Вы тут

Ці быў Скарына ў Малдове?


Да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання наша краіна падрыхтавалася годна, з адпаведным пяцівекавому юбілею размахам, які забяспечаны рознабаковай падтрымкай улад усіх узроўняў і знаходзіць водгук у грамадскасці. Так што ёсць сур’ёзныя падставы ганарыцца многімі запланаванымі і ўжо здзейсненымі справамі. Не бачаць і не цэняць гэтага хіба што сляпыя ці тыя, каму такое зусім не па душы.


Бадай, гэта не азначае, што нам ужо застаецца толькі трыумфаваць, як мага пафасней абвяшчаючы свету пра свае высокія дасягненні. Як заўжды, пры ацэнках вынікаў больш карысці ад здаровага скепсісу і самакрытычнага погляду на зробленае. Асабліва датычыцца гэта стану даследаванняў жыцця і (вы)творчай дзейнасці галоўнага віноўніка ўрачыстасцей – Георгія Францыска Скарыны. А тут у нас, як ні старайся ацэньваць паблажліва, справы далёкія ад ідэальнасці і перспектывы таксама цьмяныя.

Каб пазбегнуць абвінавачванняў у залішняй прыдзірлівасці, мушу адразу ўдакладніць: хоць і не маю гонару належаць непасрэдна да карпарацыі прафесійных скарына(в)едаў, галіну іх даследаванняў успрымаю як адну з самых прыярытэтных і, адпаведна, паказальных для айчыннай гуманітарнай навукі; таму адказнасць за ўсе прабелы і недахопы ў гэтай навуковай сферы я зусім не схільны спісваць толькі на вузкае кола задзейнічаных спецыялістаў. У маім разуменні, пэўная доля віны ляжыць на ўсіх вучоных-гуманітарыях, на мне ў тым ліку. Якраз гэта вымушае ўсіх нас цяпер, калі маем гістарычную прывілею быць удзельнікамі паўтысячагадовага юбілею, максімальна мабілізаваць наяўныя сілы і рэсурсы, а перш за ўсё праявіць традыцыйныя для беларусаў памяркоўнасць і абачлівасць, якімі прадугледжваецца і згаданая вышэй (сама)крытычнасць.

Як ні прыкра, усё ж такі нельга не прызнаць, што ў вялікім корпусе нашага скарыназнаўства замацавалалася недапушчальна многа стэрэатыпаў, якія па сваёй прыродзе супярэчаць асноўным навуковым прынцыпам, аднак чамусьці сталі для нас апірышчнымі і нават незаменнымі. Ужо хіба што адны прадстаўнікі найстарэйшага пакалення помняць, калі гэтая сфера ўзбагачалася істотнымі знаходкамі і адкрыццямі, калі ўводзіліся ў зварот невядомыя раней дакументальныя матэрыялы, калі на падставах сур’ёзнага абмеркавання прымаліся новыя палажэнні, калі наогул праходзілі плённыя навуковыя дыскусіі… Нават пры асэнсаванні факталагічнай асновы жыццяпісу Скарыны, паводле даўняй завядзёнкі, у нас празмерна частотнымі сталі тыя мадальныя словы і выразы, якімі выказваюцца не больш чым здагадкі і дапушчэнні: “магчыма, верагодна, напэўна, відаць, хутчэй за ўсё, трэба меркаваць, можна дапусціць…” На вялікі жаль, іменна так мы прывыклі асвятляць пытанні, якія патрабуюць максімальнай дакладнасці і выверанасці. А яшчэ менш бясспрэчнага можна знайсці ў тых меркаваннях, што залежаць ад гэтак інтэрпрэтаванай факталогіі. Як правіла, зноў жа па завядзёнцы, яны трымаюцца хіба што на адсылках да папярэднікаў, у якіх знойдзены сугучныя погляды: “ пагаджаючыся з Х.” “паводле слушнага меркавання У.”, “як адназначна лічыў Z.” …

