Вы тут

Кіраўнікі мясцовай улады павіншавалі з 90-годдзем жыхарку аддаленай вёскі


Аляксандра Дзям'янаўна Макушык надзвычай рада гасцям. Нас, старшыню райсавета і сенатара Анатоля Шалтанюка, кіраўніка сельвыканкама Анатоля Марчука, а таксама карэспандэнта, запрашае ў хату, стараецца пасадзіць як найлепш. Але перад пачаткам гутаркі мерае ціск, выпівае свае таблеткі: тахікардыя, іншыя праблемы нагадваюць аб сабе нават пры самым нязначным хваляванні. Не так даўно шаноўны ветэран сельскай адукацыі адзначыла 90 гадоў.


Раней кукавала, а цяпер свішчы!

— Ніколі не думала, што дажыву да такіх гадоў, а вось бачыце, які доўгі век Бог адмераў, — пачынае гаворку гаспадыня і дастае свае альбомы са здымкамі, скарбонкі з дакументамі, папкі з памятнымі і важнымі рэчамі. І сама вырашае, што лепш расказваць па парадку, з самага дзяцінства.

Cтаршыня сельскага Савета Анатоль Марчук і Аляксандра Макушык.

Нарадзілася яна ў вёсцы Харкі суседняга Пружанскага раёна. Вёска асаблівая тым, што побач праходзіць чыгунка. Колькі сябе памятае, праводзіла цягнікі: бацька ж працаваў на дарозе. Думала спачатку звязаць сваё жыццё з чыгункай. Але потым усё ў сям'і памянялася, у 1949 годзе бацька захварэў і памёр. Яна толькі скончыла сямігодку, ехаць вучыцца далёка не выпадала, а ў Пружанах у той час было педвучылішча. Ну і пайшла паступаць, у прамым сэнсе пайшла. Па тым часе 25 кіламетраў — не адлегласць, а грамадскі транспарт не хадзіў. Кожны тыдзень у суботу пасля заняткаў прыходзіла дадому, каб дапамагчы маці, а ў нядзелю вечарам зноў кіравала ў Пружаны. Так і вучылася чатыры гады.

У гэты час давялося асвоіць яшчэ адну навуку — касьбу. Маці трымала карову. Дачка за лета накошвала сена. «Тут у нас у ваколіцах Гарадзечна век балота было, а касіць для сваёй жывёлы можна было толькі на няўдобіцах, — успамінае Аляксандра Дзям'янаўна. — Вось мы з мамай і выбіраліся зранку на балота. Я касіла, яна выносіла траву на грудок, там сушылі, складалі ў копы. А вывозіць можна было толькі ўзімку, калі падмарозіць. Карова была патрэбная: яна карміла сям'ю».

У 1953-м юная Аляксандра скончыла вучобу, атрымала першае ў сваім жыцці накіраванне на работу, у Жабінкаўскі раён. І зноў згадвае: «Прыехала ў Жабінку: вёска-вёскай, адны драўляныя хаты — не тое што ў нас, у Пружанах. Думаю: і што гэта за райцэнтр? Але знайшла аддзел адукацыі, ён якраз каля вакзала размяшчаўся, прад'явіла дакументы. Інспектар з гумарам аказаўся, накіраваў мяне ў школу з такім наказам: «Раней кукавала, а цяпер свішчы!» У мяне прозвішча было Зазуля. А школа, што стала першым месцам работы, была ў вёсцы Свішчы».

Работа і дом

Калектыў Свішчоўскай сямігодкі яна згадвае з асаблівай цеплынёй, лічыць, што пашанцавала: і падбадзёраць, і падтрымаюць маладую настаўніцу. А яна зразумела, што знайшла справу па душы, вельмі радавалася кожнаму вучню, які на яе ўроках навучыўся чытаць, прыгожа пісаць, лічыць. «Вучні вясковыя былі тады сціплыя, паслухмяныя. Настаўніка ж на сяле асабліва паважалі, — заўважае суразмоўніца. — На работу ішла з жаданнем, з настроем». Потым яна працавала крыху ў Мацясах, праз год перавялі ў Глыбокае, якое і стала лёсам.

У Глыбоцкай пачатковай школе працавалі нейкі час усяго дзве настаўніцы — яна і калега. «Я была вельмі энергічная, усё старалася зрабіць і арганізаваць для школы: і агароджу пафарбаваць, і печ адрамантаваць, каб добра грэла. Потым мы пасадзілі агарод, каб была свая прадукцыя для вучняў на сняданак. А яшчэ выпускалі сценгазеты, ладзілі канцэрты, праводзілі гутаркі і лекцыі — адным словам, цікава жылі».

Тут яна і сустрэла свайго Яўгена Макушыка. З ім пабраліся шлюбам. Сталі ўзводзіць дом.

— Бедныя былі, дапамогі — ніякай: у мяне — адна маці, у яго — мачаха і многа дзяцей у сям'і. Купілі старую хаціну, перавезлі, астатняе ўсё куплялі паступова. Зарплата на той час у мяне, памятаю, 40 рублёў была. Атрымаеш грошы: за адзін месяц купіш вокны, за другі — дзверы, і зноў чакаць трэба. Ды неяк хату агоралі, і жыць стала лягчэй. Памятаю, як шафу першую купляла — дык сваёй зарплаты не хапіла, у калегі пазычыла. Але ж мэблю займела — радасці было! Во і цяпер тая шафа стаіць — на мой век яе хопіць. А потым з маім Жэнем патроху разжыліся, кароўку купілі, гаспадарку сваю завялі. Дзеці нарадзіліся: спачатку — Саша, потым — Тамара.

