Вы тут

Спаса-Узнясенская царква. Вежацкі храм, дарагі майму роду


Згадваецца, як гадоў сорак таму я пры ўваходзе ў царкву сербскага манастыра Манасія прачытаў: «Божа! Блаславі таго, хто заходзіць у гэты дом, абарані і ахілі таго, хто з яго выходзіць, і дай мір таму, хто ў ім застаецца». Як высветлілася пазней, словы гэтыя належаць багамудраму Мікалаю (Веліміравічу), сербскаму святому ХХ стагоддзя.


Дарогу да старажытнага сербскага храма я знайшоў не сам — быў прывезены калегамі-сербамі. А сербы заўсёды вазілі замежныя дэлегацыі паказваць манастыры, цэрквы. Нягледзячы на афіцыйны атэізм, яны трымаліся пераканання, што няма і быць не можа больш надзейных сведчанняў пра самасвядомасць народа, значнасць яго гісторыі, сутнасць традыцый, чым храмы. Асабіста ў мяне пачуццё гонару за братні народ спалучалася з горыччу: у нас на той час, калі прымалі замежных гасцей, дык па завядзёнцы везлі на які-небудзь завод-гігант, на магутную электрастанцыю, на ўдарную будоўлю ці перадавы жывёлагадоўчы комплекс. А цэрквы і манастыры нашы аказваліся альбо дашчэнту ўжо разбураныя, альбо ператвораныя ў склады ці іншыя «карысныя» аб'екты.

На той час я, малаверны, прадбачыць не мог — а каб хто і прадказваў, не паверыў бы, — што прыйдзе час, калі на маёй роднай зямлі храмы таксама будуць аднаўляцца, і нават пачнуць будавацца новыя. Асабліва грэе душу ўсё, што ў гэтым плане адбываецца на роднай Брэстчыне. Дагэтуль не сціраюцца з памяці дні 16—19 верасня 1996 года, калі я меў гонар і вялікую радасць удзельнічаць ва ўрачыстасцях, прысвечаных памяці прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага, святога заступніка маёй малой радзімы. Тады ўдалося пабываць на богаслужэннях ва ўсіх храмах Брэста і ў Свята-Афанасьеўскай капліцы, наведаць таксама некалькі прыгарадных і вясковых прыходаў. А ў наступныя гады як удзельніку экспедыцыі «Дарога да святыняў» пры нязгаснай лампадзе з Дабратворным агнём ад Гроба Гасподняга, шчасціла бываць у многіх цэрквах гарадоў і вёсак сваёй вобласці... Брэстчына заўжды паказвала сябе трывалай у веры — да 1990 года тут захавалася 102 прыходы з 97 святарамі (ці не палова ад усяго, што засталося ў БССР), а на 2020 год у адной Брэсцкай епархіі (хоць ёсць яшчэ і Пінская) налічваецца 202 прыходы, 239 свяшчэннікаў, 4 манастыры...

Я нарадзіўся ў вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёна. Колькі я памятаю сябе, свой род і мясцовы люд, у нас веры трымаліся. Людзі не перасталі з пашанаю ставіцца да царкоўных свят, нават «прысвяткаў», у адрозненне ад свят савецкіх; у нашай вёсцы не было нікога неахрышчанага; з пакалення старэйшага ўсе былі вянчаныя; і без царкоўнага адпявання ніводнага чалавека не пахавалі. Хоць, дарэчы, наша царква і нашы могілкі знаходзяцца ў іншым паселішчы, нават не самым бліжнім, — у вёсцы Вежкі. Паказальна таксама, што па ўсёй акрузе, за невялікім выключэннем, цэрквы заставаліся дзеючыя, праўда, школьнікам наведваць іх не дазвалялі настаўнікі, пастаяннымі прыхаджанамі былі ў асноўным жанчыны, з мужчын — нямногія.

