Вы тут

Шукаць вінаватага


Гісторыя зусім не новая. Скажам, жыла-была ў нейкім горадзе адна сям'я. Потым сям'я развалілася. І былыя сужэнцы сталі дзяліць квадратныя метры.


Як гэта цяжка часам бывае, колькі непрыгожага, нечаканага, прыкрага вылазіць на паверхню падчас разбораў, ведаюць хіба толькі тыя, хто перажыў падобнае, ведаюць яшчэ адвакаты і суддзі, якім даводзіцца ўнікаць у сутнасць справы па роду работы. Перада мною ліст у рэдакцыю, аўтар якога расказвае пра сваю сямейную драму. Не называю прозвішча жанчыны і горад, хоць усё гэта ёсць у пісьме. І шкада яе, шматдзетную маці, якая ўзнімае на ногі дзяцей адна. Але ж...

Тамара жыве ў адным з райцэнтраў Брэсцкай вобласці. У яе трое дзяцей ад першага шлюбу. Яна працавала, а можа і цяпер працуе, у адной з устаноў грамадскага харчавання. Там жа і пазнаёмілася з Віталем, які з часам стаў грамадзянскім мужам. Дзе сям'я пражывала раней, аўтар пісьма не ўказвае. Але відавочна, што Тамара мела права на будаўніцтва жылля з выкарыстаннем ільготнага крэдыту. І гэтым правам яна скарысталася. У 2013 годзе сям'я пераехала ў новую кватэру. Незадоўга да пачатку кватэрнай гісторыі нейкі добразычлівец з дыпломам юрыста параіў Тамары ўзяць шлюб з Віталем. Яна паспяшалася гэта зрабіць, думала, відаць, што сям'ю ў поўным складзе хутчэй уключаць у спісы забудоўшчыкаў. Пазней яна даведаецца, што ніякай патрэбы ў афіцыйнай рэгістрацыі адносін не было, што яе шматдзетная сям'я мае тыя ж прывілеі, якімі карыстаюцца поўныя сем'і.

Такім чынам атрымліваецца, што згаданая кватэра будавалася ў час, калі сужэнцы знаходзіліся ў законным шлюбе, значыць, жыллё мае статус сумесна нажытай маёмасці.

Паводле аповеду Тамары, ледзь не адразу пасля наваселля муж уцягнуўся ў выпіўку, кінуў работу, стаў наогул весці асацыяльны лад жыцця. І ёй нічога не заставалася, як толькі падаваць на развод. А ён і рады быў такому павароту справы. Больш за тое, праз пэўны час прынёс былой жонцы іск на раздзел маёмасці і стаў патрабаваць 13 тысяч долараў за сваю частку кватэры. Асабліва абурыў жанчыну факт, што іскавую заяву складала той самы юрыст, што некалі раіла ёй пабрацца шлюбам з чалавекам, які не апраўдаў яе надзей на шчаслівае сумеснае жыццё. Вось гэтую жанчыну і лічыць наша гераіня вінаватай у сваіх бедах.

Калі ўсё адбывалася менавіта так, як расказвае аўтар, то адвакат паступіла непрыгожа, магчыма, парушыла правілы прафесійнай этыкі. Але падобныя нюансы цяпер да справы не прылепіш. І маёмасныя адносіны былым мужу і жонцы давядзецца высвятляць паміж сабою. Да будаўніцтва кватэры Тамара прыступіла не малавопытнай дзяўчынай, а маці траіх дзяцей. У такой сітуацыі варта сем разоў падумаць, якія могуць быць наступствы альбо варыянты развіцця падзей у выпадку скасавання шлюбу. Не лішнім уяўлялася пракансультавацца яшчэ з нейкім юрыстам, нават спытаць пра гэта ў адпаведным аддзеле райвыканкама, куды насіла ўсе неабходныя дакументы для пастаноўкі на ўлік і будаўніцтва. Думаю, і там бы падказалі, альбо хоць бы далі параду наконт таго, хто можа пракансультаваць. Не думаю, што сучасная маладая жыхарка райцэнтра ніколі не чула пра такую форму ўрэгулявання сямейных адносін, як шлюбны дагавор. Усё можна было б прапісаць загадзя.

І яшчэ. Цяжка паверыць, што былы муж нашай гераіні так хутка і кардынальна перамяніўся. Няўжо быў добрым, уважлівым, з усіх бакоў станоўчым, гатовым стаць бацькам траім яе дзецям, а пасля засялення ў кватэру раптам стаў абібокам і выпівохай, які толькі ўмее ўчыняць скандалы? Трэба было глядзець уважліва, каго вядзеш у дом да дзяцей, і паспрабаваць сабе самой шчыра адказаць на пытанне: ці патрэбныя твае дзеці вось гэтаму чалавеку? А калі не патрэбныя, то што яму патрэбна? І тады, можа, удалося б пазбегнуць хоць бы той фінансавай пасткі, у якую яна трапіла.

Бо як казаў герой вядомага серыяла Глеб Жэглоў вуснамі Уладзіміра Высоцкага: «Пакаранняў без віны не бывае». Ды, відавочна, для яе цяпер гэта наўрад ці можа паслужыць хоць нейкім суцяшэннем.

Што ж рабіць гэтай жанчыне? Жыць далей, гадаваць сваіх дзяцей, абапіраючыся на падтрымку родных і блізкіх людзей. Спадзяюся, што такія ёсць. І вельмі ўважліва прыглядацца да таго, з кім заводзіш адносіны. А што яшчэ застаецца?

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».