Вы тут

Сыны малой радзімы


Наіўна было б лічыць, што пасля аб'яўлення Года малой радзімы ўсе кінуцца адраджаць свае родныя куткі, але добра, што ў асобных населеных пунктах гэта робіцца. І такіх нямала. Пра іх варта сказаць.


Вось, напрыклад, узяць адзін толькі Пружанскі раён. Чаму Пружанскі? Я яго лічу сваёй другой малой радзімай, бо там працавала адразу пасля ўніверсітэта і вельмі палюбіла гэты край. Дык вось, там можна знайсці самыя розныя прыклады паважлівага стаўлення чалавека да родных мясцін. І першы сярод такіх людзей Герой Беларусі Пётр Пятровіч Пракаповіч, ураджэнец вёскі Казлы Пружанскага раёна. Праўда, школу ён скончыў у Тамашоўцы Брэсцкага раёна, куды пазней пераехала сям'я. Цяпер тыя Казлы і суседняе Мокрае сталі аграгарадком Жураўлінае. Тамашоўку таксама можна назваць вёскай будучыні. У абодвух аграгарадках развіваецца сельгасвытворчасць. Інфраструктура, у якую ўкладзены вялікія сродкі, надзейна служыць людзям. А паколькі аднакласнікам Пятра Пракаповіча з'яўляецца Пётр Клімук, у Тамашоўцы ўзведзены і цудоўны музей касманаўтыкі.

Нядаўна мне расказвалі, як Пётр Клімук запрасіў маладога калегу Алега Навіцкага на сваю радзіму, паказаў суперсучасную вёску, пабывалі ў басейнах і на стадыёнах, палюбаваліся добраўпарадкаваннем, а за абедам Пётр Ільіч сказаў: «Вось глядзі, каб і твая малая радзіма так выглядала». Навіцкі, кажуць, крыху сумеўся — магчыма, прыкінуў, колькі гэта каштуе... Адным словам, кожнаму б касманаўту па такім аднакласніку, як Пётр Пракаповіч!

Калі ў выпадку з Пракаповічам на ўладкаванне малой радзімы часта прыцягваліся крэдытныя сродкі, радзей — з іншых крыніц альбо спонсарскія грошы, то другі ўраджэнец Пружаншчыны Мікалай Бурнас стаў класічным прыкладам іншага кшталту. Бізнесмен адрадзіў родную вёску за свае грошы.

Расійскі багаты прадпрымальнік пабудаваў у родным Клятным, амаль вымірлай вёсцы, турыстычны комплекс з гасцявымі домікамі, спартыўнай залай, рэстаранам, тым самым забяспечыўшы рабочыя месцы землякам. Нават царкву ўзвёў з домам для святара. Кажуць, праект абышоўся каля 30 мільёнаў долараў.

Але ж не ў кожнага, згадзіцеся, знойдзецца такая сума. Яго зямляк Мікалай Тарасюк сышоў у лепшы свет, а вёсцы сваёй не даў памерці. Народны майстар быў апошнім жыхаром Стойлаў, якія не згаслі канчаткова з яго адыходам. Застаўся музей, летам на дзень вёскі з'язджаюцца землякі, мастакі і скульптары, праводзяць пленэры. Дзядуля Мікалай выразаў свой драўляны люд і называў цыклы работ «Сум зямлі», «Сум вёскі». Ён моцна гараваў, што вёскі паміраюць, што над рэчкай не гучаць песні, але заўсёды спадзяваўся: нехта ўспомніць. Сапраўды ўспамінаюць. Вось ужо сталі ў далёкіх Стойлах дамы набываць, з'явілася першая аграсядзіба. Можа, і праўда, малітва майстра дайшла да неба.

Тыя выхадцы з Пружаншчыны, якіх я назвала, усё ж хутчэй выключэнне, чым правіла. Іх не многа. У нейкім сэнсе надзеяй кожнай малой радзімы могуць стаць яе сыны, якія на гэту радзіму вяртаюцца. Хай сабе без вялікіх грошай альбо адметных дасягненняў, але з любоўю да бацькоўскага дома, родных мясцін. Такія, як Валерый Жэдзь. Паспяховы інжынер-будаўнік пасля выхаду на пенсію памяняў сталіцу на родны Акольнік. Сваю вёску Валерый Аляксандравіч лічыць унікальнай, бо людзі тут сяліліся з размахам, кожная сядзіба займае з гектар. Мінчанін спачатку пераехаў, каб даглядаць хворага бацьку, і неўпрыкмет захапіўся вывучэннем гісторыі краю. А потым з'ехаць назад проста не змог. «Глядзіце, — расказвае ён, — мой бацька пажыў у дзевяці дзяржавах, не выходзячы з хаты. Нарадзіўся ў Расійскай імперыі, потым нямецкая акупацыя, Польшча, Саветы, зноў акупацыя, затым пасляваеннае перакройванне межаў, якое перажыў пушчанскі край. Памёр ва ўзросце 98 гадоў у незалежнай Беларусі. Пры Польшчы яго, камсамольца-падпольшчыка, расстрэльвалі, але ён цудам застаўся жывы. З вайны прыйшоў кавалерам ордэна Славы, у 1948-м па даносе арыштавалі, атрымаў 25 гадоў лагераў. Адпусцілі ў 55-м пасля перагляду справы. Уся гісторыя прайшлася, што называецца, па ім. Бацька будаваў дом і спадзяваўся, што ў ім будуць жыць нашчадкі...»

Валерый Жэдзь адрамантаваў бацькоўскую хату, узвёў гаспадарчы будынак, займаецца пчоламі, агародам, прыглядвае за адзінокімі суседзямі. Увесь свой нерэалізаваны мастацкі талент прымяняе пры добраўпарадкаванні сядзібы. «Чым я займаўся б зараз у Мінску, не ведаю», — нібы думае ўголас.

Літаральна нядаўна давялося пазнаёміцца з Юрыем Чыжэўскім, кіроўцам Пружанскага аўтапарка. У вёсцы Гарадзечна застаўся бацькоўскі дом. Без асаблівых капіталаўкладанняў ён так абсталяваў і дом, і сядзібу — вока радуецца. Нават калі рабочая змена з абеду, то зранку яны з жонкай тут, у вёсцы. «Цягне сюды, калі не пабуду некалькі дзён, дрэнна сябе адчуваю», — кажа Юрый Яўгенавіч.

Усяго ў Пружанскім раёне больш за дзве сотні вёсак. Сярод іх, на жаль, ёсць такія, куды мала хто прыязджае. У адной з іх надзвычай мілыя дзядуля і бабуля расказвалі, што ўсе вяскоўцы просяць сельскую ўладу паставіць ліхтары, а яны... прасілі, каб ім не ставілі. Бо чыгуначная станцыя блізка: часам ссадзяць п'янага безбілетніка ці злыдня якога, ён і пойдзе на святло. Яшчэ адзін, апошні жыхар вёскі, расказваў, што нават летам у яго населены пункт ніхто не прыязджае... Наколькі я ведаю, жыхарам Столінскага раёна, якім вечна зямлі не хапае, прапаноўвалі пераехаць у іншыя рэгіёны, у тым ліку на Пружаншчыну. Не хочуць. Мабыць, свая малая радзіма не адпускае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?