Даводзіцца канстатаваць, што ў нас дагэтуль адкрытымі, канчаткова не высветленымі, а то і проста заблытанымі, застаюцца практычна ўсе галоўныя пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Скарыны: гады нараджэння і смерці, веравызнанне, сапраўднае хроснае імя, бліжэйшае асяроддзе, асноўныя мэты жыцця і рэалізаваныя справы, кола прафесійных інтарэсаў і канкрэтнай дзейнасці, прызначэнне выдадзеных кніг, змест і сутнасць перакладчыцкай (ці ўкладальніцкай) працы, мова яго выданняў і асабістай творчасці, месцы пражывання і шляхі падарожжаў, вызначальныя сувязі з айчыннымі і замежнымі дзеячамі свайго часу і г.д. Як прызнавалі нават самі актыўныя скарыназнаўцы, утварыліся вялікія “напластаванні фактычных памылак” (В.І.Дарашкевіч), якія ледзь не цалкам закрылі рэальныя факты. Асабліва далася ў знакі вось якая небяспечная тэндэнцыя: свае сучасныя ўяўленні пра грамадства, культуру, веру і духоўнасць, пісьменства, мову, навуку, Царкву і ўсё астатняе пераносіць на рэальнасць паўтысячагоддзевай даўнасці, пераладжваючы яе, тую рэальнасць, паводле новачасных капылоў, а пры гэтым яшчэ і вульгарна актуалізуючы. Прыклады такіх скажэнняў нават пералічыць немагчыма. І ўсе яны абраслі вытворнымі стэрэатыпамі новага часу, якія звычайна падтрымліваліся не менш стэрэатыпнымі тлумачэннямі, у тым ліку і катэгарычна непрымальнымі для навукі – тое, што не адпавядае нашаму разуменню, абвяшчаць памылкамі даўнішніх храністаў, пісараў, гравёраў і друкароў… Само сабой зразумела, што сучасных апанентаў таксама.

Карацей кажучы, мы самахоць зрабілі праблематычным нават прачытанне шэрагу важных для навуковага скарыназнаўства дакументаў, не кажучы ўжо пра іх інтэрпрэтаванне. Прычым ледзь не ўсе гэтыя праблемы сталі глыбокадумна падаваць як цяжкавырашальныя ці невырашальныя ў прынцыпе.

Каб належным чынам разгледзець неперспектыўнасць такога становішча, дазволю сабе згадаць адзін надзвычай павучальны прыклад з асабістага досведу. Сустрэўшыся з калегам, славацкім прафесарам матэматыкі, якога даўно не бачыў, я папытаўся пра справы і пачуў у адказ, што някепска: у прыватнасці, яго выхаванцы-студэнты на прэстыжнай міжнароднай алімпіядзе атрымалі першыя прэміі за рашэнне своеасаблівай задачы… Я, натуральна, павіншаваў калегу. Ды ён удакладніў, што яго заслуга тут зусім сціплая – проста ён сваіх студэнтаў не папярэджваў, што гэтую задачу рашаць няма сэнсу, паколькі агульнапрынята, што рашыць яе немагчыма. І яны, зыходна не ведаючы пра перашкоду, адолелі яе. А вось у нас усё наадварот. Чамусьці трэба сцвярджаць або нават прыдумляць, быццам бы маем справу з невырашальнымі задачамі, тады як у сапраўднасці нам свет засцяць згаданыя вышэй стэрэатыпы, якія намі самімі шырока распаўсюджаны і даволі трывала замацаваны.

Якраз пад іх уздзеяннем з публікацыі ў публікацыю пераносяцца адны і тыя ж звесткі, большасць якіх даўно патрабуе сур’ёзнай праверкі і ўдакладнення. Хоць бы таму ўжо, што яны не здольны вытрымліваць праверкі нават элементарнай логікай. Так, звернем увагу на самую што ні ёсць відавочную алагічнасць у замацаванай сучаснымі скарыназнаўцамі базавай (!) інфармацыі, якую звычайна не прапускаюць школьнікі і студэнты, задаючыэлементарныя (нявырашаныя!) пытанні: „Чаму ж гэта слыннага палачаніна без ніякіх агаворак называюць Францыскам, калі імя бацькі яго Лука, брата – Іван, сына – Сімяон, пляменніка – Раман, сваякоў – Яўхім і Сава, Васка и Еска...? Дык выходзіць жа, што ён не з гэтай сям'і, не гэтага роду?!“

Сапраўды, атрымліваецца, што Скарына зусім не з таго „дворыща, што в замъку Полацъком суть“, што ён ніяк не праваслаўны па хрышчэнні, бо спамянёнае „дварышча“ знаходзілася побач з Сафійскім саборам...