Між тым, сярод такіх быў мой дзед Павел, ад якога, відаць, і да мяне дайшла вера — вядома, намнога слабейшая, чым у яго. Бабуля, родам якраз з Вежак, дзе знаходзіцца храм, таксама дарогу да яго не забывала, як і мая маці. Але ў гэтых адносінах дзедаў уплыў на мяне, бясспрэчна, пераважае. Ад сваякоў (а ў дзеда было восем братоў і сясцёр) ды суседзяў даводзілася чуць, што з дзяцінства ў яго натуры выяўлялася шчырая рэлігійнасць. Невыпадкова яго з малых гадоў клікалі чытаць Псалтыр каля нябожчыкаў, прычым не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў суседніх. Памятаю, да дзеда часта прыходзілі аднавяскоўцы — высветліць, на які месяц і дзень прыпадае ў гэтым годзе Пасха і калі, адпаведна, будзе тое ці іншае «рухомае» свята. І ён без календара ўсе даты вызначаў, карыстаючыся толькі «ручной пасхаліяй», сутнасць якой тлумачыў мне, ужо студэнту, але я не здолеў яе засвоіць. Праўда, пасталеўшы, стаў запісваць ад дзеда малітвы. А ў маленстве я маліўся неяк сваімі словамі. Калі гэта ўспамінаю цяпер, то і ўсміхаюся, і губляюся... Справа ў тым, што я тады прасіў у Бога, каб Ён усім маім блізкім даў пражыць семдзесят два гады. Чамусьці менавіта гэтая колькасць гадоў мне, малому, здавалася самай большай ці самай дапушчальнай для зямнога жыцця; а пры гэтым і не хапала толку ўлічыць, што на той час дарагому дзеду майму было ўжо прыкладна столькі, колькі я жадаў яму. Дзякуй Госпаду, Бусень Павел адышоў у лепшы свет на восемдзесят дзявятым годзе жыцця. І бабуля, Чарота Харыціна, таксама пражыла больш за тое, што паводле маёй дзіцячай недамысленасці ўяўлялася найбольшым...

З усяго непасрэдна ад дзеда пачутага пра нашу царкву ў памяці захаваліся толькі асобныя дэталі. Напрыклад, што цяперашняя — зусім не такая, як колішняя, вельмі прыгожая і вялікая, трохкупальная, што купалы той было відаць у ясныя дні з нашай вёскі за тры вярсты з гакам, што на прастольнае свята (у нас казалі «на заклад») там збіралася ўся акруга. Растлумачу, што «цяперашняя» (дакладней, «тадышняя», бо на дадзены момант на яе месцы новая) — гэта тая, у якой мяне хрысцілі, «увядзенне» здзейснілі, і ў якую да прычасця вадзіць пачалі. Дарэчы, чамусьці выразна прыпамінаецца, як я, малы, прыведзены туды мамай, пасля прычасця падышоў да талеркі з артасам і схапіў яго цэлую жменю, за што маме давялося ўшчуваць мяне.

Гэта пазней я чуў ад дзеда, што царква невялікая, а мне так не здавалася, паколькі яна была непараўнальна большая за хату і нават за школу. Ды і людзей там збіралася многа, прычым незнаёмых і для мяне цікавых, нават дзіўных. Перш за ўсё маю на ўвазе рухавую жанчыну без ног, а на маё пытанне, як такое магчыма, мама шэптам адказвае, што такой цётка гэтая нарадзілася. Між іншым, я сустракаў яе таксама і праз гадоў сорак...

Ад маці ж я пачуў многа ўдакладненняў. Напрыклад, што ў чацвер Страсной сядміцы нашы людзі пасля вячэрняй службы вярталіся заўжды з запаленымі свечкамі, даносячы іх да сваіх хат. І мама непахісна верыла, што ў гэтую пару дадзенага дня абавязкова сціхае вецер, прыпыняецца любая нягода. Што ж, кожнаму даецца па яго веры.

