Вы тут

Новы лідар БРСМ Аляксандр Лук’янаў: Мае дзверы для ўсіх адчыненыя


У школьныя гады ён захапляўся танцамі і выступаў у магілёўскім харэаграфічным ансамблі «Радасць». У старшых класах пераключыўся на тайландскі бокс і пажарна-выратавальны спорт. Паступіў у Камандна-інжынерны інстытут МНС, дзе захапіўся навукай. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, выкладаў, займаў пасаду начальніка аддзела даследаванняў у галіне ліквідацыі надзвычайных сітуацый Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС. Пры гэтым спорт не закінуў. А на апошнім з'ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі быў абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэта. Знаёмцеся: у гасцях у «Чырвонкі. Чырвонай змены» новы лідар самага буйнога маладзёжнага аб'яднання краіны — Аляксандр ЛУК'ЯНАЎ.


Фота Алины Мазавец.

Трамплін і піяр

— Аляксандр, для многіх стаў нечаканасцю такі паварот у вашым жыцці і службовай карьеры. Кадравы афіцэр МНС пагадзіўся зняць пагоны і ўзначаліць грамадскую арганізацыю, прычым у вельмі няпросты перыяд як для нашай краіны, так і для арганізацыі...

— Прызнаюся, што ў школьныя гады грамадская работа мяне не вельмі цікавіла, а вось калі я стаў курсанатам, у маім жыцці з'явіўся рэспубліканскі праект «100 ідэй для Беларусі», якому абавязаны вельмі многім.

Спачатку я быў, так бы мовіць, побач з гэтым праектам: наша «пярвічка» БРСМ дапамагала ў яго арганізацыі. І новае асяроддзе, дзе сустракаюцца прадстаўнікі самых розных сфер са сваімі ідэямі і знаходкамі, мяне моцна зачапіла. Я падумаў: а чаму мы толькі дапамагаем? Прапанаваў сябрам заявіць свой праект — інавацыйны вогнеахоўны састаў для тканін, які не дазваляе агню распаўсюджвацца і можа зменшыць колькасць пажараў. Для курсантаў, што знаходзяцца ў даволі абмежаваным коле кантактаў, гэты быў выдатны спосаб прарэкламаваць сваю навуку. Прычым на ўзроўні, які нам і не сніўся. У фінале з нашым праектам знаёміліся першыя асобы ў кіраўніцтве дзяржавы і Нацыянальнай акадэміі навук. Мае настаўнікі, старыя сябры і знаёмыя сталі казаць пры сустрэчы: «А мы бачылі цябе па тэлебачанні» ці «Мы пра цябе чыталі»...

Дарэчы, у фінале наш праект стаў пераможцам у намінацыі «Хімія і нафтахімія». Калі дактары навук, акадэмікі, якія ўзначальваюць навуковыя школы, даюць такую высокую ацэнку тваёй рабоце, гэта акрыляе. А далей жыццё завіравала (усміхаецца. — Аўт.) — сталі паступаць запрашэнні на іншыя конкурсы і мерапрыемствы. Мы ўзялі ўдзел у ІV Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў Маскве, прэзентавалі сваю распрацоўку ў Шанхаі, Пекіне, Алматы, а таксама на Сусветным фестывалі моладзі ў Сочы, дзе з ёй азнаёміўся наш зямляк, расійскі касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі. Ён, дарэчы, адзначыў яе актуальнасць для касмічных палётаў. І пасля конкурсу я ўжо не адыходзіў ад Саюза моладзі ні на крок. А калі ў 2018 годзе абараняў сваю кандыдацкую па тэме «Вогнетрываласць поліэфірных матэрыялаў», асобнай пазіцыяй была адзначана перамога ў рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі».

 

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі не першы год ладзіць праект «Моладзь — за ўраджай!»