Праўда, пакуль яшчэ ніхто не даказаў, што ў Полацку на момант нараджэння сына Лукі былі такія храмы, у якіх бы пры хрышчэнні будучаму ўсходнеславянскаму першадрукару далі імя Францыск. (Тое, што якраз яно было не адзін раз выкарыстана самім Скарынам ў яго выданнях і прысутнічае ў афіцыйных дакументах свайго часу – факт, які няма падстаў аспрэчваць. Але патрэбна высветліць і пераканаўча абгрунтаваць, чаму адбылося так, а не інакш). Між тым, самім па сабе фактам названым ніяк не можа адмаўляцца факт абавязковай наяўнасці іншага хроснага імені. Дык чаму ж гэтае імя адабрана і за апошнія часы дарэшты выкасавана? З якіх жа прычын яно цяпер нават згадвацца перастала, і ўжо выкарыстанне яго ўспрымаецца як нейкі маркер альбо дрымучай недасведчанасці, альбо дэманстрацыі нязгоды з курсам „перадавой навукі“, прыярытэты якой абумоўлены заходне-еўрапейскай арыентацыяй. Прыкладна тое ж самае можна сказаць пра асвятленне ролі праваслаўнага асяроддзя ў жыцці нашага славутага земляка. І яно затушавана амаль цалкам, так, што не праглядаецца. Напрыклад, у энцыклапедычным даведніку „Францыск Скарына і яго час“ (1988) адсутнічае нават упамінанане пра тое, што ў выданнях Скарыны змяшчаўся герб Астрожскіх, як і пра тое – вельмі істотнае для рэканструкцыі падрабязнага жыццяпісу, – што „воевода троцкий, гетман наш, староста бряс(лавский) и вениц(кий) Княз Констянтин Иванович Острозский” прысутнічаў у ліку тых, з каго складалася “панове рада” пры станоўчым вырашэнні судом маёмаснай справы “о дом в месте Виленском”. Як ніяк, а ў працытаваным намі дакуменце з рэдкай для скарыназнаўчых дакументаў канкрэтнасцю засведчана, што там і тады “доктор Францышко от жоны своее молвил и поклал … выпис с книг права гайного…”

Ці возьмем, напрыклад, іншую інфармацыю, якая пакуль што не выклікала ні асаблівых пярэчанняў, ні ўдакладненняў, хоць яе паўтараюць безліч разоў у якасці адназначнай без належнага абгрунтавання. Датычыцца гэта Скарынавых спраў як перакладчыка. Многія з тых, хто закранаў гэты аспект, безапеляцыйна і амаль бяздоказна выказваюць меркаванне, што Скарына пераклаў, а не толькі выдаў, усе кнігі Старога Запавету. Між тым, не лішне было б разважыць альбо хоць неяк прыкінуць, колькі ж часу патрабуецца на такі пераклад і на які перыяд вядомага нам жыццяпісу Скарыны гэты час прыпадае. Тут не лішне яшчэ ўдакладніць, што гаворка ідзе пра пераклад не-абы якіх тэкстаў, а Свяшчэннага Пісання! Каб хоць неяк наблізіцца да разумення сутнасці рэчаў, параўнаем: падобную працу „семдзесят талкоўнікаў“ выконвалі на працягу ІІІ-ІІ стагоддзяў да Р.Х.; Іеранімам Стрыдонскім (невядома, ці аднаасобна) у ІV-V стст. Пасля Р.Х. лацінскі пераклад Старога Запавету здзяйсняўся каля пятнаццаці гадоў; Скарынаў сучаснік Марцін Лютар (мяркуючы па ўсім, з памочнікамі) на нямецкую мову перакладаў Стары Запавет не менш за дзесяць гадоў... А наш слынны зямляк , значыць, змог выканаць гэткую выключна складаную і аб'ёмную працу па перакладу за дзіўна кароткі час? Прычым акрамя таго ён сам, як мы звычайна сцвярджаем, здолеў напісаць вялікі шэраг прадмоў і пасляслоўяў, да таго ж адзінаасобна выканаць свой слынны партрэт, шматлікія гравюры і інш? Прычым гэта, як у нас пішацца, паралельна з вучобаю і самаадданым „павышэннем навуковай кваліфікацыі“, а ў дадатак і з лекарскай практыкай, і з друкарска-прадпрымальніцкімі справамі? Уласна, нявыверанасць закранутай інфармацыі спалучаецца яшчэ з адным пытаннем, таксама вельмі заблытаным: што паслужыла арыгіналам для перакладу (які пісьмовы звод ці друкаванае выданне), г.зн. з якой канкрэтна мовы і на якую перакладаў наш Скарына? Карэктнага адказу на яго няма.

Для многіх некарэктнасцяў, як правіла, знаходзяцца апраўданні. Часткова зразумелыя. Скажам, нікуды ж цяпер нам не дзецца ад таго, што ў свой час усё падпарадкоўвалася ідэалогіі атэізму і пэўныя тэмы аказваліся пад забаронаю альбо асвятляліся ў адпаведнасці з ваяўніча атэістычнымі ўстаноўкамі. Навуковыя кадры, зразумела, фарміраваліся і выхоўваліся пад тым жа ўплывам.

