Вы тут

Пінск — спадчына Палесся, або Экспазіцыя без шкла


Пінск можа стаць адным з пунктаў разнастайных турыстычных маршрутаў. Напрыклад, па дарозе да яго можна пабываць у заказніках, прайсціся экалагічнымі сцежкамі, наведаць старажытныя паркі Парэчча, Дубое, Сташаны, паназіраць, як вырошчваюць і збіраюць ягады на прадпрыемстве «Палескія журавіны», даведацца, як працуюць шлюзавыя камеры на гідравузле «Дубой», ці здзейсніць пераправу праз раку Піну, прычым тут усё выконваецца ўручную, можна нават паспрабаваць свае сілы ў перацягванні парома пры дапамозе спецыяльнага драўлянага прыстасавання — палкі-гамаркі.


А яшчэ Піншчына вяртае тое, што, на жаль, сёння страчана ў гарадскім асяроддзі — традыцыі, рамёствы, абрады, веды і эмоцыі, з імі звязаныя. З мэтай захавання этнаграфічнай памяці, у вёсцы Мерчыцы быў створаны Цэнтр традыцыйнай культуры «Спадчына Палесся». Тут можна выпрабаваць сябе за ткацкім станком, паўдзельнічаць у танцавальных майстар-класах ці навучыцца гуляць у народныя гульні. У шасці залах музея сабрана больш за 200 экспанатаў, якія распавядаюць пра побыт палешукоў. «Нашы экспазіцыі не маюць шкла. Мы спецыяльна рабілі цэнтр такім, каб людзі тут маглі акунуцца ў побыт, адчуваць сябе так, быццам знаходзяцца ў сапраўднай вясковай хаце, маглі дакрануцца да прадметаў, вярнуцца да вытокаў, адчуць сваю сувязь з папярэднікамі», — падзялілася загадчык Мерчыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і побыту Таццяна Вакуліч. Усе госці цэнтра становяцца сапраўднымі ўдзельнікамі старадаўніх традыцый: удзельнічаюць у Калядках, спальваюць чучала і водзяць карагоды на Масленіцу, качаюцца ў расе і просяць у Бога здароўя на Юр'е, частуюцца напоем на зёлках, тут жа сабраных... У час пандэміі тут апрабавалі сямейныя экскурсіі. На народныя святы можна дамовіцца, і вашым дзеткам арганізуюць сапраўдныя палескія прыгоды.

Падобныя цэнтры на Палессі развіваюцца, і ў супрацоўніцтве з мясцовымі рамеснікамі, фальклорнымі калектывамі яны здольныя прыдумаць праграмы пад самых розных гасцей — ад малога да вялікага.

Асаблівасць Піншчыны ў тым, што гарадскія і раённыя ўлады разам працуюць на развіццё турыстычнай прывабнасці рэгіёна. Намеснік старшыні раённага выканкама Дзмітрый Палхоўскі адзначыў, што сёння тут стараюцца развіваць розныя віды адпачынку: гэта і гістарычныя вандроўкі, агратурызм, экалагічны, веласіпедны, медыцынскі, водны (сплавы па Прыпяці і прагулкі на цеплаходзе). Тут можна запускаць і аграпрамысловы турызм: у раёне рэканструявалі малочнатаварныя комплексы, дзе можна паглядзець новыя тэхналогіі вытворчасці малака і мяса. Ёсць задумкі новых камбінаваных маршрутаў з коннымі паходамі, экскурсіяй па Пінску і катаннем на цеплаходзе.

Загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага абласнога выканкама Дзяніс Нікіцюк упэўнены, што Палессе неабходна прасоўваць як адзіны турыстычны рэгіён і стаўку рабіць на неаднадзённыя, насычаныя наведваннем розных пунктаў маршруты. Прычым турыстычныя вандроўкі, якія вядуць у Пінск, могуць праходзіць не толькі праз Пінскі, але і праз Драгічынскі, Іванаўскі раёны, дзе ўжо створаны цікавыя аб'екты. Пазней плануецца далучыць сюды Лунінецкі і Столінскі раёны. На жаль, сёння праблема ўпіраецца ў недахоп аб'ектаў размяшчэння, і нават аграсядзібы не здольныя закрыць праблему з рассяленнем турыстаў на начлег. Адна справа — калі госці прыязджаюць на сваіх машынах сем'ямі, іншая — калі вялікія патокі турыстаў вязуць аўтобусамі. Важна фарміраванне сістэмы кіравання падобнымі праектамі і інфармацыйнага забеспячэння новага прадукту. На Піншчыне плануецца стварыць адзіны інфармацыйны цэнтр.

Будучыня і за турыстычнымі кластарамі, калі розныя аб'екты (сядзібы, лясгасы, турпрадпрыемствы, мясцовыя творчыя калектывы, музеі) працуюць на стварэнне адзінага прывабнага прадукту, які забяспечыць гасцей адкрыццямі, уражаннямі, забавамі і дазволіць затрымаць іх на больш працяглы час.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.