Выпрабаванні

Усё было добра ў сям'і настаўніцы, але ў 1978 годзе трагічна загінуў сын. Яна той дзень як сёння памятае. У вёсцы праводзілі ў армію аднаго хлопца — тады гэтую падзею адзначалі, ладзілі вечар. І не сказаць, каб ён блізкім сябрам быў прызыўніка, але запрасілі. Расказвае: «Як чула маё сэрца: чамусьці не хацела, каб Саша ішоў, але ж прычын не было і адмовіцца. Я толькі куртку новую сыну купіла... Яны там пасядзелі за сталом, выйшлі, і некалькі хлопцаў, у тым ліку Саша, узяліся правесці прызыўніка да Жабінкі. А Саша вярнуўся дадому па тую куртку, бо пайшоў на вечар без верхняга адзення. Потым, відаць, даганяў кампанію подбегам, сцямнела ўжо. Машына ішла насустрач, кіроўца не заўважыў чалавека на вясковай вуліцы...»

А праз чатыры гады яна пахавала мужа — таксама загінуў у выніку няшчаснага выпадку. Потым давялося забраць да сябе хворую маці. На пенсію пайшла па выслузе: школу ў вёсцы закрылі, а хадзіць у Крыўляны было далёка. Потым, праўда, яшчэ дзесяць гадоў працавала ў калгасе... Гора і слёз хапіла за век гэтай жанчыне. Але яна не страціла дабрыні і спагады, цікавасці да жыцця. Зараз Аляксандра Дзям'янаўна жыве адна. Дачка Тамара, унук — у горадзе. Яны часта праведваюць, дапамагаюць, але ж выбіраюцца ў выхадныя. А на тыдні да яе заходзіць сацыяльны работнік Галіна Ундзірук.

Кнігі, газеты, каты

— Яна і пагаворыць, і кніжкі прынясе з бібліятэкі, дроў мне, вады наносіць. Першая памочніца, адным словам. А нядаўна вечарам, мусіць, тэлевізар гучна ішоў ці задрамала я, але тэлефон не пачула, як дачка званіла. Ужо сцямнела, чую стук у акно, пытаю, хто там. Аказалася, мая Тамара занепакоілася, што я не адказваю, набрала Галю — тая і прыбегла. Даводзілася ўсіх супакойваць, расказваць, што я жывая, нічога асаблівага не здарылася, — з усмешкай згадвае нядаўнюю гісторыю пенсіянерка.

Аляксандра Дзям'янаўна глядзіць тэлевізар. Прызналася, што любіць асобныя ток-шоу. Выпісвае газету, чытае кнігі — і свае, і з бібліятэкі. Яшчэ некалькі гадоў таму трымала нават казу. Цяпер ужо з гаспадаркі ў яе засталася адна шэрая кошка. «Сабачка быў такі добры, — згадвае гаспадыня, — пражыў 18 гадоў, а цяпер яго няма. Так шкадую. А гэта во кацянятка прыбілася. Я яго сагрэла, адкарміла. Вырасла такая ласкавая кошачка. Ды на табе, бяда: летась пад машыну трапіла, сківіцу ёй раструшчыла. Пазваніла, унук Вадзім прыехаў адразу, завёз яе ў лячэбніцу, там зрабілі аперацыю — выратавалі маю гаротніцу. Суседкі потым здзіўляліся, як гэта я 60 рублёў за аперацыю не пашкадавала. А я сказала: каб і больш — заплаціла б: гэта ж жывая істота, мы з ёй сябруем».

Даўжынёй у вуліцу

А суседак, паводле яе слоў, засталося мала: адну сын на зіму гэтым разам забраў, яшчэ дзве, якім пад дзевяноста, рэдка выбіраюцца з хаты. Людзей і наогул нямнога засталося. Гэта некалі Глыбокае — вёска ў адну вуліцу больш за два кіламетры — было вялікім, шумным. Напрыклад, паводле звестак 1970 года, тут пражывала 365 чалавек, у 1998 годзе яшчэ больш за сотню жыхароў налічвалася, а потым колькасць насельніцтва хутка пайшла на спад... Як ужо сказана, была свая школа, працавала ўчастковая бальніца. Некалі нават сельскі Савет функцыянаваў у Глыбокім, і калгас быў свой. Потым, пачынаючы з 70-х, засталася вытворчая брыгада з фермай, паляводчым участкам, дзе працавала нямала людзей. Быў і клуб з бібліятэкай. Зараз нічога не засталося. Цяпер тры разы на тыдзень прыязджае аўтакрама, па графіку — паштовая машына. Абсалютная большасць людзей — пенсіянеры, некаторыя даволі сталага веку.

Аляксандру Макушык цёпла павіншавалі з юбілеем родныя, вучні, мясцовая ўлада. Яна не адзначала сваё 90-годдзе з-за эпідэмічнай абстаноўкі, сямейнае святкаванне вырашыла перанесці на лета. Тых, хто не забыўся пра яе асабістае свята і вырашыў праведаць, прымала з радасцю.

Святлана ЯСКЕВІЧ, фота аўтара

Жабінкаўскі раён

Загаловак у газеце: Прайсці праз выпрабаванні і не страціць цікавасць да жыцця

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.