Аднак дырэктыўнай ідэалагічнай лініяй савецкага перыяду тлумачыцца далёка не ўсё. Скажам, праваслаўнасць Скарыны паводле паходжання і хрышчэння прызнавалася як да Кастрычніцкай рэвалюцыі (А.Віктараў, П.Уладзіміраў, Я.Карскі, М.Круповіч, А.Петрушэвіч, А.Ярушэвіч…), так і пасля яе, ажно да самай „перабудовы“ і цяперашняга часу (А.Флароўскі, В.Зайцаў, В. Чапко, М.Прашковіч, У.Анічэнка, В.Дышыневіч, М.Уляхін, У.Агіевіч…). Што ж датычыцца хроснага імені Георгій (нароўні з другім – Францыск), то яно было вернута якраз у савецкі час, пасля Вялікай Айчыннай вайны, а ў 1967 г. спецыяльнай пастановай бюро Аддзялення грамадскіх навук АН БССР нават „узаконена“. Аднак потым, у часы „перабудовы“, зноў адабрана. Не інакш, падзейнічала інерцыя прыцягнення да “перадавой” ідэалогіі, выявіўшы негатыўную-такі тэндэнцыю. Добра яшчэ, што імя Георгій засталося ў многіх творах літаратуры і назвах твораў выяўленчага мастацтва (Асабліва значны напамін – подпіс на помніку ў родным Полацку, аўтарства А.Глебава). Многія навукоўцы з гэтым рашуча не пагаджаліся. Як жорсткую несправядлівасць такую тэндэнцыю ўспрыняў, напрыклад, У.У.Агіевіч, адзін з самых адданых скарыназнаўству даследчыкаў канца ХХ – пачатку ХХІ стагодззяў. Ён спрабаваў, дзе толькі мог, супрацьстаяць гэтаму. У прыватнасці, захаваўся яго афіцыйны зварот па дапамогу да Мітрапаліта Філарэта. А галоўным сродкам змагання для Уладзіміра Уладзіміравіча былі артыкулы і кнігі, якія ён, заўзяты палеміст, нязменна прысвячаў самым значным калізіям у сферы скарыназнаўства. Яго працы змяшчалі скрупулёзны разбор калізійных момантаў, а таксама абгрунтаванне магчымасцей зняць пытанні, якія беспадстаўна залічваюцца ў разрад спрэчных альбо зусім невырашальных. У сувязі з канкрэтным прадметам нашага абмеркавання асаблівай ўвагі заслугоўвае яго кніга „Імя і справа Скарыны: У чыіх руках спадчына“ (2002). Ды паколькі выказанае там сутнасна разыходзілася з многім, што стала дамінаваць у поглядах пераважнай большасці скарыназнаўцаў, то яно не прымалася і не прымаецца. А на наш погляд, цяпер вельмікарысна было б вярнуць працы У.Агіевіча ў актыўны ўжытак і прачытаць іх уважліва, без забабонаў. Канешне, з належнай крытычнасцю.

Варта адзначыць, хоць мімаходам, што зусім не выпадкова намі быў прыгаданы зварот У.Агіевіча да Праваслаўнай Царквы. Яе пазіцыя ў многіх пытаннях скарыназнаўства павінна, па меншай меры, прымацца да ведама. А не суправаджаюцца „лукавымі“ пярэчаннямі, разлічанымі на сучасную секулярызаваную свядомасць: маўляў, Скарына сваёй дзейнасцю засведчыў талерантнасць да ўсіх канфесій, а вось Руская Царква паставілася варожа да яго выданняў; таму цяпер прывязваць яго да традыцый Рускай Царквы – няправільна... Кіруючыся такой логікай, таксама няправільна прывязваць яго і да ўсіх духоўна-культурных традыцый рода і народа, у тым ліку да карэннай (бела)рускасці, славянскасці... І мала што мяняюць тут агаворкі, быццам бы гэта робіцца дзеля перасцярогі, распаўсюджваючыся на ўсе канфесіі, бо кожная з іх можа „цягнуць коўдру на сябе“. Што ж, можа. Але не павінна – Бога баючыся. А вось канкрэтныя перадумовы і акалічнасці выдання рэлігійных кніг без уліку рэлігіі – як вызначальнага чынніка – у самім падыходзе да гэтай з’явы разглядаць нельга. Проста немагчыма, паводле азначэння. Гэтаксама, як дакладна тэмпературу хворага чалавека немагчыма вызначыць без медыцынскага тэрмометра. Хіба што пры дапушчэнні, што можна развіццё чалавечага арганізма ўспрымаць у паняццях развіцця амёбы. Але ж тады грош цана такому ўспрыманню і разуменню … Думаецца, надышла пара выпрацаваць аб’ектыўны погляд на Скарыну, пераадольваючы як савецкае бязбожніцтва, так і постсавецкі псеўдаталерантную секулярнасць, не прымаючы напавер стэрэатыпаў, якую б ступень распаўсюджанасці яны ні мелі.І, вядома, прыйшоў час не баяцца папоўніць новае выданне даведніка артыкулам „Рэлігія“, адсутнасць якога надта ж кідаецца ў вочы .