Тут, відаць, маецца патрэба сказаць пра гісторыю Вежацкага храма, які цяпер Узнясенскі, даўней быў Успенскі, а да таго ж асаблівая пашана выказвалася да прападобнага Серафіма Сароўскага — у дзень яго памяці «заклад» святкавалі. Усё сыходзіцца на тым, што храм існуе тут ужо не менш за тры з паловай стагоддзі. Хоць першую згадку пра яго адны датуюць 1668 годам, другія — 1660-м. Са свайго боку магу ўдакладніць, што Вежкі былі пазначаны на карце, копія якой прыкладаецца да першага выдання энцыклапедычнага даведніка «Францыск Скарына» і якая адлюстроўвае стан яшчэ сярэдзіны ХVІ стагоддзя. Гэта, бадай, не з-за колькасці насельніцтва ці асаблівай стратэгічнай важнасці, а, напэўна ж, таму што ў паселішчы была царква, і па ўсіх дакументах яно значылася як цэнтр прыхода. У сувязі з далейшым лёсам храма не надта пераканаўча згадваюцца спецыяльныя граматы караля Станіслава Панятоўскага прыходскаму свяшчэнніку. Нялішне было б таксама высветліць дакладнасць таго, што мясцовыя старажылы расказвалі нядаўняму вежацкаму свяшчэнніку, а. Міхаілу Канцэвічу — у вайну 1812 года каля царквы былі пахаваны салдаты расійскай арміі. А вось змешчаную ў інтэрнэце інфармацыю пра пахаванні там германскіх салдат 1914—1915 гг. варта праверыць з-за яе малаверагоднасці. Выклікае сумненне і дата перабудовы храма ў пачатку ХХ стагоддзя.

Нядаўна бельскі калега Дарафей Фіёнік прыслаў мне копію № 3-4 «Гродзенскіх епархіяльных ведамасцяў» за 1914 год, дзе на старонках 36-37 змешчана такая нататка: «Кобринский благочинный рапортом за № 700 донес Консистории, что новый Вежковский храм сооружен на чисто местные средства — пожертвования прихожан в сумме 12 000 руб.; причем при сооружении храма особенно много потрудились бывший настоятель Вежковской церкви, ныне наблюдатель церковных школ Слонимского уезда, св. Владимир Смирнов, псаломщик Николай Ковалевский, церковный староста А. Черот и земский начальник 2 участка, Пружанского уезда, Борис Алексеевич Зеленский, почетный член Строительного Комитета».

Шчыра прызнаюся, што ад родзічаў пра гэта мне не даводзілася чуць, а на тое, каб праверыць такія звесткі ў архівах, не стае часу. Але незразумела, адкуль у некаторых інтэрнэтаўскіх матэрыялах узялася дата будаўніцтва ў 1925 годзе.

А вось пра знішчэнне храма, пабудаванага ў 1912—1913 гг., мне вядома са слоў рэальных сведкаў і раней ужо апублікавана. Здарылася гэтая бяда ў 1943 годзе. Царква згарэла. І не ад рук немцаў, як можна было б падумаць.

Настаў чацвер Светлай сядміцы, па-мясцоваму — Наўскага Вялікадня. Паводле нашай традыцыі, у гэты дзень памінаюцца душы раней спачылых і асвячаюцца магілы. На абедні з паніхідай, як звычайна, прысутнічала шмат людзей. А пасля богаслужэння амаль усе яны накіраваліся на могілкі, што знаходзяцца прыкладна ў двух кіламетрах, дзе па традыцыі павінны былі акрапляцца святой вадою магілы. Не ўсе паспелі дайсці туды, як давялося бегчы назад — заўважылі полымя над царквою. Калі прыбеглі, царква палала. Усё ж такі здолелі вынесці з агню свяшчэнныя сасуды і кнігі, іконы, харугвы, падсвечнікі, іншыя рэчы царкоўнага ўжытку. А сам будынак згарэў датла. Прычыны пажару высветліліся неўзабаве. Аказваецца, не ўсе ў той святы дзень маліліся, памінаючы нябожчыкаў і славячы Уваскрасенне Хрыстова. Знайшліся тыя, хто палічыў за лепшае бавіць час інакш: у суседнія Мацясы да гаспадара-багацея, які меў трох дачок на выданні, заехаў з Глінянак верхавод мясцовай «самаабароны». Добра падпіўшы, ён наладзіў там «спаборніцтва» па стральбе, а ў якасці мішэні святататнікі абралі купал царквы. І адна з дзевак не прамахнулася запальнай куляй... Імёны гэтых «герояў», натуральна, усім вядомыя; згадваюцца, праўда, нязменна з прыкрасцю, асуджэннем і нейкім жахам. А вось пра некаторых іншых — наадварот. Напрыклад, пра вежкаўца Мазура, які самааддана ратаваў, а потым у сваёй хаце захоўваў скарб царквы. А таксама пра іншых дабраверных прыхаджан, якія, нягледзячы на разруху, нястачы і голад, ахвяравалі што маглі на адбудову спаленай святыні. На сабраныя ахвяраванні ўдалося купіць нейкі адміністрацыйна-гаспадарчы будынак у лясніцтва, і ў 1946—1947 гадах паставілі-такі сабе царкву — якую маглі.

