыі. Тое, што нас аб’ядноўвае». Спалучэнне і літаратурнага слова, і тэатральнага дзеяння, і беларускай кухні; і танчылі, і кіно глядзелі... Яшчэ з працы ў навуковай бібліятэцы я ўзяла традыцыю навуковых канферэнцый. Мы ўжо некалькі гадоў ладзім міжнародныя канферэнцыі «Бібліятэка. Болей, чым заўсёды». Стараемся ў нашу бібліятэчную, прафесійную размову ўключыць пісьменнікаў, выдаўцоў, нашых калег з літаратурных музеяў, і з Беларусі, і з Расіі. Вельмі матывуе, калі абменьваешся досведам. У гэтым годзе ў нашай канферэнцыі брала ўдзел намеснік дырэктара Санкт-Пецярбургскай «Маякоўкі» — бібліятэкі імя Маякоўскага, і тое, што робіцца сёння ў іх бібліятэцы — космас. Чытач можа сам здаць кніжкі пры дапамозе спецыяльнага аўтамата. У бібліятэцы яго сустрэне робат, які падкажа, куды ісці. У Санкт-Пецярбургу вельмі сур’ёзная бібліятэчная школа. Кожны год яны абіраюць бібліятэчную сталіцу Ленінградскай вобласці — маленькі гарадок, туды ўсе з’язджаюцца, праходзяць прафесійныя мерапрыемствы. Дзякуючы гэтаму праекту я трапіла ў такія гарады, як Сасновы Бор на беразе Фінскага заліва, у Тосна... Я размаўляла з дэканам бібліятэчнага факультэта з Санкт-Пецярбурга, які сказаў, што ў іх конкурс — 8-10 чалавек на месца.

— Дык прафесія бібліятэкара робіцца прэстыжнай?

— Так, стаўленне да нашай прафесіі пераглядаецца. Ёсць моладзь, хоць яе не хапае. Выпускнікі нашага ўніверсітэта культуры проста на вагу золата. Заўсёды чакаем маладых спецыялістаў. Будзем працаваць у напрамку адукацыі па накіраванні. Прыглядаемся да юных чытачоў, якія шмат чытаюць, з павагай ставяцца да бібліятэк, каб накіраваць іх для навучання, а потым прыняць на працу... Калі малады спецыяліст прыходзіць да нас працаваць, вельмі мала хто мяняе прафесію.

— А ці прыходзяць хлопцы?

— Ёсць і хлопцы. Хоць пакуль няшмат.

— А як сучасныя тэхналогіі ўжываюцца для папулярызацыі беларускай літаратуры? Цяпер жа ў сеціве можна сустрэць і работу з нейрасеткамі — робяць ілюстрацыі да любімых кніг, змяшчаюць кніжныя відэаблогі, буктрэйлеры, ролікі ў TіkTok, Іnstagram, тэлеграм-канале, мемы, апытанкі... Ці карыстаецеся нечым падобным?

— Вядома, карыстаемся. І заўважу, што, калі вы прыйдзеце ў любую нашу публічную бібліятэку, на першым месцы там будзе беларуская літаратура. Я вельмі рада, што нам вылучылі сродкі, і мы рэнавіравалі свой сайт publіb. by. Можна сказаць, новы сайт зрабілі, у якім значна пашырыліся магчымасці для размяшчэння нашых віртуальных рэсурсаў. Там ёсць электронны каталог, па якім можна выбраць кнігу, седзячы дома, даведацца, якія мерапрыемствы плануюцца. Ёсць базы даных — і па беларускай літаратуры, і па краязнаўстве. Акрамя сайта, вядзём усе віды сацыяльных сетак: Іnstagram, і «Фэйсбук», і «УКантакце», і тэлеграм-канал свой ёсць, і YouTube-канал Kupalovka Lіfe. Самі бібліятэкары распрацоўваюць інтэрактыўныя цікавосткі, каб не проста быў расповед пра пісьменніка ці нейкі твор, а ў незвычайнай форме — крыжаванка, квэст, віктарына... Ладзім конкурсы. Аб’явілі конкурс у рамках сумеснага праекта з Выдавецкім домам «Звязда» «Чытач запрашае «Звязду». У гэтым годзе мы выбіраем найлепшага пісьменніка, які выдаецца ў Выдавецкім доме «Звязда».