Зразумела, усе навацыі таксама павінны як след узважвацца, вывярацца, суправаджацца навуковымі дыскусіямі з належнай аргументацыяй. Нават тады калі яны зусім неспадзяваныя. А ў скарыназнаўстве такімі лічыць можна ледзь не ўсе звесткі, якія супярэчаць уведзеным ва ўжытак раней.

***

Якраз на такі, сапраўды неспадзяваны для нашага скарыназнаўства матэрыял, мне і хацелася звярнуць увагу шаноўных чытачоў і якраз дзеля гэтага давялося папярэдне выкладаць сваё бачанне стану нашых агульных ведаў пра Скарыну.

А тут цэлая гісторыя.

У 2014 г. на святкаванне Дня Беларускага пісьменства і друку да нас прыехаў русін з Малдавіі – Іваноў Юрый Васільевіч. Мяне з ім пазнаёмілі падчас “круглага стала” замежных пісьменнікаў, яшчэ напярэдадні свята. І на працягу трох дзён, праведзеных у Мінску і Заслаўі сумесна, я хадзіў літаральна ашаломлены тым, што пачуў ад гэтага чалавека: яму ў спадчыну дасталіся ўнікальныя талкавінскія (?) рукапісы, якія змяшчаюць дакладныя звесткамі пра знаходжанне на землях сучаснай Малдавіі нашага земляка – кнігадрукара Юргі (!) Скарыны Полацкага… Шчыра прызнаюся, я тады не павераў пачутаму. Праўда, улічваючы тое, што ў расказах майго новага знаёмца як аб’екты ўвагі, акрамя Скарыны, фігуравалі таксама прападобная Еўфрасіння, ігумення Полацкая, і Усяслаў Чарадзей, князь Полацкі, я вырашыў пазнаёміць нашага госця з епіскапам Веніямінам, які быў тады Старшынёю выдавецкага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы і вікарыем Мінскай епархіі, прымаў чынны ўдзел у святочных мерапрыемствах і прысутнічаў на ўрачыстасцях у Заслаўі. Прадстаўляючы Ю.В. Іванова, я сцісла перакаказаў асноўны змест яго сенсацыйнай інфармацыі. Як няцяжка было заўважыць, уладыку яна таксама вельмі зацікавіла. Аднак, мяркуючы па ўсім, і ў шаноўнага епіскапа не складвалася адчуванне, што ўсё гэта праўда. У мяне ж яго дакладна не было. Натуральна, пачутае пра Скарыну я ўвесь час стараўся неяк звязваць з вядомым раней. Ды нічога не атрымлівалася – новыя звесткі так і заставаліся ў прасторы неверагоднага. А сумненні нагрувашчваліся чым далей, тым больш. У прыватнасці, моцна збянтэжыла тое, што вызначальнымі асобамі ў лёсе Скарыны, паводле аповедаў Ю.В.Іванова, аказваліся прадстаўнікі роду сербскіх уладароў Бранкавічаў. Справа ў тым, што яго заснавальніку, Вуку Бранкавічу, эпічная свядомасць сербаў прыпісвала здраду ў слыннай Косаўскай бітве і такі зняслаўлены вобраз данесла праз стагоддзі. Уласна, гісторыяграфічныя пацвярджэнні здрады адсутнічаюць; да таго ж пазней з гэтага роду выйшлі святыя асобы. Ды, як казаў паэт, а усё ж, усё ж, усё ж... Між тым, цэлых тры дні абмяркоўваючы сумніцельныя моманты ў сюжэтах пакуль што фата-марганічных для мяне рукапісаў, я ўсё ж такі зблізіўся з калегам-русінам. І ў рэшце рэшт мы абмяняліся адрасамі, дамовіўшыся разам папрацаваць над матэрыяламі, уладальнікам якіх ён з’яўляецца.

Юрый Васільевіч аказаўся даволі актыўным карэспандэнтам – прысылаў свае друкаваныя і падрыхтаваныя да друку працы на розныя тэмы па гісторыі роду і роднага краю. Дзякуючы ім я, у дадатак да чутага вусна, пашырыў уяўленні пра зусім невядомае раней талкавінства.

