Вы тут

Сорам на пяць іксоў, або Выратаванне — толькі ў самаіроніі


Начытаўшыся кніг па выхаванні дзяцей, з трывогай чакала наступлення пераходнага ўзросту ў сваіх. Старэйшай дачцэ — сямнаццаць. Зыходзячы з уласнага невялікага досведу зразумела, што, у прынцыпе, побач з падлеткам выжыць можна. Галоўнае, сачыць за тым, што гаворыш. А тут ужо як пашанцуе: сёння твае словы выклікалі буру смеху, а заўтра нешта падобнае справакуе ў падлетка абурэнне і прывядзе да грандыёзнага скандалу. Цяпер і сын Мішка зведаў гэты дзіўны падлеткавы стан. Я па-ранейшаму стараюся падтрымліваць з ім цёплыя і даверлівыя адносіны, але гэта ўсё роўна не выключае непаразуменняў і крыўды. Асабліва яго стала раздражняць маё «дзяўбенне» наконт яго абавязкаў, спраў, гурткоў і іншага. Таму я прыдумляю разнастайныя спосабы пазбегнуць гэтай сваёй бацькоўскай функцыі або, калі вельмі трэба, раблю тое неяк апасродкавана. Так было і тады, калі прыйшоў час басейна. Знарок пачала гучна нагадваць дзесяцігадовай дачцэ, што трэба браць з сабой на плаванне. Потым ненадакучліва спытала ў сына, ці ёсць у яго ўсё неабходнае для паходу на гурток. Сын знік у сваім пакоі і ўжо адтуль выгукнуў, што ўсё «норма».


Я адразу зразумела, што нешта не так, калі ён зайшоў у кватэру, не разуваючыся, пакрочыў да мяне ў пакой і сеў побач з гучным уздыхам.

— Мам, гэта такі жах... Сорам на тры іксы!

Я напружылася: калі справа датычыцца сораму і бясслаўя падлетка, трэба быць вельмі ўважлівымі, каб гэты «сорам» зрабіць не такім ужо страшным — у дадатак падтрымаць і суцешыць.

— Прыходжу ў басейн, а там на мой час дзве групы працуюць: для дарослых і падлеткаў, якія ўмеюць плаваць, і другая група — для дзяцей і падлеткаў, якія толькі вучацца. Я выдатна ўмею плаваць, тым больш не першы год займаюся, таму пайшоў у першую. Калі ўсе сабраліся, трэнер папрасіў здаць меддаведку і абанемент. А я... Я не ўзяў.

— Міш, ну такое бывае, любы можа забыцца...

— Мам, ну не на першы ж занятак! Яны ж мяне ніколі не бачылі! Я ім спрабаваў даказаць, што ты купіла абанемент, нават прапанаваў патэлефанаваць табе. Яны параіліся і вырашылі ўсё ж пусціць мяне. Кажуць, абувай пантофлі і ідзі ў раздзявальню...

— І?

— Мам, я пантофлі забыўся! Вахцёркі сталі вохкаць: як жа так, а што рабіць? Усе глядзяць на мяне. Гэта быў такі сорам. Сталі шукаць у пакінутых рэчах чужыя. Ружовыя, па памеры, не стаў абуваць, узяў нейкія гіганцкія і, як Маленькі Мук, паплёўся за ўсімі ў душ.

— Ну, бывае... Але ж усё добра скончылася: у басейн пусцілі, пантофлі знайшлі.

— Мам, у раздзявальні я зразумеў, што не ўзяў гумовую шапачку...

— Мішка! — усклікнула я, ледзь стрымліваючы смех. — Што ж ты тады ўзяў?

— Рушнік і плаўкі... Зрэшты, шапачку таксама трэнер даў, але падазрона спытаў, ці ўмею я плаваць. Ну, думаю, зараз я ўмомант аднаўлю сваю рэпутацыю «нармальнага». Скокнуў у ваду і... з жахам усведамляю, што я быццам бы рухаю рукамі і нагамі, але... не плыву! Гэта было больш падобна на бессэнсоўнае боўтанне...

Я набрала ў лёгкія пабольш паветра і моцна сціснула вусны. Сябе нельга было выдаць, бо мой смех мог закрануць самалюбства гэтага «цудоўнага птушаняці».

— Трэнер глядзеў, глядзеў, а потым кажа: мабыць над тэхнікай яшчэ трэба будзе папрацаваць...

— Ён зразумеў, што ты пасля доўгага перапынку, усім патрэбны час, каб асвоіцца.

— Магчыма... Але, ведаеш, мы апошняя група і нам дазваляюць плаваць даўжэй за ўсіх. Нашы ўсе ўжо павылазілі, засталіся толькі самыя ўстойлівыя. Я і яшчэ два хлапчукі. Думаю, вылезу самы апошні. Пакажу, які я... І тут трэнер падыходзіць да мяне і кажа: Міш, можа, табе холадна, вылазь ужо. Я, вядома, адмовіўся. Хоць разумеў, што ўжо злёгку змерз. Але праз пяць хвілін трэнер зноў падыходзіць і кажа, што яго турбуе колер маіх вуснаў, лепш вылазіць. Іду ў раздзявальню, гляджу ў люстэрка, а там сіні-сіні хлопчык, нейкі худы, дрыжыць, і шлёпанцы гэтыя гіганцкія...

Гэта было апошняй кропляй. Я зарагатала. Не магла ніяк супакоіцца.

— Прабач, сынок, але гэты «сорам» не на тры іксы, а на цэлых пяць...

Мішка засмяяўся. Вядома, потым была размова пра тое, што такі «сорам» часам здараецца ў жыцці і таму нядрэнна б ставіцца да падобнага вопыту з самаіроніяй. Казалі і пра тое, што можна зрабіць, каб пазбегнуць такіх канфузаў, аб тайм-менеджменце, напамінах у тэлефоне, уважлівасці... У выніку бацьку сын расказваў ужо смешную гісторыю пра «сорам» на пяць іксоў.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.