У тым жа 2018 годзе мне прапанавалі прадстаўляць БРСМ у Маладзёжнай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі. Атрымаў дабро ад кіраўніцтва інстытута, бо гэта была дадатковая грамадская нагрузка на мяне. Стаў першым намеснікам старшыні палаты, а праз год яе ўзначаліў. Парламенцкі рух — вельмі цікавы і карысны досвед. Мы ініцыіравалі міжнародны праект «Лічбавая зорка», які актыўна падтрымалі грамадскія аб'яднанні і мясцовыя ўлады дзвюх краін. Яго ідэя заключалася ў стварэнні карты памятных мясцін, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, і алічбаваннем звестак пра помнікі і воінскія мемарыялы на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Сумесна з маладымі гісторыкамі, валанцёрамі, клубамі рэканструктараў вядзецца пошук інфармацыі пра падзеі, жыццё і подзвігі герояў, памяць пра якіх увасоблена ў камені.

А выбранне на з'ездзе мяне, афіцэра МНС, на ролю першага сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ лічу вялікім авансам даверу. Прызнаюся, што маё жыццё падзялілася на «да» і «пасля». Такая падтрымка, выказаная на з'ездзе, да многага абавязвае... Хачу запэўніць, што, з'яўляючыся афіцэрам, я служыў Беларусі і цяпер буду служыць, хоць і без пагонаў. У гэтым сэнсе для мяне нічога не змянілася.

У канструктыўным ключы

— На з'ездзе вы сказалі, што мінулы год быў няпросты, ён узрушыў літаральна кожнага, прымусіў паглядзець навокал і ўбачыць, хто ідзе побач — сябар і паплечнік ці здраднік. Мяркую, што стаць сёння маладзёжным лідарам — вялікая адказнасць. Вы не баіцеся цяжкасцяў і расчаравання ў людзях?

— Мы жывём у пераломны час, калі прэваліруюць двайныя стандарты, калі ідзе беспрэцэдэнтны ціск на нас і на нашы каштоўнасці. Рыхтуюцца змяненні ў Асноўны Закон — Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Я ніколі не скрываў, што падтрымліваю і кіраўніка дзяржавы, і дзяржаўны курс. А мінулы год стаў лакмусавай паперкай для майго акружэння. Хтосьці паддаўся эмацыянальнай хвалі, не разабраўся, не праверыў факты... Мне і маёй сям'і пачалі паступаць пагрозы, а ў мяне расце маленькая дачка. Асабліва негатыў адчуваўся ў сацыяльных сетках, таму я быў вымушаны абмежаваць кантакты з некаторымі людзьмі. Затое цяпер у маім акружэнні з'явілася нашмат больш тых, з кім цікава і карысна. У іх ёсць крытычная ацэнка таго, што адбываецца ў Беларусі, і яны разумеюць, што сваю пазіцыю трэба даносіць у канструктыўным ключы: на дыялогавых пляцоўках, падчас прыёму грамадзян. А калі чалавек пад чужым уплывам выходзіць на вуліцу і не разумее, які сцяг нясе над галавой, калі ён не змог аб'ектыўна разабрацца ў сітуацыі і атрымлівае інфармацыю толькі са свайго тэлефона, то, напэўна, лепш з ім разысціся.

— Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка ў сваім выступленні на з'ездзе канстатаваў, што застаюцца праблемы з пошукам лідараў і стварэннем надзейнага кадравага рэзерву як для маладзёжнага аб'яднання, так і з перспектывай для органаў дзяржаўнай улады і кіравання. А якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен вызначацца маладзёжны лідар?

— Адна з ключавых якасцяў — гэта справядлівасць у адносінах да сваіх аднакласнікаў, аднакурснікаў, калег, уменне знайсці агульную мову з усімі, у тым ліку і з тымі, хто, можа быць, не падзяляе тваю пазіцыю, шчырасць у фарміраванні пасылаў, пастаноўцы мэт, захаванне жыццёвых прынцыпаў і каштоўнасцяў. Бо калі чалавек дэкларуе адно, але ўчынкі словам не адпавядаюць, то пра які давер да яго можа весціся гаворка? Вядома, лідар павінен быць прыкладам ва ўсім: мець добрую фізічную форму, быць добрым сем'янінам. Варта згадаць і пра дзелавыя якасці, бо прыслухоўваюцца толькі да прафесіяналаў. А калі казаць пра лідара маладзёжнай арганізацыі, то ён павінен быць голасам тых, каго прадстаўляе, і прасоўваць інтарэсы моладзі на ўсіх узроўнях.