Прыняў да ведама, што гэта славянская духоўна-культурная традыцыя, якая зарадзілася ў глыбінях вякоў і працягнулася ажно да сярэдзіны XX стагоддзя; праўда, пад уздзеяннем розных акалічнасцяў стала замкнёнай, амаль таемнай, а на цяпершні час знікае, бо фактычна Ю.В.Іваноў на дадзены момант з’яўляецца адзіным дасведчаным носьбітам талкавінскай традыцыі (Зразумеля, гэта мне падкідвала дадатковыя сумненні: такі вось дзіўны збег умоў і абставін…) Аднак я разам з Юрыем Васільевічам шкадаваў, што канкрэтная сутнасць і гістарычнае значэнне талкавінства як з’явы так і застаюцца недаследаванымі, зусім не вывучанымі. У прыватнасці, толькі з яго публікацый можна даведацца, што яно адыграла выключна важную ролю ў жыцці русінаў Малдавіі. Пэўныя звесткі ўражвалі. Правяраць дакладнасць іх я не меў часу, таму прыняў на веру, што талкавіны згадваюцца яшчэ слаўным летапісцам Нестарам, ананімым аўтарам «Слова пра паход Ігара», што ў этымалогіі самога паняцця прысутнічаюць, найверагодней, значэнні русінскіх слоў «толк» і «толока» (= месца сходак, веча)…

Між тым, наша супрацоўніцтва перарвала мая хвароба з сур’ёзнай аперацыяй і працяглай рэабілітацыяй. З-за гэтага мы з Юрыем Васільевічам не сустрэліся падчас яго другога прыезду ў Мінск. Але як толькі я вярнуўся ў працоўную каляіну, адразу прапанаваў малдаўскаму калегу засяродзіцца на “талкавінскай Скарыніяне” –даць нейкі ўводны, агульнаазнаямляльны каментарый пра яму вядомую гісторыю захаваных рукапісаў, для нашай працы зрабіць копіі самых цікавых і важных старонак, а паколькі іх мова наўрад ці даступна сучаснаму беларускаму ці рускаму чытачу, то перакласці адпаведных месцы тэкстаў выпісак на сучасную рускую мову… Даволі хутка Ю.Іваноў гэта выканаў і прыслаў замоўленае. Так у мяне апынуліся копіі трох старонак рукапісу і пераклад двух фрагментаў. Трэба было гэта прааналізаваць, хоць неяк асэнсаваць, каб адолець усё яшчэ прысутны недавер.

Наколькі ён абумоўлены аб’ектыўна ці суб’ектыўна, няхай самі чытачы мяркуюць. Мая задача цяпер – азнаёміць з канкрэтнымі вынікамі нашага супрацоўніцтва.

Пачнем з “гістарычна-ідэнтыфікацыйнай даведкі”:

«Гэтыя тэксты з часткаю сямейнага архіва перайшлі мне спадчынна ў 1981 годзе ад майго дзеда па бацькоўскай лініі, жыхара сяла Нагараны Рышканскага раёна Малдаўскай ССР Іванова Васіля Канстанцінавіча (1906 - 1980). У сваю чаргу, да В. К. Іванова архіў перайшоў як спадчына ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя ад яго бацькі, Іванова Канстанціна Цімафеевіча (1881 - 1933) і дзеда па мацярынскай лініі Ратара Якава Дзмітрыевіча (1851 -1930), жыхароў сяла Нагараны Бельцкага уезда Бессарабскай губерніі. Архіў з'яўляўся родавым, належыў вялікім талкавінам Малдавіі, назапашваючыся на працягу многіх гадоў і стагоддзяў. Я. Дз.Ратар і К. Т. Іваноў былі апошнімі вялікімі талкавінамі Малдаўскай зямлі”.

Цяпер разгледзім дасланыя копіі:

Здымак 1. Гэта пярэдні бок ліста. Тут дзве фігуры. Адна злева – на разным крэсле-троне, з каронаю на галаве (гэта вялікі талкавін); другая справа – на больш сціплым крэсле, у шапцы з пяром (гэта Скарына). Якраз гэта адназначна засведчылі скарочаныя надпісы над іх галовамі: “ вялікі талкавін Цвердабой” і “ Юрга Скарына Полацкі”.

Паміж дзвюма названымі выявамі знаходзіцца трэцяя – стос кніг на невысокай падстаўцы (нельга сказаць, друкаваныя гэта кнігі ці рукапісныя).

А ў рамцы пад малюнкамі змешчаны такі тэкст:

«І былі Вялікія Гоны Вялікага Ра-Тата на Вялікую Капу у чатырнаццаць тысяч пяцьсот двадцатым годзе Вялікіх Дароў. І прыбыў у Вялікія Расконы Нагараны да Вялікага Талкавіна Цвердабоя ад гаспадара Вялікай Зямлі Малдаўскай і Сучаўскага і Сірэтскага краю Петруча Штэхвана (ава?), вельмі ўмелы і дасведчаны майстар па друкаванні добрых кніг Юрга Скарына Полацкі».

Ю.В.Іваноў патлумачыў, што названая тут дата( «у чатырнаццаць тысяч пяцьсот двадцатым годзе Вялікіх Дароў»), паводле талкавінскага летазлічэння, адпавядае 1542 году ад Раждаства Хрыстовага.