Пасля вайны, калі савецкая ўлада набрала сілу, рубам ставілася пытанне, быць ці не быць прыходу і царкве наогул. Нягледзячы на ўсе супярэчнасці, прыход захаваўся. Праўда, сталі часта мяняцца свяшчэннікі, пакуль не з'явіўся айцец Анатолій Сакалоўскі, які аддаў Вежацкаму прыходу каля трох дзесяцігоддзяў жыцця — уласна, заставаўся тут да вечнага спачыну.

За тыя гады прыкметна зменшылася вясковае насельніцтва. І здавалася, што царкоўнае жыццё ўжо затухае. Але, як вядома, на ўсё воля Гасподняя. Прыход стаў акармляць малады свяшчэннік — а. Міхаіл Канцэвіч. І, з блаславення правячага архіерэя, уладыкі Канстанціна, ён узяўся будаваць новы храм, не разбураючы стары, а вакол яго. Дарэчы, у старой царкве падчас будаўніцтва новай адпявалі майго бацьку, які перад гэтым па меры сіл далучаўся да будаўнічых работ. Многія прыхаджане, хоць жылося нялёгка, падтрымлівалі справу хто як мог — калі не грашыма, то работай на будоўлі. Трэба сказаць, што не засталіся ўбаку і кіраўнікі мясцовых калгасаў, а таксама бліжніх прадпрыемстваў двух раёнаў — Жабінкаўскага і Кобрынскага. Так што ўзнёсся над наваколлем новаадбудаваны храм.

Ну а мая асабістая гісторыя руху насустрач Духу Святому папоўнілася яшчэ адной старонкай. 8 лістапада 1997 года, у дзень памяці вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, светлай памяці Высокапраасвяшчэнны мітрапаліт Філарэт у саслужэнні архімандрыта Іаана (тады сакратара Мінскай епархіі, а цяпер архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага) і свяшчэннаслужыцеляў Брэсцкай епархіі здзейсніў асвячэнне прастола новаадбудаванага Вежацкага храма ў гонар Узнясення Хрыстовага. Столькі людзей на гэтай тэрыторыі, пэўна ж, ніколі не збіралася — з усіх навакольных вёсак і з бліжніх гарадоў. Адбывалася не толькі царкоўная ўрачыстасць — складвалася надзвычай важная нагода задумацца пра мінулае і будучае наогул і сваёй маленькай радзімы ў прыватнасці. Што ж датычыцца агульнага настрою, то ён быў блізкі таму, які перадаецца пасхальным вершам: «Сей день его же сотвори Господь, возрадуемся и возвеселимся в онь».

Між тым і апісаная падзея адплыла ўжо на далячынь амаль у чвэрць стагоддзя. На Вежкаўскім прыходзе цяпер новы малады свяшчэннік — а. Уладзімір Кандрашчук. А царква стаіць, як заўжды, чакаючы вернікаў. Таму я стараюся хоць раз у год яе наведаць. А непадалёку на могілках чакаюць таксама бацькі і ўсе мае продкі па абедзвюх лініях. Але пра гэта я ўжо казаў, збіваюся на паўторы, як усе старыя...

Іван ЧАРОТА

Спаса-Узнясенская царква, в. Вежкі, Жабінкаўскі р-н, Брэсцкая вобл.

P. S.: У свой час, пішучы пра асвячэнне царквы, я наракаў, што ў «Зводзе помнікаў гісторыі і культуры Беларускай ССР. Брэсцкая вобласць», які ўключае нават саматужнай вытворчасці бюст Чапаева перад будынкам праўлення мясцовага калгаса, што носіць яго імя, Вежацкі храм не згадваецца. Сітуацыя змянілася. Змены кожны можа ацэньваць па-свойму. Але замест калгаса імя Чапаева цяпер сельскагаспадарчы кааператыў «Узнясенскі».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.