«Сацыялогія» на паляне

— 44 з'езд БРСМ прайшоў пад дэвізам «Адзінства моладзі — сіла Беларусі». Як вы мяркуеце, ці зможа арганізацыя, якую вы ўзначалілі, зацікавіць сваімі праектамі і акцыямі ўсю беларускую моладзь? Як увогуле зразумець, што для яе актуальнае ў дадзены момант?

Валанцёры Саюза моладзі дапамагаюць у рэканструкцыі праваслаўных храмаў і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.

— Прызнаюся, што першыя тыдні пасля майго выбрання былі надзвычай насычаныя. І свой першы рабочы дзень на новай пасадзе я правёў у палях. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі не першы год ладзіць праект «Моладзь — за ўраджай!» Лічу, што нашым хлебаробам, якія пры любых умовах надвор'я працуюць дзеля ўмацавання харчовай бяспекі, важна бачыць, што яны не адны ў полі — іх падтрымлівае ўся краіна. Упэўнены, што такая ўвага ўмацоўвае і матывуе на далейшую добрасумленную працу. Да таго ж гэта і спосаб пачуць, а што ж адбываецца па-за нашымі гарадскімі кабінетамі. Што хвалюе людзей, якія працуюць на зямлі?

На абласным маладзёжным турзлёце ў Дзятлаўскім раёне, дзе сабралася каля 400 актывістаў БРСМ (працоўная і навучэнская моладзь), проста на паляне адбылася вельмі цікавая «сустрэча без гальштукаў», у якой узялі ўдзел і губернатар, і памочнік Прэзідэнта па Гродзенскай вобласці. Менавіта ў такой нязмушанай атмасферы ёсць магчымасць закрануць вострыя тэмы і пачуць адзін аднаго.

Любое рашэнне павінна прымацца, абапіраючыся на сацыялогію. Але я кажу пра сацыялогію не ў класічным уяўленні. Рэгулярныя сустрэчы з калектывамі (працоўнымі, навучэнскімі) — таксама сацыялогія. Дарэчы, на з'ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі дэлегаты прынялі стратэгію развіцця арганізацыі да 2025 года. У яе аснову ляглі прапановы і ідэі маладых людзей, выказаныя менавіта на дыскусійных пляцоўках.

Саюз моладзі заўсёды дэманструе адкрытасць, ініцыятыўнасць і крэатыўнасць, а патэнцыял у нас вялізны. Кажуць, што некаторых маладых людзей адштурхоўваюць пэўныя назвы: «сакратар райкама ці абкама», «бюро», «цэнтральны камітэт», што трэба шукаць нейкія больш сучасныя фармулёўкі. Дадзенае пытанне цяпер абмяркоўваецца. Але, з іншага боку, мы зусім нядаўна адзначылі стагоддзе камсамола, а адна з задач Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — захаванне пераемнасці з арганізацыяй, адкуль ідуць нашы карані. Дык ці маем мы права адмаўляцца ад мінулага? Сутнасць дзейнасці БРСМ павінна заставацца ранейшай, а вось форма і напаўненне — быць іншымі, больш сучаснымі, калі мы імкнёмся пашырыць уплыў нашай арганізацыі. Але я лічу, што працаваць трэба найперш не на колькасць, а на якасць.

Сіла — у камандзе!

— У БРСМ хапае брэндавых праектаў: «100 ідэй для Беларусі», «Уладар вёскі» , «Студэнт года», «Каралева Вясна». Але з цягам часу інтарэс нават да самых папулярных праектаў можа згасаць. Вы ўлічваеце такую пагрозу? Можа, трэба прапаноўваць штосьці новае, каб заставацца ў трэндзе?