У рамцы знізу надпіс: «Вялікая Зямля Вялікага Ра-Айца Горняга»

Здымак 2. Адваротны бок ліста.

У рамцы напісана:«Вялікая Чыра Сінявая – гоны нашага вялікага Ра-Айца на Капа Вялікая, бліскучая і яскравая».

А вось тэкст асноўны, надзвычай важны для нас, паколькі ў ім паўтараецца Скарынава і, апроч гэтага, канкрэтна апісваецца прычына яго знаходжання на землях малдаўскіх:

«І быў Юрга Скарына Полацкі ў Вялікай Сучаве і Зямлі Малдаўскай, паколькі запрасіла яго з Прагі Чэшскай добрая царыца (уладарка) Малдаўская Елена Сербская – любімая жонка вялікага ўладара (цара) і гаспадара Пятра Стэфанавіча. Бо дала яна сабе зарок (абяцанне), што надрукуе прыгожыя і яскравыя пісанні пра сваіх вялікіх продкаў: Іаана Бранкавіча – вялікага уладара і гаспадара Сербскага, пра яго вялікіх бацькоў – Стэфана Бранкавіча, вялікага уладара і гаспадара Сербскага і яго святую жонку, вялікую уладарку Ангеліну Сербскую, і пра ўвесь яе ўладарскі род (Бранкавічаў), які прынізілі і (на які) ўзвялі велікі паклёп (-ую ілжу), няпраўду і крыўду праклятыя і шалёныя туркі».

Наша супрацоўніцтва мела працяг. У лютым гэтага года Юрый Васільевіч прыехаў на мерапрыемствы Мінскага кніжнага кірмашу, прывезшы арыгіналы тых тэкстаў, пра якія мне расказваў і пісаў. Такім чынам я атрымаў магчымасць іх у сваіх руках патрымаць, сваімі вачыма пабачыць. Эмпірычны вопыт, што называецца, даваў ужо маральнае права гаварыць пра выяўленыя рукапісы іншым. Што я і зрабіў у маі месяцы тройчы на канферэнцыях (у Шчучыне і Мінску). Пасля гэтага, калі “напоўнілася чуткамі зямля”, многія знаёмыя сталі званіць і пры сустрэчах распытваць пра “сенсацыйную знаходку”. А мне, вядома ж, хацелася мець як мага больш доказаў яе сапраўднасці.

Жанр гэтай публікацыі не дазваляе грунтоўна разгледзець усе выяўленыя моманты, а тым больш разгорнута пракаменціраваць іх. Таму дазволім сабе пакуль што абмежавацца вытрымкамі з электронных пісем уладальніка рарытэтных архіўных матэрыялаў пасля наведвання ім г.Мінска ў лютым гэтага года:

« Паспеў пакапацца ў архіве і знайшоў, на дадзены момант, яшчэ тры дакументы.Адзін – працяг размовы Скарыны з Малдаўскай княгіняй Еленай Сербіянкай. Дарэчы, у ім гаворыцца пра перамогу сербаў на Косавым полі дзякуючы мужнасці самога  Вука Бранкавіча і стойкасці яго воінаў. Другі – пра прыезд Скарыны ў 1520(!) годзе ў сталіцу Малдаўскага княства. Трэці – пра паспешнае бегства Юргі Лукі Францыска Скарыны Полацкага з Прагі ў Малдавію ў 1550 годзе (…)».

А яшчэ і такое:

«Знайшоў звесткі пра смерць Скарыны у сказанні (пакуль яшчэ не пераклаў); калі суадносіць з календаром паводле Р[ажджаства] Х[рыстова], адбылося гэта 22 верасня 1572 года ў цяперашніх Рышканах; прыблізна месца пахавання я ведаю, згодна дакументу і таму, што паспеў у канцы [19 ]70-х паказаць мой дзед. Дарэчы, тады там быў прамавугольны камень-стол з надпісамі і знакам Скарыны – месяц, які закрывае сонца».

