Вы тут

Ідэя + беларуская мова. Стартаваў новы сезон праекта «Першыя» для беларускіх старшакласнікаў


Навучэнцы 9–11-х класаў змогуць прыняць удзел у адукацыйнай праграме і прэзентаваць свае ідэі пра тое, як змяніць жыццё вакол да лепшага. Дзесяць аўтараў самых цікавых ідэй выступяць на беларускамоўнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 2021 і атрымаюць смартфоны iPhone 12.


Для ўдзелу ў конкурсе і адукацыйнай праграме неабходна запоўніць анкету на сайце www.generation.A1.by. Свае ідэі старшакласнікі могуць прапанаваць у адным з пяці кірункаў: «Тэхналогіі», «Культура», «Інклюзія», «Экалогія» і «Урбаністыка» (апошні кірунак — новы). Кожнай з тэм будуць прысвечаны асобныя майстар-класы і мітапы з экспертамі, падчас якіх удзельнікі праекта змогуць распрацоўваць сваю ідэю, набываць карысныя веды, развіваць навыкі публічных выступленняў, прэзентацыі і каманднай працы.

Згодна з палажэннем аб конкурсе ўдзельнікам трэба будзе зняць відэаролік пра сваю ідэю (да 3 хвілін), падзяліцца ім у любой сацыяльнай сетцы (TikTok, Instagram, VK, YouTube, FB, OK, Twitter) з хэштэгам конкурсу #generationA1 і даслаць спасылку на generationA1.2021@gmail.com. Конкурсныя заяўкі з відэа будуць прымацца да 30 красавіка 2021 года.

Пераможцы будуць вызначаныя ў маі. А ў верасні дзесяць старшакласнікаў, якія пройдуць у фінал конкурсу, выступяць на традыцыйнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 2021.

Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk ужо на працягу трох сезонаў, з 2018 года. Праект «Першыя» праходзіць на беларускай мове, уключана з усімі майстар-класамі і публічнымі выступленнямі фіналістаў, бо адна з мэтаў конкурсу — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і павелічэнне яе папулярнасці з дапамогай сусветнай супольнасці TED.

Іншыя мэты — павысіць цікавасць школьнікаў да тэхналагічных інавацый, інклюзіі, экалогіі і ўрбаністыкі, дапамагчы старшакласнікам з выбарам прафесіі, прыцягнуць іх увагу да важных грамадскіх праблем, знайсці і падтрымаць таленавітую моладзь. Сёлета амбасадарамі праекта «Першыя» таксама стануць педагогі з праграмы «Настаўнік для Беларусі». Гэта дазволіць надаць больш увагі рабоце з навучэнцамі ў рэгіянальных школах.

«Кожны новы сезон праекта “Першыя” паказвае, як многа цікавых і карысных ідэй для Беларусі ёсць у нашай моладзі, — кажа начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай БРЭДЗЕЛЕЎ. — І партнёрства з супольнасцю TEDx дазваляе прадставіць іх у папулярным сусветным фармаце, прычым на роднай мове сваёй краіны. Гэта дапамагае старшакласнікам паверыць у сябе і каштоўнасць іх задумак, усвядоміць бязмежнасць сваіх магчымасцяў і пераканацца на ўласным прыкладзе: кожны можа зрабіць нешта важнае для месца, дзе ён жыве».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.