— Новыя выклікі часу патрабуюць ад нас быць больш сучаснымі і мабільнымі. Асабліва калі мы хочам выбудаваць работу не толькі з членамі Саюза моладзі, але і з несаюзнай моладдзю. Шостага верасня мы адзначылі 19-годдзе нашай арганізацыі: па ўсёй краіне прайшлі адкрытыя дыялогі, спартыўныя турніры, акцыі, флэшмобы, фотачэленджы, анлайн-квіз. Для прыкладу, у Гродзенскім медуніверсітэце адбыўся адкрыты дыялог на тэму «Адзінства моладзі — сіла Беларусі», у Бабруйску — дыялогавая пляцоўка «Ад 100 ідэй да 1000 традыцый».

І ў гэты дзень стартаваў новы рэспубліканскі праект «БРСМ: сіла ў камандзе». Мы імкнёмся актывізаваць і зрабіць больш бачнай работу нашых «пярвічак». Сёння важна не толькі распавядаць пра дзейнасць Саюза моладзі, але і запрашаць маладых людзей паспрабаваць свае сілы ў валанцёрскім, маладзёжным праваахоўным, студатрадаўскім рухах, у інавацыйнай дзейнасці, у творчасці. Нам важна выяўляць маладзёжных лідараў яшчэ ў школе, фарміраваць так званы кадравы рэзерв з наступнай прафесійнай падрыхтоўкай.

Прапануем нашым пярвічным арганізацыям гучна заявіць пра сябе! Сярод конкурсных выпрабаванняў, напрыклад, — «Візітоўка «пярвічкі» БРСМ афлайн», дзе ад нашых актывістаў патрабуецца расказаць аб дзейнасці, дасягненнях, цікавых формах і метадах работы з моладдзю ў творчай форме. А ў конкурсе «БРСМ: новае пакаленне» ўдзельнікі маладзёжнай каманды прэзентуюць праект для моладзі, накіраваны на развіццё і падтрымку маладзёжных ініцыятыў (пажадана апрабаваны і рэалізаваны на практыцы). Пройдуць раённыя, абласныя і рэспубліканскі этапы.

— У Беларусі вельмі шмат робіцца для захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну, але ж патрыятычнае выхаванне не зусім правільна зводзіць толькі да ваенна-патрыятычнага. Патрыятызм уключае ў сябе яшчэ і вывучэнне нацыянальнай культуры, літаратуры, гісторыі, павагу да роднай мовы... Размаўляць на беларускай мове сёння вельмі модна сярод моладзі. Ці ўлічваеце вы гэты трэнд і ці плануе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі папулярызаваць родную мову сярод членаў арганізацыі?

— Цалкам з вамі згодны. Летась мы адзначалі 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёлета не маглі абысці ўвагай такую важную і сумную дату, як 80-годдзе з яе пачатку. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну, нашы каласальныя людскія страты — гэта падмурак дзяржаўнай ідэалогіі, але было б няправільна канцэнтравацца толькі на адным кірунку. Патрыятызм уключае і вывучэнне гісторыі ідэнтычнасці беларускага народа. Я лічу, што патрыятызм увогуле пачынаецца з сям'і. Ці ведаеш ты гісторыю свайго роду і таго месца, дзе нарадзіўся? Многія цяпер пераязджаюць з горада ў горад, з краіны ў краіну. Мы маем справу з сусветнай глабалізацыяй, але ж нельга забывацца і пра сваю малую радзіму. Калі валанцёры нашай арганізацыі займаюцца добраўпарадкаваннем пахаванняў, аднаўленнем святынь Беларусі, дапамагаюць у рэканструкцыі праваслаўных храмаў і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, ці ж гэта не праява патрыятызму?