Апошні ліст Юрыя Васільевіча змяшчаў наступнае:

Маецца шэсць лістоў талкавінскага летапісу пра знаходжанне і дзейнасць Скарыны ў Малдаўскім княстве ў 1520, 1542 і 1550 гадах. На дадзены момант мною выяўлены таксама восем лістоў талкавінскага сказання «Падарожжы Вялікага Юргі Полацкага па Вялікай Зямлі Траяна» .У іх гаворыцца пра дзейнасць Скарыны ў Малдавіі пасля 1550 года і да 22 верасня 1572 года, калі ён памёр. А яшчэ ў мяне ёсць некалькі дзясяткаў лістоў копій, мною ў свой час знятых з арыгіналаў, якія, па сведчаннях маіх родзічаў, былі надрукаваны Скарынам у Малдавіі (…) Яны хоць і не арыгіналы, але ўзоры друкарскай работы Скарыны ў малдаўскі перыяд. Не адшуканы мною дагэтуль:1. Сведчанне талкавінскіх летапісаў пра сустрэчу Скарыны і Івана Фёдарава, усходне-рускага першадрукара ў сярэдневечных Расконах, незадоўга да смерці Скарыны. 2. Талкавінскае сказанне (????) пра падарожжы Скарыны на Усход, у Святую Землю, у Персію, і ў Індыю! У пачатку 1980-х гадоў я іх трымаў у сваіх руках».

***

Зразумела, такая інфармацыя, разам узятая – нібы снег на галаву ў звыкла цёплыя чэрвень ці ліпень. Таму паспрабуем растлумачыць агульныя «метэаралагічныя ўмовы». І нагадаем пра вядомае-такі раней. Праўда, не ўсімі заўважанае і належным чынам улічанае. Перш за ўсё для таго, каб упэўніцца, што па сваёй прыродзе гэта не “краледворскі рукапіс” і не «расонскі ідал»…

Роўна 50 гадоў таму А.В. Флароўскі, высокааўтарытэтны даследчык распаўсюджання спадчыны Скарыны, падзяліўся сваімі развагамі вось якога зместу: “… Цяпер перад даследчыкамі Скарыны паўстала новая нечаканая задача – асэнсаваць і даследаваць новую знаходку, якая з’яўляецца пакуль што загадкай. Справа ў тым, што ў 1960 і 1962 гг. вучоным сталі даступнымі новыя, вельмі кароткія запісы аб Скарыне, у якіх ён называецца “secretaries regis Datie” або “Daciae” (…)Неабходна заўважыць, што мне яшчэ ў 1937 г. было вядома гэта абазначэнне Скарыны як сакратара караля “Дакіі” (“Daciae”, варыянт “Datie” я не ведаў). Але мне тады было нязручна публікаваць гэты акт. Я чакаў, калі яго надрукуе тая асоба, якая яго першапачаткова выявіла. Справа ў тым, што неяке увосень 1937 г. прафесар Этора Ла Гата паказаў мне ў прафесарскай чытальні Карлава універсітэта ў Празе рукапіс невялікага артыкула, які яму прапанавалі надрукаваць у часопісе “L’Europa Orientale”. Прафесар запытаў тады ў мяне ці вядомы ў друку прыведзеныя ў гэтым артыкуле падуанскія акты. Сярод тэкстаў, з якімі мне тут жа давялося бегла азнаёміцца, знаходзіўся раней незнаёмы тэкст з абазначэннем (таго), што зараз нас цікавіць. Я меркаваў, што ў бліжэйшы час акт гэты будзе надрукаваны, таму ні ў адной з сваіх прац аб Скарыне 1938-1946 гг. не рабіў спасылак на гэты цікавы дакумент, бо лічыў, што прыарытэт знайшоўшага матэрыял павінен быць захаваны. Акт гэты, аднак, настолькі прыцягнуў маю ўвагу, што я тады ж прыняў захады, каб навесці папярэднія даведкі для сябе абіста і асэнсаваць выключна цікавую знаходку”

На жаль, і гэтая версія, і яе носьбіты, і назва часопіса, які прапаноўваў надрукаваць такі “выключна цікавы” матэрыял выдатнага італьянскага славіста Этора Ла Гата, з поля ўвагі скарыназнаўства зніклі. Іх мы не знаходзім ні ў энцыклапедычным даведніку, ні ў іншых выданнях.

Ад сябе пакуль можам хіба што дадаць, ужо ў сувязі з матэрыяламі Ю.В.Іванова: Дакія (лац.:Dacia) – правінцыя, далучаная Траянам і да Рымскай Імперыі на самым пачатку ІІ стагоддзя н.э. Яе межы ( Прут, Ціса, Днестр, Дунай, Карпаты…) ахоплівалі значную частку сучасных Румыніі і Малдовы, уключаючы і паўночна-заходнюю частку, пагранічную з Румыніяй, дзе знаходзяцца Рышканы. а таксама частку Сербіі… Так што, хоць і няпроста, канцы ўсё ж такі сыходзяцца.

А наогул у чарговы раз пацвярджаецца слушнасць выслоўя: “Мы жывем у час, калі Ісціна ўжо не схавана ад людзей. Але цяпер людзі ад яе хаваюцца“.

Завяршыць хацелася б прапановаю: давайце ад Ісціны не хавацца!

Іван ЧАРОТА

Загаловак у газеце: Азіраючыся на Скарыну

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.