— Самі шмат чытаеце?

— Так, і ў падборы літаратуры спадзяюся на сваіх бібліятэкараў — яны заўсёды робяць агляды новых выданняў, якія паступаюць да нас. А ўвогуле люблю чытаць класіку, асабліва Чынгіза Айтматава, у маладым узросце ў мяне была любімая кніга Барыса Васільева «А золкі тут ціхія». Скандынаўскія дэтэктывы чытаю... Люблю слухаць аўдыякнігі — яшчэ і таму, што з-за праблем са зрокам мне цяжка чытаць дробныя шрыфты. Шкада, пакуль няма грунтоўнай электроннай бібліятэкі сучаснай беларускай літаратуры, аўдыякніг, прычым прафесійна агучаных.

— Я пабачыла ў вас цікавы інтэрактыўны стэнд, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны…

— Так, мы зрабілі выставу на вельмі сур’ёзную тэму — генацыд беларускага народа. Прэзентавалі для маладых чытачоў першы такі ў краіне стэнд з дапоўненай рэальнасцю. Калі навесці тэлефон на QR-код, ажывае хроніка ваенных часоў, і гэта дазваляе больш глыбока акунуцца ў трагічныя старонкі беларускай гісторыі. Ёсць яшчэ задума цікавага праекта. Мы робім базу даных «Іх імёнамі названы вуліцы Мінска». І вырашылі зрабіць асобным праектам «Вуліцы Перамогі» — для вуліц, якія носяць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны, зрабіць інтэрактыўныя шыльды на дамах. Калі падносіш тэлефон да QR-коду на гэтай шыльдзе ці наводзіш на фотаздымак героя, пачынаецца дапоўненая рэальнасць: герой ажывае і распавядае пра сябе. Любы, каго гэта зацікавіць, можа перайсці па спасылках і прачытаць больш пра гэтага гістарычнага персанажа. Адзін з нашых партнёраў — гэта Беларускі архіў кінафотафонадакументаў, для праекта ён дасць спасылкі на дакументы, якіх няма ў агульным доступе. Размяшчаем у рамках праекта бібліяграфічную інфармацыю, спасылкі на віктарыны, на творы, прысвечаныя таму ці іншаму герою. Спадзяёмся, што гэты праект выкліча цікавасць, і асабліва ў маладога пакалення. Мы імкнёмся, каб гэтыя віртуальныя праекты дапамагалі нам у нашай асноўнай працы — у бібліятэчным абслугоўванні, асветніцкай сферы, патрыятычным выхаванні. Каб гэтыя рэсурсы не адбіралі ў нас нашых чытачоў, а наадварот, дапамагалі іх аб’яднаць вакол бібліятэкі.

— Да якіх праектаў яшчэ можна далучыцца праз ваш сайт?

— Праект «Фактар чытання» — выбар самых папулярных беларускіх кніг чытачамі і бібліятэкарамі. Акцыя «Мы — адзіныя» — фотаконкурс да Дня народнага адзінства. Праектаў шмат, а калі чытач не змог прысутнічаць на якім-небудзь мерапрыемстве, можа пабачыць відэасправаздачу. Мы стараемся зруйнаваць устаноўку «Цішыня павінна быць у бібліятэцы». Радуе, што сёння ў бібліятэкі вярнуліся маладыя сем’і. Прыходзяць усе разам — мама, тата, дзеці. Гэту тэндэнцыю я назіраю дзесьці трэці год... Пакаленне, якое вярнулася ў бібліятэкі.

Гутарыла Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.