Дадам, што ў дзень нараджэння БРСМ мы запусцілі яшчэ адзін маштабны рэспубліканскі патрыятычны праект «Ведай Беларусь», прысвечаны Году народнага адзінства. Ён накіраваны на павышэнне ўзроўню ведаў у галіне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання, геаграфіі і гісторыі Беларусі. У верасні-кастрычніку пройдзе серыя анлайн-квізаў «Ведай Беларусь», турнір па зборы пазлаў «Ведай Беларусь», адкрыты чэмпіянат сярод байцоў студэнцкіх атрадаў і рэспубліканскі чэмпіянат па хуткаснай зборцы спілс-карт Рэспублікі Беларусь. Заўважу, што для перамогі адных ведаў будзе недастаткова — патрабуецца яшчэ і ўменне працаваць у камандзе, бо, напрыклад, для збору спілс-карты даецца ўсяго 25 хвілін.

 

У свой дзень нараджэння БРСМ запусціў маштабны рэспубліканскі патрыятычны праект «Ведай Беларусь».

Што датычыцца пашырэння выкарыстання беларускай мовы, то ў нас рэалізоўваюцца такія праекты на роднай мове, як «Уладар вёскі», «Крыніца натхнення». Традыцыйным стаў Дзень вышыванкі. Але мы бачым, што нашы апаненты перахапілі парадак дня і выкарыстоўваюць сёння беларускую мову ў палітычных мэтах, а гэта няправільна. Павага да беларускай мовы і свабоднае валоданне ёй — таксама важны элемент патрыятызму і нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму будзем думаць, што мы можам зрабіць.

Няведанне і адказнасць

— Адзін з новых кірункаў стратэгіі развіцця БРСМ — прававое выхаванне моладзі. Як плануеце яго рэалізоўваць?

— Уключэнне гэтага кірунку ў дакумент было абумоўлена часам і становішчам, у якім мы жывём. Той жа інтэрнэт стаў не толькі пляцоўкай для камунікацыі і абмену кантэнтам, а яшчэ і зонай адказнасці. Многія маладыя людзі, пакідаючы каментарый або размяшчаючы публікацыю ў сацыяльных сетках, не задумваюцца аб прававых наступствах сваіх дзеянняў. Але няведанне не вызваляе ад адказнасці і пакарання. Таму наш абавязак — перасцерагчы падрастаючае пакаленне ад неабдуманых учынкаў, расказаць, што, паддаўшыся маніпуляцыям, можна перакрэсліць сваю будучыню, спрыяць фарміраванню адказнага грамадзяніна.

Для дасягнення пастаўленых мэт Саюз моладзі плануе праводзіць навучальныя і інфармацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню прававой адукаванасці і прававой культуры моладзі. Прадумваем рэалізацыю такога праекта, як мадэльная заканатворчасць, каб даць студэнтам і школьнікам магчымасць паспрабаваць свае сілы ў стварэнні заканадаўчых актаў, далучаць іх да публічных абмеркаванняў, даць магчымасць выказаць сваё меркаванне па той ці іншай тэматыцы. Напрыклад, агучыць маладзёжнае бачанне Закона аб экалогіі. Самых ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат запросім у Палату прадстаўнікоў. Няхай яны там пакамунікуюць з маладзёжным дэпутацкім крылом: не варта забываць, што ў парламенце ў нас шэсць прадстаўнікоў БРСМ і адзін — у Савеце Рэспублікі. І іх досвед будзе вельмі карысны.

— Я — умоўны малады чалавек, у якога нарадзілася выдатная ідэя. Але я не з'яўляюся членам БРСМ. Вы гатовыя мяне выслухаць і падтрымаць?

— Мае дзверы для ўсіх адчыненыя. Больш за тое, нам востра неабходная зваротная сувязь ад моладзі. Не мы ў цэнтральным апараце павінны генерыраваць ідэі. Наша задача — іх дапрацоўваць і маштабіраваць.

— Дзякуй, Аляксандр, за гутарку і поспехаў вам у рабоце.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БРСМ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.